Вы чытаеце:
«Вавілонская мешаніна моў». Як у Беларусі чатыры мовы былі дзяржаўнымі

«Вавілонская мешаніна моў». Як у Беларусі чатыры мовы былі дзяржаўнымі

ідыш у беларусі, чатыры мовы ў беларусі

Пасля Кастрычніцкага перавароту і пачатку будаўніцтва савецкай Беларусі ў краіне амаль на 15 гадоў увялі чатыры дзяржаўныя мовы — беларуская, ідыш, польская і руская. Назвы крамаў пісалі на чатырох мовах, людзі размаўлялі на чатырох мовах, нават заканадаўчыя акты публікаваліся на чатырох мовах.

PALATNO расказвае, як гэта стала магчымым.

Чатыры дзяржаўныя мовы — як так здарылася?

У 1920-я гады кіраўніцтва Савецкай Беларусі на дзяржаўным узроўні замацавала чатыры мовы — беларускую, ідыш, польскую і рускую. Пасля Рыжскай мірнай дамовы Савецкая Беларусь з чатырма дзяржаўнымі мовамі ўяўляла шэсць паветаў Мінскай губерні. Тады Янка Купала пісаў: «Далі шэсць паветаў — дзякуй і за гэта».

Аднак шэсць паветаў праіснавалі асобна нядоўга. У 1924 годзе РСФСР аддала частку тэрыторый з пераважна беларускім насельніцтвам Савецкай Беларусі і яе тэрыторыя павялічылася амаль у два разы — гэта назавуць першым узбуйненнем. Другое ўзбуйненне адбылося праз два гады, у 1926-м: да Савецкай Беларусі вярнулася Гомельшчына.

ідыш у беларусі, чатыры мовы ў беларусі

Чаму так здарылася, што менавіта гэтыя мовы ўкараніліся на беларускіх землях? Польская мова з’явілася і распаўсюджвалася з-за аб’яднанай дзяржавы — Рэчы Паспалітай (напрыканцы XVII стагоддзя на польскай мове вялася дзяржаўная дакументацыя). Руская мова навязвалася на беларускіх землях пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і паўстанняў у XIX стагоддзі: асаблівую моц русіфікацыя набыла пасля Паўстання Кастуся Каліноўскага. А на ідышы размаўлялі, вядома, яўрэі: бліжэй да канца XVIII стагоддзя, пасля ўказу Кацярыны II, з’явілася мяжа аселасці — яўрэяўм дазвалялі жыць на абмежаванай тэрыторыі, у якую і ўваходзілі беларускія землі.

Беларуская — для большасці, у топе — польская, руская і ідыш

А што з мовамі? Чатырохмоў’е афіцыйна замацавалі яшчэ ў Дэкларацыі ССРБ за 1920-ы — дзяржаве, якая існавала ўсяго чатыры гады, а на яе месцы з’явіцца БССР і «загіне» толькі ў 1991 годзе. Пазней, у 1921 годзе адбылася другая сесія ЦВК ССРБ, падчас якой зноўку пацвердзілі дзяржаўнасць чатырох моў, але адзначалася, што беларуская будзе пераважнай:

«Наркамасветы зрабіць захады да ўзмацнення працы на мове пераважнай большасці працоўнага сялянства Беларусі — мове беларускай. Наркамасветы павінен у сваёй працы зыходзіць з няўхільнай перспектывы планамернага і паступовага пераходу ўстаноў, у якіх навучаюцца і выхоўваюцца дзеці-беларусы, на іх матчыну беларускую мову выкладання. Да выканання гэтага задання павінны прыступіць яшчэ ў бягучым годзе».

Пра выкарыстанне многіх моў на беларускіх тэрыторыях сведчыць і ўсеагульны перапіс насельніцтва, які правялі савецкія ўлады ў 1926 годзе. На той момант у Савецкай Беларусі налічылі амаль пяць мільёнаў жыхароў. Большасць з іх адзначала роднай мовай беларускую, на другім месцы — руская, на трэцім — ідыш, на чацвёртым — польская.

У Канстытуцыі БССР за 1927 год упершыню адзначалася, што забяспечваецца права раўнапраўнага выкарыстання беларускай, ідыша, рускай і польскай. Разам з гэтым беларускую мову лічылі пераважнай для камунікацыі паміж дзяржаўнымі, прафесійнымі і грамадскімі ўстановамі і арганізацыямі.

ідыш у беларусі, чатыры мовы ў беларусі
Канстытуцыя БССР 1927 года.

