Now Reading
Як з’явіліся беларускія рэкі? Спойлер: толькі міфы і легенды

Як з’явіліся беларускія рэкі? Спойлер: толькі міфы і легенды

беларускія рэкі

Дзякуючы навуцы мы ведаем як з’явіліся рэкі: гэта складаныя геалагічныя працэсы, што адбываліся напрацягу многіх гадоў. Нашы продкі тлумачылі з’явы прыроды больш павярхоўна — і нярэдка вельмі рамантычна. Калі для тлумачэнняў пра з’яўленне гарадоў выдумлялі складаныя сюжэты, то для рэк амаль паўсюль дамінуе няшчаснае каханне.

PALATNO расказвае, якія гісторыі продкі беларусаў прыдумвалі пра свае рэкі і азёры.

Сож і Днепр. Дзве розныя гісторыі пра дзве розныя рэкі

Версія першая: пра ашуканца-Дняпра і сонны Сожы. Сож і Волга былі сёстрамі, а Днепр іх братам. Іх бацька Нівісны размяркоўваў для іх гарады, караблі і мясцовасць, дзе яны будуць цячы. Згодна з паданнем, Сож праспала сваё размеркаванне — замест яе да бацькі прыйшоў Днепр і падмануў яго: так Днепр атрымаў добрыя гарады, а Сож — толькі балоты.

рака Днепр, рака Сож, рэкі Беларусі
Так штучны інтэлект бачыць легенду пра з’яўленне рэк Днепр і Сож, у якой рэкі прадстаўляюцца братамі, што ратуюць карону свайго бацькі.

Версія другая: сыны, якія баранілі бацьку. У гэтай легендзе жыў-быў магутны і заможны Рыдан, у яго пастаянна хацелі скрасці яго каштоўную карону. І аднойчы злодзеі змаглі гэта зрабіць. Наўздагон за каронай кінуўся старэйшы сын Рыдана Днепр, пазней у пагоню кінуўся малодшы сын Сож. Аднак Рыдан так і не дачакаўся сыноў і сваёй кароны — усе яны абярнуліся ў рэкі.

Уша і трагічная гісторыя гвалту

Згодна з легендай, непадалёк ад Ушы жыў заможны пан. Пан валодаў васьмю вёскамі з сялянамі. У пана было тры дачкі: дзве з іх выйшлі замуж і раз’ехаліся, а трэцяя дачка была непрыгожая, таму яе ніхто замуж не браў. Трэцяя дачка ненавідзела прыгожых жанчын і мужчын, таму часам здзекавалася над сялянамі.

Звычайна трэцяя дачка прыязджала да сялян у час касьбы, калі яны надзявалі самую прыгожую вопратку. Аднойчы сярод касцоў яна пабачыла вельмі прыгожага хлопца Антося. Антось не прывітаўся з ёй, за што паненка збіла яго мянташкай. На наступны год яна збіла хлопца за тое, што той не сустрэў яе з песнямі. На трэці год паненку сустрэлі з песнямі і танцамі, але ёй не спадабалася, што сяляне танчаць і спяваюць замест працы. Ахвярай зноўку стаў Антось — а той не вытрымаў, схапіў паненку і разам з ёй скокнуў ва Ушу.

рака Уша ў Беларусі
Так штучны інтэлект бачыць легенду пра раку Ушу.

З рэчкі паненку і селяніна дасталі ўжо мёртвымі, а месца, дзе яны загінулі мясцовыя пачалі называць Паненчынай бухтай.

Нёман і Лоша. Разбіраемся, хто за кім ганяўся

Версія першая: сон, які ўсё змяніў. У месцы, дзе цяпер выцякаюць Нёман і Лоша, калісьці стаяў стары корч. З-пад карча біла крыніца, з часам вады станавілася ўсё больш і больш — так нарадзіліся Нёман і Лоша. Нёман быў хлопцам, а Лоша — дзяўчынай. Яны моцна закахаліся адзін у аднаго. Аднойчы яны леглі спаць, а раніцай Лоша паднялася і ціхенька пабегла, а Нёман — убачыўшы, што каханай няма — шалёна пабег яе шукаць.

Версія другая: хто хутчэй да мора. У гэтай гісторыі Нёман таксама прадстаўляюць хлопцам, а Лошу — дзяўчынай. Нёман захацеў трапіць да мора, аб чым і сказаў Лошы. Лоша таксама захацела да мора, але ўтойвала гэта ад Нёмана: так яна паднялася раніцай і ціхенька пайшла ў напрамку мора. А Нёман, пабачыўшы, што дзяўчыны няма, кінуўся яе шукаць.

