Гэтыя афарызмы маглі нарадзіцца толькі з-пад рукі беларускіх пісьменнікаў — і яны яскрава паказвалі жыццё нашай краіны сто гадоў таму, і нават цяпер. PALATNO расказвае пра выключна беларускія афарызмы, аўтарамі якіх былі нашы пісьменнікі.
Змест
- «Ад вёскі адбіўся, а ў палац не папаў»
- «Браткі! Тут зямля такая!»
- «Быў бы талент — знойдзецца пасада»
- «Праўду здабываць трэба з боем»
- «Вялікая справа — паставіць чалавека на сваё месца»
- «Дзень вяселля назначылі, ды вяселля не бачылі…»
- «Дум не скуеш ланцугамі»
- «Жаба ў каляіне»
- «За радок — гадок»
- «Людзьмі звацца»
- «Мне Загібелька лепш Парыжа»
- «Мой родны кут, як ты мне мілы!»
- «Прафесар велькіх букваў»
- «Свінтус грандыёзус»
- «Чакаць тады спакойна можна, калі няма чаго чакаць»
«Ад вёскі адбіўся, а ў палац не папаў»
Гэта выраз з верша Янкі Купалы «Нібы казка» ад 1908 года.
Дзе жыў гэты Янка, там двор блізка быў,
Туды схадзіць часам наш Янка любіў,
Але — не на працу, а так сабе, — знаць,
Пабыць з панічамі, жыццё іх пазнаць.
І добра пазнаў ён іх гэта жыццё,
Бо стала нямілым яму сваё ўсё.
А толькі, як Янка ні корчыўся ўвесь,
Ніяк цераз панскі парог не пралез;
Ні хорт і ні выжал цяперака стаў,
Ад вёскі адбіўся, у палац не папаў.
У вёсцы ўсім страшны, глядзіць, нібы пан,
У двор жа як прыдзе — такі самы хам.
«Браткі! Тут зямля такая!»
Гэта выраз з твора Максіма Танка «Казкі пра Музыку» за 1938 год.
Ішлі слугі цара дзень і ноч:
І пры сонцы,
І пры месяцы высокім;
То лесам,
То полем,
То гарой,
То сухадолам глыбокім.
Аж пачулі, нехта недзе грае,
Толькі дзе і хто —
Не бачаць,
Хоць ідуць
На дзіўны голас краем
Ноч і цэлы дзень гарачы.
Адзін кажа:
— Можа, гэта здань?
Другі:
— Мо трава спявае?
Толькі трэці,
Прытуліўшы вуха,
Кажа:
— Браткі! Тут зямля такая!..
«Быў бы талент — знойдзецца пасада»
Гэта цытата з паэмы Аляксея Русецкага «Другі пачатак» за 1958 год. Русецкі нарадзіўся на Магілёўшчыне ў пачатку XX стагоддзя. Удзельнічаў у Другой сусветнай вайне на некалькіх франтах, а таксама ўдзельнічаў у разгроме Японіі. Пасля вайны звязаў сваю кар’еру з літаратурай.
«Праўду здабываць трэба з боем»
Гэтыя словы кажа рэвалюцыянер Галубовіч — герой аповесці Якуба Коласа «На ростанях».
Аляксандр закрануў якраз тое пытанне, што даўно займала Андрэя. Лабановіч падумаў, паківаў галавою.
— Эх, дружа мой! — сказаў ён. — Калі б мы мелі такія вагі, дзе можна было б узважваць добрае і благое! Тады паставілі б на дарогах слупы з надпісамі: налева — праўда, направа — хлусня. І так лёгка б стала хадзіць па свеце, затое, відаць, было б нудна і нецікава.
— Гатовай праўды захацелася? — прамовіў Галубовіч. — Не, брат, праўду здабываць трэба з боем. А гэта не так проста, як малююць балбатуны-анархісты: шах-мах — скінулі цара, і кожны сам сабе сіла і права. Можа табе гэта да спадобы?
