У беларускім фальклоры існуе процьма паданняў пра шведскія і французскія скарбы, а як яны і чаму з’явіліся? Ці, да прыкладу, яўрэі і рома з’яўляюцца неад’емнай часткай беларускай спадчыны, яны заўсёды жылі побач з намі і стваралі разам нашу гісторыю. А як нашы продкі ставіліся да народаў, якія ўплывалі на нашу культуру?
PALATNO расказвае, як продкі беларусаў ставіліся да іншых народаў і этнічных груп.
Змест
- Як продкі беларусаў ставіліся да чужынцаў
- Яўрэі. Частка нашай гісторыі і фальклору
- Татары. Воіны, якія навучыліся жыць з намі
- Французы. Воіны Напалеона, які пакінулі скарбы
- Цыганы. Рамеснікі, знахаркі і заснавальнікі мястэчак
- Шведы. Воіны, якія пакідалі скарбы і вясковыя легенды
- Рускія. Міфы і легенды пра тое, як яны ваявалі
Як продкі беларусаў ставіліся да чужынцаў
Продкі беларусаў лічылі чужынцаў непадобнымі да іх, тутэйшых і мясцовых, а таму небяспечнымі. Часам чужынцам прыпісвалі розныя хібы фізічнага, разумовага і маральнага чыну. Так, напрыклад, лічылася, што ў яўрэяў не можа быць сапраўднай душы, у мазураў — «чорная глотка», а рускія валодаюць невысокімі разумовымі здольнасцямі.
У даўнія часы беларусы суадносілі чужынцаў з нячыстай сілай. У беларускім фальклоры чорт вельмі часта з’яўляецца ў вобразе маскаля, немчыка ці паніча.
Чужынцам прыпісвалі моцныя чарадзейскія здольнасці, але ў большасці яны былі дэструктыўныя. Лічылася, што яны могуць негатыўна ўплываць на надвор’е. Меркаваная сувязь чужынцаў з нячыстай сілай рабіла катэгарычна недапушчальным іх удзел у рытуалах: напрыклад, яўрэяў і цыганаў ніколі не бралі ў кумы на радзіны.
Яўрэі. Частка нашай гісторыі і фальклору
Яўрэі былі персанажамі беларускага фальклору, і гэта не дзіва. Бо яўрэі сяліліся на беларускіх землях яшчэ з XIV стагоддзя. Яны жылі кагаламі (замкнёнымі тэрытарыяльнымі абшчынамі) у мястэчках і гарадах. Яўрэй як персанаж быў адным з важных элементаў беларускага вяселля і батлейкі, фігуравалі ў беларускіх паданнях і казках. А сярод калядоўнікаў абавязковым таксама быў персанаж яўрэй (у яго была белая маска, гарбатая фігура).
Продкі беларусаў звязвалі некаторыя ўяўленні аб з’явах прыроды з яўрэямі. Напрыклад, дождж пры сонцы называлі жыдоўскім дажджом (а часам цыганскім дажджом). На Палессі падчас выклікання дажджу ў калодзеж кідалі гаршчок, які скралі ў суседзяў-яўрэяў, а пасля аблівалі яўрэяў вадой.
На Палессі ёсць Князь-возера ці Чырвонае возера, часам яго называюць Жыд-возера. Паводле падання, назва возера паходзіць ад таго, што адзін з князёў (варыянты што гэта за князь — розныя) закахаўся ў яўрэйку. Князь баяўся бацькоў сваёй дзяўчыны, таму пабудаваў на возеры замак.
У Беларусі вядомы мікратапонімы ад слова жыд: гарадзішча Жыдава Гара, камень Жыдоўская ярмолка (ля Суража), Жыдоўскія могліцы (на Палессі) і інш.
Татары. Воіны, якія навучыліся жыць з намі
Гэты цюркскі народ з’явіўся на беларускіх землях у XIV стагоддзі, калі вялікія князі літоўскія запрашалі іх на вайсковую службу і выкарыстоўвалі ў барацьбе супраць Тэўтонскага ордэна. Апроч гэтага татары рабілі набегі на вялікалітоўскія землі ў нейкі час, але яны былі спыненыя Міхаілам Глінскім у пачатку XVI стагоддзя.
У беларускім фальклоры вобраз татарына захаваўся як вобраз ворага. Гэта прасочваецца нават у мікратапаніміцы. Аднак у рэальнасці татары, які засталіся жыць на беларускіх землях, інтэграваліся і кампактна пасяліліся ў розных мясцовасцях. Дзякуючы ім з’явілася беларуская арабіца і культавыя творы на ёй.
У Ганцавіцкім раёне існуе паданне пра Татарскі брод. Згодна з ім, калісьці ішла вайна з татарамі, яны адступалі. Татары прайшлі праз сяло, а іх было так многа, што яны пратапталі брод.
