Now Reading
Якім быў міжваенны тэатр у Заходняй Беларусі?

Якім быў міжваенны тэатр у Заходняй Беларусі?

беларускі тэатр у заходняй беларусі

Рыжская мірная дамова 1921 года, якой сканчалася савецка-польская вайна, фактычна падзяліла беларускія землі папалам — на «ўсходнюю» і «заходнюю» часткі. Культурнае жыццё як у БССР, так і на тэрыторыях Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы, развівалася зусім па-рознаму.

PALATNO расказвае пра тое, як выглядала культурна-тэатральнае жыццё ў Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд.

Прафейсійны тэатр — польскі

Польская рэспубліка, якая з’явілася на палітычных мапах у 1918 годзе, успрымала тэатр як эфектыўны спосаб для інтэграцыі насельніцтва ў польскую культуру і фарміраванне нацыянальна-патрыятычнага светапогляду. Асабліва — на далучаных ад 1921 годзе ўсходніх тэрыторыях. Тэатральнымі цэнтрамі Заходняй Беларусі сталі пераважна гарады, у якіх дзейнічалі прафесійныя ці паўпрафесійныя і вандроўныя тэатры.

Паводле статыстыкі за 1933 год на тэрыторыі Віленскага, Палескага, Навагрудскага і часткова Беластоцкага ваяводстваў дзейнічалі дзесяць прафесійных тэатраў, з якіх — шэсць былі пастаянныя і чатыры вандроўныя (для параўнання: у Польшчы было 88 прафесійных тэатраў — 57 пастаянных, 31 вандроўны). Штогод, пачынаючы з 1921-га, Міністэрствам унутраных спраў зацвярджаліся канцэсіі на вандроўныя тэатральныя прадстаўленні ў мясцовасцях, дзе не было сталага тэатра.

Самымі вядомымі былі вандроўныя тэатры Віленшчыны (тэатр Будзіньскага, тэатр «Рохі», Віленская Рэдута, яўэйскі тэатр Unzerteart і іншыя), Варшавы, Львова, Брэста, Познані. У справаздачах згадваецца, што Віленшчына была самым праблематычным рэгіёнам: не было адпаведных умоў для паказаў. Прадстаўленні ладзіліся на чыгуначных вакзалах, будынках гміннага ўрада, школьных залах, дамах людовых.

беларускі тэатр у заходняй беларусі
Львоў у міжваенны час.

Вандроўныя тэатры наведвалі пераважна буйныя мястэчкі — Паставы, Маладзечна, Валожын, Дзісну, Шчучын і іншыя. У тагачасных СМІ можна сустрэць узгадкі што «п’есы ставіліся на высокім прафесійным узроўні, акторы мелі адукацыю і імя». Аднак гісторыкі адзначаюць, што часта трупа вандравала з 1-2 спектаклямі, прычым — камедыйна-вадэвільнага характару. Сярод згадак таго, што паказвалі, сустракаюцца такія назвы як камедыі В. Фодара «Касцельны пацук», Ст. Кеджынскага «Пярун з яснага неба», А. Слонімскага «Бяздомны ўрач», Янкіса «Жанчына і ўлада», Т. Лапалеўскага «Аўрэлій, не рабі гэтага!».

Выключна польскі рэпертуар п’ес мог адштурхоўваць местачкоўцаў, але ці быў у іх выбар? Даследчыца Ганна Вайцешчык адзначае, што нават з колькасцю вандроўных тэатраў нацыянальных меншасцей, іх паказы былі ніжэй па ўзроўню, чым польскія. А з тым, што часта кошты дадаткова паніжаліся, жыхары Заходняй Беларусі мелі хоць якую магчымасць знаёміцца з сусветнай культурай.

А ці быў уласна беларускі тэатр?

Цэнтрам тэатральнага і культурнага беларускага жыцця доўгі час заставалася Вільня. Праўда, у спецыфічных умовах, бо польскія ўлады падрабязна фіксавалі маршруты нацыянальных тэатраў іх паездак і кантралявалі рэпертуар.

