95 гадоў таму абылася лёсавызначальная для беларусаў падзея — паўстала беларуская Акадэмія навук, што само па сабе ўжо падвысіла ўзровень нашага народу да іншых, якія ўжо даўно мелі падобныя інстытуцыі. Але лёсы першых акадэмікаў, што стаялі ля яе вытокаў, склаліся трагічна.
PALATNO спрабуе разабрацца, чаму так сталася.
Як Інбелкульт стаў Акадэміяй навук
У студзеньскім нумары часопіса «Полымя» за 1929 год сярод іншага ёсць невялікая нататка аб тым, што загадам СНК БССР легендарны Інстытут беларускай культуры перафарматаваны ў Акадэмію навук. Публікуецца і склад першых акадэмікаў, сярод якіх знаёмыя беларускаму вуху прозвішчы.
А на старонках другога нумара «Звязды», тады ўжо беларускамоўнай газеты, афіцыйнага голаса беларускіх камуністаў, за той самы 1929 год, можам сустрэць вялікі матэрыял з партрэтамі і кароткімі біяграфіямі першых беларускіх акадэмікаў.
Там можна ўбачыць добра вядомыя нам усім імёны — Якуб Колас, Янка Купала, Усевалад Ігнатоўскі, Улазімір Пічэта, Вацлаў Ластоўскі, Сцяпан Некрашэвіч, Максім Гарэцкі ды іншых. Выходзіць, што за інстытуцыяй, якая паставіла нарэшце беларусаў на адзін узровень з рускімі ці французамі, стаялі тыя самыя людзі, што займаліся развіццём беларускай мовы, літаратуры, навукі і культуры.
Наша Акадэмія навук паўстала ў вельмі хуткі час на базе Інстытута беларускай культуры — легендарнай навукова-даследчай установы, што была закладзена 30 студзеня 1922 года ў Менску. Яна мела ў сябе шэраг камісій, якія займаліся распрацоўкай жыццёваважных для беларушчыны сфер — навуковай тэрміналогіі, вывучэння матэрыяльнай і духоўнай спадчыны беларусаў. Так акурат пад эгідай Інбелкульта паўстала і вылілася ў сапраўды масавы рух на Беларусі краязнаўства.
А стаялі за ўсім гэтым тыя самыя людзі, што раней браліся займацца адразу ўсім: і палітыкай, і літаратурай, і гісторыяй, і дзяржаўным будаўніцтвам. Прыкладам, першым кіраўніком Інбелкульта быў Сцяпан Некрашэвіч. Да гэтага ён паспеў пабыць у ролі вайсковага, дыпламата, філолага. Замяніў яго на гэтай пасадзе Усевалад Ігнатоўскі, які таксама меў даволі шырокае кола інтарэсаў — займаўся не толькі даследаваннем беларускай гісторыі, але таксама спрабаваў яе тварыць.
Па першым часе правадзейныя сябры Інбелкульта наогул нічога не атрымлівалі за сваю працу, яны збіраліся па вечарах, калі былі вольныя ад сваіх асноўных абавязкаў. Нехта з іх выкладаў ва ўніверсітэце, хтосьці працаваў у рэдакцыях часопісаў і газет, або займаўся творчасцю ці бюракратыяй. У любым разе нельга не адзначыць неверагодную матываванасць гэтых людзей, бо за нейкія 4-5 гадоў яны здзейснілі сапраўды тытанічныя зрухі. Беларуская навука і культура ад нефармальнай зрабіліся цалкам сабе акадэмічнымі — гэта і стала падмуркам для Акадэміі навук.
Як і кім стваралася?
Неабходнасць стварэння сапраўдных навуковых устаноў, якія даўно маюць іншыя народы, у першую чаргу разумелі людзі з класічнай акадэмічнай адукацыяй. Сярод іх быў гісторык Уладзімір Пічэта — першы рэктар БДУ, не беларус з паходжання, які аднак зрабіў вельмі важны ўнёсак у разбудову ўласна беларускай гістарычнай навукі.
Цяпер можна колькі заўгодна дыскутаваць вакол ідэй, якія былі агучаныя ў ягоных навуковых працах. Бо далёка не ўсім падабаецца тое, што ён там сцвярджаў. Тое самае было і ў часе яго жыцця. Напрыклад, Вацлаў Ластоўскі моцна крытыкаваў пічэтаву гісторыю Беларусі, якая пабачыла свет акурат 100 гадоў таму, у 1924 годзе. Але Ластоўскі не меў акадэмічнай адукацыі, а быў хутчэй «папулярызатарам» мінулага, таму і крытыка тая была хутчэй аматарскай.
На самаго ж Ластоўскага з навуковых пазіцый абрынаўся са старонак «Полымя» Сцяпан Некрашэвіч за ўкладзены ім і выдадзены ў Коўне ў 1924 годзе «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік». Маўляў, аўтар зрабіў вялікую працу па збіранні матэрыялу, але апрацаваў яго адвольна і даволі нягегла.
