Вы чытаеце:
Чаму беларуская лацінка мае будучыню?

Чаму беларуская лацінка мае будучыню?

беларуская лацінка, гісторыя беларускай лацінкі

Зусім нядаўна чыноўнікі ды «неабыякавыя грамадзяне» ў Беларусі ўзяліся за лацінку — беларускамоўныя подпісы лацінскім алфавітам, як правіла, геаграфічныя. Маўляў, усё вычысціць, бо «чужое». А ці чужое? Ці патрэбнае? Калі так — то навошта?

Hety artykuł možna pračytać biełaruskaj łacinkaj.

Гісторыя беларускай лацінкі — асобны лінгвістычны раман, а мо і дэтэктыў. Усе мы са школы звыкліся ўспрымаць беларускую мову на кірыліцы, але яшчэ сто год таму ў Заходняй Беларусі выданні па-беларуску выходзілі прыкладна 50 на 50 — лацінкай і кірыліцай. Больш таго: сёння беларусы Падляшша збольшага карыстаюцца лацінкай. Гэта традыцыя, а яшчэ — практычна, калі твая асноўная раскладка на тэлефоне польская.

Але, магчыма, гэта ўсяго толькі рэха мінулага? «Састарэлыя файлы» з моўнага софту?.. Разбяромся.

Мова гучыць таксама, алфавіт — змяняецца

З чаго ўсё пачалося? У кожнага народа адметная мова, а вось алфавіты збольшага стандартызаваныя. Чэхі, немцы, іспанцы ці фіны карыстаюцца лацінскім алфавітам, хоць гавораць па-рознаму. Куды менш народаў з адметнымі — нацыянальнымі алфавітамі: грузіны, армяне, яўрэі, кітайцы, японцы. З аднаго боку, такі кейс адметны, з іншага — вывучаць гэтыя мовы ўдвая складаней.

На мове найперш гавораць, пасля пішуць. І алфавіт — гэта нібы вопратка для моўнай сістэмы, якая ўжо склалася. Ён — другасны і часам змяняецца. Так, манголы мелі некалі сваё вертыкальнае пісьмо, пакуль СССР не навязаў ім кірылічнае пісьмо. Туркі стагоддзямі пісалі арабіцай, але Атацюрк 100 год таму ўвёў лацініцу. Мова гучыць таксама, як і гучала, алфавіт — змяняецца.

Jaśko haspadar z pad Wilni і Maciej Buraczok

Першым пісьмовым алфавітам у Беларусі была кірыліца яшчэ з часоў Полацкага княства — 1000 год таму. Лагічна: хрысціянства прынялі з Візантыі, а ў нагрузку — царкоўнаславянская мова плюс кірыліца. Зрэшты, Заходнюю Беларусь Ягайла хрысціў на 400 год пазней, таму для нашых шматлікіх каталіцкіх продкаў з Гродзеншчыны першым алфавітам была лацініца.

Алфавіт быў часткай дзяржаўнай палітыкі, як і мова. З той папраўкай, што гаворка не пра беларускую, рускую і польскую, а пра лацінскую і царкоўнаславянскую, бо менавіта канфесіі (каталіцтва/праваслаўе) пазначалі межы цывілізацый. Землі Беларусі — на мяжы паміж Захадам і Усходам, таму такая дваістасць была закладзеная яшчэ шмат сотняў год таму.

Помнікі беларускай лацінкай вядомыя ад XVI стагоддзя. Напрыклад, храмавы звон з вёскі Моладава на Берасцейшчыне, адліты ў 1583 годзе, які дастаўся царкве ад «BŁAHOWIERNEHO • Y CHRISTOLIVBIWOHO • PANA • SIEMIONA • WOINY» («дабравернага і хрысталюбівага пана Сямёна Войны»). Нічога дзіўнага, бо той Сямён Война, найхутчэй, размаўляў па-беларуску, але ў школе ці калегіуме вучыў лацінскую мову. Таму — сінтэз.

