Чысць — пасёлак, дзе спалучаецца беларуcкі характар і нямецкія архітэктурныя ідэі

чысць з вышыні птушынага палёту

У нашай краіне ёсць адно паселішча, якое выглядае не падобным ні на адзін іншы пасёлак ці мястэчка. Такім з’яўляецца пасёлак Чысць у Маладзечанскім раёне. Значная частка Чысці будавалася з удзелам нямецкай архітэктурнай думкі і досведу.

PALATNO расказвае, як так магло атрымацца.

Што за Чысць?

Да сярэдзіны ХХ стагоддзя назву Чысць мела балоцістая мясцовасць, вядомая далёка за межамі Маладзечанскага і Вілейскага раёнаў сваімі ўнушальнымі памерамі. Калісьці тут касілі сена і нарыхтоўвалі яго запасы жыхары навакольных вёсак, а ў гушчарах хмызнякоў гняздзілася мноства птушак. На ягадных палянах спелі чарніцы і брусніцы. Цяпер на гэтым месцы знаходзіцца сучасны і прыгожы пасёлак, названы ў гонар колішняга балота.

Чысць — найбольш добраўпарадкаваны населены пункт краіны сельскага тыпу. Ён знаходзіцца ўсяго ў дваццаці кіламетрах ад Маладзечна, а зусім блізка ля Чысці стаіць вёска Ракуцёўшчына, у якой знаходзіцца музей Максіма Багдановіча. Па колькасці насельніцтва (там жыве каля шасці тысяч чалавек) і адсотку занятасці ў прамысловасці ён можа быць горадам ці пасёлкам гарадскога тыпу, але ён толькі цэнтр сельсавета.

 

Чысць праектавалі і будавалі з нуля на пустым месцы — на беразе вялікага балота, якое і дало пасёлку назву. Галоўнай задачай бачылі месца для рассялення рабочых, якія працуюць у торфаздабычы. Гэты кірунак наладзілі ў пачатку 1950-х.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Дзень, калі нарадзіўся беларускі рок-н-рол? Паўстагоддзя таму ў Мінску адбыўся першы рок-н-рольны фестываль

 

На грошах В’етнама намаляваны беларускі трактар?

 

Якой бачылі Беларусь у замежнай літаратуры


У 1953 годзе супрацоўнікі Ленінградскага дзяржаўнага інстытута правялі разведвальныя працы, яны паказалі перспектыўнасць распрацоўкі. Праз год у той мясцовасці пачалі будаваць жылыя дамы, амбулаторыю, сталовыя, лазні і крамы. У 1955-м заснавалі торфапрадпрыемства «Чысць» — гэты ж год лічыцца годам заснавання самага пасёлка.

У 1962 годзе завод перайменавалі ў «Краснае» — так называецца суседняя з Чысцю вёска.

Чарнобыльскія перасяленцы і новае прадпрыемства

Торф аказаўся не вечным, таму мясцовае прадпрыемства пераключылася з асушанага балота на здабычу гліны. Аднак і тут усё пайшло не так: распрацоўка карысных выкапняў стала нерэнтабельнай з-за збяднення пласта.

У 1980-я гады ратаваць пасёлак павінна была праграма будаўніцтва камбіната будматэрыялаў. Чысць трапіла ў праграму супрацоўніцтва СССР і ФРГ: немцы дапамагалі будаваць новае прадпрыемства і перадалі тэхналогіі вытворчасці. У 1990 годзе ўтварылася акцыянернае таварыства «Забудова». Завод стаўся вельмі дарэчным для выратавання пасёлка ад эканамічнага заняпаду і забеспячэння мясцовага насельніцтва працоўнымі месцамі.

пасёлак чысць, завод забудова
Лагатып завода «Забудова» ў пасёлку Чысць. Фота: wikipedia.org

Але людзі ехалі ў Чысць не толькі з-за працы. У 1986 годзе выбухнуў Чарнобыль. Тады паўстала пытанне перасялення часткі насельніцтва з забруджаных тэрыторый у іншыя рэгіёны Беларусі. У Чысць пачалі актыўна ехаць жыхары з забруджанай зоны: так насельніцтва пасёлка расло за кошт новых жыхароў, якія адразу забяспечваліся працай.

