Now Reading
Вужы — ад удару маланкі, птушкі — на каханне. Як і чаму беларусы ўпрыгожвалі свае хаты?

Вужы — ад удару маланкі, птушкі — на каханне. Як і чаму беларусы ўпрыгожвалі свае хаты?

упрыгожванне беларускіх хат, ліштвы, дах

Дом у традыцыйнай культуры — гэта не проста месца, дзе можна спаць, есці, і пакідаць рэчы. Гэта неад’емная частка міфапаэтычнага сусвету і яго сімвалічнае ўвасабленне. А таксама надзейны прытулак для чалавека традыцыйнай культуры сярод «чужых прастораў».

Ад моманту выбару месца для будаўніцтва хаты і да спосабу камунікацыі з духамі дома, чалавек праходзіў праз мноства разнастайных рытуалаў. Многія з іх былі рэгламентаваныя: правілы пабудовы, арыентацыя будынка, унутраны парадак. Але знешні архітэктурны дэкор збольшага залежаў найперш ад  гаспадароў.

PALATNO расказвае пра тое, як і чаму беларусы ўпрыгожвалі свае дамы.

Ад абярэгу да дэкору

Самыя раннія згадкі пра архітэктурную разьбу на тэрыторыі Беларусі адносяцца да XI-XII стагоддзя. Асобныя помнікі сустракаецца ў драўляным дойлідстве Мінска, Віцебска, Полацка і іншых беларускіх гарадоў. Гэта былі самыя элементарныя засечкі на вушаках дзвярэй і панэлях.

Менавіта драўляныя дэкаратыўныя элементы ў традыцыйным дойлідстве з’яўляюцца прыкладна з XIX cтагоддзя. Спачатку — у гарадах і мястэчках, пазней з’ява пашыраецца і сярод вясковай культуры. Адсутнасць элементаў упрыгожвання невыпадковая — доўгі час беларускія хаты ў большасці былі курнымі, то бок не мелі дымаходу і тапіліся «па-чорнаму».

Традыцыйны дэкор вельмі неаднастайны, як у розных частках краіны, так нават і суседніх рэгіёнах. На гэта звяртае ўвагу даследчык Яўген Малікаў, які вылучае, напрыклад, розніцу ў разьбе заходняга Палесся і паўднёвага-ўсходу Беларусі: на захадзе дэкор прасцейшы, лінейны, а на ўсходзе — разнастайней і складаецца з шматлікіх элементаў. Прычым, гэта тэндэнцыя заўважаецца не толькі ў архітэктурным дэкоры, але і ў ткацтве, арнаменце, і нават у сістэме гаспадарчых пабудоў.

упрыгожванне беларускіх хат, ліштвы, дах

Дэкор выконваўся з дрэва. А ўжо як менавіта — залежала ад заможнасці сям’і ці майстэрства гаспадара. Ёсць версіі, што старажытным «прататыпам» таго ж вільчыка маглі быць сапраўдныя чарапы жывёл як магічныя абярэгі.

Сучасны дэкор выконвае хіба выключна дэкаратыўную функцыю. Майстры паўтараюць традыцыйныя сюжэты, але першапачатковы іх сэнс згублены. Этнографы ХІХ і пачатку ХХ стагоддзя стагоддзяў яшчэ занатоўвалі глыбокае сімвалічнае значэнне элементаў — на іх пераносілі сімвалічныя і магічныя функцыі — аберагчы, паспрыяць, адвесці злое. На жаль, сёння пра большасць сэнсаў можна толькі здагадвацца.

Дом як цэнтр сусвету

Дом — гэта маленькая копія сусвету і самога чалавека.

У міфапаэтычным светапоглядзе чалавека традыцыйнай культуры сусвет падзяляўся гарызантальна (свае і чужыя прасторы) і вертыкальна (зямное і нябеснае). Аснова і фундамент хаты ўспрымаліся як ніжні, «той» свет. Страха, гарышча — як верхні, «нябесны» ўзровень.

Столь сімвалізавала неба, гарышча — аблокі. Вышэй была «бездань нябесная», якая пралівалася дажджом — адсюль звычка ўпрыгожваць закрыліны даху хвалістым арнаментам. Паверхня зруба хаты адносілася да «зямнога». Таму тут пераважаюць арнаменты з выяўленнем расліннага і жывёльнага характару.