У Асіповіцкім раёне існуе паданне пра лес Татарванка. У ім селянін нібыта забіў татарскага воіна, але гэта аказалася перапранутая жанчына.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: ژِوَ بَلَرُثْ! Беларуская арабіца — што гэта такое?
Французы. Воіны Напалеона, які пакінулі скарбы
Пад французамі ў беларускім фальклоры маюцца на ўвазе выключна войскі Напалеона Банапарта ў 1812 годзе.
З французамі звязаны шэраг паданняў пра закапаныя ці затопленыя скарбы. Паводле паданняў, гэтыя скарбы знаходзяцца пад пэўнымі камянямі, дрэвамі, каменнымі крыжамі або затопленыя ў невялікіх азёрах.
Цікава, што з французамі звязаныя паданні аб культавых камянях. На камені блізу вёскі Бертаўшчына на Мёршчыне нібыта абедалі французы. Пра камень ля вёскі Вярэйцы ў Асіповіцкім раёне расказваюць, што ў гэтай мясцовасці праходзіў французскі генерал з войскам і заўважыўшы камень, ударыў яго шабляй, і пры гэтым сказаў, што калі камень разаб’ецца, то ён будзе ў Маскве. У Крупскім раёне ля возера Сялява стаяць тры крыжы: паводле падання, пад першымі двума пахаваныя рускія палкаводцы, а пад трэцім крыжам — французскі генерал.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Бітва пад Салтанаўкай, пераход праз Бярэзіну, уцёкі з-пад Смаргоні. Як Напалеон прайграў вайну 1812 года
Цыганы. Рамеснікі, знахаркі і заснавальнікі мястэчак
Цыгане з’явіліся на землях Вялікага Княства Літоўскага прыкладна ў XV стагоддзе. Яны былі кавалямі, ювелірамі, каняводамі, музыкамі, а жанчыны сталі вядомыя праз сваю варажбу і знахарства.
Як і іншым чужынцам, цыганам надавалі звышнатуральныя якасці ў беларускім фальклоры. Цыган, да прыкладу, часта фігуруе ў вясельным абрадзе як госць з боку нявесты.
У Старадарожскім раёне ля вёскі Кармазы існуе паданне пра тое, што цыганка пракляла царкву, а тая правалілася. На тым месцы ўтварылася возера, якое пасля стала балотам. Яшчэ адно паданне пра цыган зафіксавана ў Чавусах: у ім горад Чавусы быў заснаваны менавіта цыганамі, бо па-цыганску «чэўс» значыць шахцёр.
Шведы. Воіны, якія пакідалі скарбы і вясковыя легенды
Руска-шведскія войны шырока адлюстраваны ў беларускім фальклоры і тапаніміцы. Даволі шмат паданняў існуе пра гарадзішчы (Шведская гара, Шведскі вал, Шведскі акоп). У некаторых паданнях паведамляецца пра тое, што гарадзішчы з’явіліся на магілах шведаў. Да таго ж шырокавядомымі з’яўляюцца назвы старажытных пахаванняў — Шведскія магілы, Шведскія капцы, Шведзіха.
У вёсцы Скварцы на Койданаўшчыне расказваюць паданне пра шведа, які выразаў усё вёску. Пасля гэтага ён згубіў рукавіцы, таму да гэтага часу ходзіць па начах і шукае іх.
Як і ў выпадку з французамі, са шведамі звязваюць шматлікія скарбы, закапаныя ці затопленыя шведскімі войскамі. Падобнае паданне зафіксавана на Бабруйшчыне: там на балоце затапілі зброю і вазы з залатой карэтай.
У Беларусі ёсць вядомая прыказка, звязаная са шведамі: «За дзядамі-шведамі», што значыць вельмі даўно.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: «Не вучы дзядулю кашляць». Якія ёсць беларускія прыказкі пра дзядоў?
Рускія. Міфы і легенды пра тое, як яны ваявалі
Рускія ці маскалі здаўна фігуруюць у беларускім фальклоры.
Большасць паданняў пра рускіх зафіксавана ў кантэксце войнаў супраць іншых народаў — часцей за ўсё, супраць французаў і шведаў.
Сустракаюцца цікавыя паданні. Напрыклад, у адным паданні паміж азёрамі Снуды і Струста жыў рускі баярын (у іншых варыяцыях гэта быў швед), у яго былі дзве дачкі. У той мясцовасці нібыта ляжыць крыж у зямлі, а калі яго адкапаюць, то ўсе каталікі навакольных вёсак перойдуць у праваслаўе.
Рускія часта фігуруюць у паданнях пра культавыя балоты: у адных паданнях у балоты рускія воіны загналі шведаў, у іншай — рускія салдаты праз балоты ішлі дадому.