Так ці іначай, але ўсе гэтыя палемікі ішлі ў той час на карысць беларушчыне, бо яна за даволі кароткі прамежак часу набралася моцы, каб паўстаць у самым сур’ёзным абліччы. Тое разумелі нават камуністычныя ўлады, якія ў лютым 1926 года выдалі адмысловы загад: Інбелкульт выводзіўся з пад кантролю Наркамата Асветы БССР і рабіўся паўнакроўнай і самастойнай установай.
Годам пазней на VIII Усебеларускім з’ездзе Саветаў у красавіку 1927 года будзе агучана і горача падтрымана ініцыятыва аб стварэнні беларускай Акадэміі навук. Яе прамовіў гісторык Пічэта, а прысутныя ў залі горача падтрымалі — на дварэ быў самы разгар «беларусізацыі» і любыя падобныя ініцыятывы хутчэй віталіся.
Ужо ўвосень 1928 года працэс па рэарганізацыі Інстытута Беларускай Культуры ў беларускую Акадэмію навук амаль завяршыўся. Што першая навуковая ўстанова, што другая паўсталі ў вельмі кароткі тэрмін. Гэта мела шырокі розгалас не толькі ў БССР, але і ў замежжы і прынесла свой плён.
На старонках савецкіх газет адна за другой з’яўляліся зацемкі са зразумелым усім сэнсам — беларусізацыя гэта ўсур’ёз і надоўга. Адным з аўтараў такіх прапагандысцкіх зацемак быў у тым ліку і Вацлаў Ластоўскі, які пераехаў у Менск увесну 1927 года, а ў канцы 1928 года напісаў для «Савецкай Беларусі» карацельку з пафаснай назвай «Утварэньне Акадэміі Навук — сьвята ўсіх беларусаў». Тое, што такія допісы разлічваліся ў тым ліку і на эміграцыю можна зразумець па апошнім сказе, які гучыць так:
«Працоўных-ж масы Заходняе Беларусі, беларусы Латвіі, Літвы, рассыпаныя па Эўропе і Амэрыцы, годна прымуць гэты гістарычны акт ураду БССР, маючы яшчэ адзін цьвёрды доказ, што духовы цэнтр усіх працоўных беларусаў—Менск».
Не дзіва, што па прачытанні такіх адозваў той ды іншы эмігрант мог задумацца аб вяртанні ў Савецкую Беларусь.
Што ў выніку?
У хуткім часе за белай паласой у гісторыі акадэмікаў наступіла паласа чорная. У канцы 1920-х гадоў пачалася ўніфікацыя грамадскага і палітычнага жыцця — цяпер усе сферы падлягалі пільнаму кантролю адпаведных органаў, а для большай мабілізацыі савецкага грамадства пачалі ладзіцца «паляванні на ведзьмаў».
У Беларусі такой стала надуманая справа Саюза вызвалення Беларусі — няіснай «падпольнай» арганізацыі, якая нібыта ставіла за мэту адарванне БССР ад Савецкага Саюза. На ролю лідара такой структуры спачатку думалі ўзяць Янку Купалу, але той учыніў спробу суіцыда, таму ад яго адчапіліся. Следам «прызначылі» кіраўніком Вацлава Ластоўскага, які быў не проста акадэмікам, але неадменным сакратаром Акадэміі Навук.
Яшчэ ўвосень 1929 года яго разам з Сцяпанам Некрашэвічам вызваляць ад займаных пасадаў нібыта за тое, што яны друкавалі антысавецкіх аўтараў. А ўжо летам 1930 года арыштуюць проста ў часе экспедыцыі па Сібіры. Акажуцца за кратамі і Уладзімір Пічэта, і Язэп Лёсік. Тыя каму пашчасціць аказацца на волі проста банальна замаўчаць.
У снежні 1930 года першых акадэмікаў адным росчыркам пяра Мікалай Галадзед пазбавіць званняў акадэмікаў. Але гэта не ўратуе і яго, бо ўжо ў другой палове 1930-х гэты вядомы камуніст і дзяржаўны дзеяч сам акажацца ў віхуры рэпрэсій. Жыццяпіс навукоўцаў складзецца па рознаму: Ластоўскі, Некрашэвіч, Гарэцкі і Лёсік будуць расстраляныя, Пічэта з Купалам і Коласам застануцца жыць. Апошні нават стане віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук.
Рэпрэсаваных акадэмікаў у выніку не толькі рэабілітуюць, але нават вярнуць ім адабраныя званні. Аднак гэта будзе слабым суцяшэннем, бо растаптаных перспектываў беларускай навуцы, якая толькі-толькі ўзбуяла гэта ўжо не верне. Цалкам імаверна, што многія праблемы гуманітарнай сферы ідуць акурат з таго часу…