У 1992 годзе на заводзе пачалі мантаж ліній па выпуску ячэістага бетону і скончылі толькі праз сем гадоў. Нямецкі канцэрн Hebel пастаўляў абсталяванне і навучаў спецыялістаў. Доўгі час «Забудова» была комплексным домабудаўнічым холдынгам, у склад якога ўваходзіла чатыры заводы ў Чысці. Асноўным напрамкам быў выпуск блокаў з ячэістага бетону, сухіх будаўнічых сумесей, цэментнай дахоўкі, бетонных канструкцый.

ДАВЕДКА
Дарэчы, многіх уражвае ў Чысці колькасць будынкаў з чырвонай дахоўкай. У гэтым няма нічога дзіўнага — яе тут вырабляюць.
чырвоная дахоўка ў чысці
Дахоўка, якая выпускаецца на прадпрыемстве «Забудова». Фота: yozas-gubka.livejournal.com

Цяпер прадпрыемства знаходзіцца ў стане санацыі ад 2015 года з-за прычыны вялікіх пазыкаў за пастаўкі газа і электрычнасці, а таксама пратэрмінаваных крэдытаў. Калі галоўнае прадпрыемства паселішча змагаецца з крызісам, то адпаведна жыхары Чысці перажываюць не самыя лепшыя часы, хоць большая частка пасялкоўцаў дагэтуль працягваюць працаваць на «Забудове».

мурал у чысці
Мурал на будынку завода «Забудова» са сцэнамі з беларускага вясковага жыцця. Фота: wikipedia.org

У 2020 годзе на сцяне адміністрацыйнага корпусу завода «Забудова» з’явіўся незвычайны мурал мастака Аляксандра Благія. У аснове мурала — выява дывана, зробленага ў тэхніцы падвойнага ткацтва. Чырвоны колер выбраны таму, што ён фірмовы для завода.

Двухпавярховікі 1950-х, таўнхаўзы і баўнхаўзы

Чысць вельмі кампактны і завершаны пасёлак. Тут шмат зелені, жылыя дамы не ціснуцца адзін да аднаго, а ў прасторы паміж імі часцяком хапае месца для вялікіх дзялянак сасновага лесу. Увогуле наведванне Чысці пакідае пачуццё, што людзі нібыта жывуць не ў Беларусі, а недзе ў іншай краіне, настолькі не тыпова выглядаюць некаторыя мясцовыя рэаліі.

Асабліва адметнай у Чысці з’яўляецца архітэктура будынкаў і жылых комплексаў. Архітэктура пасёлка адлюстроўвае гісторыю яго развіцця. Жылую забудову Чысці можна падзяліць на некалькі частак: рабочы пасёлак 1950-х гадоў, раён «чысцінскіх» домікаў і прыватная забудова.

чысць
Нават цэнтральная вуліца ў квартале тыповых двухпавярховак сярэдзіны ХХ крыху нагадвае заходнееўрапейскае мястэчка. Фота: yozas-gubka.livejournal.com

Старой забудовы ў пасёлку не вельмі шмат, знаходзіцца яна ў «торфазавадскім» раёне Чысці і складаецца збольшага з жоўтых і белых двухпавярховікаў. Пры гэтым старое ядро паселішча падтрымліваецца ў парадку, а дамы глядзяцца акуратна і чысценька. Вакол іх узвышаецца тая Чысць, што вырасла тут у 1980-х гадах: з панэльных дамоў, якія ў Маладзечна называюць «чысцінскімі» домікамі: двух-, чытарох- і пяціпавярховікамі.

