Now Reading
Акцябраты, піянеры і БРСМ. Як «савок» паглынае беларускую моладзь

Акцябраты, піянеры і БРСМ. Як «савок» паглынае беларускую моладзь

як выйсці з брсм

Беларусь — гэта, напэўна, адзіная краіна на постсавецкай прасторы, якая захавала пераемнасць піянерскага руху пасля распаду СССР. Беларускія дзеці носяць чырвона-зялёныя гальштукі і ходзяць на праўладныя мерапрыемствы. Калі школьнік выходзіць з піянерскага ўзросту, яго пад пагрозамі і ціскам прымушаюць уступіць у БРСМ — аналаг камсамолу савецкага часу. PALATNO расказвае, адкуль прыйшлі гэтыя арганізацыі, ці можна ў іх не ўступаць і што адбываецца ў іншых краінах.

БРПА, ці беларускія піянеры

Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя (БРПА) налічвае каля шасцісот тысяч чалавек. Гэта самадзейнае, добраахвотнае грамадскае аб’яднанне дзяцей, падлеткаў і дарослых, якое прадстаўляе і абараняе інтарэсы і правы сваіх членаў, як напісана на сайце БРПА. Арганізацыю стварылі ў 1990 годзе. У БРПА ўваходзяць акцябраты і піянеры.

Акцябронак — член арганізацыі ва ўзросце ад 7 да 10 гадоў. Прымаюць у БРПА ва ўрачыстай абстаноўцы на зборы дружыны. Тэрмін «акцябраты» з’явіўся ў 1923-1924 гадах, калі ў Маскве сталі стварацца першыя групы дзяцей пачатковых класаў. Гэтыя дзеці былі равеснікамі Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі.

Ва ўрачыстай абстаноўцы ім выдавалі нагрудныя значкі ў форме пяціканцовай рубінавай зоркі з партрэтам Уладзіміра Леніна ў дзяцінстве.

Атрад акцябрат дзяліўся на групы па пяць чалавек. У кожнага акцябронка была свая роля: камандзір, кветкавод, санітар, бібліятэкар, палітінфарматар або фізкультурнік.

Усесаюзная піянерская арганізацыя імя У. І. Леніна ўзнікла ў 1922 годзе. Надзея Крупская, жонка правадыра пралетарыяту, прапанавала камсамолу ўзяць на ўзбраенне скаўцкія метады і стварыць дзіцячую арганізацыю, «скаўцкую па форме і камуністычную па змесце».

Аналагічныя існавалі ў краінах сацыялістычнага лагера: Балгарыі, Румыніі, Польшчы, ГДР, Чэхаславакіі — а таксама ў краінах Азіі і Афрыкі з дыктатарскімі рэжымамі, якія падтрымліваў Савецкі Саюз.

Мэтай піянерскай арганізацыі ў той час было выхаванне юных змагароў за справу Кампартыі Савецкага Саюза. Атрыбутамі ўсіх піянераў былі нагрудны значок і шаўковы піянерскі гальштук пунсовага колеру.

Зараз піянеры засталіся толькі ў Беларусі, Венесуэле, КНДР, Кітаі, Лаосе і на Кубе. А ва Украіне, напрыклад, піянерскі рух забаранілі ў 2015 годзе.

Сучасныя беларускія піянеры носяць не чырвоныя гальштукі, а чырвона-зялёныя.

Першакласнікаў не чапаюць, ім толькі праводзяць патрыятычныя ўрокі і 1 верасня кожнаму ўручаюць па кнізе «Мая краіна — Беларусь». З другога класа дзяцей прымушаюць уступаць у акцябраты, а з чацвёртага — у піянеры.

Каб уступіць у БРПА, бацькі павінны падпісаць адпаведны дакумент. Піянеры займаюцца валанцёрствам, праводзяць канцэрты, акцыі і здаюць членскія ўзносы.

Акрамя таго, піянераў прымушаюць удзельнічаць у праўладных мерапрыемствах, ідэалагічных лекцыях пра вайну і партызан, а таксама пра «варожы» бел-чырвона-белы сцяг.

