Now Reading
Тэўтонскі ордэн: як паўстаў, заваяваў Прусію і прайграў самую важную бітву пад Грунвальдам

Тэўтонскі ордэн: як паўстаў, заваяваў Прусію і прайграў самую важную бітву пад Грунвальдам

тэўтонскі ордэн, крыжакі

Тэўтонскі ордэн быў галоўным ворагам Вялікага Княства Літоўскага некалькі стагоддзяў. Пад уплывам крыжакоў Ягайла і Вітаўт здолелі аб’яднацца — нягледзячы на сямейны разлад і забойства бацькі Вітаўта падасланымі Ягайлам людзьмі. Разгром тэўтонцаў пад Грунвальдам стаў легендарным, але далейшая асада Мальбарка і перамовы былі не такімі слаўнымі для палякаў і ліцвінаў.

А як тэўтонцы апынуліся на землях, памежных з ВКЛ? Якім чынам яны здолелі пашырыць свой уплыў? Як прайгралі самую важную ў сваёй гісторыі бітву, але не страцілі сваю сталіцу-крэпасць?

PALATNO расказвае гісторыю Тэўтонскага ордэна.

Як паўстаў Тэўтонскі ордэн

Усё пачалося ў XII стагоддзі на землях Палесціны. Гісторыкі прытрымліваюцца думкі, што адзін немец асеў у нядаўна захопленым крыжакамі Іерусаліме і стаў прымаць у сваім доме хворых суайчыннікаў. Хворых было так шмат, што гэты чалавек, імя якога невядома, за свой кошт пабудаваў шпіталь і капліцу Дзевы Марыі. Гэта адбылося ў 1129 годзе — гэта дата і стала пачаткам адліку гісторыі Тэўтонскага ордэна.

Аднак афіцыйна ордэн паўстаў толькі ў 1190 годзе. Яго ўтварэнне адбылося пад кіраўніцтвам нямецкага князя Фрыдрыха. Папа Рымскі зацвердзіў статут новага ордэна, чальцоў якога надзялілі белай расай з чорным крыжам. Першым магістрам ордэна стаў Генрых Вальпот.

Як можна было стаць тэўтонцам? Тэўтонскі ордэн быў надзвычай моцным і згуртаваным, з абмежаваным доступам для новых членаў. Каб уступіць у ордэн, трэбы было належаць да нямецкай шляхты. Аб сваім жаданні чалавек аб’яўляў падчас капітулы — збору членаў ордэна. Магістр задаваў кандыдату пытанні: ці не належыць ён да іншага ордэна, ці не служыць дзе-небудзь падданым, ці мае даўгі альбо ўтоеную хваробу. Пасля неабходна было даць зарокі: беднасці, бясшлюбнасці, паслухмянства, даглядаць за хворымі і ваяваць з ворагамі Крыжа. Калі кандыдат прымаў гэтыя ўмовы, то ён прысягаў на Біблію, паклаўшы два пальцы: «Абяцаю і клянуся, што ўстрыманне цела будзе адным з маіх звычаяў, буду паслухмяным Богу, святой Марыі, а потым магістру ордэна Нямецкага дому і вашым наступнікам паводле статута і звычаяў ордэна Нямецкага дому аж да смерці». Новага чальца ў касцёле апяразвалі рыцарскім поясам.

Тэўтонскі ордэн складаўся з трох катэгорый сяброў: рыцары, ксяндзы і службовыя браты. Рыцары насілі чорныя тунікі, белыя плашчы з чорным крыжам. Ксяндзы ладзілі набажэнствы, а падчас вайны станавіліся капеланамі: яны насілі такія ж уборы, як і рыцары, толькі даўжэйшыя. Службовыя браты паходзілі не са шляхты, яны былі збраяносцамі рыцараў, якія толькі часова прымалі зарокі, насілі шэрыя плашчы з крыжам у выглядзе літары «Т».

