Красавіцкі страйк. Як сотні тысяч беларускіх рабочых пратэставалі ў пачатку 1990-х

забастоўка беларускіх рабочых, красавіцкая забастоўка 1991 года

Больш за трыццаць гадоў таму беларускія рабочыя масава выйшлі на пратэсты — гэтыя падзеі пазней назавуць Красавіцкім страйкам. У сучаснай Беларусі пра тыя падзеі ў шматлікіх гарадах нашай краіны кажуць мала, аднак менавіта тады беларускія рабочыя ўпершыню так гучна заявілі пра сябе. У тыя красавіцкія дні 1991 года беларусы нават маглі здабыць сабе незалежнасць.

PALATNO расказвае, як беларусы пратэставалі цэлы месяц — спачатку супраць павышэння цэн, але ў хуткім часе пачалі высоўваць палітычныя патрабаванні.

Рэформа, якая ў тры разы павысіла цэны

У студзені 1991 года ў СССР пачалі праводзіць эканамічную рэформу — яе ініцыятарам стаў прэм’ер-міністр Валянцін Паўлаў. Пазней гэту рэформу так і назавуць — «паўлаўская рэформа». Савецкія ўлады планавалі спыніць інфляцыю, але «шокавая» рэформа толькі рабіла сітуацыю горшай.

Напачатку красавіка пачаўся другі этап «паўлаўскай рэформы». А 2 красавіка 1991 года паднялі цэны і тарыфы — гэта зрабілі для таго, каб разабрацца з дэфіцытам, які ўжо доўгі час панаваў у савецкіх крамах. Аднак такая барацьба скончылася тым, што ў савецкіх грамадзян ужо амаль не было зберажэнняў. Заробкі заставаліся тымі ж, а цэны на прадукты павялічыліся ў пяць разоў: дэфіцыт, як планавалі ўлады, так і не знік.

Дзяржаўны бюджэт СССР амаль нічога не атрымаў ад павышэння цэн і тарыфаў, а вось меркаванні людзей значна змяніліся. Дзеянні Масквы падчас гэтай рэформы значна падарвалі давер да саюзнага ўрада.

Самай пратэснай стала Беларусь з месячным рухам рабочых супраць павышэння цэн — адзіная ў СССР. Беларускія рабочыя не спыніліся на выключна эканамічных патрабаваннях, яны пачалі гучна казаць і пра патрэбныя палітычныя змяненні. Але чаму менавіта Беларусь?

Напачатку 1990-х тысячы беларускіх рабочых засталіся без працы. «Зборачны цэх Савецкага саюза», як называлі Беларусь, знаходзіўся не ў лепшым эканамічным стане. Большасць вытворчасці заводаў аказалася непатрэбнай. У тыя ж гады сам-насам беларусы засталіся з Чарнобыльскай катастрофай: наша краіна была самай пацярпелай — яе нават аб’явілі зонай экалагічнага бедства. Аднак на фоне цяжкай эканамічнай сітуацыі ў грамадстве пачалося нацыянальнае адраджэнне: людзі даведаліся пра расстрэлы ў Курапатах, на мінскім «Дынама» сабралася 40 тысяч чалавек з бел-чырвона-белымі сцягамі, гучней і гучней беларусы патрабавалі незалежнасці.

Мінскі страйк — толькі пачатак

На наступны дзень пасля павышэння цэн на мінскіх заводах пачаліся стыхійныя зборы людзей: 3 красавіка 1991 года рабочыя збіраліся ў цэхах і на завадскіх прахадных, абмяркоўвалі сваё становішча. У той дзень забастоўку аб’явілі рабочыя завода аўтаматычных ліній, завода шасцерняў, трактарны і аўтамабільны заводы, а таксама электратэхнічны завод. Тады ж рабочыя выйшлі на сталічныя вуліцы — на Даўгабродскай перакрылі рух трамваяў.

красавіцкі страйк 1991 года
Фота: Сяргей Грыц / svaboda.org

Страйк узначалілі лідары БНФ, актывісты Рабочага Саюзу і рабочыя лідары — Марыя Аліева, Сяргей Антончык, Генадзь Быкаў, Алесь Галькевіч, Віктар Івашкевіч, Георгі Мухін, Міхась Собаль, Генадзь Фядыніч.

4 красавіка 1991 года на Плошчы незалежнасці ў Мінску сабраліся дзясяткі тысяч беларускіх рабочых. Ад рабочых спачатку гучалі выключна эканамічныя патрабаванні — адмяніць павышэнне цэн. Але хутка да іх далучыліся і патрабаванні палітычнага характару: адстаўка ўрадаў СССР і БССР, скасаванне парткамаў на прадпрыемствах, адмена выплат Беларусі ў саюзны бюджэт (які на той час ужо не атрымліваў каля 40% патрэбных грошай). Старшыня Савету міністраў БССР Вячаслаў Кебіч выступаў перад рабочымі і заверыў, маўляў, не ведаў, што Масква падніме цэны. На гэта кіраўнік стачкама «Гарызонта» Алесь Галькевіч адказаў так: «Як можна тады казаць пра нейкі суверэнітэт, калі наш урад не ведае, якімі будуць цэны?».

