А вы ведалі, што і на тэрыторыі сучаснай Беларусі калісьці адбыўся метэарытны дождж? Больш за дзвесце гадоў таму на Брагіншчыне знайшлі часткі метэарытаў — і, як стала вядома пазней, яны былі вельмі рэдкімі. Першым, хто назваў знаходкі ля Брагіна метэарытамі, быў Станіслаў Баніфацый Юндзіл. Яго яшчэ часта называюць беларускім Карлам Лінэем.
PALATNO расказвае і пра брагінскія метэарыты, і пра Станіслава Юндзіла.
Рэдкія метэарыты Брагіншчыны
Напачатку XIX стагоддзя сяляне знайшлі часткі метэарытаў ля Брагіна. З цягам часу звесткі пра знаходкі дайшлі да навукоўцаў у Вільні. У 1818 годзе выкладчык мінералогіі Віленскай акадэміі Ігнацый Гарадзецкі атрымаў экзэмпляры жалезнай руды. Гарадзецкі паказаў іх яшчэ аднаму навукоўцу — Станіславу Баніфацыю Юндзілу.
Станіслаў Юндзіл зацікавіўся брагінскімі метэарытамі і стаў праштурхоўваць ідэю далейшых даследаванняў. Менавіта Юндзіл вызначыў, што жалезную раду, якую даслалі з Брагіна ў Вільню, і з’яўляецца «метэарытным жалезам». Станіслаў Юндзіл даўно цікавіўся метэарытамі, таму з яго падачы навукоўцы і пачалі вывучэнне знаходак ля Брагіна.
Пазней часткі метэарытаў на Брагіншчыне будуць знаходзіць і навукоўцы ў іншыя гістарычныя эпохі. Усяго знайшлі трынаццаць экзэмпляраў агульнай вагой каля 800 кілаграмаў. Цікава, што брагінскія метэарыты не самыя распаўсюджаныя: іх называюць паласітамі — і яны складаюць толькі 1,8% ад усіх вядомых метэарытаў. Даследчыкі лічаць, што метэарытны дождж на Брагіншчыне адбыўся каля тысячы гадоў таму.
Цяпер знойдзеныя метэарыты захоўваюцца ў Беларусі, Украіне і Расіі.
Станіслаў Юндзіл — чалавек, які любіў не толькі метэарыты
Дзякуючы таму, што Станіслаў Юндзіл вызначыў, што менавіта за матэрыял знайшлі ля Брагіна, пачаўся пошук і далейшае вывучэнне брагінскіх метэарытаў. А яшчэ раней Юндзіл стаў адным з першых даследчыкаў, які напісаў вялікі артыкул пра паходжанне метэарытаў. Яго публікацыю выйшла ў 1805 годзе на польскай мове ў Pamiętniku Warszawskim. Дарэчы, гэта была адна з самых першых публікацый па-польску пра метэарыты.
Артыкул Станіслава Юндзіла складаецца з двух частак: у першай ён расказвае, адкуль могуць паходзіць метэарыты (ці гэта з’ява касмічная, ці ад Бога) і пазіцыі па гэтым пытанні ад навукоўцаў; у другой частцы — каталог падзення метэарытных дажджоў. У каталозе, які склаў Станіслаў Юндзіл, зафіксаваны 39 выпадкаў падзення метэарытаў. У каталозе адзначаны дакладныя месцы, даты і колькасць метэарытаў. На цяперашні момант пацверджаны толькі 21 выпадак, які апісаў Юндзіл.
Пасля той першай публікацыі Станіслаў Юндзіл шмат гадоў не публікаваў нічога пра метэарыты. Яго асноўная праца палягала на батаніцы. Разам з гэтым Станіслаў збіраў мінералагічныя матэрыялы для Віленскай акадэміі.
А хто ўвогуле такі Станіслаў Баніфацый Юндзіл? Ён нарадзіўся ў вёсцы Ясенцы ля Ліды ў 1761 годзе. Станіслаў, як і яго сваякі, быў прадстаўніком шляхецкага роду. Сям’я была не вельмі заможнай, але адукацыю малады шляхціц атрымаць змог: спачатку дома, а затым у піярскіх школах.
Станіслаў атрымаў тэалагічную адукацыю і стаў ксяндзом, аднак разам з гэтым вывучаў і дакладныя навукі — фізіку і хімію. Аднойчы ён трапіў на лекцыі французскага біёлага Жана Жылібера, які вывучаў флору і фаўну ВКЛ. Гэтыя лекцыі шмат у чым паўплывалі на маладога Станіслава.
Пазней Станіслаў Юндзіл стане кіраўнікоў шчучынскай піярскай школы, будзе настаўнічаць яшчэ ў шматлікіх школах піяраў. Але ў выніку прыйдзе да навуковай дзейнасці: лекцыі па заалогіі ўскладняліся тым, што не было ніякіх падручнікаў. Так Станіслаў Юндзіл выпусціў некалькі даведнікаў па батаніцы. За «Апісанне літоўскіх раслін паводле сістэмы Лінея» атрымаў медаль ад караля. А яшчэ напачатку XIX стагоддзя распрацаваў метады знішчэння саранчы.
Большую частку жыцця Станіслаў Юндзіл прысвяціў працы ў Віленскай акадэміі. Ён памёр 15 красавіка 1847 года ў Вільні.