На чале Тэўтонскага ордэна стаяў вялікі магістр. Ён абіраўся пажыццёва генеральным капітулам, які складаўся з краёвых магістраў (ландмайстраў), чыноў ордэна і сяброў сталічнага канвента — органа кіравання з рыцараў, святароў і службовых братоў. Улада вялікага магістра не была бязмежнай, ён мусіў лічыцца з генеральным капітулам і сталічным канвентам. Ужо пасля пераезду ордэна з Палесціны ў Прусію пры вялікім магістры ўтварылася рада (і яна не была прадугледжанай статутам) — вялікі комтур, вялікі маршал, вялікі шпітальнік, вялікі шатны, вялікі скарбнік.

  • Вялікі комтур быў намеснікам вялікага магістра ў кіраванні дзяржавай. Пры адсутнасці кіраўніка ордэна ў выпадку небяспекі комтур меў права камандаваць арміяй. А ў мірны час кіраваў арсеналамі, вырабам рыштунку, складамі збожжа.
  • Вялікі маршал быў намеснікам вялікага магістра ў кіраванні войскамі. У мірны час дбаў аб ваеннай падрыхтоўцы арміі.
  • Вялікі шатны загадваў складамі адзення, пральнямі, збраёўнямі.
  • Вялікі шпітальнік загадваў шпіталямі.
  • Вялікі скарбнік вёў рахункі і распараджаўся скарбам ордэна. Стан ордэнскага скарбу быў дзяржаўнай таямніцай — пра яе ведалі толькі комтур, вялікі магістр і скарбнік.

Дзяржава Тэўтонскага ордэна дзялілася на акругі — камтурыі. На чале іх стаялі комтуры, якія мелі вялікую ўладу і самастойнасць.

Час ехаць у Еўропу. Першыя спробы тэўтонцаў пакінуць Палесціну

У першыя дзесяцігоддзі свайго існавання ордэн літаральна выжываў. Падчас бітвы 1210 года большасць рыцараў загінулі, а вялікі магістр атрымаў смяротную рану. Тады вялікім магістрам стаў Герман фон Зальца: пры ім справы ордэна палепшыліся. Фон Зальца ініцыяваў пераезд ордэна з зямель Палесціны, якія неўзабаве будуць занятыя мусульманамі.

Спачатку Тэўтонскі ордэн быў запрошаны ў Сяміграддзе, але замацавацца там яму не ўдалося: вугорскі князь Андрэй II, па запрашэнні якога ордэн прыехаў, выгнаў тэўтонскіх рыцараў. Потым з’явілася прапанова ад мазавецкага князя Конрада. Конрад ваяваў — але хутчэй абараняўся — з плямёнамі прусаў. Так Тэўтонскі ордэн уступіў у барацьбу ў Еўропе, але ўсё яшчэ не пакінуў Палесціну.

тэўтонскі ордэн, крыжакі
Ілюстрацыя: PALATNO

У 1226 годзе рымскі імператар Фрыдрых II зацвердзіў права ордэна на Хэлмінскую і Добжынскую землі і аб’явіў сябе ўладаром яшчэ не заваяваных прусаў. А як увогуле выглядала зямля прусаў? Іх краіна ляжала ля Балтыйскага мора, з усходу межавала з Жамойціяй і Літвой, на поўдні — з Польшчай. Усе гэтыя тэрыторыі, вядома, не былі заселеныя прусамі, насельніцтва складалася з розных этнасаў. У 1230 годзе ў Прусіі пачала будавацца дзяржава ордэна — ужо пасля перамоў з мазавецкім князем і дэманстрацыі моцы ордэна ў сутычках з прусамі.

Крыжакі паставілі на Вісле свой першы замак — Фогельзанг. Праз нейкі час быў пабудаваны замак (і горад) Торунь. Ордэн будаваў ўсё новыя і новыя замкі (спачатку гэта былі ўмацаванні з дзвюх паралельных сцен з бярвён) і прасоўваўся ўздоўж Віслы. Затым Прусію наведаў вялікі магістр Герман фон Зальца, які вырашыў аддаваць новыя заваяваныя землі каланістам.

У 1237 годзе ў Тэўтонскі ордэн уліўся ордэн рыцараў Хрыста, якіх мы ведаем як Лівонскі ордэн. Праз два гады памёр вялікі магістр Герман фон Зальца.

