Now Reading
«Закрыццё — крок убок ад цывілізацыі». Што значыць згубіць маладзечанскую «Батлейку»

«Закрыццё — крок убок ад цывілізацыі». Што значыць згубіць маладзечанскую «Батлейку»

батлейка, спектаклі для дзяцей

Напрыканцы лютага з’явілася інфармацыя, што лялечны тэатр «Батлейка» ў Маладзечне можа спыніць існаванне. Закрыццё тэатра нібыта стала магчымым пасля таго, як «Батлейка» не выканала план па самазабеспячэнні — па заканадаўстве тэатр павінен акупляць сябе на 40%, а астатнія 60% выдаткоўвае дзяржава. А ад 15 сакавіка дырэктар Таццяна Чаеўская  вызваленая ад пасады па пагадненні бакоў.

PALATNO высвятляла, што будзе азначаць для Маладзечна страта адзінага лялечнага тэатра.

«Іншыя тэатры змаглі знайсці спосаб». Што думае калектыў

У канцы лютага 2023 года медыя апублікавалі інфармацыю пра тое, што абласны лялечны тэатр «Батлейка» ў Маладзечне плануюць закрыць. Пасля чыноўнікі сталі запэўніваць, што «Батлейку» закрываць усё ж такі не збіраюцца, а тэатр проста чакае рэарганізацыя. Таксама ўлады адзначалі, што маладзечанскі лялечны тэатр не выконвае дзяржаўны план: 60% фінансавання тэатр мае з бюджэту, а 40% павінен забяспечыць сам.

Другі месяц у маладзечанскай «Батлейцы» супрацоўнікі знаходзяцца ў няпэўнай сітуацыі. «Нічога сказаць ясна і дакладна дагэтуль нельга», — расказалі супрацоўнікі тэатра лялек. Цяпер у тэатры няма ні дырэктара, ні мастацкага кіраўніка.

— Дырэктарка афіцыйна знаходзілася на бальнічным да 5 сакавіка. Яе абавязкі выконваў інжынер, які прыйшоў у «Батлейку» ў мінулым годзе. У «Батлейцы» дагэтуль няма і мастацкага кіраўніка.

Выканаўчы абавязкі дырэктара Мікалай Тамашэўскі казаў, што звальняць нікога не збіраюцца. Таццяна Чаеўская неўзабаве пасля бальнічнага была звольненая па пагадненні бакоў. Могуць не працягнуць працоўныя адносіны і іншым, найперш пенсіянерам і тым, у каго заканчваюцца кантракты. Цяпер у «Батлейцы» на розных пазіцыях працуюць больш за сорак чалавек.

батлейка, спектаклі для дзяцей
Спектакль Святланы Бень, 2021 год.

Няма адказу, чаму тэатр стаў адзіным у краіне, які не змог выканаць план у самазабеспячэнні.

— Іншыя тэатры неяк змаглі знайсці спосаб і выйсце, каб выжыць, — разважаюць суразмоўцы. — У «Батлейцы» спрабавалі рабіць актыўнасці, якія маглі прынесці дадатковы прыбытак, напрыклад, дыскатэкі «Для тых, каму за …». Але ж тэатр для дзяцей, а як такое магло іх прыцягнуць? Тэатр павінен найперш займацца тэатрам, а не забаўкамі. Не магу сказаць, што «Батлейка» нічога не рабіла, бо акцёры працавалі дзень і ноч, ездзілі па Беларусі.

Гледачы: «Мы ў шоку»

Многія гледачы «Батлейкі» былі ў шоку, калі даведаліся пра магчымае закрыццё тэатра. І гаворка ідзе не толькі пра Маладзечна, дзе базіруецца ўстанова. Спачатку гледачоў здзівіла навіна пра закрыццё, а калі з’явілася інфармацыя пра план, які не выканалі ў «Батлейцы», рэакцыя змянілася. Некаторыя адгукаліся так: «Яны ж не выканалі план, значыцца, кепска працавалі.» «Але гэта няпраўда!» — падкрэсліваюць суразмоўцы.

батлейка, спектаклі для дзяцей
Спектакль Святланы Бень, 2021 год.

Адна з суразмоўцаў расказала, што часта вадзіла дзяцей на спектаклі «Батлейкі». Лічыць, што дзіцячы тэатр выконвае важную функцыю выхавання:

— Гэта і пра духоўныя каштоўнасці, каб нашы дзеці выраслі добрымі людзьмі. Мае дзеці хадзілі з задавальненнем, і мае знаёмыя хадзілі — дзецям заўсёды падабалася. Напрыклад, спектакль «Сонейка і снежныя чалавечкі» расказвае пра веру ў чалавека, там ёсць фраза: «Калі нас людзьмі назвалі, значыць, і паводзіць сябе трэба па-чалавечы». Гэта такая важная фраза, бо часам забываем, хто мы і навошта.

«Закрыццё — крок убок ад цывілізацыі»

Некалькі гадоў таму спектакль у маладзечанскай «Батлейцы» паставіла Святлана Бень. Бень паклікалі, каб дарабіць спектакль, які пачынаў рабіць мастацкі кіраўнік Мікалай Андрэеў, але раптоўна памёр зімой 2020 года.

— Супрацоўніцтва з «Батлейкай» было цудоўным. Я пабачыла, як тэатр жыве ў вельмі складаных фінансавых умовах, як людзі працуюць за сімвалічныя заробкі, але так любяць сваю працу! Яны любяць не сябе ў мастацтве, а само мастацтва. Гэта заклаў іх былы мастацкі кіраўнік, а супрацоўнікі захоўваюць традыцыі і нясуць сваю тэатральную працу як своеасаблівую місію.

