Now Reading
Санкцыі, пажары, маштабны продаж. Як пачуваецца беларускі лес і як яго захаваць

Санкцыі, пажары, маштабны продаж. Як пачуваецца беларускі лес і як яго захаваць

беларускі лес, санкцыі беларускага лесу, еўрапейскія санкцыі супраць беларусі

Беларусь уваходзіць у дзясятку самых лясістых краін Еўропы. Відавочна, што лес — адно з найважнейшых прыродных багаццяў нашага краю. PALATNO пагутарыла з эколагам і грамадскай актывісткай Інэсай Балоцінай пра высечку і продаж лесу ў Беларусі, пра ўплыў змены клімату на лясную экасістэму, а таксама пра тое, што можа зрабіць кожны з нас, каб захаваць гэты найкаштоўнейшы зялёны рэсурс.

— Ці паўплывала на беларускі лес змена клімату?

— Змена клімату ў пэўнай ступені паўплывала на лес. Напрыклад, павялічваецца колькасць дрэў, якія гінуць ад бураломаў. Дрэвы слабеюць, хварэюць і прападаюць ад ваганняў тэмпературы. Вельмі спякотнае лета, рэзкія перапады зімой (адлігі, маразы і дажджы, праз што абледзянелыя галінкі ломяцца пад вагой снегу і лёду), познія замаразкі — усе гэтыя неспрыяльныя ўмовы надвор’я зніжаюць біялагічную ўстойлівасць лесу.

З-за цёплых зім павялічылася колькасць насякомых, і аслабленыя засухай дрэвы, напрыклад, хвоя і елка, становяцца для іх уразлівымі. У засушлівы перыяд расце верагоднасць пажараў і гібель лесу ад іх. Зноў жа, паніжаецца біялагічная ўстойлівасць лесу. Ужо зараз зразумела, што Палессе становіцца ўсё меней прыдатным для хвоі і елкі. Елі і алешыны шэрай таксама будзе менш. А для граба, дуба і іншых лісцяных парод умовы для росту могуць палепшыцца на большай частцы Беларусі. Але гэтыя змены стануць заўважнымі толькі ў перспектыве, калі захаваецца такая ж тэндэнцыя ў змене клімату.

Фота: pixabay.com

— Лясныя пажары — сур’ёзная праблема? Як з імі змагаюцца?

— Пажары заўжды былі на тэрыторыі Беларусі. Гэта і прыродная з’ява (напрыклад, удар маланкі), і вынік неасцярожнага абыходжання людзей з агнём, парушэнне тэхнікі бяспекі пры працах у лесе. У лясгасах Беларусі нядрэнна арганізоўваюць работу па прадухіленні пажараў і барацьбе з імі. Апошнія гады ўвесь час уводзяцца абмежаванні і забароны на наведванне асобных лясгасаў, калі сітуацыя ў лесе становіцца пажаранебяспечнай. Гэта іграе пэўную ролю ў прадухіленні пажараў, большасць з якіх адбываюцца па віне людзей.

У сухія перыяды года, калі мала ападкаў і працяглая засуха, з’яўляецца пагроза хуткага распаўсюджвання ляснога пажару, асабліва ў хвойных лясах. Наогул, прырода прыстасавалася да пажараў. Лес так аднаўляецца, адбываецца змена парод. А для лясной гаспадаркі і людзей лясны пажар, калі яго не патушыць у самым пачатку, нясе вялікія праблемы. Асабліва на лясных тарфяных балотах. Торф можа гарэць і тлець вельмі доўга, патушыць яго бывае надзвычай складана.

— Які цяперашні стан спусташэння лесу ў Беларусі і як ён змяніўся за апошнія гады?

— З 2016 па 2020 гады адзначаецца істотны рост паказчыкаў спусташэння лесу — зараз ён у два разы большы, чым быў пад канец 1980-х. Прычыны: пажары, бураломы, ачагі караеднага ўсыхання і высечка дрэў. Пік санітарнай высечкі лесу ў Беларусі прыпаў на 2017-2019 гады. Тады ў нас з’явілася шмат «пазапланавай драўніны». За апошнія 20 гадоў спусташэнне лесу ў сярэднім складае 12%, у асобных лясгасах — ад 5% да 25% і вышэй.