Дзецям расказваюць, што ў СССР усе, хто не ўступіў у піянеры, лічыліся няўдачнікамі і двоечнікамі, «сапраўдны патрыёт сваёй Радзімы проста абавязаны быць піянерам». Педагогам з новым навучальным годам прыходзяць разнарадкі на колькасць піянераў ад кожнага класа, за невыкананне плана па ўступленні ў піянеры іх пазбаўляюць прэміі.

БРСМ, ці беларускія камсамольцы

Вучняў старэйшых класаў прымушаюць уступаць у Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (БРСМ) — аналаг камсамолу савецкіх часоў.

Камсамол узнік 29 кастрычніка 1918 года і першапачаткова стварыўся як Расійскі камуністычны саюз моладзі, але ў 1926 годзе яго перайменавалі ва Усесаюзны Ленінскі камуністычны саюз моладзі (ВЛКСМ). Піянеры трымалі шэфства над акцябратамі, а камсамольцы — над піянерамі.

Камуністычная партыя вызначала сферу працы ВЛКСМ у маладзёжным асяроддзі, кіравала падборам і расстаноўкай камсамольскіх кадраў і ажыццяўляла кантроль за дзейнасцю арганізацыі.

У кожнага камсамольца быў значок ВЛКСМ.

Што датычыцца БРСМ, то яго гісторыя пачалася ў 2002 годзе. На агульным з’ездзе аб’ядналіся дзве маладзёжныя арганізацыі: Беларускі саюз моладзі (БСМ) і Беларускі патрыятычны саюз моладзі (БПСМ). Новая арганізацыя абвясціла сябе правапераемніцай абедзвюх папярэдніц. Члены БРСМ звычайна выконвалі і працягваюць выконваць ролю масоўкі на дзяржаўных святах і акцыях у падтрымку Лукашэнкі.

Падлеткаў прымушаюць уступаць у арганізацыю праз пагрозы і запалохванні. Але спачатку школьнікам абяцаюць у абмен на ўступленне ў БРСМ зніжкі на білеты ў кіно і на канцэрты, на заняткі ў аўташколе і масаж, кажуць, што членскі білет БРСМ адкрывае дзверы для бесперашкоднага паступлення ў любую ВНУ краіны, а студэнтам дае перавагі пры размеркаванні і паспяховую кар’еру. На тых, хто не ўступае, аказваюць ціск.

Даволі часта ў інтэрнэце з’яўляюцца відэа, на якіх настаўнікі абавязваюць дзяцей уступаць у БРСМ. Напрыклад, такі выпадак адбыўся ў 2018 годзе ў адной з мінскіх гімназій. На відэа разборліва чуваць, як дзецям пагражаюць, іх прымушаюць уступіць у афіцыйную моладзевую арганізацыю, бо «адміністрацыі школы патрэбна стопрацэнтная статыстыка, а іначай можа быць адлічэнне з класа».

У 2022 годзе першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук’янаў заявіў, што ў БРСМ маецца патэнцыял, каб узяць на сябе функцыі ліквідаваных у Беларусі НКА.

«Вядома, неабходна гэтую нішу займаць. І, вы ведаеце, патэнцыял валанцёрскага руху БРСМ “Добрае сэрца”  — велізарны. Гэта паказвае і гісторыя з уцекачамі, якіх польскія ўлады не пускалі. Паглядзіце, як мабілізавалася наша грамадства, быў разгорнуты штаб. Вялікая колькасць маладых людзей — хлопцы самастойна, па сваёй ініцыятыве запісваюцца ў валанцёры. Гэта нашы пункты росту, іх неабходна развіваць, пашыраючы колькасць напрамкаў».

Таксама вядома, што ва ўсіх рэгіёнах Беларусі ёсць маладзёжныя атрады аховы правапарадку — МААП. Іх членамі з’яўляюцца актывісты БРСМ.

Казусы за аўтарствам БРСМ

7 лістапада 2016 года, падчас адкрыцця новага помніка Леніну каля трактарнага завода ў Мінску, чацвёра дэмакратычных актывістаў выйшлі з натоўпу ўдзельнікаў і пачалі крычаць: «Ганьба!».

