Now Reading
Ці бачылі вы калі-небудзь фільм з жывым Якубам Коласам?

Ці бачылі вы калі-небудзь фільм з жывым Якубам Коласам?

фільм пра якуба коласа, народны паэт фільм

Cёлета кінастудыя «Беларусфільм» святкуе сваё стагоддзе. Шэраг фільмаў кінастудыі, якія ведаюць беларусы, здымалі яшчэ за савецкімі часамі. Але ёсць шмат малавядомых. Напрыклад, кароткаметражная стужка «Народны паэт» 1952 года: яе знялі на юбілей Якуба Коласа. Яна вядома толькі ў вузкіх колах даследчыкаў-коласазнаўцаў і аматараў беларускага дакументальнага кіно, да і то пераважна навукоўцаў.

А фільм варты ўвагі, бо на ім можна ўбачыць жывога класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. Тым больш, што сама невялічкая стужка з’яўляецца помнікам эпохі з усімі ідэалагічнымі атрыбутамі познесталінаскага часу. 

Асноўныя рысы кінастужкі і яе асаблівасці

Малавядомы фільм «Народны паэт» здымалі да 70-га юбілею аднаго з самых вядомых беларускіх пісьменнікаў мінулага стагоддзя Якуба Коласа. Кароткаметражка выглядае як парадны партрэт ці як грунтоўная навукова-папулярная кіналекцыя пра жыццёвы і творчы шлях Коласа. Аповед пра пісьменніка ўключае асвятленне розных этапаў яго біяграфіі: сувязі з рэвалюцыйным рухам у Беларусі, працу ў першыя гады савецкай улады, творчасць падчас вайны.

Над стварэннем гэтай стужкі працавала каманда пад кіраўніцтвам аднаго з родапачынальнікаў беларускага кіно — Юрыя Тарыча. Кінафільм хоць і кароткі, але мае вялікую каштоўнасць, бо з’яўляецца першым і адзіным прыжыццёвым кінапартрэтам народнага паэта. Стужку яшчэ і «помнік» сваёй эпохі: у дакументальным фільме шмат ідэалагічных момантаў, што былі характары для той пасляваеннай, познесталінскай эпохі.

Кіно здымалі па канонах мастацкага фільма, як дакументальна-мастацкія інсцэніроўкі. На кадрах Колас палівае градкі, разбірае пошту, сустракаецца з пісьменнікамі і рабочымі «Аўтапрамбуда», расказвае пра творчыя планы маладым аўтарам. Паралельна з творчымі сустрэчамі пісьменніка ў школе адбываецца ўрок па коласаўскай «Новай зямлі», а ў тэатры ставяць спектакль па аповесці «Дрыгва».

фільм пра якуба коласа, народны паэт фільм
Якуб Колас ва ўласным садзе палівае градкі і дрэўцы. Кадр з фільма «Народны паэт». Фота: kolasmuseum.by

Дакументальны фільм ствараўся ў час закату сталінскай эпохі, калі на экраны масава выходзілі парадна-манументальныя стужкі, часта так званае «малакарцінне». Прычым кінапартрэты ў даваенны (як і ў пасляваенны) час былі вялікай рэдкасцю, бо лічылася што трэба здымаць пра розныя важныя падзеі савецкай дзяржавы, калектыўную працу, індустрыялізацыю або правадыроў камунізму. І «Народны паэт» стала практычна першым дакументальным фільмам, які быў прысвечаным выбітнай асобе беларускага краю, які ствараў дзеля Бацькаўшчыны і ўласнага народа.

Юры Тарыч зняў «Народнага паэта» на закаце ўласнай кар’еры. Кінастужка пра славутага беларускага творцу для рэжысёра, натуральна, не стала вяршыняй кар’еры, да і дакументальны жанр быў далёкі для аднаго з заснавальнікаў беларускага кінематографа. Больш за тое, Тарыча заўжды цягнула ў ігравое кіно, але магчымасці займацца ўлюблёным жанрам у пасляваенны час не выпадала.

Погляд самога пісьменніка на здымкі фільма

Сам Якуб Колас не надаваў вялікай увагі дакументальнаму фільму, у якім быў створаны яго кінапартрэт згодна тагачасным савецкім канонам мастацтва. Класік айчыннай літаратуры хутчэй за ўсё наогул не быў аматарам тэлевізара, рэдка яго глядзеў. Напэўна, кінематограф для Канстанціна Міцкевіча быў таксама малацікавым мастацтвам у параўнанні, напрыклад, з тэатрам, куды беларускі пісьменнік любіў наведвацца яшчэ ў маладыя гады. У доме-музеі Якуба Коласа і цяпер часткова захаваўся тэлевізар «Тэмп-2», які знаходзіцца ў вялікай гасцёўні. Праўда, па сведчаннях сваякоў і блізкіх пісьменніка, ён вельмі рэдка яго ўключаў, пры гэтым значна больш любіў слухаць радыёпрымачы, якіх было ва ўласным доме некалькі.

фільм пра якуба коласа, народны паэт фільм
Тэлевізар «Тэмп-2», які знаходзіцца ў гасцёўні дома-музея Якуба Коласа. Фота: фонды Дзяржаўнага літаратурнага-мемарыяльнага музея Якуба Коласа

Пісьменнік адносіўся да працэсу здымак пра яго дакументальнага фільма з халоднай стрыманасцю. Гэта вынікае з лістоў самога Коласа да калег і знаёмых, у якіх ён згадвае пра здымкі.