Зараз адбываецца планавае павелічэнне аб’ёмаў высечанай драўніны. У пачатку 2000-х у Беларусі высякалі 3,5 млн м3 дрэва ў год. У 2018 годзе, які лічыцца няўдачным праз шкодных насякомых, у краіне было высечана 28 млн м3 драўніны. У 2019-м і 2020-м — па 26,9 млн м3. У 2021 годзе, паводле дзяржаўнай праграмы «Беларускі лес» на 2021-2025 гады, высеклі 25,5 млн м3. Гадавы аб’ём нарыхтоўкі драўніны павялічаць да 30 млн м3 у 2035 годзе. Паказчык сярэдняга аб’ёму нарыхтоўкі драўніны вырас з 1,3 м3/га ў 2000 годзе да 3,3 м3 у 2018 годзе.

Павялічылася плошча санітарнай высечкі, што ў перспектыве можа прывесці да скарачэння лясістасці на 0,1-0,2%. У большасці выпадкаў высечка праводзіцца і ў лясах, якія аднаўляюцца натуральным шляхам (Naturally Regenerating Forest). Яны адрозніваюцца багатай разнастайнасцю гатункаў і наяўнасцю рэдкіх біятопаў і відаў. На іх месцы ствараюць штучныя лясныя культуры. Штогадовыя незваротныя страты такіх лясоў з каштоўнай і ўжо рэдкай разнастайнасцю гатункаў складаюць ад 15 да 25 тыс. га, або ад 10 да 15% ад іх плошчы.

— Чаму, куды і каму прадаюць беларускі лес? А санкцыі Еўрасаюза паўплывалі?

Фота pixabay.com

— Лес разглядаецца найперш як рэсурс, які павінен прыносіць прыбытак дзяржаве, ствараць прырост ВУП. Драўніна і прадукты з яе застаюцца запатрабаванымі ў многіх краінах. Людзям патрэбна драўніна як паліва, будаўнічыя матэрыялы, для вытворчасці паперы. Таксама ёсць запатрабаванне ў драўняным вугалі, хваёвай смале. У продажы лесу зацікаўлены многія. Гэта структуры Мінлясгаса, якому падпарадкаваны нашы абласныя Дзяржаўныя вытворчыя лесагаспадарчыя аб’яднанні, у склад якіх уваходзяць лясгасы, цэхі. Таксама гэта дрэваперапрацоўчыя прадпрыемствы розных форм уласнасці, экспартныя структуры.

Лес прадаюць на ўнутраны рынак, ён ідзе і на экспарт. Прычым знешні напрамак апошнія 20-25 гадоў быў прыярытэтным. Для павелічэння экспарту драўнянай дранкі ў краіны ЕС па ўсёй Беларусі паўсталі пелетныя заводы. На экспарт ішла не толькі дранка, але і сыравіна для вытворчасці мэблі вядомых еўрапейскіх брэндаў. Пасля ўвядзення санкцый на некаторы час аб’ём паставак за мяжу рэзка ўпаў. Але потым былі арганізаваны абходныя шляхі, адбылася пераарыентацыя на пастаўкі праз краіны Сярэдняй Азіі, у Кітай.

— Як маштабныя высечкі ўплываюць на беларускі лес?

— Наўрад ці лес у Беларусі будуць высякаць так, што застануцца пусткі. Ва ўмовах сучаснага клімату, нават без умяшання чалавека, на месцы высечак будуць расці дрэвы і з часам паўстануць новыя лясы. Па меры высечак участкаў векавых лясоў будуць станавіцца рэдкімі і паступова знікаць віды раслін і жывёл пэўных біятопаў, а замест іх з’явяцца іншыя.

У маштабе Еўропы змяненне лясоў цягам апошніх 100 гадоў ужо аказала свой уплыў на змену клімату. І гэта будзе працягвацца: змяняюцца лясы — змяняецца клімат — зноў змяняюцца лясы. Гэта замкнутае кола. На ўзроўні мясцовых экасістэм высечка дрэў уплывае на водны баланс, асабліва паблізу вадаёмаў.

— Ці існуюць якія-небудзь прававыя рамкі або міжнародныя пагадненні для маніторынгу выкарыстання лесу ў Беларусі?

— Адным з такіх міжнародных механізмаў з’яўляецца сістэма лясной сертыфікацыі FSC.

FSC (Forest Stewardship Council, Лясная апякунская рада) — міжнародная сістэма добраахвотнай лясной сертыфікацыі і некамерцыйная няўрадавая арганізацыя, якая прасоўвае экалагічна адказнае, сацыяльна выгаднае і эканамічна жыццяздольнае кіраванне ляснымі рэсурсамі ва ўсім свеце.