«Скончылася пруская вайна, пачалася вайна літоўская». Чаму крыжакі нацэліліся на ВКЛ

Пагрозу крыжакоў у сярэдзіне XIII стагоддзя адчулі мясцовыя князі. Паморскі князь Святаполк першым уступіў у саюз з прусамі супраць тэўтонцаў. Хутчэй за ўсё, ён зразумеў, што пасля заваявання паганцаў прыйдзе чарга і хрысціянскіх зямель. Святаполку не ўдалося даць адпор тэўтонцам, і ў выніку ён заключыў мірнае пагадненне.

Заваёўваць новыя тэрыторыі тэўтонцам дапамагалі крыжакі, якія прыязджалі з Германіі. Мясцовае насельніцтва прымала хрысціянства і адмаўлялася ад паганскіх абрадаў. Час ад часу на захопленых землях адбываліся паўстанні, якія ордэн гасіў. Прусія была заваяваная за 52 гады: ад першай перапраўкі тэўтонцаў праз Віслу ў 1231 годзе да 1283 года, калі землі прусаў былі цалкам захопленыя. Пасля Прусіі галоўнай мэтай у знешняй палітыцы для тэўтонцаў становіцца вайна з ВКЛ.

тэўтонскі ордэн, крыжакі
Ілюстрацыя: PALATNO

Пераломны момант адбыўся ў 1283 годзе. Храніст Пётр Дзюбург напісаў: «Скончылася пруская вайна, пачалася вайна літоўская». Вядома, крыжакі вялі бойкі з літоўцамі — жыхарамі Вялікага Княства Літоўскага — ад пачатку XIII стагоддзя. У 1283 годзе прускія крыжакі спаслаліся на даравальную грамату Міндоўга, у якой вялікі князь нібыта аддаваў сваю дзяржаву ордэну ў выпадку, калі застанецца без нашчадкаў. Так і здарылася: усе сыны Міндоўга загінулі і ордэн запатрабаваў сабе землі княства.

У той самы час Тэўтонскі ордэн канчаткова сыходзіць з Палесціны ў Еўропу. Прыбалтыка становіцца галоўнай арэнай дзейнасці ордэна. Напачатку XIV стагоддзя вялікія магістры пачынаюць базавацца ў Прусіі: Готфрыд фон Гогенлоэ перанёс сталіцу ордэна ў Мальбарк. Пачатак XIV стагоддзя азмрочыўся не толькі няспыннай маштабнай вайсковай аперацыяй супраць ВКЛ, але і буйной вайной супраць Польшчы. Крыжакі змагаліся ўжо за хрысціянскія землі — з мэтай захопу новых тэрыторый.

У сутычках Тэўтонскага ордэна з Вялікім Княствам Літоўскім былі і паразы, і перамогі. У 1320 годзе вялікага маршала Генрыха фон Плотцке атачылі ліцвіны і жамойты, у выніку ён загінуў. У той час вайной з ВКЛ займаліся вялікі маршал і комтуры, а магістр быў заняты барацьбой з Польшчай. У 1343 годзе адбылося замірэнне з Польшчай, а для Вялікага Княства гэта азначала адно — вайна стане яшчэ больш жорсткай.

У 1360 годзе крыжакі схапілі Кейстута, але князя хутка абмянялі на палонных. Аднак неўзабаве Кейстут зноў трапіў у палон: у бітве яго скінулі з каня, схапілі і прывезлі да Мальбарка. Князя ахоўваў ліцвін, які прыняў бок Кейстута і дапамог яму ўцячы з вязніцы. У 1379 годзе Кейстут, Ягайла і вялікі магістр заключылі перамір’е на дзесяць гадоў.

Але не ўсё так проста: Ягайла вельмі хацеў панаваць у ВКЛ, таму ўступіў у змову з крыжакамі супраць Кейстута. У 1381 годзе крыжакі распачалі вайну супраць Кейстута і сталі пустошыць Жамойцію. Кейстут здагадаўся аб здрадзе Ягайлы і ўзяў Вільню, а там — Ягайлу. У Вільні былі знойдзены і лісты з перамовамі пра супрацоўніцтва з крыжакамі: Вітаўт, сын Кейстута, не хацеў верыць у здраду Ягайлы, але тыя лісты яго пераканалі. Ягайлу пакінулі невялікі ўдзел і пасялілі ў Крэве.