чысць
Шэры паціпавярховік пасёлка 80-х гадоў. Фота: yozas-gubka.livejournal.com

Забудова з нямецкімі архітэктурнымі рашэннямі, якая цяпер радуе вока і з’яўляецца адной з разынак Чысці, фарміравалася ў апошнія гады існавання Савецкага Саюза і ўжо ў незалежнай Беларусі. Пры ўдзелу нямецкіх архітэктараў выраслі кварталы індывідуальнай забудовы, таўнхаўсаў і шматпавярховікаў.

Двухпавярховыя таўнхаўсы (гэткія дамы-катэджы), якія былі пабудаваны пры ўдзеле замежных архітэктараў, выглядаюць прыгожа, кампактна і акуратна. Блакаваная забудова таўнхаўсаў дазваляе ствараць для кожнага жытла два двары: «парадны» перад уваходам і «чорны». Парадны засаджваецца раслінамі і з’яўляецца складовай часткай агульнага віду дома, а чорны выкарыстоўваецца для гаспадарчых патрэб. Там жа ёсць невялікі земельны ўчастак, асобны гараж і парковачнае месца. Гэтая частка пасёлку можа выклікаць асацыяцыі з прыгарадамі амерыканскіх фільмаў: дом, гараж, газон.

чысць
Чысцінскія двухпавярховыя таўнхаўсы. Фота: glubinka.by

Бліжэй да прадпрыемства ёсць невялічкі квартальчык з двухпавярховых домікаў з чырвонай цэглы. Іх ужо праектавалі беларускія архітэктары, але іх будавалі пад уплывам таўнхаўзаў нямецкіх спецыялістаў. Па-першае, абсалютна нетыповае для нашых шырот рашэнне «склеіць» асобныя дамы ў блок: гэта дазваляе арганічна закрыць унутрыдваравую прастору ад выпадковых гасцей і пашырае асабістую прастору жыхароў ад меж сваёй кватэры да мяжы двара. Па-другое, складаны ў профілі фасад, які разбівае сумную аднастайную сцяну і дае магчымасць воку «пабегаць» па дэталях.

чысць
Таўнхаўсы беларускіх архітэктараў. Фота: blisch.by

Яшчэ больш цікава выглядае квартал абсалютна нетыповых для Беларусі шматпавярховак, гэткія вежападобныя дамы. Яго галоўнай адметнай асаблівасцю з’яўляецца нават не вонкавы выгляд, а ўдалае ўпісванне ў рэльеф і хваёвы бор. Гэта не баўхаўс у чыстым выглядзе, але пэўныя элементы чыста нямецкай архітэктурнай школы ў пабудове дамоў прасочваюцца. Гэта і амаль поўная адмова ад надакучлівай сіметрыі будынкаў, і пераважанае функцыянальнасць над прыгажосцю. Яны досыць простыя і недарагія, пры гэтым цікава глядзяцца.

чысць
Чысцінскія баўхаўсы вежападобнага тыпу. Фота: glubinka.by

Ёсць яшчэ квартал прыватнай забудовы, якія складаецца с катэджаў. Не ў кожным горадзе, а тым больш пасёлку, можна пабачыць такія акуратныя і прыгожыя прыватныя катэджы

чысць
Прыватныя катэджы Чысці. Фота: blisch.by

Вядома, у пасёлку ёсць і іншыя будынкі — дом культуры, школа, крамы, бальніца, але ўсе яны выглядаюць не гэтак адметна, хоць з’яўляюцца і не зусім тыповымі. У цэнтры Чысці расцягнуўся цэлы сасновы лес, які выконвае ролю пасялковага парка. Каля гэтай лясной тэрыторыі месціцца чысцінская школа, а ў самім лесе хаваецца мясцовы бальнічны комплекс.

чысць
Мясцовы бальнічны комплекс у ляску Чысці. Фота: yozas-gubka.livejournal.com

Чысць — адметны беларускі пасёлак як з пункта гледжання гісторыі ўзнікнення і прамысловасці, так і архітэктурнай забудовы, якая выглядае нібыта «нямецкае» мястэчка з нязвыклымі краявідамі для невялікіх беларускіх паселішчаў.

Аўтар Хведар Прылёпаўскі

Вярнуцца ўгару