«Вялікая справа — паставіць чалавека на сваё месца»
Гэта крыху перафразаваны выраз з артыкула Кандрата Крапівы «Што мне рупіць» за 1933 год.
Нашы газеты амаль штодня даюць нам прыклады і прозвішчы дурняў рознага гатунку, якія выпадкова апынуліся не на сваім месцы, і чым вышэй гэта месца, тым смяшней выглядае дурань, тым далей ён відаць. Гэта вялікая справа — паставіць чалавека ці рэч на сваё месца. Для ілюстрацыі свае думкі я прывяду тут невялікую аналогію. Аглоблі, напрыклад, калі ў іх запрэжаны конь, не выклікаюць у нас ніякіх асаблівых эмоцый, але аглобля ў руках крытыка дае ўжо значны эмацыянальны эфект. Я веру ў тое, што мы хутка зусім дасканала навучымся ўлічваць здольнасці і падрыхтаванасць чалавека да тае ці іншай працы.
«Дзень вяселля назначылі, ды вяселля не бачылі…»
Гэта выраз з апавядання вершам Якуба Коласа «Батрак» за 1910 год.
І вось потайкам, цішком
Ўсё яны абмеркавалі,
Гладка ўсе канцы схавалі,
Справа стала за папом.
Тым жа часам Гуль Кандраці
Са сватамі пʼе ў іх хаце,
Вусы круцячы рудыя, —
Што-та, моў, за я! Куды я!
Банадыся ж прытоена
Сядзіць на тых запоінах,
Далёкая ад Кандрата
І ад дома і ад свата.
Дзень вяселля назначылі,
Ды вяселля не бачылі…
«Дум не скуеш ланцугамі»
Гэта таксама перафразаваны радок, які многім вядомы, падарыў Янка Купала ў паэме «Курган» у 1910 годзе.
Бачыш, княжа, загоны, лясы, сенажаць, —
Ім пакорны я толькі з гуслямі,
Сілен, княжа, караць, галаву сілен зняць, —
Не скуеш толькі дум ланцугамі.
«Жаба ў каляіне»
Гэта назва байкі Кандрата Крапівы ад 1927 года. Жаба ў каляіне — гэта ўвасабленне эгаістычнага і кепскага, якое стае на шляху магутнага і прагрэсіўнага.
Бачыць жаба, што па дарозе едзе вялізны воз, і
Апанавала жабу злосць,
І падказаў ёй жабін розум:
«Ага, ну-ну!
Ты пажыві яшчэ хвіліну, —
Вось толькі сяду ў каляіну,
Плячом пад кола таркану
І к чорту воз перавярну.
Тады — капут, і ты мяне не зловіш,
Бо галаву, напэўна, зломіш».
І — скок жабоцька смела
Ды ў каляіну села.
Тут колам — хрась!..
І кроў і гразь…
«За радок — гадок»
Гэта фраза Валянціна Таўлая ў яго творы «Аб маіх вершах» за 1941 год. Так ён пісаў пра беларускіх пісьменнікаў, якія працавалі ў Заходняй Беларусі пры польскай уладзе.
Пракурор праз кодэкса артыкул
углядаўся ў кожны мой радок,
нават пальцам асцярожна тыкаў
і ацэньваў: за радок — гадок.
«Людзьмі звацца»
Выраз з вядомага верша Янкі Купалы «А хто там ідзе?».
А хто там ідзе, а хто там ідзе
У агромністай такой грамадзе?
— Беларусы.
А чаго ж, чаго захацелась ім,
Пагарджаным век, ім, сляпым, глухім?
— Людзьмі звацца.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: «А хто там ідзе?». 81 год таму памёр Янка Купала
«Мне Загібелька лепш Парыжа»
Гэта апошні радок з верша Якуба Коласа «Загібелька» за 1935 год. Агулам, гэта цэлая гісторыя, як гэта фраза ўтварылася. Усё пачалося з таго, што ў 1935 годзе Якуб Колас наведаў Парыж на Сусветным кангрэсе культуры. Пасля кангрэса ён дзяліўся сваімі ўражаннямі ад Парыжа, Булонскага парка і Сены.