У 1382 годзе Ягайла зноў наладзіў сувязь з крыжакамі, якія пачалі ваяваць ужо і супраць Вітаўта. У Троках войскі крыжакоў выступілі супраць войск Вітаўта і Кейстута. Аднак Вітаўт пераканаў бацьку заключыць мір, а не ваяваць. Таму яны паехалі да Ягайлы, які сілком пераканаў сваякоў на перамовы ў Вільні. Ужо ў Вільні Кейстута і Вітаўта разлучылі: у кайданах Кейстута вывезлі ў Крэва. Праз некалькі дзён князя задушылі ў цямніцы. Вітаўта таксама адправілі ў Крэва — адтуль ён пасля збег у жаночым адзенні адной са служанак жонкі. Цікава, што па дапамогу Вітаўт звярнуўся да… Тэўтонскага ордэна.

У 1386 годзе Ягайла стаў польскім каралём. Вітаўт працягваў змагацца за бацькоўскі трон і толькі ў 1392 годзе заключыў пагадненне з Ягайлам.

Як ордэн і ВКЛ рыхтаваліся да вайны, якой не маглі пазбегнуць

Польшчу і Вялікае Княства Літоўскае ядналі кроўныя сувязі, але найбольш — небяспека з боку Тэўтонскага ордэна. Асноўнай зонай канфлікту паміж крыжакамі і ВКЛ была Жамойція. Жамойты не скараліся крыжакам, а ВКЛ падтрымлівала паўстанні і супраціў суседзяў.

Ягайла і Вітаўт ведалі, што зусім хутка адбудзецца вялікая вайна. Яны, як і крыжакі, вялі дыпламатычную працу. Частка князёў — Жыгімонт Вугорскі, чэшскі кароль Вацлаў — спачатку дамовіліся аб падтрымцы саюза Польшчы і ВКЛ, але падчас вайны перайшлі на бок Тэўтонскага ордэна. Вітаўт дамовіўся з Маскоўскім княствам аб міры — усё для таго, каб не атрымаць удар у спіну. Менавіта гэта, на думку расійскіх гісторыкаў, стала ўкладам Масквы ў разгром тэўтонцаў. Але нашмат больш важным дыпламатычным поспехам была адсутнасць войск крыжакоў у Лівоніі падчас аперацый ордэна ў вайне.

У 1407 годзе вялікім магістрам становіцца Ульрых фон Юнгінген. Ён быў актыўным прыхільнікам усходняй кампаніі ордэна і ўзначаліў яго ў той час, калі адкаціць назад вайну ўжо было немагчыма.

Вітаўт не хацеў пачынаць вайну заўчасна, ігнараваў выклікі крыжакоў — нават славесныя. Напрыклад, у 1409 годзе адзін з паслоў крыжакоў зноў не дачакаўся ад вялікага князя канкрэтнага адказу на пытанне, каго ён будзе падтрымліваць у будучай вайне, і абразіў яго. Вітаўт накіраваў да вялікага магістра запыт, ці ўпаўнаважваў ён пасла на такія выказванні: магістру давялося выбачацца. Крыжакі да апошняга спрабавалі ўбіць клін паміж Вітаўтам і Ягайлам (але зрабіць гэта не атрымалася), а яшчэ вельмі не хацелі пачынаць вайну першымі — каб выглядаць перад усім светам абаронцамі.

У маі 1409 года на Жамойціі выбухнула паўстанне. Яшчэ некалькі месяцаў вялікі магістр фон Юнгінген спрабаваў высветліць, што будзе рабіць Польшча і Літва ў магчымай вайне, а затым гнезненскі архібіскуп Мікалай Куроўскі заявіў, што Ягайла ўдарыць па Прусіі, калі ордэн уступіць у вайну з ВКЛ. Ульрых фон Юнгінген паабяцаў скіраваць вайну не на Літву, а на Польшчу. 16 жніўня 1409 года крыжацкія войскі перасеклі мяжу і напалі на Польшчу.