Адзін з арганізатараў страйку Сяргей Антончык успамінаў: «Калі я бачыў, як ідзе праз мост цёмная хмара людзей з “Інтэгралу”, як ідуць калоны з трактарнага, аўтазаводу, то было адчуванне вялікага свята свабоды. Людзі адчулі сябе людзьмі. У Беларусі гэтага ніколі не было. Беларусь заўсёды была ціхая, спакойная, пракамуністычная краіна ў складзе СССР. А ў гэты момант людзі адчулі сябе нібы тыя беларускія ваяры, якія змагаліся за незалежнасць. Тыя як бы нарадзіліся зноў у выглядзе гэтых рабочых. Было шчасце свабоды, лёгкасці, што мы можам патрабаваць і дамагацца выканання нашых правоў».

Барацьбу рабочых падтрымаў Васіль Быкаў: «Толькі ваша бескампрамісная барацьба можа прывесці да ўсенароднай перамогі над грабежніцкімі захадамі Цэнтра і мясцовай партбюракратыі. Жадаю вам непахіснай цвёрдасці і вялікай рашучасці. Бог вам у дапамогу! Жыве Беларусь».

Да Быкава далучыўся і іншы беларускі пісьменнік Алесь Адамовіч: «Беларусы — цярплівая нацыя, але калі ўціск робіцца занадта моцны, яны ўздымаюцца на барацьбу за справядлівую справу. І калі ўжо беларусы ўзняліся на гэтую барацьбу, значыць, яны маюць намер перамагчы».

Красавіцкі страйк працоўных завода аўтаагрэгатаў у Гродна. Людзі перакрылі дарогу ў раёне вуліцы Курчатава. Фота: асабісты архіў Анатоля Хацько / HrodnaLife

Да страйку пачалі далучацца і іншыя беларускія гарады: Наваполацк, Віцебск, Орша, Гомель, Гродна, Салігорск, Барысаў, Маладзечна, Ліда… Усяго ў забастовачны камітэт увайшлі 98 беларускіх прадпрыемстваў.

Перамога ці параза?

Улады не пакінулі выступ рабочых без увагі — шматтысячныя натоўпы на цэнтральных плошчах беларускіх гарадоў, у тым ліку і сталіцы, было складана абмінуць. Страйкамаўцаў спрабавалі спыніць чыноўнікі з Прэзідыума Вярхоўнага савета.

Толькі 19 красавіка 1991 года дэлегацыю стачкама запрасілі на перамовы ў Вярхоўны савет: ім паабяцалі павышэнне заробкаў. Былы дэпутат Вярхоўнага савета Сяргей Навумчык успамінаў, што яшчэ тады было магчыма выканаць і палітычныя патрабаванні — і атрымаць незалежнасць. Аднак супраць выканання палітычных патрабаванняў стачкамаўцаў выступіў Станіслаў Шушкевіч. Шушкевіча падтрымалі ў гэтым і іншыя члены Прэзідыума. Стачкамаўцы прапанавалі склікаць сесію Вярхоўнага савета, каб на ёй разглядзелі палітычныя патрабаванні — адмова ад яе правядзення пасля адаб’ецца ў Оршы, калі чыгуначнікі зладзяць буйную акцыю пратэсту і перакрыюць чыгуначныя шляхі.

Лідарам страйкаму і дэпутатам БНФ пагражалі крымінальнымі справамі тагачасныя пракуроры і супрацоўнікі КДБ. Асаблівая ўвага сапраўды тычылася падзей у Оршы. Аршанскія рабочыя далучыліся да ўсеагульнага стачкама напачатку красавіка. У горадзе нават пачалі друкаваць сваю газету «Рабочая воля».

24 красавіка 1991 года стачкамаўцы вырашылі заблакаваць аршанскую чыгунку — адзін з найбуйнейшых чыгуначных вузлоў краіны. Блакіроўка чыгункі доўжылася некалькі дзён, пакуль у Оршу не даслалі паўтары тысячы амапаўцаў з Мінска, Віцебска і Магілёва.

Эксперты і сучаснікі ўпэўненыя, што Красавіцкі страйк разбурыў тагачасны вобраз беларусаў як паслухмянай нацыі. Страйк толькі часова дасягнуў сваёй мэты — у хуткім часе цэны зноўку рвануць. А палітычныя патрабаванні аказаліся адрынутыя камуністычнымі чыноўнікамі — аднак ненадоўга. Праз чатыры месяцы Беларусь стане незалежнай дзяржавай. Дарэчы, адзін з дэпутатаў, які не прагаласаваў за прыняцце дакумента, які абвяшчаў незалежнасць нашай краіны, быў Аляксандр Лукашэнка. У стэнаграме таго пасяджэння адзначалася, што Лукашэнка адсутнічаў: палітык Анатоль Лябедзька сцвярджаў, што Лукашэнка хаваўся ў туалеце.


Чытайце таксама:

 

У Беларусі не хапае дзясяткаў тысяч работнікаў. Чаму так здарылася?

 

Выратаванне ад рабаванняў ці нязначная перамога? Расказваем пра бітву на Уле супраць маскоўскіх войск, пра якую вы маглі і не ведаць

 

Вужы — ад удару маланкі, птушкі — на каханне. Як і чаму беларусы ўпрыгожвалі свае хаты?

Вярнуцца ўгару