Яны трапілі ў Амерыку яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя, частка з іх зусім не памятала радзіму, а частка ўцякала ад вайны і беднасці. Яны здымаліся ў кіно, гралі на брадвейскай сцэне, замацоўвалі за сабой статус характарных акцёраў… Імёны многіх з іх засталіся ў гісторыі амерыканскага кіно, але дагэтуль застаюцца невядомымі для беларусаў.
PALATNO расказвае пра шэсць беларускіх акцёраў, якія пачалі здымацца ў галівудскім кіно яшчэ да незалежнай Беларусі.
Джордж Маккэй
Акцёр, у якога за спінай праца ў дзясятках галівудскіх фільмах… Ён пачаў сваю кар’еру як конны наезнік у цырку, удзельнічаў у папулярным брадвейскім шоу «Вар’яцтва Зігфелда». У Галівуд ён трапіў, калі там яшчэ здымалі нямое кіно. А адной з першых кінапрац было сумеснае кіно з жонкай. Гэта ўсё пра Джорджа Маккэя.
Джордж Маккэй нарадзіўся ў 1884 годзе ў Мінску. У пачатку XX стагоддзя ён іміграваў у Амерыку. Там ён пачаў сваю акцёрскую кар’еру спачатку ў цырку. Пазней стаў часткай трупы «Вар’яцтва Зігфелда» — гэта брадвейскае шоу, што ставілася ў Нью-Ёрку ў першыя дзесяцігоддзі мінулага стагоддзя. У «Вар’яцтве Зігфелда» Маккэй сустрэў Оці Ардзін, якая стала яго жонкай. Разам з ёй ён зняўся ў нямым фільме «Маккэй і Ардзін» — гэта стала адной з першых кінапрац Джорджа ў Галівудзе.
Першым фільмам у кар’еры Маккэя лічыцца кароткае нямое кіно «Яе памяць». Ён выйшаў у 1924 годзе, яго працягласць была ўсяго дзесяць хвілін. Самымі вядомымі работамі ў кіно сталі «Гульнявая пляцоўка д’ябла» (1937), «Твар за маскай» (1941), «Агент пад прыкрыццём» (1942). Пераважна ён выконваў другасныя ролі, але заўсёды мог знайсці сабе працу ў кіно.
Маккэй здымаўся ў кіно да апошніх дзён. Ён памёр у снежні 1945 года ў Каліфорніі.
Кэтрын Лок
Кэтрын Лок нарадзілася ў яўрэйскай сям’і ў 1910 годзе ў Калінкавічах. Яе імем пры нараджэнні было Мэндель Лакамавіц. Яе бацька, Морыс, быў настаўнікам у яўрэйскай школе. Разам з сям’ёй яны імігравалі ў Амерыку ў 1912 годзе, калі дзяўчынцы было ўсяго два гады. У ЗША Кэтрын вучылася гуляць на піяніна, і гэта стала першай кропкай у яе кар’еры. Яна пачала з канцэртаў, але потым вырашыла пайсці ў тэатр. А дакладней, яна ўцякла: кінула музыку і паехала ў Лос-Анджэлес з трупай акцёраў Potboilers. Пазней, у 1950 годзе, у інтэрв’ю для The Times яна так успамінала адмову займацца музыкай: «Я хацела, каб паміж мной і піяніна было больш месца».
Брадвей стаў для яе прарывам. У 1937 годзе яна выканала галоўную ролю ў камедыйным спектаклю «Цудоўны час». Далей ён прапанавалі ролю Афеліі ў пастаноўцы «Гамлета».
У тыя ж гады яна ўпершыню знялася ў кіно: яе першай кінапрацай быў драматычны фільм «З-за пляча» (1936), у якой актрыса выканала адну з галоўных роляў.
У 1952 годзе Кэтрын знялася ў адным з першых тэлесерыялаў на амерыканскім тэлебачанні — «Нечаканае». У ім яна выканала эпізадычную ролю.
У 1934 годзе Лок выйшла замуж за Морыс Хервіна, з якім яны пражылі разам менш за дзесяць гадоў і развяліся. У 1947 годзе яна ў другі раз выйшла замуж: выбраннікам актрысы стаў пісьменнік Норман Корвін. У шлюбе ў іх нарадзілася двое дзяцей, Энтані і Даяна. Пасля замужжа Кэтрын амаль кінула кар’еру. Яна знялася яшчэ ў шэрагу фільмаў, якія атрымалі прызнанне ў свой час. Аднак апошняй працай у кіно для яе сталі здымкі ў «Упэўненая ўсмешка». Гэты фільм атрымаў тры намінацыі на «Оскар».