Версія трэцяя: і ў ёй няма Нёмана. Гэта гісторыя пра назву рэчкі Лошы, згодна з якой, яе так назвалі з-за месца, дзе калісьці начаваў князь. Імя князя дакладна невядома — ці Віт, ці Віток.

Версія чацвёртая: уцякае Нёман. У гэтай версіі легенды пра з’яўленне рэк гаворыцца пра тое, што асілак Нёман закахаўся ў гультаяватую дзяўчыну Лошу. З часам яны пабраліся шлюбам, але вось падтрымкі ў справах ад Лошы Нёман так і не атрымаў. Таму ён вырашыў уцячы ад яе да мора, што і зрабіў, а Лоша кінулася ўслед за сваім каханым.

Возера Баторына. Здавалася б, прычым тут Баторый?

Пра возера Баторына ля Мядзела ёсць два паданні. Яны звязаныя з войскамі, зімой і лёдам.

Згодна з першай версіяй легенды пра з’яўленне назвы возера, Мядзел планаваў захапіць чужынец, князь па мянушцы Батурын. Ён не захацеў весці свае войскі вакол возера, вырашыў ісці напрамкі праз яго — падзеі адбываліся ўзімку. Калі ўсё войска выйшла на возера, то лёд пачаў трэскацца — так жаўнеры пайшлі пад ваду і загінулі.

возера баторын у беларусі
Так штучны інтэлект бачыць міф пра возера Баторына.

Па другой версіі легенды, назва возера звязаная з каралём Рэчы Паспалітай Стэфанам Баторыям. Войскі Баторыя ўцякалі з-пад Масквы, іх дарога ішла праз Мядзел. У той час лёд на яшчэ безыменным возеры быў ужо слабы, таму вайскоўцы Баторыя патанулі.

Вілія з’явілася з-за кахання і сціпласці

Вядомая многім беларусам Вілія з’явілася з-за каханню двух сціплых маладзёнаў. Прынамсі, так лічылі продкі беларусаў. Усё пачынаецца з гісторыі краўца Сцяпана, які добра рабіў сваю працу і быў паважаным чалавекам, але сам ён адчуваў сябе самотна. Каханая пазбягала яго, хоць і вельмі кахала хлопца. Дзяўчыну звалі Ульянай, а з часам пачалі клікаць яе Вельяна.

Хлопец быў такі расчараваны, што вырашыў прызваць цёмную сілу. Але цёмная сіла не дапамагла Сцяпану прывабіць дзяўчыну. Наадварот хлопец быў пакараны: ён пераўтварыўся ў вялікі камень. Вельяна даведалася пра тое, што яе каханы стаў каменнем, прыбегла да яго і пачала плакаць. Яе слёзы ўтварылі крыніцу, з якой пачалася рэчка. Гэту рэчку назвалі на імя дзяўчыны Вельяй. І цяпер мы ведаем гэту раку як Вілія.

Свіцязь — самыя таямнічыя гісторыі

Версія першая: абаронная. Возерам валодаў князь, які хацеў даведацца, ці праўда на дне яго стаіць горад. Ён пабудаваў карабель і доўга рыхтаваўся да таго, каб дастаць са дна ўсё, што там можа ляжаць. І вось выцягнулі са дна дзяўчыну, якая расказала, што на тым месцы, дзе знаходзіцца возера, калісьці стаяў горад. Мясцовы князь дапамагаў Міндоўгу змагацца супраць ворагаў, таму пакінуў горад без абароны. Ворагі накіраваліся да горада, а да князёўны прыйшоў стары, які прапанаваў пераўтварыць горад у возера, а ўсіх жыхароў — у кветкі.

Версія другая: карная. Жыхары Свіцязя былі негасціннымі, ніколі не дазвалялі вандроўнікам заставацца на ноч. Гэта правіла парушыла жанчына, якая дазволіла чараўніку пераначаваць. За гэта жанчыну вырашылі пакараць мясцовыя жыхары, а чараўнік захацеў абараніць жанчыну. Так ён затапіў горад вадой, а жанчыну, якая павінна была ўцячы і не аглядвацца, пераўтварыў у камень (яна ўсё-такі аглянулася).

Версія трэцяя: пан, які хацеў шмат ведаць. Трэцяя гісторыя расказвае пра пана Незабытоўскага, які хацеў даведацца, наколькі глыбокае возера Свіцязь. Для гэтага сяляне адмыслова выкапалі два каналы, каб вада з возера выцекла. Але каналы хутка закапалі пасля таго, як пану прысніўся сон, у якім возера ў вобразе дзяўчына прыгразіла затапіць усё вакол. Пан спыніўся на каналах, але працягнуў высветляць іншае: ён акальцаваў шчупакоў і загадаў тым, хто іх зловіць, прыйсці да яго — так пана нібыта даведаўся пра існаванне падземных крыніц.