Але з красавіка 2022 года дзеянне гэтай сістэмы лясной сертыфікацыі на тэрыторыі Беларусі было спынена. Захаванне лясоў як рэдкіх біятопаў і месца пражывання рэдкіх відаў было прадугледжана Бернскай канвенцыяй, з якой Беларусь выйшла ў 2023 годзе. Складана сказаць, наколькі гэтыя сістэмы эфектыўныя. Але яны ў той ці іншай ступені дазвалялі трымаць баланс паміж жаданнем атрымаць прыбытак ад высечкі лясоў і захаваць іх для іншых відаў дзейнасці: палявання, адпачынку, збору ягад, грыбоў. За апошнія 30 гадоў у краіне для лесу створана свая сістэма прыродаахоўнага заканадаўства. Захаванне хаця б існуючых норм і патрабаванняў дасць магчымасць захаваць разумны баланс.

— Лясная гаспадарка добра працуе ў Беларусі?

— Лясная гаспадарка Беларусі мае шмат агульнага з практыкамі кіравання ў іншых краінах Еўропы. Я гляджу на гэтую тэму не як лесагаспадарнік, а як экалагічны актывіст. Ва ўсіх краінах ёсць супярэчнасці паміж неабходнасцю захавання лясных экасістэм і запатрабаваннем у драўніне. Магчымасці грамадскасці ўплываць на прыняцце рашэнняў у галіне кіравання лясной гаспадаркай у Беларусі і ў іншых краінах свету таксама розныя. Да 2019 года больш за 90% нашых лясоў і лясных гаспадарак мелі сертыфікаты на сістэму лесаўпраўлення і лесакарыстання, а Беларусь з’яўлялася адным з лідараў па FSC-сертыфікацыі ў свеце. Гэта было абумоўлена вялікай плошчай сертыфікаваных лясных тэрыторый у краіне і колькасцю беларускай драўніны, прадстаўленай на еўрапейскім рынку. Сертыфікаты FSC атрымалі 67 лясгасаў Беларусі — гэта каля 70% усіх лясоў рэспублікі. Па іншай схеме PEFC ужо сертыфікавана 98% лясоў Беларусі.

PEFC (The Programme for the Endorsement of Forest Certification, Праграма адабрэння лясной сертыфікацыі) — незалежная няўрадавая беспрыбытковая арганізацыя і найбуйнейшая ў свеце сістэма сертыфікацыі лясоў, якая забяспечвае міжнародны ўзровень кіравання лясамі і ляснымі гаспадаркамі па нарыхтоўцы, апрацоўцы, транспарціроўцы і рэалізацыя драўніны.

У Беларусі ўсе лясы знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці. Тэхналагічна лясная гаспадарка не вельмі адрозніваецца ад такой у іншых краінах Еўропы. Выкарыстоўваецца тая ж імпартная тэхніка для нарыхтоўкі і апрацоўкі драўніны, прымяняюцца тыя ж хімічныя сродкі аховы дрэў у лесе або нарыхтаванай драўніны на складзе.

— Ці былі ў Беларусі паспяховыя прыклады праектаў аднаўлення лесу?

— У Беларусі за апошнія дзесяцігоддзі можна адзначыць перадачу пад пасадку лесу часткі тэрыторый на пясчаных глебах у Гомельскай вобласці. Не было сэнсу выкарыстоўваць гэтыя тэрыторыі далей у сельскай гаспадарцы. У найноўшай гісторыі быў праект залясення Чарнобыльскай зоны пасля катастрофы на ЧАЭС у якасці механізма змякчэння наступстваў тэхнагеннай катастрофы. Таксама можна ўзгадаць масавыя пасадкі лесу, у асноўным хвоі, у Беларусі ў 1950-1960 гады, калі ў выніку войнаў і індустрыялізацыі першай паловы ХХ стагоддзя лясістасць тэрыторыі Беларусі значна знізілася. Да 1945 года лясістасць у Беларусі ўпала да мінімальнага ўзроўню і склала менш за 22%. Цяпер яна дасягае больш за 40%.

— Чым займаецца грамадская кампанія «За будучыню Прыпяцкіх дуброў», каардынатарам якой вы з’яўляецеся?