Крыжакі здолелі добра арганізаваць напад, праводзілі яго ў некалькіх напрамках. Для Польшчы пачатак вайны стаў нечаканасцю. Вітаўт у той час дапамагаў жамойтам, а затым рушыў на крыжакоў, як гэта зрабілі і палякі. Ужо ў кастрычніку сам вялікі магістр стаў прасіць пра перамір’е. Перамір’е падпісалі ў пачатку кастрычніка — так скончыўся першы этап Вялікай вайны 1409-1411 гадоў.

Абсалютна відавочна, што ні адзін з бакоў не верыў у мірнае вырашэння пытання. У крыжакоў была магчымасць працягнуць вайну падчас перамір’я і тым самым захапіць значныя тэрыторыі, але яны не скарысталіся шанцам. У студзені 1410 года чэшскі кароль аб’явіў умовы перамір’я:

  • Кожны з бакоў застаецца пры тых землях, што былі перад вайной і на якія маюць правы па дакументах Папы, імператара, каралёў і князёў;
  • Добжынская зямля вяртаецца да Польшчы, Жамойція — да ордэна. Ягайла можа атрымаць Добжынскую зямлю не раней, чым крыжакі ўвойдуць у Жамойцію;
  • Усе даўнія дамовы Польшчы і ордэна захоўваюцца;
  • Ні аднаму з бакоў нельга карыстацца дапамогай няверных або дапамагаць ім.

Паслоў ад ВКЛ не дапусцілі да перамоў, лісты Вітаўта былі знішчаны перад удзельнікамі. Чэшскі кароль Вацлаў прыняў бок ордэна і атрымаў ад яго грошы — афіцыйна за «кампенсацыю сяброўскага пасрэдніцтва». Польская дэлегацыя не пагадзілася на такое перамір’е, падчас агалошвання рашэння прадстаўнікі дэлегацыі пакінулі памяшканне ў знак пратэсту супраць таго, што дакумент чыталі па-нямецку.

У чэрвені 1410 года крыжакі заявілі, што выконвалі ўмовы перамір’я, а Польшча — не. Працяг вайны стаў непазбежным. У маі 1410 года крыжакі прапанавалі перамір’е і Вітаўту. З гэтай нагоды Вітаўт і Ягайла сустрэліся ў Берасці на тайнай нарадзе. Дакладны змест іх размовы застаўся невядомым, але падчас яе абмяркоўваліся ўнутрыпалітычныя справы і план будучай вайсковай кампаніі, які быў распрацаваны скрупулёзна. Вітаўт і Ягайла змаглі дамовіцца пра час і месца канцэнтрацыі войск, іх злучэння і кірункі. Гэта дало аб’яднанаму войску ініцыятыву і фактар нечаканасці, перанос баявых дзеянняў на тэрыторыю ворага.

Ордэн абраў абарончы варыянт вайны. Юнгінген рыхтаваўся да ўдараў з розных бакоў, а затым хацеў замацавацца на тых тэрыторыях, адкуль прыйшлі бы варожыя войскі.

Грунвальдская бітва і спроба захапіць Мальбарк

Напачатку чэрвеня 1410 года войскі літоўска-польскай арміі і арміі ордэна пачалі збірацца, умацоўваць свае замкі і межы. Вітаўт і Ягайла да апошняга хавалі, што будуць аб’ядноўваць свае войскі, таму ўсяляк паказвалі ордэну, што напад іх войск адбудзецца ў розных напрамках. Юнгінген не верыў разведчыкам, што тыя бачылі перамяшчэнне войск Вітаўта і іх прыяднанне да войск Ягайлы.

Войскі аб’ядналіся ля Чэрвіньска і адтуль рушылі на Мальбарк — сталіцу Тэўтонскага ордэна. І нас чакала Грунвальдская бітва, ход якой аднавіць складана — яна ахінутая легендамі і міфамі. Напрыклад, пра тое, што Юнгінген убачыў фігуру крыжака, праткнутага мячом, і адчуў прыбліжэнне смерці.

Рашаючае значэнне ў Грунвальдскай бітве мела цяжкая панцырная кавалерыя: асноўнай баявой адзінкай быў рыцар, закуты ў бронь, узброены дзідай і мячом. Разам з рыцарамі ваявалі збраяносцы, стралкі і слугі. Рыцары былі індывідуалістамі і вельмі неахвотна падпарадкоўваліся камандам. Пяхоту ставілі наперад перад конніцай — і часта яна не паспявала вызваліць месца для атакі сваёй кавалерыі. Такой недысцыплінаванай і маламанеўровай арміяй было цяжка кіраваць. Армія тэўтонцаў была значна больш дысцыплінаванай. Праўда, у Грунвальдскай бітве войска ордэна складала меншасць сярод прускай шляхты, наймітаў і саюзнікаў.