Кэтрын Лок памерла ў 1995 годзе ад пухліны галаўнога мозга.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Беларускі Галівуд: расказваем пра сусветнавядомых зорак кіно з беларускімі каранямі
Ад трагікамедый да фільмаў на гістарычную тэматыку. Як наша кіно паказвае беларусаў
Ці бачылі вы калі-небудзь фільм з жывым Якубам Коласам?
Джэк Торнэк
Джэк Торнэк нарадзіўся ў Мінску ў 1887 годзе (некаторыя крыніцы сцвярджаюць, што ў 1888-м). Невядома, калі і як Джэк Торнэк іміграваў у Амерыку, але сваю акцёрскую кар’еру ён пачаў дастаткова рана. Дэбютам у кіно быў фільм «20 000 лье пад вадой» у 1916 годзе. У ім ён выканаў другасную ролю. Амаль усю сваю кар’еру Джэк Торнэк выконваў другасныя, эпізадычныя ролі, часам яго персанажам нават не давалі імёны.
У фільмаграфіі Торнэка налічваецца каля 500 фільмаў.
Найбольш выбітная роля Джэка была ў вестэрне «Маладая рука» (1959), аднак яна не дапамагла акцёру зрабіць прарыў нават у канцы сваёй кар’еры.
Джэк Торнэк быў у шлюбе з Ганнай Торнэк. У пары нарадзілася толькі адно дзіця — Норман.
Яго апошняй роляй у фільме была роля ў камедыйным вестэрне «Сэм Віскі» (1969). Неўзабаве пасля выхаду фільма Джэк скончыў акцёрскую кар’еру. Ён памёр у 1974 годзе ў Каліфорніі.
Курт Катч
Курт Катч быў вядомы пад імем Ісер Кац. Ён нарадзіўся ў Гродне ў 1893 годзе. Перад Першай сусветнай вайной ён займаўся гандлем віном. Калі пачалася вайна, яго прызвалі на службу ў царскую армію. Аднак у першы ж год вайны ён трапіў у нямецкі палон. Пасля вызвалення застаўся ў Германіі, жыў і працаваў у Берліне.
Першую акцёрскую работу Курт атрымаў у Брэменскім тэатры. У 1929 годзе адмовіўся працаваць у Берліне, у лісце да дырэктара тэатра ў Франкфурце Элвіна Кронахера напісаў: «Я шмат чаму навучыўся і магу жыць у Берліне, але іду да вас з завязанымі вачыма! […] Мне надакучыў Берлін, нягледзячы на добры прыбытак! […] Я больш не магу трываць берлінскае захапленне знакамітасцямі». У тым годзе акцёр пераехаў у Франкфурт-на-Майне.
Працаваў у Германіі да 1933 года ў розных нямецкіх тэатрах і кіно. У 1933 годзе нацысты прынялі антысеміцкі закон, па якому асобам неарыйскага паходжання, асабліва яўрэям, забаранялася займацца шэрагам прафесій. Пасля забароны працаваць у Германіі Курт перабраўся ў Польшчу, там ён прабыў некалькі гадоў і іміграваў у Амерыку. У 1941 годзе асеў у Каліфорніі.
Пасля пачатку Другой сусветнай вайны Курт Катч стаў вельмі запатрабаваным акцёрам. Яго рэгулярна здымалі ў антынацысцкіх фільмах, прыгодніцкім кіно. Звычайна ён граў адмоўных персанажаў, нават у апошнім фільме ў сваёй кар’еры ён выканаў ролю ліхадзея.
Яго апошняя значная роля ў кіно было ў фільме «Маладыя львы», у якім зняліся Марлон Брандо, Дын Марцін і Мантгомеры Кліфт. Дарэчы, Курт з’явіўся ў першым фільме пра Джэймса Бонда, «Казіно Раяль», якое знялі ў 1954 годзе.
Курт Катч быў жанаты на Хіндзе Кляйнлерэр, у пары нарадзілася адно дзіця. Акцёр памёр у 1958 годзе ў Лос-Анджэлесе.
Майкл Марк
Майкл Марк нарадзіўся ў Магілёве ў 1886 годзе. Яго імем пры нараджэнні было Морыс Шульман. У 1910 годзе ён іміграваў у Амерыку. Шмат пра біяграфію Марка застаецца невядомым дагэтуль. Таксама невядома, ці быў ён жанаты і ці былі ў яго дзеці.
За сваю кар’еру Майкл Марк зняўся ў 120 фільмах. У асноўным ён выконваў эпізадычныя ролі. Адны з самых вядомых былі ролі ў кіно пра Франкенштэйна, што былі вельмі папулярнымі ў Галівудзе ў 1920-1930-я гады. Яго асабліва памятаюць па ролі бацькі забітай дзяўчынкі ў «Франкенштэйне» (1931).
Памёр у 1975 годзе ў Лос-Анджэлесе ад сардэчнай недастатковасці.