Другі сакратар БРСМ Сяргей Клішэвіч кінуўся на актывістаў з крыкам: «Ленін, партыя, камсамол!».

Дэмакратычных актывістаў тым часам скруцілі супрацоўнікі АМАПу. Лідара «Маладога Фронту» Змітра Дашкевіча неслі да машыны тры міліцыянеры.

Пасля такога здарэння для натоўпу ўключылі «Гімн Усебеларускага народнага сходу» ў выкананні Аляксея Хлястова.

У 2019 годзе члены БРСМ у камуфляжы з дубінкамі і бэйджамі патрулявалі вуліцы Гродна. Карэспандэнту hrodna.life хлопцы прадставіліся байцамі моладзевага атрада аховы правапарадку (МААП).

Першы сакратар Гродзенскага абкама ГА БРСМ Павел Мархалюк расказаў, што хлопцы, якія выйшлі з дубінкамі, праявілі ўласную ініцыятыву і МААП уваходзіць у структуру БРСМ.

Гродзенскі праваабаронца Уладзімір Хільмановіч сказаў, што БРСМ, як грамадская арганізацыя, не мае ніякага дачынення да органаў унутраных спраў і ўнутраных войск, а нашэнне такіх дубінак і іх прымяненне незаконна.

У 2020 годзе на пікеце па зборы подпісаў за вылучэнне Лукашэнкі ў кандыдаты члены БРСМ памылкова накінулася на лідара прафсаюзаў Беларусі і кіраўніка перадвыбарчага штаба Лукашэнкі Міхаіла Орду.

Ён агучыў карэспандэнтам колькасць подпісаў, якія сабралі за Лукашэнку: «Не 200, вы праслухалі, мільён». Орду перабілі дзяўчаты з пытаннем: «А колькі вам заплацілі?». — «На ўсякія гэтыя гадасці вашы адказваць не буду», — сказаў кіраўнік штаба. «Якія гадасці? Колькі вам заплацілі за эфір?», — паўтарылі дзяўчаты.

У 2022 годзе школьнікаў з Калінкавічаў адправілі працаваць ад БРСМ у зверагаспадарку і «кінулі на грошы». Пра гэта расказала мама 15-гадовай школьніцы.

Калі мама тэлефанавала ў БРСМ, яе пераканалі, што ўсё будзе сумленна. Але ў выніку дзеці атрымалі капейкі.

БРСМ і Гітлерюгенд — адное і тое ж?

Гітлерюгенд (Hitlerjugend або HJ) — маладзёжны рух, які арганізавалі нацысты. Ён падзяліўся на жаночую і мужчынскую галіны. Мужчынскае падраздзяленне называлася «Гітлерюгенд», а жаночае — «Саюз нямецкіх дзяўчат».

У 1931 годзе арганізацыя падзялілася на 4 катэгорыі па полу і ўзросту:

  • Юнгфольк (Deutsches Jungvolk) — для хлопчыкаў ад 10 да 14 гадоў;
  • Саюз дзяўчынак (Jungmädelbund) — для дзяўчынак ад 10 да 14 гадоў;
  • Саюз нямецкіх дзяўчат (Bund Deutscher Mädel або BDM) — для дзяўчат ад 14 да 18 гадоў;
  • Гітлерюгенд (Hitlerjugend) — для юнакоў ад 14 да 18 гадоў.

Маладзёжныя групы былі створаны, каб вучыць дзяцей і падлеткаў ідэалогіі і палітыцы нацызму, а таксама рыхтаваць моладзь Германіі да вайны.

На момант прыходу нацыстаў да ўлады ў студзені 1933 года колькасць членаў Гітлерюгенда складала каля ста тысяч. Да канца года яна перавысіла 2 мільёны (30% нямецкіх падлеткаў ва ўзросце 10-18 гадоў). У наступныя гады нацысцкі рэжым прымушаў моладзь уступаць у арганізацыі Гітлерюгенда. Энтузіязм, ціск з боку аднагодкаў і прымус прывялі да значнага росту колькасці іх членаў. Да 1937 года колькасць членаў Гітлерюгенда павялічылася да 5,4 мільёна (65% падлеткаў ва ўзросце 10-18 гадоў). Да 1940 года гэта лічба склала 7,2 мільёна (82 %).

