Now Reading
Перспектывы беларускай кнігі. Падзенне ў «Заходне-рускі край»?

Перспектывы беларускай кнігі. Падзенне ў «Заходне-рускі край»?

Навіны пра беларускія выдавецкія справы сёння збольшага негатыўныя: зачынілі, з’ехалі, прызналі экстрэмісцкімі… З іншага боку, за мяжой паўстаюць усё новыя і новыя беларускія выдавецтвы. Ці можна на беларускай кнізе ставіць крыж ці жыццё працягваецца?

У сярэдзіне студзеня гэтага году Мінінфарм праз суд канчаткова спыніў дзейнасць выдавецтва «Янушкевіч», а частку надрукаваных там кніг прызнаў экстрэмісцкай. Гаворка і пра навуковае выданне аб аграрнай палітыцы нацыстаў у Беларусі, і пра «Сабак Еўропы» Бахарэвіча, і нават пра «Маленькі буксір» Бродскага (на вокладцы невядомы цэнзар убачыў бел-чырвона-белае спалучэнне).

— Больш недальнабачнага, антыкультурнага, антыбеларускага кроку з боку Міністэрства інфармацыі ўявіць сабе было цяжка. Падзенне ў «Западно-Русский край» ідзе поўным ходам, — адзначыў заснавальнік выдавецтва Андрэй Янушкевіч у сваім фэйсбуку.

Андрэй Янушкевіч. Фота: Jaroslaw Iwaniuk / Facebook

Увесну мінулага году сілавікі затрымалі Янушкевіча пасля таго, як у яго кнігарню наведалі прапагандысты, у тым ліку Рыгор Азаронак. Пасля вызвалення Янушкевіч быў вымушаны пакінуць краіну. Зараз ідзе праца па аднаўленні выдавецкай справы ўжо ў Польшчы, але невядома, ці нававыдадзеныя кнігі трапяць да беларусаў у Беларусі…

— У Беларусі дзеці і дарослыя не ўбачаць новых кніг пра Гары Потэра, Ведзьмара, Гаспадара Ледзянога Саду. Не будзе выданняў нобелеўскіх лаўрэатаў, бо ж менавіта дзякуючы нам загучалі па-беларуску такія «шкодныя» галасы Маркеса, Памука, Ісігура і Мюлер. Нашто жыхарам Беларусі шведскія і польскія дэтэктывы па-беларуску, фантастыка і фэнтэзі ад прызнаных майстроў жанру? — з горкай іроніяй запытвае Янушкевіч.

Гісторыя з паспяховым выдавецтвам «Янушкевіч» шмат у чым паказальная. Але далёка не адзіная. У Беларусі не толькі перасталі выходзіць, але і зніклі з крам навуковыя выданні ARCHE, часопісы «Наша гісторыя», кнігі пра беларусаў замежжа з серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны» ды процьма іншых.

Падчас кніжнага кірмашу ў Польшчы. Фота: Jaroslaw Iwaniuk / Facebook

Можна аспрэчыць, маўляў, засталіся выданні класікаў — Купалы, Коласа, Танка, выдадзеныя ў дзяржаўных выдавецтвах. Але збольшага гэта кансерватыўныя перавыданні ўсяго таго, што было напісана яшчэ ў БССР. То бок крыж ставіцца менавіта на перспектыўных маладых прыватных праектах, якія карысталіся папулярнасцю.

Асобны «фронт барацьбы» Мінінфарма і сілавікоў — кнігі па гісторыі. Так, 9 студзеня экстрэмісцкімі прызналі ажно 12 кніг па гісторыі: Тараса, Дзеружынскага, пакойнага прафесара Леаніда Лыча і нават расійскага пісьменніка-эмігранта Віктара Суворава. Агульны трыгер для забароны кніг — гэта нейкае згадванне нацызму ды найменшая крытыка ў бок Расіі.

Беларускі стэнд на кніжным кірмашы ў Польшчы. Фота: Irena Neman / Facebook

Але ці ёсць нейкая надзея? Або на вольнай беларускай кнізе можна смела ставіць крыж?.. Пачынаючы з 2020 года ў замежжы паўстаў шэраг выдавецтваў, якія друкуюць літаратура па-беларуску і для беларусаў. Гэта выдавецтва «Скарына» ў Лондане, «Гутэнберг» у Кракаве, «Вясна» ў Празе (паўстала раней), а таксама «Камунікат» у Беластоку.

Выпадак «Камунікату» найбольш незвычайны, бо тут хутчэй кейс перапрафілявання дзейнасці: раней фонд займаўся алічбоўкай і прасоўваннем беларускай электроннай літаратуры (аўдыё, e-book, pdf). Але зараз гэта паўнавартаснае выдавецтва, якое выпускае ў свет творы Арлова, Някляева, Марціновіча ці насценныя календары кампаніі «Будзьма».

— Раней кніжны фестываль «Прадмова» праводзіўся ў Беларусі, — кажа заснавальнік фонду «Камунікат» Яраслаў Іванюк. — Зараз у Кракаве, Варшаве, Вільні. Аказалася, ёсць вялікі попыт: людзі купляюць цалкам розныя кнігі — мастацкія, гістарычныя, дзіцячыя.

Але чаму менавіта папяровыя кнігі? Няўжо недастаткова аўдыёкніг ці e-book? Спадар Яраслаў тлумачыць гэта «настальгіяй па пакінутых у Беларусі бібліятэках». Здаецца, цалкам ірацыянальны фактар, але для вялікай колькасці людзей — важны элемент камфорту і нармальнасці.

— Мабыць, маё пакаленне больш звыклае трымаць у руках паперу. Уладзімір Някляеў, як аўтар, хацеў папяровую кнігу. Так мы выдалі пад цвёрдай вокладкай яго раман пра Купалу «Гэй Бэн Гіном». Алесь Аркуш хацеў аўдыёкнігу, але — на дыску менавіта. Так мы выдалі яго раман «Сядзіба». І аўтарам, і чытачам хочацца нечага матэрыяльнага: каб можна было дакрануцца.

Першы тыраж «Гэй Бэн Гіном» Някляева, паводле Яраслава Іванюка, разыйшоўся на прэзентацыях у замежжы. Фота: Irena Neman / Facebook

Паводле Іванюка, кнігі прадаюцца і анлайн, і афлайн. У першым выпадку чытачы замаўляюць кнігі па ўсім свеце, цяжкасці адно з дастаўкай у Беларусь. У выпадку з афлайнам — гэта аўтарскія сустрэчы, прэзентацыі, кніжныя фестывалі, у тым ліку ўласна польскія, як Кірмаш гістарычнай кнігі. Да адкрыцця беларускай кнігарні ў Польшчы, Літве ці Чэхіі справа пакуль не дайшла: месца вакантнае.

Беларуская кніга на паперы надалей карыстаецца попытам за мяжой. Фота: Jaroslaw Iwaniuk / Facebook

Такім чынам, беларуская кніжная справа працягваецца, няхай і ў замежжы. З аднаго боку, гэта чарговае сумнае сведчанне падзелу на «дзве Беларусі»: раней — усярэдзіне адной краіны, зараз — з папраўкай на мяжу. Тут — свабодныя выданні, там — у лепшым выпадку Купала з Коласам. З іншага боку, за мяжой выдаўцы, якія былі вымушаныя эміграваць, набываюць досвед, больш шчыльна знаёмяцца з кніжным бізнесам Еўропы, каб у перспектыве вярнуцца сваімі кнігамі на Радзіму.

Вярнуцца ўгару