Now Reading
«Ну як палучылася, клэба?» Як размаўляюць беларускія паўночнікі?

«Ну як палучылася, клэба?» Як размаўляюць беларускія паўночнікі?

беларускія рэгіяналізмы, дыялекты беларускай мовы

На Віцебшчыне хлопцаў называюць мальцамі — гэта адно з самых распаўсюджаных рэгіянальных слоў у Беларусі. А ці ведалі вы, што на беларускай поўначы церпяць кандзібоберы, рукаюцца, выкідваюць шуму… Карацей, робяць тое, што і ў іншых частках краіны. Праўда, называюць некаторыя рэчы і з’явы інакш.

PALATNO расказвае, як у паўночнай частцы нашай краіны гаварылі і дагэтуль гавораць людзі.

Б

Бе́ссебе — пра хату ці двор, калі яны застаюцца незачыненымі: «Не астаўляў хату бессебе».

Блі́скаўка — маланка: «Я бліскаўкі баюся, а грома — не».

Бо́нць-як — абы-як: «Памыла падлогу бонць-як і ўжо пабегла некуды на сяло».

Браха́цца — сварыцца, лаяцца: «Нашы суседкі брэшуцца ўжо тры дні».

Брашы́ла — сварлівы чалавек: «Да гэтай брашылы не падыходзь, бо накрычыць, абругаіць і пойдзіць сабе давольная».

Бусла́к і бу́ська — бусел: «Буслакі ў нас на бярёзіне гняздо звілі», «Буські кружаць над дахам».

В

Васва́ — аса: «Міне васва ўкусіла за паліц, як яблыкі сабірала, дык, скажу, бальней кусаіцца, чым пчала».

Ві́рлы — вялікія вочы: «Вірлы свае патарэшчыў, дзіка глядзеў».

Во́ндзека, во́ндзіка, во́ньдзе, ву́ньдзека, ву́ньдзіка — там: «Вондзека цябе чакаюць».

Вылупаі́ — вялікія вочы: «У дзеўкі такія ўжо вылупаі».

Вы́рва — пранырлівы, прабіўны чалавек: «Такі вырва ўсюды ўлезе».

Вя́пла — разява, дурань: «Ні будзь вяплай, глядзі пад ногі».

Г

Галаўні́к — бабнік; той, хто вельмі захапляецца жанчынамі: “Гаварыла ж дачцэ: галаўнік ён, нешчаслівая з ім будзеш”.

Гнэ́нбіць — крыўдзіць, зневажаць: «Што ж ты мяне гнэнбіш?».

Грэ́йма — смела, рашуча: «Грэйма, дзеткі, падыходзьце да нас».

Гэ́бы — нібы: «Малец тонкі, гэбы нітка».

Гэ́на, гэ́ны — гэта, гэты: «І што гэна за малец у мяне такі», «Гэны ўчастак у гэтым годзе поўнасцю засадзілі бульбай».

Д

Далдо́н — балбатун, пустаслоў: «Памаўчы ты, бацька, як той далдон слабодскі, не змаўкае».

Дамава́ць — знаходзіцца, сядзець дома: «Ён даўно не ходзіць на работу, дамуе».

Датармасі́цца — дабудзіцца, з цяжкасцю разбудзіць: «Ледзьве я цябе датармасілася».

Даўба́ты — дурнаваты, тупы: «На галаву малец трошкі даўбаваты, вішні выбраў у мяне».

Да́цца — стукнуцца, ударыцца: «Пашла ў магазін, а слізка было, упала і далась галавой аб лёд».

Дзед — дзьмухавец: «Сарваў дзеда, зараз дуне на яго».

Дунду́к — негаваркі, замкнуты чалавек: «Не чалавек, а нейкі дундук, слова людзям не скажа».

Днешко́, дню́шко, днішка, днышка, дэнка — дошчачка, на якой рэжуць што-небудзь або выкарыстоўваюць як падстаўку пад патэльню.

Ж

Жа́дла — джала: «Жадлам усякла пчала».

Жарту́н — жартаўнік: «Такі ўжо жартун быў мой хазяін».

Жу́лік — дранік з мясам: «Мы дужа любілі жулікі, алі рэдка елі, бульбы ні было».

Жэві́на — ажына.

беларускія рэгіяналізмы, дыялекты беларускай мовы
Ілюстрацыя: PALATNO.
З

Зава́р — чай.

Замяту́ха — завея: «Гэта зіма была моцная: маразы, замятухі».

Запаты́лак — патыліца: «Як даўленія мучыць — запатылак баліць».

Зы́рыць — пільна глядзець, не адводзячы вачэй: «Чаго ты так на мяне зырыш?».

К

Кандзібо́беры — капрызы: «Тваі кандзібоберы мне ў горлі сідзяць».

Ка́рхаць, ке́рхаць, кі́рхаць — хваравіта пакашліваць.

Ка́стрык — невялікае вогнішча.

Каўто́к — глыток: «Выпі хоць два каўткі».

Квяту́рка — шырынка: «Зашпіліў бы квятурку ў штанах».