З 1915 да 1939 года ў Вільні існаваў Беларускі народны тэатр, які паказваў спектаклі ў многіх заходнебеларускіх гарадах і мястэчках.  «Аб’яздны тэатр» Галоўнай управы БІГіК паказваў на Віленшчыне, Ашмяншчыне «Залѐты» В. Дуніна-Марцінкевіча, «Апошняе спатканне» У. Галубка і іншыя. А ў рэпертуары хораў пераважалі беларускія народныя песні.

З рубрыкі «Беларускае жыццё» выдання «Кур’ер Віленскі»: «У 1927 годзе на летні перыяд Беларускі інстытут Гаспадаркі і культуры ў Вільні арганізаваў Беларускі Вандроўны Тэатр, пад кіраўніцтвам п. Яцыны (Jacyny). Напрацягу 2,5 месяцаў тэатр выканаў агулам 36 прадстаўленняў на правінцыях. Па аднаму ў Смаргоні, Маладзечна, Іўі, па два ў Красным, Гарадзеі, Івянцы, па тры ў Валожыне, Лебядзеве і інш., і г.д.».

беларускі тэатр у заходняй беларусі
Тэатральны калектыў на Наваградчыне.

Па-беларуску паказвалі прадстаўленні і польскія калектывы мастацкай самадзейнасці. Напрыклад, у 1938 годзе Пажарная варта арганізавала ў мястэчку Свір пастаноўку «Паўлінкі» Янкі Купалы. А ў мястэчку Лахва аматарскія гурткі Саюза сельскай моладзі з 1929 годзе ладзілі п’есы «Паляванне на супруга», «Білецік кахання», «Вязень Магдэбурга». Таксама ў дзейнасці аматарскіх гурткоў прыгадваюцца п’есы беларускіх, рускіх, украінскіх, польскіх драматургаў, пераважна на тэмы народнага жыця — «Паўлінка» і «Прымакі» Я. Купалы, «Модны шляхцюк» К. Каганца, «Збянтэжаны Саўка» Л. Родзевіча, «Мікітаў лапаць» М. Чарота і іншыя.

Важным фактарам заставаўся кантроль з боку дзяржавы і цэнзура. У 1927 годзе ў Валожыне ў будынку Пажарнай варты выступалі з творам Аляхновіча «На вёсцы». На прадстаўленне сабралася 160 асоб, у тым ліку — стараста і паліцыя. Пазней у рапарце імі адзначалася што п’еса не адпавядала па зместу праўрадавай пазіцыі, падкрэсліваўся нізкі ўзровень гульні актораў. Як вынік — п’еса была забаронена.

Забароны выклікалі пратэст. Газета «Беларуская доля» ў 1925 годзе пісала што ў Косава быў арганізаваны тэатральны вечар, на якім ладзіўся нелегальны спектакль «Пільнуй сваёй хаты». А ў мястэчку Казяны жанчыны з «Кола вясковых гаспадынь» увогуле ультыматыўна патрабавалі беларускага прадстаўлення, іначай — адмовяцца ўдзельнічаць у Коле.

беларускі тэатр у заходняй беларусі
Тэатральны калектыў у Слоніме ў міжваенны час.

З сярэдзіны 1920-х у беларускім тэатральным жыцці Заходняй Беларусі назіраліся супярэчлівыя тэндэнцыі. Дзейнічаў Беларускі інстытут Культуры і Гаспадаркі, з’яўляліся гурткі Таварыства беларускай школы, Таварыства беларускай асветы і іншыя аб’яднанні, якія ў сваёй дзейнасці таксама ахоплівалі тэатр. Аднак бракавала кваліфікаваных кадраў, удзельнікі патраплялі пад рэпрэсіі і не мелі фінансавання.