Святлана Бень прыгадвае, што ўмовы для працы для тэатральнага калектыву былі сапраўды складанымі: «Яны былі непрыдатнымі для сучаснай мастацкай прасторы». Па яе словах, напрыклад, акцёры мясціліся  ў адной грымёрцы — там не было падзелу на мужчынскую і жаночую.

Бень лічыць, тэатр лялек павінен застацца ў Маладзечне.

батлейка, спектаклі для дзяцей
Святлана Бень.

— Калі яго закрыюць, то гэта будзе крок убок ад цывілізацыі, самапавагі, культуры і мастацтва. Ці патрэбны тэатр у горадзе? Такія думкі зневажальныя. Гэта як запытацца, ці патрэбна чалавеку вітацца адно з адным. Калі ў горадзе няма тэатра, ці патрэбны нам увогуле такі горад? Можа, гэта вёска і ёй трэба клуб? Закрыць тэатр у Маладзечне — гэта як вярнуцца ў пячору… Але нават і там быў свой «тэатр».

Святлана Бень не ведае, чаму «Батлейка» не змагла выканаць план у самазабеспячэнні. Яна адзначае, што калі ставіла спектакль, то бачыла шмат гледачоў  у тэатры, кнігу поўную добрых водгукаў.

— Я памятаю страшную сціпласць тэатра, памятаю складаныя ўмовы. Я магу назваць гэта толькі выжываннем. Зарабляць грошы ў такіх умовах амаль немагчыма. Артысты і так працуюць, не шкадуючы сябе. Напрыклад, расказвалі гісторыю, як на адзін са спектакляў у кавідныя часы прыйшоў толькі бацька з дачкой і  калектыў граў  для двух гледачоў паўнавартасны спектакль, каб не засмуціць дзіцёнка. Але ўжо пасля кавіду даволі вялікая зала найчасцей была запоўнена.

А што можа выратаваць «Батлейку»?

Супрацоўнікі «Батлейкі» і былыя работнікі кажуць, што тэатр можа выжыць і працаваць у цяперашніх умовах.

— «Батлейку» выратуе эфектыўнае кіраўніцтва, якое будзе прыслухоўвацца да патрабаванняў сучаснасці. У нас такі час, што трэба даваць дадатковую актыўнасць: арганізоўваюць гурткі і забаўкі для дзяцей. Напэўна, тады штосьці атрымаецца — ва ўмовах, у якіх цяпер жывуць людзі ў Беларусі. Можа быць, пры іншых умовах будзе па-іншаму: хопіць добрых і класных спектакляў.

Цяпер у маладзечанскім лялечным тэатры заробкі каля 500-600 рублёў. А гэтага недастаткова, каб людзі бралі на сябе дадатковыя функцыі. 

Гучала ідэя далучыць лялечны тэатр да Мінскага абласнога драматычнага тэатра, які таксама месціцца ў Маладзечне. Нашы суразмоўцы не бачаць, як аб’яднанне можа дапамагчы «Батлейцы» і як яна зможа функцыянаваць у рамках працы драматычнага тэатра.

— Шмат інфармацыі нам расказвалі, і кожны раз адказы былі пад розным соусам. Чым больш пытаешся, тым больш інфармацыі змянялася. 

Святлана Бень падкрэсліла, што па яе досведзе тэатры павінна забяспечваць дзяржава. Яна лічыць, што тэатр не зможа ніколі сябе сам акупляць.

Дзяржава павінна разумець, калі хоча мець культуру і мастацтва на высокім узроўні, то павінна ўкладацца ў гэта. На мой погляд, працу беларускіх тэатраў аптымізаваць немагчыма: акцёры працуюць за зневажальныя заробкі, майстры ў цэхах таксама робяць цуды вынаходніцтва — эканомяць на ўсім, часам прыносяць з дому нейкія матэрыялы… Гэта альтруістычны падыход — так робяць ва ўсіх беларускіх тэатрах. Аптымізацыя, якой бы яна не была,  у беларускіх тэатрах не спрацуе, бо там ужо і так усё аптымізавалі.

Бень лічыць, што беларускія тэатры, у тым ліку і «Батлейка», могуць быць прывабнымі. Яна кажа, што ёсць пэўныя  крокі: ад развіцця сацсетак і прыцягнення цікавых рэжысёраў і медыйных асоб у працу тэатраў да развіцця новых формаў.

Але каб рабіць гэта ўсё, трэба мець адпаведную свабоду і ўкладаць грошы. Што можа зрабіць «Батлейка» цяпер, каб глядач прыйшоў? Я думаю, што тэатр гэта ўжо робіць на мяжы сваіх магчымасцяў. Як аднойчы сказаў мастацкі кіраўнік віцебскага тэатра Віктар Клімчук, чалавек, які ніколі не быў у тэатры, адрозніваецца ад таго, хто быў у тэатры хаця б адзін  раз.  Клімчук заклікаў артыстаў граць спектакль, быццам апошні раз. Быццам бы ў зале есць чалавек , які ўпершыню прыйшоў у тэатр і ёсць рызыка, што ён больш ніколі не прыйдзе. Вось тэатр  «Батлейка», ён якраз і працуе па такім прынцыпе. Без яго Маладзечна рызыкуе згубіць вялікую частку сваёй культуры. Вельмі жадаю, каб тэатр захаваўся і радаваў сваіх гледачоў.

Вярнуцца ўгару