А заканадаўчыя акты публікавалі на чатырох мовах. Дарэчы, на гербе, які выкарыстоўваў БССР, былі надпісы «Пралетарыі ўсіх краін, злучайцеся» не толькі на беларускай, а на ідышы, польскай і рускай.

ідыш у беларусі, чатыры мовы ў беларусі
Герб БССР у 1927-1937 гады.

Чаму польскую і ідыш «выкінулі»?

У гады «Вялікага тэрору» сітуацыя з мовамі пачала змяняцца. У Канстытуцыі 1937 года чатыры мовы былі замацаваныя ў якасці дзяржаўных. Ад 1937 года чэкісты пачалі праводзіць нацыянальныя аперацыі — гэта масавыя аперацыі супраць палякаў, літоўцаў, эстонцаў, немцаў і многіх іншых прадстаўнікоў нацыянальнасцей, якія жылі на тэрыторыі Савецкага саюза.

Пік аперацый супраць палякаў дасягнуў у 1937-1938 гады. За нібыта шпіёнскую дзейнасць чэкісты асудзілі дзясяткі тысяч палякаў. Акрамя арыштаў палякаў масава дэпартавалі на тэрыторыю сучаснага Казахстану і ў Сібір.

ідыш у беларусі, чатыры мовы ў беларусі
Надпіс па-польску разам з партрэтам Сталіна на адным з будынкаў Койданава (цяперашні Дзяржынск).

У гэты ж час НКУС правёў польскую аперацыю. Лічылася, што палякі праводзяць на тэрыторыі СССР антысавецкую і шпіёнскую дзейнасць. За паўтара года аперацыі былі арыштаваны каля 150 тысяч чалавек, з іх расстралялі больш за 111 тысяч, а яшчэ тысячы далі гады ў лагерах. Адпаведна, польская мова перастала лічыцца і дзяржаўнай у БССР, дзе чэкісты знаходзілі дзясяткі тысяч польскіх «ворагаў народа».

З яўрэямі сітуацыя складвалася падобным чынам. У 1920-я гады на тэрыторыі Савецкай Беларусі жылі сотні тысяч яўрэяў, якія карысталіся ідышам у паўсядзённым жыцці, у палітыцы, адукацыі і навуцы. Аднак гэта не перашкодзіла пашырэнню антысемітызму, якое савецкая ўлада лічыла перажыткам выключна Расійскай імперыі. Хоць яскрава антысемітызм у СССР стаў бачны толькі пасля Другой сусветнай вайны (бо для сусвету трэба было паказваць альтэрнатыву нацысцкаму і антысеміцкаму рэжыму Гітлеру), але падчас 1920-1930-х яўрэяў актыўна пераследавалі чэкісты. Падчас правядзення нацыянальных аперацый цярпела і яўрэйскае насельніцтва, якое таксама абвінавачвалася ў шпіёнскай і антысавецкай дзейнасці.

Агулам, напачатку ў Савецкай Беларусі стварылі ўмовы для суіснавання чатырох моў. Напрыклад, на ідышы вяліся палітычныя сходы, калі большасць з удзельнікаў была яўрэямі: сход маглі нават спыніць, калі адзін са спікераў не пачынаў размову на ідышы. Рускую таксама выкарыстоўвалі ў паўсядзённай камунікацыі, на ёй вялася перапіска органаў БССР з іншымі рэспублікамі. Польскія даследчыкі ўпэўненыя, што афіцыйныя савецкія органы зрабілі польскую дзяржаўнай не проста так. З дапамогай польскай мовы на тэрыторыях і людзях праводзілі апрабацыю шэрагаў рашэнняў, якія можна было пасля выпрабаваць у заваяванай Польшчы.

ідыш у беларусі, чатыры мовы ў беларусі

Беларусізацыя пачалася ў 1920-х — пасля таго, як беларускую мову зрабілі адной з дзяржаўных і аддалі ёй пераважную ролю. У Барысаве і Бабруйску зрабілі курсы для настаўнікаў беларускай мовы, пачалі выдаваць літаратуру на беларускай (у тым ліку і дзіцячую), адкрылі Акадэмію навук. Перыяд беларусізацыі працягнуўся нядоўга — яе шмат крытыкавалі яшчэ падчас правядзення, але яна адназначна паўплывала на беларускае адраджэнне. Цалкам задушылі беларусізацыю рэпрэсіі ў 1930-х гадах, знішчыўшы масіўны пласт беларускіх культурніцкіх дзеячаў.

Вярнуцца ўгару