Грунвальдская бітва: як Польшча і ВКЛ амаль знішчылі Тэўтонскі ордэн

ягайла і вітаўт, грунвальдская бітва, бітва пад грунвальдам

У 1409 годзе ў Еўропе разгарэлася адна з найвялікшых ваенных кампаній Сярэднявечча. У той час адбыўся буйны канфлікт паміж Тэўтонскім ордэнам і аб’яднанымі сіламі Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага. Гэта вайна атрымала назву «Вялікай», а дасягнула апагею ў грандыёзнай Грунвальдскай бітве. Расказваем, як усё пачалося з паўстання ў Жамойці, а скончылася разгромам магутнага войска крыжакоў.

PALATNO — пра Грунвальд.

Як вайна стала магчымай

Глыбокія супярэчнасці пра памежныя тэрыторыі і Жамойць прывялі да напружання паміж Ордэнам і саюзнікамі — Польшчай і ВКЛ. Усё абвастрылася з пачаткам паўстання жамойтаў у 1409 годзе, якое падтрымаў Вітаўт. Ордэн лічыў жамойцкія землі сваім, а ВКЛ на чале з Вітаўтам актыўна прасоўвалі ідэю самастойнасці Жамойці. Асабліва ўсё абвастрылася пасля мабілізацыі войска Вітаўта і яго паходу на замак Фрайбург.

Ягайла імкнуўся пазбегнуць статусу агрэсара ў вачах хрысціянскай Еўропы, таму прапаноўваў вырашыць пытанне мірным шляхам. Аднак пасля заявы, што Польшча ўстане на бок ВКЛ у выпадку агрэсіі крыжакаў, вялікі магістр Ульрых фон Юнгінген афіцыйна абвясціў вайну. Крыжацкія войскі ўварваліся на поўнач Польшчы, а Вялікае Княства Літоўскае заняло Жамойць. Ягайла быў не гатовыв да працяглых баёў, таму ў жніўні 1409 года было заключана перамір’е. Тое перамір’е не тычылася ВКЛ, таму Вітаўт арганізаваў паспяховы і прыбытковы паход у Прусію.

У снежні 1409 года Ягайла і Вітаўт таемна сустрэліся ў Брэсце, дзе распрацавалі план будучай ваеннай кампаніі супраць Тэўтонскага ордэна. Аперацыя павінна была быць хуткай, прайсці выключна на тэрыторыі праціўніка і пазбавіць крыжакаў магчымасці эфектыўна абараняцца.

Напярэдадні вайны абодва бакі вялі актыўную інфармацыйную барацьбу. Абодва бакі абвінавачвалі адзін другога ў здрадзе хрысціянству, рассылалі адозвы па ўсёй Еўропе. Унутры сваіх дзяржаў ішла інтэнсіўная падрыхтоўка да самой вайны: збіраліся харугвы, наймаліся дадатковыя войскі, закупалася зброя.

Як Вітаўт і Ягайла разбілі крыжакаў пад Грунвальдам

грунвальдская бітва, ульрых фон юнгінген, вялікі князь вітаўт, польскі кароль ягайла
Грунвальдская бітва. Выява створаная штучным інтэлектам.

Напрыканцы чэрвеня 1410 года войскі Ягайлы і Вітаўта злучыліся ля Віслы і ўварваліся ў Прусію. Мальбарк быў галоўнай мэтай, але перш чым да яго дайшлі, на шляху стаяла іншая задача — бітва з моцным крыжацкім войскам. На шляху войскі знішчалі гарады і мястэчкі, каб дэзарыентаваць праціўніка.

Ульрых фон Юнгінген да апошняга быў упэўнены, што войскі Вітаўта будуць атакаваць Памор’е, таму там яго ўжо чакалі. Аднак хутка зразумеў сапраўдны кірунак атакі сапернікаў і накіраваўся з войскамі на поўдзень.

15 ліпеня 1410 года паміж Грунвальдам і Стэмбаркам адбылася бітва, якая стала адной з найбуйнейшых у Сярэднявеччы. Войскі ВКЛ і Польшчы сустрэліся з войскам Ульрыха фон Юнгінгена: каля 30 тысяч супраць 15 тысяч. Многія гісторыкі лічаць, што бітва пачалася з атакі літвінаў, аднак некаторыя лічаць, што першымі ўступілі ў бітву крыжамі. Падчас бітвы войска ВКЛ адступіла, што выглядала спачатку як паражэнне, але на самой справе было тактычным манеўрам Вітаўта.

Ордэн трапіў у пастку, бо частка крыжакоў адарвалася ад асноўнага войска ў пераследзе літвінаў, а галоўная сіла не вытрымала націску польскага рэзерву з левага флангу.

Ульрых фон Юнгінген зрабіў апошнюю спробу выратаваць сітуацыю і змяніць ход бітвы. Ён асабіста павёў у атаку адборныя крыжацкія рэзервы. Аднак гэта скончылася смерцю вялікага магістра і поўным крахам крыжакаў.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

Гарадзельская ўнія: як яна змяніла ВКЛ?

Тэўтонскі ордэн: як паўстаў, заваяваў Прусію і прайграў самую важную бітву пад Грунвальдам

Пяць сюжэтаў з беларускай гісторыі, па якіх серыялы былі бы не горш за «Гульню тронаў»


Чаму Мальбарк так і не ўзялі?

грунвальдская бітва, вялікі князь ягайла, крыжакі і вкл
Грунвальдская бітва. Выява створаная штучным інтэлектам.

Нягледзячы на разгром крыжацкага войска, Мальбарк выстаяў. Войскі ВКЛ і Польшчы не змаглі захапіць сталіцу Ордэна, хоць і прыбылі адносна хутка да аблогі — праз тыдзень пасля Грунвальдскай бітвы. Абаронай Мальбарка камандаваў Генрых фон Плаўэн, які паспеў падрыхтаваць замак да аблогі.

Чаму ж войскі Вітаўта і Ягайлы не змаглі ўзяць Мальбарк? Пасля Грунвальдскай бітвы войскі былі моцна знясіленыя, ім не хапала правіянту, лютавалі хваробы. Генрых фон Плаўэн паспеў напісаць адозвы да саюзнікаў Тэўтонскага ордэна ў Еўропе. Таму да часу, калі Ягайла і Вітаўт прыбылі да Мальбарка, да крыжакаў таксама ішла дапамога.

У верасні 1410 года войскі Вітаўта і Ягайлы адступілі ад Мальбарка.

1 лютага 1411 года была падпісана мірная дамова ў Торуні. Хаця Ордэн не быў знішчаны канчаткова, ён страціў шмат: войскі, аўтарытэт і пазіцыі. Грунвальдская бітва стала пачаткам канца Тэўтонскага ордэна, а для ВКЛ і Польшчы — сімвалам сумеснага трыумфу.

Вярнуцца ўгару