Клэ́ба — добра, цудоўна: «Ну як палучылася, клэба? А ты гаварыў!».

Крэ́ска — рыска: «Нешта ж піша — крэскі нейкія».

Ку́ксы — хворыя суставы на пальцах: «Усю ноч куксы мае балелі».

Л

Лабайда́ — пляткарка, пустамеля: «Лабайда гэтая прыходзіла, нагаварыла бочку пустога».

Лайтруга, лантруга — гультай: «Сколькі ўжо можна валяцца, лайтруга, ідзі што рабі».

Ла́хаць, ла́хтаць, лы́хаць, лэ́хаць — гаварыць недарэчнае.

Лу́па — губа.

Лупа́ты — губасты, таўстагубы.

Ля́дам — дарэмна: «Казала ж, што з’ездзіш лядам, толькі грошы праездзіш».

М

Мазгаваць — думаць над чым-небудзь.

Ма́лец — хлопчык.

Н

Набуха́цца — многа з’есці, наесціся ўволю: «Набухаўся ўсяго, што жывот забалеў».

Нара́зе — пакуль што: «Ну, наразе дзякуй і за гэта».

Небася́г — далягляд: «З таго ўзгорка ў нас такі небасяг!».

Ні свету ні яды ні цвету — нічога.

Неспадру́чна — не з рукі, нялоўка: «Неспадручна мне адсюль бульбу браць».

О

О́бак — побач: «Обак з ёй стой!».

П

Пааблупа́ць — абламаць, паабломваць што-небудзь: «Усё дрэўца пааблупалі, як звяры нейкія».

Павало́жыць — заправіць ежу маслам ці тлушчам: «Бульбу нада маслам паваложыць».

Падле́тыш, падлётак, падлётыш, падулётак — падлетак.

Падхо́длівы — на Шаркаўшчыне гэта азначае нахабнага чалавека, а на Пастаўшчыне -—ветлівага і прыязнага.

Пазгу́р, пазу́р, пазу́ры — пазногаць, пазногці.

Паката́нка — вымова, сварка: «Позна ўжо, ідзі дамоў, а то ад мамы пакатанку палучыш».

Паку́дава, пакудо́ва — пакуль.

Пахату́ха — жанчына, якая любіць без справы хадзіць па хатах.

Пацяга́ка — няверны муж.

Пракіма́чыць — вабіць час: «Мальцы баяліся дадому ісці, дык на возеры да вечара час пракімачылі».

Прыты́рак — чалавек невялікіх разумовых здольнасцей або з дзівацтвамі.

Пэ́лта — жанчына, якая злоўжывае алкаголем.

Р

Раскарэ́ка — няўклюдны, непаваротлівы, нязграбны чалавек.

Рука́цца — вітацца за руку: «Рукаліся яны шчыра: абняліся і пайшлі ў хату».

беларускія рэгіяналізмы, дыялекты беларускай мовы
Ілюстрацыя: PALATNO.
С

Скажэ́нны — дурны, шалёны, неразумны.

Спадра́ду — падрад, без пропуску: «Ты ж ягады сабірай усе спадраду, а не толькі крупныі».

Спо́дкі — рукавіцы: «Сподкі вяжуць і ў дзве, і ў тры ніткі».

Сукры́сты — кучаравы: «Валасы ў мяне ў моладасці длінныя і сукрыстыя былі, самі завіваліся».

Сцебану́ты, сцёбнуты — неразумны, дурны.

Сярча́вы — сярдзіты, з пакрыўджаным выглядам.

Т

Талдо́ненне — пустыя, марныя размовы: «Ідзіце ўжо дамоў, усяго талдонення не пераслухаеш».

Труднава́ць — мучыцца, цяжка хварэць.

У

Усё дудо́й — усё вельмі добра: «У школе я была круглай атлічніцай, у мяне было ўсё дудой».

Ф

Фарса́ты — ганарлівы: «Мальцы цяпер пашлі нейкія фарсатыя».

Факто́вы чалавек — чалавек з прэстыжнай прафесіяй.

Х

Хадзіць на цы́рлах — празмерна дагаджаць, прыслужваць каму-небудзь: «Зінка ўсё жыццё ходзіць на цырлах перад свякроўю».

Хайлуко́м — абы-як, неахайна: «Пакідаў хайлуком свае рэчы, мож я іх сабіраць буду?!».

Ц

Цяпе́рака, цяпе́рася, цяпе́рацька — цяпер.

Ч

Чудзі́ць — жартаваць, смяяцца.

Ш

Шапятлі́вы — шапялявы: «Малы гэты дужа шапятлівы, да доктара нада».

Шаране́ць — адчуваць холад, замярзаць.

Шква́рка — падсмажаны кавалак сала.

Шлу́нак — страўнік: «Гэта ж адзежыну можна сколька раз адзець, а шлунак не абманеш».

Шпандо́рыць — хутка ісці.

Шу́ма — смецце.

Шы́бкасць — хуткасць, шпаркасць: «З гэткай шыбкасцю ты і да абеда не паспееш».

Вярнуцца ўгару