Звон з Моладава з надпісам на беларускай лацінцы часоў Баторыя. Фота: Радыё Свабода / svaboda.org

Лацінская транслітарацыя беларускай мовы найлепш прыжылася на Віленшчыне, Гродзеншчыне, Міншчыне. Тут у ХІХ стагоддзі акурат і нарадзіўся беларускі нацыянальны праект з Паўстання Каліноўскага і вершаў Багушэвіча. Абодва пісалі і падпісваліся лацінкай: Jaśko haspadar z pad Wilni ды Maciej Buraczok. Алфавіт «Мужыцкай Праўды» і «Дудкі Беларускай» — лацінка.

Кастусь Каліноўскі — адзін з аўтараў беларускага праекта як такога, яшчэ і прапагандыст нашай лацінкі. Сучасны арт

Ад «Нашай Нівы» да Сталіна

Дзве версіі газеты «Наша Ніва» — кірыліцай і лацінкай

Дыскусія пра алфавіт для беларускай мовы пачалася на зломе ХІХ і ХХ стагоддзяў. Як правіла, дзеячы з праваслаўным бэкграўндам выбіралі кірыліцу, з каталіцкім — за лацінку. «Наша Ніва» ад 1906 году выходзіла і так, і гэтак, у дзвюх версіях, каб ахапіць максімум чытачоў. Гэта ўспрымалася гэтаксама, як зараз сайты з расійскай і беларускай версіямі — для камфорту.

Дарэчы, нядаўна сучасная «Наша Ніва» запусціла версію сайта беларускай лацінкай.

Дакументацыя Беларускай Народнай Рэспублікі збольшага ўжо на кірыліцы, але безліч выданняў таго часу — лацінка. Лагічна: БНР прэтэндавала на шырокія тэрыторыі на ўсходзе, ажно з кавалкамі Браншчыны і Смаленшчыны. У дадатак, вялікая колькасць дзеячаў — былыя расійскія афіцэры і чыноўнікі. Беларуская мова — окей, але ані сама мова, ані алфавіт не былі ўнармаваныя і юрыдычна замацаваныя.

Карты склаліся ў часы БССР. Пасля кароткай адлігі і нават дыскусій пра лацінку ў нацыянальных рэспубліках усё адназначна вырашылася на карысць кірыліцы пры Сталіне. Нават казахскую хуценька перавялі з лацінкі на кірыліцу, хоць абодва алфавіты не ёсць традыцыйнымі для таго рэгіёна.

Каляндар, выдадзены Вацлавам Ластоўскім на беларускай лацінцы

Лацінка захавалася ў Заходняй Беларусі, дзе «акапаўся» нацыянальны рух, але — зразумела — не меў палітычнай улады. Творы Станкевіча, Ластоўскага, Купалы і Коласа, а таксама беларускія календары і газеты выходзілі там на абодвух алфавітах. Пасля 1939 года «канчатковае вырашэнне пытання лацінкі» дабралася і сюды… Больш таго: старыя выданні лацінкай, аўтары якіх былі рэпрэсаваныя, мэтава знішчаліся. Сёння гэта ўжо рарытэты.

Так выглядае верш Янкі Купалы, выдадзены лацінкай на пачатку ХХ стагоддзя

«Акно магчымасцей» пры немцах і БССР як lacinka-free state

Апошняе «акно магчымасцей» для беларускай лацінкі — як ні парадаксальна — часы нямецкай акупацыі 1941-1944. Тады, апроч газет і часопісаў, упершыню з’явіўся пласт справаводства беларускай лацінкай: пашпарты, квіткі, даведкі, пячаткі…

Не таму, што немцам карцела навязаць беларусам лацінку: ім было ўсё роўна. Прычына: такі варыянт быў зразумелы жыхарам Заходняй і Цэнтральнай Беларусі.