Гэтаксама хата ўвасабляла сабой мадэль галавы чалавека: твар адпавядае «зямной» частцы дома, рот — дзверы, вочы — вокны, векі, бровы — аканіцы, лоб — франтон, валасы — страха, цемечка — вільчык.

«Я вам раскажу вот такі сон. Сніцца, што папа сначала выходзіць, і з мяне ўсю кожу здзіраець да пояса. І я сіжу, нейкай простынню прыкрыўшыся, і яна так нідзе не даторкнулася да мяне. А тут прыйшла гэтая Матруна і гаворыць: “Енчы перад Богам і цалуй зямлю! Тады ня будзець болей скуру рваць, а так усю парвець!” Ну, усім я расказвала, а ніхто майго сна не разгадаў. А тады цераз нескалькі врэмя паднялася бура, і ў нас звярнула палавіну хаты. Усё зьнясло: і крышу, і мурлаты, а адна часць – прысценак і во з гэтай хаты сюды закінула, а другую – аж за дарогу занясло. Толькі столь засталася» (в. Шо, Глыбоцкага р-на)

Хата сімвалізавалася таксама з самім жыццём. Калі чалавек памірае, ён ужо нічога не бачыць і не чуе, таму прысніць хату без дзвярэй і вакон — аналагічна атрымаць папярэджанне аб смерці:

« (…) Она [мама] как-то (я в городе работала, приезжаю с города), а она говорит: “Наверное, всё, я умру скоро”. “Ну, мама, ну ты что, 51 год!” (А перед этим папа умер 3 года назад). Говорит [мама]: “Папа мне построил такой тесный домик, без окон, без ничего. Ну, такой, такой тесный”. “Ну, мама, ну не может быть!” Ей приснилось, во сне. И потом не с того не с сего ей плохо, в больницу отвезли. И всё [умерла]» (ФА; Люта Брэсцкага р-на).

А вось пра аздабленне гаспадарчых пабудоваў (клеці, сеннікі, хлявы) вядома вельмі мала. Найхутчэй яно магло быць у форме акенцаў на франтоне ці ў дэкоры палотнішчаў дзвярэй.

Што ўпрыгожвалі?

Самым яскравым і «багатым» на архітэктурны дэкор рэгіёнам называюць Падняпроўе і Усходняе Палессе. Менавіта там была пашырана дэкаратыўная разьба карнізаў, ліштваў і аканіц, брам сядзібы, ганкаў жылля.

На Паазер’і, Панямонні, у Цэнтральнай Беларусі перавагу аддавалі ўпрыгожванню галоўнага фасада жылля (карніз, ліштвы, франтон, вуглы зруба). Заходняе ж Палессе адметнае асаблівай увагай да аздаблення франтонаў.

Вільчык — завяршальны элемент пры будаўніцтве двухсхільных дахаў, месца злучэння закрылін. Лічыцца, што ў старажытнасці вільчык выконваў магічную функцыю аховы дома і мог аздабляцца сапраўднымі чарапамі коней ці кароў як абарона ад злых сілаў.

Аздабленне мела сіметрычную форму, найчасцей адпавядала анімалістычнай тэматыцы — рогі, фігуркі птушак, жывёл. Распаўсюджаным быў вільчык у форме здвоеных стылізваных коней. У ХХ стагоддзі распаўсюджваецца адзінарныя вільчыкі.

Шчыт (франтон) — вялікая трохвугольная (або трапецыепадобная) плоскасць над фасадам будынку. Папулярны дэкор – простая (вертыкальная, гарызантальная), фігурная («квадрат», «ромб», «у елачку», салярныя матывы) і  камбінаваныя шалёўка (абшыўка тоненькімі дошчачкамі), накладкі з геаметрычным арнаментам і расфарбоўкай.

Атаясамленне франтона з небасхілам абумовіла прысутнасць салярнай сімволікі. Папулярныя сюжэты гэта наяўнасць сонца з прамянямі, колаў, зорак, ромбаў. Сонца нават магло быць намалявана проста фарбай, выяўлена праз паўкруг-накладку ці круглае акенца.

Ліштвы — накладныя фігурныя планкі вакол аконных праёмаў. Часта аздабляліся разам з аканіцамі, ствараючы своеасаблівую сюжэтную стужку.