Кандрат Крапіва ведаў, што Колас любіць адпачываць у вёсцы Загібелька ў Пухавіцкім раёне і збіраць там грыбы. Крапіва напісаў эпіграму «Інтэрв’ю Якуба Коласа» ў газеце «Літаратура і мастацтва».
Быў я ў Парыжы на кангрэсе, —
То ў Загібельцы, браце, лепш:
Грыбоў няма ў Булонскім лесе,
А ў Сене — хоць бы адзін лешч.
Колас хутка адрэагаваў на тое, што напісаў Крапіва. І таксама вершам.
Быць можа я крыху дзівак,
Але люблю я Загібельку:
Там кожны хвойнік мне сваяк,
Там ясным днём надрэчны гак
Мне суліць ясную пасцельку.
На філасофскі часам лад
Настроіш думкі ты ў самоце.
Што ні кажы, наш край багат!
Балотам зробім шах і мат,
І будуць нівы на балоце.
Калі агледзіш хвайнякі
І гэты кут пазнаеш бліжай,
Збіраючы баравікі, —
То вывад я раблю такі:
Мне Загібелька лепш Парыжа.
«Мой родны кут, як ты мне мілы!»
Напэўна, гэтую фразу ведаюць усе беларусы. Яе аўтар — Якуб Колас, які напісаў яе напачатку «Новай зямлі».
Мой родны кут, як ты мне мілы!..
Забыць цябе не маю сілы!
Не раз, утомлены дарогай,
Жыццём вясны мае убогай,
К табе я ў думках залятаю
І там душою спачываю.
Дарэчы, гэты шырокавядомы беларусам радок узяў за эпіграф Пятрусь Броўка да паэмы «Беларусь». А яшчэ так жа называецца нарыс Янкі Брыля за 1958 год. «Мой родны кут, як ты мне мілы» выкарыстоўвалі і Максім Танк, і Ілья Гурскі.
«Прафесар велькіх букваў»
Гэта іранічны выраз Ядвісі ў дачыненні да настаўніка Лабановіча ў рамане Якуба Коласа «На ростанях». Так Лабановіча называла не толькі Ядвіся, але і іншыя персанажы твора.
Пан падлоўчы весела павітаўся са сваім суседам, узяў яго пад руку і павёў да панны Людмілы.
— Проша быць знаёмымі: пан Лабановіч, прафесар велькіх букваў.
«Свінтус грандыёзус»
Гэта выраз з камедыі Кандрата Крапівы «Хто смяецца апошні». Выраз абазначае сутнасць героя Гарлахвацкага — нахабнага і грубага невука.
Гарлахвацкі прымушае Тулягу напісаць навуковую працу па палеанталогіі, каб выдаць яе за сваю навуковую прадукцыю. Туляга з дапамогаю калектыва разабраўся, што Гарлахвацкі — невук і прайдзісвет, і напісаў па знойдзенай на дварэ костцы даклад аб жывёліне, якая жыла некалькі тысячагоддзяў назад, зрабіў апісанне яе, вызначыўшы нават памер, і назваў — мамантаваю, або іспалінскаю, свіннёю. Гарлахвацкі выступае з паведамленнем пра свае «навуковыя поспехі» і «адкрыцці». Яму прапануюць назваць «мамантавую свінню» па-латыні. Гарлахвацкі, адгарнуўшы старонку даклада, чытае:
— Свінтус грандыёзус.
Выраз прагучэў як ацэнка Гарлахвацкага.
«Чакаць тады спакойна можна, калі няма чаго чакаць»
Такімі словамі заканчваецца верш Алеся Звонака «Пад небам поўначы далёкай».