Чырвонае возера — кроў, рыбы і хатка з яўрэйкай на сярэдзіне возера

Існуе вялікае паданне пра назву возера, звязаную з заможным князем. У яго былі тры дачкі і адзін сын. Князь спадзяваўся, што сын зойме яго месца, таму шмат сіл і сродкаў укладваў у хлопчыка. У гэтай гісторыі дачкі князя амаль ніяк не фігуруюць, акрамя таго, што сын любіў бавіць час не ў кампаніі хлапчукоў — іх бацька проста не дапускаў да малога, — а ў кампаніі сваіх сясцёр.

У той жа час непадалёк ад маёнтка князя знаходзілася карчма, у якой запраўляў яўрэй са сваёй дачкой. Дачка старога яўрэя была такой прыгожай, што вандроўкі час ад часу прапаноўвалі ёй выйсці замуж. Пра прыгажосць яўрэйкі сталі гаварыць яшчэ больш, калі вандроўнік-італьянец скончыў жыццё самагубствам з-за адмовы дзяўчыны.

возера чырвонае ў беларусі
Так штучны інтэлект бачыць легенду пра возера Чырвонае.

Аднойчы ў шынок прыехаў малады князь са сваімі сябрамі. Так маладзёны ўпершыню сустрэліся і закахаліся. Шынкар спрабаваў адгаварыць сваю дачку ад сувязі з маладым князем, але тая адмовілася слухаць бацьку. Малады князь прасіў свайго бацьку, каб той даў блаславенне на шлюб: аднак ён забараніў маладым жаніцца. Гэта не перашкодзіла ім сустракацца.

Малады князь пабудаваў узімку хатку на возеры для сваёй каханай. І ў дзень, калі яны вырашылі таемна ажаніцца, прайшла вясна: лёд на возеры пачаў таіць, а хатка пайшла пад ваду. Малады князь даведаўся пра смерць каханай і сам скокнуў у тое возера.

Па другой версіі Чырвонае возера так назвалі з-за таго, што ля яго адбылася крывавая бойка паміж асілкамі. А яшчэ па адной з версій возерам так назвалі з-за таго, што ў ім плавае чырвонапёрая рыба.

Нарач — возера няшчаснага кахання

Версія першая: чайка і возера. Гэта гісторыя пачынаецца, як і многія іншыя, з кахання. Непрацяглае каханне мясцовых сялян Галі і Васіля скончылася пасля таго, як заможны мужчына па мянушцы Барына захацеў забраць Галю. Перад гэтым Васіль вырабіў для Галі чароўнае люстэрка. Барына забіў бацьку Галі, які заступіўся за яе, а пасля загінуў і сам ад рук Васіля. Каханы Галі таксама загінуў у сутычцы. Галя ўбачыла смерць каханага чалавека і выпусціла з рук люстэрка: яно разбілася на часткі і з яго ўтварылася возера. А сама дзяўчына кружыць чайкай над возерам і спявае для каханага.

возера Нарач у Беларусі
Так штучны інтэлект бачыць легенду пра дзяўчыну Нару і з’яўленне Нарачы.

Версія другая: пан, які хацеў сялянку. У вёсцы каля вялікага возера жыла дзяўчына па імені Найрыта, скарочана яе называлі Нара. У дзяўчыны быў каханы Андрэйка, з якім у якіх хутка павінна было адбыцца вяселле. Гэтыя планы зламаў пан, які праязджаў праз вёску і пабачыў прыгожую дзяўчыну: ён прапанаваў ёй стаць жонкай і паехаць з ім. Андрэйка заступіўся за сваю дзяўчыну, а ў ім пан разглядзеў сына мужыка, які падняў супраць пана бунт. Тады прыслужнікі пана схапілі Андрэйку і звезлі ў маёнтак: пасля хлопца больш ніхто не бачыў. Праз час Нару таксама адвезлі ў маёнтак на яе з панам вяселле, але да вяселле справа не дайшла: Нара падпаліла сядзібу і ўцякла да месца, дзе яны з Андрэйкам бавілі час. Прыслужнікі пана так і не змаглі схапіць збеглую дзяўчыну, а яна сама кінулася ў човен і паплыла падчас буры ад панскіх слуг. З таго часу возера празвалі Нарач.

Вярнуцца ўгару