У лісце ад 20 ліпеня 1952 года да Сяргея Гарадзецкага ён піша: «Мне приходится время от времени выступать в роли киноартиста. Готовится документальный фильм. Говорят, получается неплохо. 22/ VII мне придётся ещё раз выступить в киностудии».

Праз пару месяцаў Колас у лісце да сваёй знаёмай Маргарыты Прозаравай ад 8 верасня 1952 года апісвае іншыя падрабязнасці здымак, згадваючы розныя месцы, дзе яму прыйшлося здымацца: «Несколько раз ездил в Болочанку. Два раза ночевал там. Собирался поехать сегодня, но меня связывают киношники. Они делают фильм к моему семидесятилетию. Снимали меня и в Королищевичах с писателями, снимали и в Болочанке с колхозницами и колхозниками, снимали и на тракторном заводе, а сегодня хотят снимать в библиотеке Ленина — встреча с читателями. Эти и прочие снимки были очень частыми и вероятно ещё будут». З гэтага ўрыўка ліста пісьменніка бачна як Колас з уласцівым яму сарказмам адносіцца да будучай кінастужкі і да людзей якія яе ствараюць — «кіношнікаў», хоць здымаўся ва ўсіх кадрах, згодна сцэнару фільма.

Невялічкі кадр з фільма быў апісаны нават асабістым сакратаром паэта Максімам Лужанінын у сваёй аповесці-эсэ «Колас расказвае пра сябе»: «Ледзь прыкметная сцежка ў лесе паблізу Балачанкі. Старая хвоя разгалінавалася ў два бакі, тоўстыя лапы вычварна выгнуліся, утварылася нешта падобнае да пастаўленай канцамі ўгору дугі. У развіліне сядзіць Канстанцін Міхайлавіч, у нагах у яго кошык, амаль пусты. Гэтакі кадр потым удалося зняць для фільма “Народны паэт”».

Такі дваццацісекундны ўрывак сапраўды можна ўбачыць пры падрабязным знаёмстве з фільмам у другой палове кінанарыса. Гэтаксама ў фільме можна пабачыць яшчэ гібрыдны дом, у якім жыў пісьменнік да  сярэдзіны 1952 года. Ён складаўся з драўлянай часткі, а таксама двухпавярховай мураванай прыбудовы, дзе на першым паверсе размяшчаліся гаспадарчыя пакоі, а на другім — кабінет і спальня пісьменніка.

Кінастужка вартая ўвагі і каштоўная яшчэ і таму, што менавіта ў ёй можна ўбачыць працоўны кабінет Канстанціна Міцкевіча. У ім ён праводзіў надзвычай багата часу, пішучы празаічныя і паэтычныя творы, адказваючы людзям на лісты ў якасці дэпутата Вярхоўнага Савета БССР і Савецкага Саюза. У фільме дэманструецца выгляд родных мясцін народнага паэта: краявідаў Мікалаеўшчыны, сядзібы Альбуць і Смольня. Але пачынаецца кінанарыс гарадскімі краявідамі цэнтральных вуліц Мінска пачатку 1950-х, і, у першую чаргу, панарамай сённяшняга праспекта Незалежнасці.

фільм пра якуба коласа, народны паэт фільм
Колас чытае свой твор перад калегамі-пісьменнікамі ў Доме творчасці ў Каралішчавічах.  Кадр з фільма «Народны паэт». Фота: kolasmuseum.by

Беларускамоўны варыянт кінастужкі

Нядаўна знайшоўся і беларускамоўны варыянт стужкі, хоць раней лічылася, што дакументальны фільм «Народны паэт» выйшаў на экраны для беларускага гледача толькі на рускай мове. Рускамоўны варыянт кінатвора захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве кінафотафонадакументаў.

Дакументальны фільм пра класіка айчыннай літаратуры на беларускай мове захоўваецца ў фондах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Адразу пасля выхаду кінастужкі ў 1952 годзе ад кінастудыі «Беларусьфільм» і Міністэрства кінематаграфіі БССР Якубу Коласу падаравалі дакументальны фільм на 70-годдзе ў выглядзе скрынкі-футарала з двума боксамі, у якіх знаходзіліся дзве бабіны са стужкамі.

Фільм стаўся паўзабытым, пра яго амаль што не ўзгадвалі, а тым больш амаль не даследавалі. На шчасце, супрацоўнікі музея Якуба Коласа парупіліся, каб гэтая кароткаметражная стужка патрапіла да шырокага гледача. Сёння фільм у алічбаваным варыянце можна глядзець на YouTube-канале літаратурнага музея Якуба Коласа

Кінастужка з’яўляецца гукавой, але чорна-белай, працягласцю 20 хвілін. Сцэнарый для фільма пісаў асабісты сакратар Якуба Коласа Максім Лужанін, а тэкст ствараў вядомы беларускі пісьменнік Андрэй Макаёнак. Абодва пісьменніка паважалі Канстанціна Міцкевіча, называючы яго на сяброўскі манер «дзядзька Якуб». А вось музыку для фільма стварыў знакаміты беларускі савецкі кампазітар Анатоль Багатыроў — народны артыст БССР і лаўрэат дзяржаўнай прэміі.

Склад каманды, якая працавала над стварэннем фільма, атрымаўся на той час зорным. Праўда, з цягам часу пра стужку забыліся. Для справядлівасці, фільм не самы знакавы прадукт нават свайго часу. Аднак яго ўнікальнасць наўрад ці хто будзе аспрэчваць, бо менавіта ў ім можна паглядзець таго самага Якуба Коласа, якога школьнікі і студэнты (а часам і нават і настаўнікі) блытаюць з Янкай Купалай.

Хведар Прылёпаўскі

Вярнуцца ўгару