Беларуская лацінка ў справаводстве побач з нямецкай мовай. Ліда, 1942 год. Фота: Алесь Кіркевіч

Паваенны БССР быў цалкам lacinka-free state. Гэта супала з русіфікацыяй краіны і набліжэннем граматыкі мовы да рускай. Лацінка бачылася як нешта састарэлае, буржуазнае і антысавецкае. Таму захавалася толькі як мова выданняў эміграцыі ў ЗША, ФРГ ці Вялікабрытаніі. Ды яшчэ спарадычна на Падляшшы — у сацыялістычнай Польшчы.

У касцёле на Залатой Горцы ў Мінску шмат подпісаў беларускай лацінкай. Фота: Вікіпедыя

Пачатак 1990-х — рэнесанс беларускай лацінкі. Размовы пра перавод дакументацыі ўжо не ідзе, але яе актыўна выкарыстоўваюць у касцёле. Таксама паўстае мода сярод нацыянальнай культурнай тусоўкі. Маё пакаленне, скажам, сутыкнулася з лацінкай праз «Pašpart hramadzianina N.R.M.» ды «Try čarapachi». Наступнае – праз Akute. Асобныя літаратурныя творы, як «Śvieciacca vokny dy nikoha za imi» Уладзіміра Арлова, таксама выходзілі лацінкай.

Праз N.R.M. процьма беларускай моладзі даведалася пра беларускую лацінку як з’яву. Вокладка альбома N.R.M.

Афіцыйная ўлада не змагалася і не падтрымлівала лацінку: яна яе не заўважала, як і беларускую мову агулам. Але калі ў мінскім метро з’явілася Plošča Franciška Bahuševiča ды іншыя назвы ў варыянце транслітарацыі, а за імі падцягнуліся надпісы на ўказальніках у цэнтрах гарадоў, падалося нават, што лацінка вяртаецца. Прынамсі — як альтэрнатыўны варыянт, моўны масток на Захад.

Лацінка. Цывілізацыйны выбар

Сёння відавочна, што не толькі мова, але і алфавіт — гэта палітыка. Калі ўлады арыентуюцца на Маскву, то мірыцца з лацінкай не будуць: як у часы СССР. З іншага боку, ніякая ўлада не вечная і тое самае пытанне можа вырашыцца палітычна ў цалкам супрацьлеглы бок. Гэтак зрабілі ў Казахстане яшчэ пры Назарбаеве: перавялі казахскую мову на лацінку, што выклікала шал у Маскве.

У гісторыі багата падобных выпадкаў. У Ізраілі доўга трывала дыскусія: іўрыт ці ідыш. На ідышы размаўляла абсалютная большасць яўрэяў, якія выжылі пасля Халакосту, але палітычна было вырашана — іўрыт. З цяжкасцямі, але перавучыліся. Ужо згаданы намі Каміль Атацюрк, турэцкі лідар 1920-х, таксама праводзіў свае культурныя рэформы потам і кроўю: суайчыннікі не хацелі пераходзіць на лацінку, але Атацюрк даціснуў пытанне, каб зрабіць дзяржаву больш еўрапейскай.

Сёння, як мінімум на ўзроўні дыяспары, лацінка зноў ажывае: ёсць ужо згаданая адпаведная версія самага папулярнага беларускамоўнага рэсурсу «Наша Ніва», ёсць цэлы беларускамоўны сегмент у сацыяльных сетках лацінкай. Урэшце, Батальён, пазней — Полк Каліноўскага, які ваюе ва Украіне, таксама карыстаецца лацінкай — мовай «Mużyckaj praudy».

Сімволіка Батальёна / Палка Каліноўскага таксама аздобленая лацінкай. Фота: Наша Ніва / nn.by

Відавочна, што лацінка не толькі нікуды не знікне, але і мае чарговы гістарычны шанец стаць калі не дамінуючым, то дадатковым алфавітам нашай мовы — альтэрнатыўным. Гэта не толькі спрашчае камунікацыю з Заходнім светам, але і стае цывілізацыйным выбарам беларусаў. Урэшце, ніхто пакуль не патлумачыў, што кепскага ў тым, каб дзеці ў школах вучылі ад старту і кірыліцу, і лацінку — асабліва ў нашым глабальным свеце.

Алесь Кіркевіч

Вярнуцца ўгару