— Асноўныя задачы нашай кампаніі — гэта забяспечыць нармальны доступ грамадскасці да інфармацыі аб лесагаспадарчай і прыродаахоўнай дзейнасці на тэрыторыі нацыянальнага парку «Прыпяцкі» і ў прылеглых лясах, маніторыць там сітуацыю, наладзіць механізм удзелу грамадскасці ў кіраванні лясамі, лабіраваць унясенне змен у заканадаўства аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях РБ, у Лясны кодэкс і г. д. для ўдасканалення і экалагізацыі.

За час існавання кампаніі, з 2014 года, удалося выкарыстаць механізмы ўплыву і ўліку меркавання грамадскасці пры планаванні дзейнасці ў нацыянальным парку «Прыпяцкі». Дзякуючы ў тым ліку і нам, суцэльныя санітарныя высечкі поймавых дуброў не былі праведзены. Кампанія паспрыяла найхутчэйшаму прыняццю Плана кіравання нацпаркам, а грамадскасць змагла паўдзельнічаць у яго абмеркаванні і рэалізацыі некаторых мерапрыемстваў.

З 2022 года, пасля спынення дзеяння лясной сертыфікацыі FSC у Беларусі і ліквідацыі шэрагу экалагічных грамадскіх арганізацый, сітуацыя для нашай дзейнасці пагоршылася. Але мы працягваем працу, шукаем магчымасці рашаць задачы нашай кампаніі і ў такіх складаных умовах.

— Як беларусы могуць дапамагчы захаваць лес?

— Ёсць розныя магчымасці для гэтага. Трэба цікавіцца тым, што адбываецца ў лесе, каля якога вы жывяце, дзе збіраеце грыбы, ягады ці адпачываеце, і не баяцца задаваць пытанні працаўнікам лясгасаў аб высечках, якія, на ваш погляд, могуць праводзіцца з парушэннямі заканадаўства. Можна адпраўляць запыты ў лясгас з просьбай патлумачыць падставы той ці іншай вырубкі, прасіць лясгас размяшчаць на яго сайце інфармацыю аб сваёй дзейнасці.

Ёсць яшчэ механізм грамадскіх эколагаў. Інфармацыю аб тым, што дае статус грамадскага эколага, можна знайсці ў публікацыях, напрыклад, Зялёнага партала, на сайтах абласных або рэспубліканскіх структур Мінпрыроды, у сваёй раённай экалагічнай інспекцыі. Важна выконваць правілы бяспечнага наведвання лесу, каб не стаць прычынай пажару, не пакідаць смецце ў лесе, не знішчаць без патрэбы расліны або жыхароў лесу і не разбураць іх месцапражыванні. Можна таксама браць удзел у розных экалагічных акцыях, мерапрыемствах і праектах, прысвечаных захаванню лясоў, якія праводзяць грамадскія арганізацыі ці дзяржаўныя структуры там, дзе вы жывяце.

— Якім будзе беларускі лес у будучыні?

— Наша лясное заканадаўства неабходна змяніць у бок экалагізацыі, павялічыць колькасць асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і паступова давесці іх хаця б да 30%. Таксама трэба павялічыць узрост высечак лесу і змяніць падыход да драўніны, як да аднаўляльнага рэсурсу. Ён, вядома, аднаўляецца, але для гэтага патрэбны дзесяцігоддзі. Каб дуб вырас да ўзросту, прыдатнага для атрымання таварнай драўніны, неабходна больш за 100 гадоў — гэта болей, чым сярэдняя працягласць жыцця чалавека.

У нас будуюцца прадпрыемствы, якія выкарыстоўваюць драўніну як сыравіну, але не ўлічваюць рэальную эканамічную сітуацыю з попытам на рынку, рэнтабельнасцю і коштам. А потым пад гэтую вытворчасць высякаюць усё больш і больш лесу. Прыбыткі ад такой дзейнасці, калі ўлічваць кошт экасістэмных паслуг жывога лесу, няма, а прадпрыемствы выходзяць у мінус. Яшчэ неабходна змяніць падыход да планавання аб’ёмаў будаўніцтва лесагаспадарчых дарог у лясгасах. Новыя дарогі павінны планавацца па меркаванні лясгасаў і будавацца за іх сродкі.

Дадаткова трэба рэфармаваць сістэму кіравання лясной гаспадаркай і падзяліць лесанарыхтоўку і ахову лесу. Вырубкай лесу павінны займацца вытворчыя прадпрыемствы, а не лясгасы, задача якіх — ахоўваць лес. За Міністэрствам лясной гаспадаркі ў такім выпадку застаюцца заканадаўчыя і кантрольныя функцыі.

Загалоўнае фота: unsplash.com

Вярнуцца ўгару