Войска Вітаўта знаходзілася на больш высокім узроўні. Вітаўт актыўна ўжываў рыцарскую конніцу. Войска было здольным на манеўры: флангавыя абходы, уяўныя адступленні і гэтак далей.

тэўтонскі ордэн, крыжакі
Ілюстрацыя: PALATNO

Асноўныя падзеі Грунвальдскай бітвы разгарнуліся на няроўнай мясцовасці паміж паселішчамі Грунфельд (польскія гісторыкі перайменавалі яго ў Грунвальд), Стэнбарк і Людзвігава. З трох бакоў месца бітвы атачалі лясы.

Вялікі магістр першым прыбыў на месца і ўмацаваў свае пазіцыі. Саюзная армія выйшла ў кірунку будучай бітвы ў ноч з 14 на 15 ліпеня. Вітаўт кіраваў войскамі на пярэднім краі, непасрэдна ў баі — ён жа арганізаваў вядомы і выдатны манеўр з уяўным адступленнем. Ягайла знаходзіўся ззаду войск, адтуль накіроўваў рэзервы.

На правым і левым флангах — літоўскім і польскім адпаведна — разварочваліся асобныя бітвы. Войскі Вітаўта адступілі, а пасля разбілі крыжакоў, што гналіся за імі. На польскім баку біліся літаральна сценка на сценку — і ў выніку палякі атрымалі перавагу. Крыжацкія рыцары нават змаглі дабрацца да Ягайлы, але не здолелі забіць яго. Затым аб’яднанае войска рушыла на крыжакоў і атачыла іх.

Гэта яшчэ быў не канец бітвы. Частка крыжакоў збегла і ўмацавалася ў абозе, але паспяховай абароны ў іх не атрымалася. Падчас Грунвальдскай бітвы загінуў вялікі магістр Ульрых фон Юнгінген, а таксама амаль усе вышэйшыя чыны Тэўтонскага ордэна. Дарэчы, памятаеце пасла, які абразіў Вітаўта? Яго звалі Марквард фон Зальцбах: яго схапілі і даставілі князю пасля бітвы, затым яму адсеклі галаву.

Па падліках гісторыкаў, бітва пад Грунвальдам працягвалася да 19 гадзін і скончылася з заходам сонца. З боку крыжакоў загінулі каля 18 тысяч воінаў і абслугі, каля 14 тысяч — трапілі ў палон.

Саюзнае войска Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы адпачывала толькі адзін дзень, а затым рушыла на Мальбарк. Малбарк быў гатовы да абароны, там кіраваў Генрых фон Плаўэн. У тыя часы здабыць Мальбарк можна было двума спосабамі: здрадай ці галоднай блакадай. Таму Ягайла, Вітаўт і фон Плаўэн правялі перамовы, якія нічым не скончыліся. У тэўтонцаў усё яшчэ заставаліся саюзнікі, але ім быў неабходны час, каб прыйсці на дапамогу. Гэты час меў Мальбарк, але не мелі Ягайла і Вітаўт. У сярэдзіне верасня войска Вітаўта і Ягайлы адышло ад Мальбарка.

Захаванне Мальбарка азначала, што дзяржава ордэна не загінула. Пасля адыходу аб’яднанага войска захопленыя тэрыторыі сталі зноў вяртацца пад уладу тэўтонцаў. Крыжакі змаглі вярнуць сабе амаль усю сваю ранейшую тэрыторыю. Вайна працягвалася дробнымі сутычкамі ў Літве і Польшчы. Было заключана перамір’е, але падчас яго працавалі над мірнай дамовай.

Вялікая вайна 1409-1411 гадоў была скончана пагадненнем у Златарыі. Жамойція дасталася Вітаўту, ордэн пакінуў сабе свае тэрыторыі, а Добжынская зямля замацавалася за Польшчай.

Вярнуцца ўгару