Яўрэям забаранялася ўступаць у гэтыя арганізацыі.

Ці магчыма выйсці з БРСМ?

Што рабіць, калі прымушаюць уступаць у БРСМ? У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ёсць артыкул 36, у якім напісана, што «кожны мае права на свабоду аб’яднанняў». Гэта значыць, што ніхто не мае права прымушаць вас нікуды ўступаць.

Калі гэта адбылося, можна звярнуцца ў прэс-службу БРСМ альбо напісаць скаргу ў Міністэрства адукацыі ці падаць заяву ў суд.

Працэдура выхаду з БРСМ замацавана ў Статуце арганізацыі (Раздзел IV. Членства ў ГА БРСМ, пункт 4.6). Ва ўніверсітэце трэба прыйсці да свайго факультэцкага сакратара БРСМ, напісаць заяву, атрымаць подпіс сакратароў БРСМ факультэта і ўніверсітэта, а таксама прадстаўніка адміністрацыі ВНУ. Затым — здаць свой членскі білет і значок.

Пры выхадзе з БРСМ людзі сутыкаюцца з тым, што іх просяць аплаціць усе запазычанасці па ўзносах. Калі вы вучыцеся на бюджэце, то ўзносы ў вас аўтаматычна здымаюць са стыпендыі, але калі вы «платнік», то аддаяце ўзносы сваёй старасце або чалавеку з групы, хто адказвае за збор гэтых грошай.

У Статуце прапісаны толькі абавязак члена БРСМ своечасова выплачваць узносы, але пра выплату запазычанасці пры выхадзе з арганізацыі нічога не сказана.

А што ў іншых краінах?

Расія

«Юнармія» — ваенна-патрыятычны рух, які стварылі ў 2016 годзе па ініцыятыве Мінабароны Расіі, яе штаб цяпер узначальвае алімпійскі чэмпіён па спартыўнай гімнастыцы з Растова-на-Доне Мікіта Нагорны.

Адной з яе мэтаў з’яўляецца «фарміраванне ў моладзі гатоўнасці і практычнай здольнасці да ваеннай службы». У рух можна ўступіць з 8 да 18 гадоў. Зараз у арганізацыі налічваецца больш за паўмільёна чалавек, рэгіянальныя штабы адкрыты ў 85 рэгіёнах Расіі.

У сакавіку 2022 года Галоўнае ўпраўленне разведкі Мінабароны Украіны паведаміла аб магчымым прыцягненні юнармейцаў да ўдзелу ў баявых дзеяннях. Быў апублікаваны загад з подпісам міністра абароны РФ Сяргея Шайгу аб тым, што вайскоўцы абавязаны падрыхтаваць справаздачу аб патэнцыйным кадравым рэзерве чальцоў «Юнарміі» ва ўзросце ад 17 да 18 гадоў. Міністэрства абароны сапраўднасць гэтага дакумента адмаўляла.

Польшча

Саюз польскіх харцэраў — арганізацыя, якая праводзіць нефармальныя адукацыйныя і лідарскія трэніровачныя праграмы для дзяўчынак і хлопчыкаў ва ўзросце ад 6 да 25 гадоў.

Яе дзейнасць разлічана на ўсіх маладых людзей, незалежна ад іх паходжання, нацыянальнасці, расы або веравызнання. Яна стварае бяспечнае асяроддзе для маладых людзей, развівае іх патэнцыял у якасці адказных і актыўных грамадзян.

Члены арганізацыі ўдзельнічаюць у мясцовых, нацыянальных і міжнародных супольнасцях і ўсіх сферах жыцця грамадства.

У цяперашні час СПХ складаецца з больш чым 90 000 дзяўчынак і хлопчыкаў.

Вярнуцца ўгару