Яскравы прыклад — Вандроўны беларускі народны тэатр, які ўзнік у 1927 годзе. Тэатр карыстаўся папулярнасцю, аднак выдаткі праглыналі даходы, была вельмі нізкая самаакупнасць і плюс паліцэйска-адміністрацыйны ціск прывялі да таго, што ўжо ў студзені 1928 года тэатр спыніў існаванне. Больш папулярнай формай стала стварэнне самадзейных тэатральных груп у мястэчках. У іх якраз пераважаў беларускамоўны рэпертуар.

Газета «Народная справа» ў 1926 годзе пісала: «28 жніўня ў мястэчку Ярэмічы ладзіўся спектакль. Народу сабралася поўная зала, усім месца не хапіла. Гулялі “Дзядзьку Якуба” Ф.Аляхновіча. На спектакль прыбыў сам Стаўпецкі стараста».

У першай палове 1930-х, у сувязі з заняпадам дзейнасці ТБШ, рух мастацкай самадзейнасці ў большасці мястэчак таксама згортваецца.

«Давайце жыць сваім жыццём», альбо Адно прадстаўленне ў тэатры на Салтанішках

Гэта рэпартаж карэспандэнткі HRO з Камаяў (а менавіта — з вёскі Лоўцэ) пад назвай «Давайце жыць сваім жыццём». Артыкул пачынаецца з таго, што да аўтаркі звяртаюцца дзве жанчыны, якія запрашаюць паехаць з сабой — паглядзець і напісаць пра спектакль «Чары ў лесе»:

«Званочак… дзве спавітыя «фігуры» ў рэверансах, уваходзяць у сені <…> “..Мы… пані, прыйшлі… калі ласка, запрашэнне — будзем іграць тэатр, на Солтанішках. У Народным доме. Дырэктарка запрашае… каб гэта… бо гэта… чы, чы, пані да тэатру! Мастацтва… Чары ў лесе… Прыедзеце?»

«Чары ў лесе», альбо «Разбіты гаршчок», альбо «Чары ў лесе — карцінка ў чатырох дзеях» — вершаваная п’еса для дзетак, аўтарства Гелены Ромер-Ахенькоўскай, пісьменніцы, публіцыстыкі, грамадскай дзяячкі пачатку ХХ стагоддзя, якая сама вырасла на Пастаўшчыне.

Аўтарка вырашае што «трэба прыйсці ўбачыць як рэагуе публічнасць» і апісвае зімовую дарогу, а далей сам тэатр — гэта звычайны пакой у памяшканнях будынка, з якога зрабілі Дом Людовы. У залі — «камплект». Тлум, хоць і відавочна, што апошнія шэрагі не ўбачаць і не пачуюць. Аўтар нават задаецца рытарычным пытаннем, чаму б не было зрабіць рознай вышыні лаўкі. У будынку — натоўпы дзяцей, якія ствараюць неверагодны шум, смяюцца, шчабечуць, «прыгожыя, як анёлкі». Што ж пра само прадстаўленне?

«Заслона! Сярод бедных дэкарацый, але казка іншага не патрабуе. Разыгрываецца пацешная гісторыя непаслухмянага і хлуслівага  сямейства… Найлепш грае самая малодшая артыстка, з выразнай бездакорнай дыкцыяй, але і іншыя чытаюць лёгкі тэкст з разуменнем сэнсу, толькі, як бывае ў аматараў, занадта ціха».

Аўтар адзначае, што ў другой частцы былі папяровыя касцюмы і спеўна-танцавальная частка. Гледачы захоплены — выбухаюць смехам, а нейкая маці з далейшых радоў просіць: «Сядайце, мы ж нічога не бачым!».

«Жывая газетка» і аматарскія калектывы

Тэатр актыўна развіваўся і «на ніжэйшым узроўні». Самадзейныя гурткі ўзнікалі паўсюль — школьныя, народныя, тэматычных колаў, вайсковыя і г.д. Асаблівы росквіт прыйшоўся на пачатак 1930-х гады.