Дэкор ліштваў па ўсёй тэрыторыі Беларусі быў самы розны. Вялікай разнастайнасцю вылучаецца дэкор ліштваў Заходняга Палесся.

Сустракаюцца геаметрычныя, салярныя, зааморфныя, раслінныя матывы, а таксама элементы савецкай сімволікі. Распаўсюджаны элемент — ромб, ромб-страла. Таксама сіметрычныя, а наверша аздабляюць каронамі, птушкамі, вужамі ці нават цмокамі.

Аканіцы (стаўні) — драўляныя накладкі на вокны, якія адыгрывалі ролю ўцяпляльніка і ахоўніка для хаты. У раскрытым выглядзе аканіцы запаўнялі прасценкі паміж вокнамі, утвараючы сабой суцэльны дэкаратыўны пояс.

Што ж азначаюць узоры?

Папулярны сюжэт — вобраз каня. Акрамя надзвычайнай ролі ў гаспадарцы, яго звязваюць з культам продкаў і салярным культам. Напрыклад, звычай прыбіваць знойдзеную падкову да парога ці вушака дзвярэй мела «ахоўнае» значэнне — маркіркаванне мяжы свайго і хтанічнага свету.

Часта ў дэкоры сустракаліся птушкі.  Найбольш старажытныя і пашыраныя вобразы — качка (сімвал дабрабыту), певень (сімвал пачатку новага дня, усходу Сонца, знікнення нячыстай сілы) ды інш. Пара птушак сімвалізавала сямейнае шчасце. Як занатаваў М. М. Нікольскі:

«…на першым месцы тут стаіць амаль што паўсюды певень, аб якім многа гаварыць не трэба: певень лічыцца птушкай, якая адганяе сваім пяяннем нячыстую сілу і наогул мае здольнасць аберагаць ад усякага ліха…».

Птушкі ў дэкоры сядзяць на гнёздах, стаяць, але амаль заўсёды павернуты галовамі адна да адной. У якасці элемента паміж птушкамі сустракаюцца дрэва, кветка, вазон або сімвал сонца.

упрыгожванне беларускіх хат, ліштвы, дах

Ахоўную функцыю надаюць выявам змей. Беларусы асабліва шанавалі вужоў, іх нават называлі  «гаспадаром, дамавіком, хатнікам, вужом-вартаўніком».  Якраз выяўленне вужоў на вільчыку павінна было захаваць жыллё ад удараў маланкі. У дэкоры выявы сіметрычныя вобразы змей змяшчалі на верхняй частцы ліштваў. Галовамі яны маглі быць павернуты да цэнтра або глядзець у розныя бакі.

Цмок (змей) — сімвал мудрасці, магічнай сілы, апякунства ачага, захавальнік сям’і, дому.

Салярныя сімвалы — ад элементарнага круга-сонца да шматпялёсткавых кветак і крыжоў. Сімваламі сонца з’яўляюцца чатырохпялёсткавыя замкнёныя і востраканцовыя разеткі, якімі аздабляляюцца франтон, уваход, сцены, ліштвы.

Крыж як сімвал агню і сонца вядомы быў на тэрыторыі Беларусі яшчэ ў часы язычніцтва. У народных павер’ях агонь лічыўся ачышчальнай сілай ад шкодных духаў. Крыж малявалі на ліштвах, дзвярах, на фасадзе. Крыж у крузе сімвалізаваў адзінства зямнога агню і нябеснага свяціла.

У сістэму дэкаратыўнага ўпрыгожвання ўключалася таксама інфармацыя, часцей за ўсё на франтоне, напрыклад — даты пабудовы дома, ініцыялы.

Папулярны геаметрыны ўзор ромб трактуюць як сімвал, які аб’яднаў у сабе такія каштоўнасці як «хлеб, сям’я, жыццё». (Праўда, таксама варта адзначыць што «ромб» — гэта наша сучасная назва элемента, як называўся гэты элемент раней — мы не ведаем). Гэтаксама іх называюць сімваламі ўрадлівасці і багацця.

Адназначна трактаваць які сэнс мелі тыя ці іншыя архітэктурныя аздабленні нельга. У даследчыкаў хапае версій і трактовак, але да ўсіх іх трэба падыходзіць з асцярожнасцю —  з адсылкай да эпох, іншага мыслення і светапогляду.

Вярнуцца ўгару