Дзяржаўныя медыя называюць старшынь аблвыканкамаў губернатарамі, кіраўнікоў райвыканкамаў — мэрамі. Часцяком незалежная прэса і палітычныя дзеячы ідуць у гэтым жа кірунку. Але гэта памылка. Чаму так адбываецца і як лукашэнкаўская ўлада дзесяцігоддзямі стварала ілюзорнасць існавання народных абраннікаў?
PALATNO расказвае, як савецкасць засталася ў беларускай мясцовай уладзе, чаму ад гэтага не пазбавіліся і як беларускія «губернатары» працягваюць традыцыі расійскага імперыялізму.
Змест
Ілюзія дэмакратыі, якую стварае Лукашэнка
Услед за былым прэзідэнтам Беларусі чыноўнікі, дзяржаўная прэса і нават незалежныя медыя называюць старшынь выканкамаў губернатарамі і мэрамі. Першае — перажытак Расійскай імперыі і спроба зраўняцца з цяперашняй Расіяй, у якой таксама ёсць губернатарскія пасады. Мэрскія пасады — гэта спроба падмяніць паняцці: калі мэраў у дэмакратычным грамадстве абіраюць, то беларускіх «мэраў» прызначае персанальна Лукашэнка.
У Беларусі выканкамы — выканаўчы і распарадчы орган. А кіруючымі, па сутнасці, павінны быць мясцовыя Саветы дэпутатаў. Калі Беларусь была б сапраўды дэмакратычнай дзяржавай, то Саветы дэпутатаў рэальна займаліся бы заканадаўчымі ініцыятывамі на мясцовым узроўні, а выканкамы выконвалі бы гэтыя ініцыятывы.
У сістэме, дзе выканаўчая ўлада падпарадкавала ўсе галіны ўлады, падзелу на тры галіны проста не існуе. Як і дэмакратычнасць, і незалежнасць мясцовых органаў улады.
У Канстытуцыі сучаснай Беларусі адзначаецца, што органы трох галін улады ў межах сваіх паўнамоцтваў самастойныя: яны ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, стрымліваюць і ўраўнаважваюць адзін аднаго. Насамрэч гэтага не адбываецца.
У медыя згадкі пра старшынь Саветаў дэпутатаў — органа, які павінен прапаноўваць нешта змяняць у наваколлі — сустракаюцца нашмат радзей, чым імёны старшынь райвыканкамаў. Цікава, што большасць кіраўнікоў раёнаў і гарадоў маюць сельскагаспадарчыя спецыяльнасці. Гэта паказвае, на што спрабуе дзяржава арыентавацца пры будаўніцтве краіны.
Імёны кіраўнікоў Саветаў дэпутатаў сталі ўсплываць у навінах падчас пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў у 2020 годзе. Напрыклад, жыхары Маладзечаншчыны збіралі подпісы, каб зняць з пасады кіраўніцу мясцовага Савета дэпутатаў Людмілу Канановіч. З пасады яе не знялі — у гэтай справе не дапамог суд, які палічыў, што не можа ўмешвацца ў працу Савета дэпутатаў і прымаць такое рашэнне. Па сутнасці, мясцовыя жыхары ў дэмакратычнай краіне мелі бы поўнае права выказваць прэтэнзіі да працы Канановіч і патрабаваць ад яе зыходу з пасады, калі, на іх погляд, яна не выконвае свае абавязкі. Канановіч застаецца старшынёй дагэтуль, а яшчэ яна — прадстаўніца Нацыянальнага сходу.
Створаная Лукашэнкам сістэма — пра падпарадкаванасць, лаяльнасць. У гэтай сістэме чыноўнікі не маюць права памыліцца, зрабіць штосьці больш ці менш — усё трэба рабіць так, як загадана. Гэтая сістэма клапоціцца не пра людзей, а пра ўтрыманне ўлады і непахіснасць самой сістэмы. Карані такой мадэлі кіравання — у Расійскай імперыі і Савецкім саюзе.
Мэраў абіраюць, а ў Беларусі прызначаюць старшыню
Пасада мэра ў шмат якіх краінах з’яўляецца выбарнай. Назвы пасады ў розных краінах таксама розныя. У Польшчы гэта прэзідэнт ці бурмістр, што залежыць ад колькасці насельніцтва ў горадзе. Ва Украіне гэта гарадскі галава.
У дэмакратычных краінах свету, каб заняць пост кіраўніка горада, трэба перамагчы на мясцовых выбарах. Гэта гісторыя не пра Беларусь, дзе кіраўнік горада, раёна ці вобласці фактычна прызначаецца персанальна Лукашэнкам.
У Беларусі — гэта заўсёды «старшыня выканкама». Традыцыя з выканкамамі засталася ў краіне пасля СССР. Пасля Кастрычніцкага перавароту, згодна з ленінскай тэорыяй дзяржавы і права, якая адхіляла падзел на тры галіны ўлады, з’явіліся з’езды Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў. Паміж з’ездамі ўлада ажыццяўлялася выканкамамі. Да Другой сусветнай вайны гэта структура змянілася: выканкамы сталі выканаўча-распарадчымі органамі.