Напрыклад, у сакавіку 1927 года ў Ганцавічах з’яўляецца аматарская пастаноўка калектыву кола «Апекі над Крэсамі» — прапольскай па задачах грамадскай арганізацыі, а таксама калектыў, утвораны ў рамках моладзевай суполкі «Саюз стральцоў». Паводле архіўных звестак, па Лунінецкім павеце ў сезоне 1931-1932 гадоў існавала 25 аматарскіх тэатральных калектываў і яны далі тады 59 прадстаўленняў.

Выключна польскамоўным рэпертуарам вылучаліся тэатральныя прадстаўленні Саюза стральцоў, Саюза асаднікаў, Саюза каталіцкай моладзі, Школьнай Маці, Саюза польскай моладзі і іншых культурна-асветніцкіх арганізацый міжваеннага перыяду. Тэатр намагаліся зрабіць даступным для месцовых, і таксама цікавым.

беларускі тэатр у заходняй беларусі
Тэатральны калектыў у міжваеннай Заходняй Беларусі.

Часта праз тэатралізацыю мясцовыя ўлады спрабавалі наладзіць кантакт з насельніцтвам, знайсці простую і даступную форму камунікацыі. Ёсць цікавыя звесткі з мястэчка Краснае, пра тое, як па нядзелях, пасля службы ў царкве і касцёле на сцэне мясцовага Дома Людовага паказвалі «Жывую газету».

Пра гэта яе з’яўленне пісала аўтарка Марыя Віткуўна ў газеце «Кур’ер Віленскі» за 1937 год:

«З восені мінулага года ў Красным ля Ушы была закладзена “Жывая газетка”. Рэдакцыйны камітэт газеты быў створаны з людзей, якія ведаюць мясцовыя стасункі і разумеюць патрэбы павятовай працы. “Жывая газетка” выклікала шмат інтарэсу, запалу і веру ў поспех. Ужо ў бліжэйшую нядзелю людзі сабраліся перад Домам Людовым, каб паглядзець на “гэтае дзіва”, пра якое бачылі на афішах. Але да асяродка ўваходзілі не ўсе — хоць на афішах і было пра бясплатны ўваход, баяліся, што ў цяжкіх часам прыйдзецца плаціць.

З’явіўся укамплектаваны рэдакцыйны камітэт, аркестр зайграў марш. Нарэшце ахвотныя рушылі да залы, каб “трошачкі пасядзець, паглядзець, паслухаць і супакоіць інтарэс”. Усё пачалося з уступа, а пасля — навіны з краю і замежжа, важнейшыя здарэнні з ваколіц, вугалок забаў, спевы, пара актуальных дыялогаў з жыцця. Кожныя два тыдні спяшаліся людзі да Дому Людовага пасля набажэнстваў, каб пачуць што цікавае, нешта убачыць на дыяфільмах. Урэшце газетка стала штотыднёвай. Людзям спадабалася газетка, і цяпер не трэба іх збіраць/шукаць/прывабліваць гукамі аркестру, афішамі і г.д. Кожны ахвочы спяшаецца на газету, якая пра ўсё распавядае і нічога не каштуе».

беларускі тэатр у заходняй беларусі
Будынак у Красным, дзе адбываліся тэатральныя выступы.

Аўтарка піша, што мясцовыя «ўхвалілі такую форму забавы і прымалі ўдзел». З часам у «газетцы» з’явіўся свой персанаж — «Цётка Альбінова», якая час ад часу выказвала натоўпу, відаць, аўтарытэтныя прамовы. Музычнае суправаджэнне ствараў аркестр — імаверна, вайсковы, бо ў мястэчку быў пункт Корпус аховы Памежжа. Была і практычная частка — праводзіліся размовы з пытанняў гаспадарчых, гігіенічных, грамадскіх.

Вярнуцца ўгару