«Кола», «спрайт», піва… Цяпер кожны можа пакаштаваць напой з бляшанкі, але гэта тэхналогія з’явілася менш за сто гадоў таму. Напоі ў бляшанках шырока распаўсюдзіліся ў ЗША і Еўропе, а ў Савецкім Саюзе ўсяго на пяць гадоў змаглі ўкараніць бляшаначнае піва — яно было надзвычай дарагім і з металічным смакам.
PALATNO расказвае гісторыю бляшанкі для напояў.
Прататып бляшанкі — распрацоўка для французскіх вайскоўцаў
Гісторыя бляшанкі для напояў звязаная з ёмістасцямі для кансерваў. І ўсё пачалося з Францыі, калі Напалеону Банапарту спатрэбілася ўтрымліваць армію і флот. Напрыканцы XVIII стагоддзя ён прапанаваў салідную суму грошаў любому, хто зможа распрацаваць спосаб захавання ежы. Праз некаторы час Нікаля Апер прыдумаў пакаваць ежу ў спецыяльныя бутэлькі, як віно. Дарэчы, за сваю прыдумку Апер атрымаў 12 000 франкаў ад французскага ўраду.
Затым ідэя з кансерваваннем распаўсюдзілася на Вялікабрытанію. Напачатку XIX стагоддзя там пачынае працаваць першая кансервавая фабрыка. Прамысловая рэвалюцыя толькі дапамагла ўдасканаліць вытворчасць бляшанкі, зрабіць яе масавай прадукцыяй.
Да сярэдзіны стагоддзя бляшанкі трапляюць у Злучаныя Штаты. Там жа прыдумваюць адкрывалку для бляшанкі. Падчас Грамадзянскай вайны ў Амерыцы бляшанкі і непасрэдна адкрывалкі выпрабоўваюць у надзвычайных умовах.
У XX стагоддзі ў бляшанкі піхаюць амаль усё: сардзіны, мяса, ежу для сабак, кукурузу і шмат чаго іншага. Аднак толькі ў 1930-я бляшанкі пачалі выкарыстоўваць як ёмістасці для напояў.
Першае піва і безалкагольныя напоі ў бляшанках
24 студзеня 1935 года кампанія Gottfried Kruger выпусціла піва Krueger Cream Ale у бляшанцы. Лічыцца, што ў гэты дзень упершыню ў продаж паступіла піва ў бляшанцы. Тэставым рынкам абралі горад Рычманд у Вірджыніі. Да канца першага года ў гісторыі бляшаначнага піва прадалі 200 мільёнаў банак. Сама бляшанка выглядала амаль так жа, якой мы ведаем яе і ў сучаснасці. Адзінае адрозненне — гэта накрыўка, якая была як і ў шкляной бутэльцы.
Механізм адкрыцця банкі з бляшаным язычком з’явіўся пазней, хаця яго запатэнтавалі яшчэ ў 1922 годзе. Спачатку бляшанкі адкаркоўвалі: такую, напрыклад, тэхналогію можаце пабачыць у першага бляшаначнага піва.
У 1959 годзе амерыканскі інжынер Эрмал Фрэйз распрацаваў новы метад адчынення бляшанкі — яго назвалі «цягучы язычок» (pull tab ці pop-tops). У 1970-я «цягучыя язычкі» сталі ўтвараць праблемы: людзі іх выкідвалі на зямлю, што было патэнцыйнай рызыкай для траўмаў. І вось тады з’яўляецца push-tab, які пазней трансфармуецца ў stay-on-tab — такімі адкрыўкамі людзі карыстаюцца і дагэтуль. Stay-on-tab быў распрацоўкай англічаніна Энтані Бахады.
Трэба адзначыць, што ўсе апісаныя метады адкрыцця бляшанак былі запатэнтаваныя за дзясяткі гадоў да іх рэальнага выкарыстання, бо спачатку ў іх неабходнасці і практычнасці моцна сумняваліся.
Усё ў тым жа 1935 годзе ўжо па-за межамі ЗША піваварня Felinfoel таксама масава выпускае піва ў бляшанках. У 1937 годзе 23 бровары ў Вялікабрытаніі пастаўлялі сорак розных марак піва ў бляшанках. Бляшаначнае піва распаўсюдзілася па ўсім свеце. У Германіі такое піва з’явілася ў 1937 годзе.
А ці было піва ў бляшанках у СССР?
У СССР піва ў бляшанках таксама было, але ўсяго пяць гадоў. Распрацоўку ўкаранілі адмыслова да Алімпіяды-1980. У 1975 годзе ў бляшанках пачалі выпускаць піва «Золотое кольцо».
Перад Алімпіядай у Маскве савецкія чыноўнікі вырашылі запусціць і ў сябе піва ў металічнай ёмістасці, каб паказаць замежнікам, што і ў Саюзе такая тэхналогія таксама ёсць. Міністэрства знешняга гандлю СССР купіла абсталяванне для разліву піва ў ФРГ, але не закупілі самі бляшанкі, бо вырашылі знайсці танней.
Бляшанкі купілі ў Японіі, аднак яны не падыходзілі для нямецкай тэхналогіі — немцы проста адмовіліся наладжваць вытворчасць. Аднак у выніку выпуск піва наладзілі савецкія інжынеры, але кошт адной бляшанкі быў надзвычай дарагі для звычайнага чалавека.
«Золотое кольцо» каштавала 60 капеек, а сярэдняя зарплата была 180 рублёў. Напрыклад, квіток у кіно можна было купіць за 10 капеек, хлеб — за 13 капеек, а кашулю — ад 5 да 10 рублёў.
Тэрмін прыдатнасці савецкага піва ў бляшанцы быў 90 дзён. Аднак яшчэ пазней высветлілася, што з-за тэхналогіі вытворчасці бляшанак ужо праз месяц у піва з’яўляўся металічны смак.
Пасля Алімпіяды ў Маскве ў 1980 годзе вытворчасць спынілі: у Саюзе такое піва амаль не куплялі з-за цаны і дрэннай якасці.