У БССР, як і ў цяперашняй Беларусі, былі тыя ж абласныя выканкамы. Часткова змяніліся толькі раённая выканкамы, але сістэма з савецкіх часоў амаль што не змянілася.
Губернатары — перажытак расійскага імперыялізму
Карані інстытута губернатарства ў Беларусі вельмі яскрава і глыбока паказваюць, што называцца губернатарам тут не добрае рашэнне. Гэта гісторыя, канешне ж, звязана з Расійскай імперыяй.
У другой палове XVIII стагоддзя Рэч Паспалітая перажывала заняпад — палітычны і эканамічны. Слабасцю некалькі магутнай дзяржавы скарысталіся Прусія, Аўстрыя і Расійская імперыя. Спачатку Расійская імперыя аддзяліла толькі частку сучаснай Беларусі. Затым былі яшчэ два падзелы, імперская ўлада ўзяла падчас іх амаль усю тэрыторыю былога Вялікага Княства Літоўскага.
Расійская імперская ўлада называла яе «губернии, возвращённые от Польши». Імператрыца Кацярына II падкрэслівала, што яны не забралі польскай зямлі, а толькі вярнулі свае. Расійская ўлада лічыла беларускія землі сваімі, бо тысячу гадоў таму тут была Кіеўская Русь, а ў часткі жыхароў было праваслаўнае веравызнанне.
Кацярына II прызначыла на новыя акупаваныя тэрыторыі сваіх прадстаўнікоў. Імі сталі генерал-губернатары. Яшчэ да першага падзелу Рэчы Паспалітай імперыя рыхтавалася да змянення адміністрацыйнай структуры акупаваных тэрыторый. Генерал-губернатарамі станавіліся, па-першае, вайскоўцы. У іх была ўся ўлада і моц, грамадзянская і вайсковая, у губернях.
Падчас праўлення расійскіх імператараў на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай пад кіраўніцтвам імперскай улады праходзілі шматлікія адміністрацыйныя рэформы. Губерні трансфармаваліся ў намесніцтвы, потым зноў у губерні. Іх колькасць павялічваліся, затым вялікія па памеры структурныя адзінкі драбілі. Аднак на іх чале ўсё роўна заставаліся генерал-губернатары.
У генерал-губернатара былі падначаленыя губернатары, якія займаліся вайсковымі і грамадзянскімі справамі. Канчатковыя рашэнні ўсё роўна прымаў менавіта генерал-губернатар. Яны ж займаліся падаўленнем паўстанняў.
Падчас паўстання Тадэвуша Касцюшкі на тэрыторыі сучаснай Беларусі генерал-губернатарам быў Пётр Пасек. Пасек быў адным з тых, хто ўдзельнічаў у змове супраць Пятра III. За ўдзел у змове атрымаў грошы і капітанскі званне. Пасля прыходу да ўлады Кацярыны стаў прасоўвацца па службе і нарэшце стаў генерал-губернатарам Беларускіх губерняў. Сучаснікі апісвалі Пасека як чалавека «завязшего в долгах». У Пасека была жонка, але жыў ён з палюбоўніцай, з якой не мог пабрацца шлюбам пры жывой жонцы.
Падчас паўстання 1830-1831 гадоў, мэтай якога было ўзнаўленне Рэчы Паспалітай, генерал-губернатарам быў Мікалай Хаванскі. Хаванскі быў баявым афіцэрам, ваяваў падчас 1812 года супраць французаў, туркаў. У 1823 годзе стаў генерал-губернатарам. З ім звязаная так званая «Вяліжская справа» — сфальсіфікаваная справа супраць яўрэйскага насельніцтва, якое абвінавачвалі ў рытуальных забойствах дзяцей хрысціян. Абвінавачванне актыўна падтрымліваў Хаванскі. Аднак гэтая справа развалілася праз дзевяць гадоў: ніякіх доказаў рытуальных забойстваў не знайшлі. Сучаснікі апісвалі Хаванскага так: «Был пустейшим человеком в мире, почти безумным, преданным всяким распутствам и пьянству. И такой человек более десяти лет управлял тремя губерниями».
Самым яскравым адлюстраваннем інстытута генерал-губернатарства стаў Міхаіл Мураўёў. У беларускай гісторыі яго называюць «Вешальнікам» з-за той рэпрэсіўнай палітыкі, якую ён праводзіў супраць удзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў. Ён стаў тварам не толькі жорсткай імперскай унутранай палітыкі, але і прымусовай русіфікацыі беларускіх зямель. Мураўёву часта прапісваюць выраз «Что не доделал русский штык, доделает русский чиновник, русская школа и русский поп» (аднак, верагодна, гэтага Мураўёў не гаварыў).
Ва ўсялякім выпадку, паўстанне праз жорсткія дзеянні было падаўленае, больш за 100 паўстанцаў і нацыянальны герой Беларусі Кастусь Каліноўскі былі забітыя.