Now Reading
На грошах В’етнама намаляваны беларускі трактар?

На грошах В’етнама намаляваны беларускі трактар?

беларусь на гроша в'етнама

Раз-пораз у стужках мільгаюць фота в’етнамскіх наяўных. На купюрах — выява да болю знаёмага трактара. Сапраўды, на в’етнамскай банкноце ў 200 донгаў намаляваны беларускі МТЗ-50, які апрацоўвае рысавае поле. Расказваем, як такое магло атрымацца.

Увасабленне прагрэсу ў аграрнай сферы

Аказваецца, ажно да 1987 года ў В’етнам пастаўлялі толькі трактары вытворчасці Мінскага трактарнага завода.

— У гады правядзення праграмы механізацыі нашай сельскай гаспадаркі В’етнам атрымаў беларускія трактары, якія вельмі добра сябе зарэкамендавалі, — расказваў у адным з інтэрв’ю міністр сельскай гаспадаркі В’етнама Као Дык Фат. — Такім чынам, яны сталі для нас увасабленнем прагрэсу ў аграрнай сферы. Менавіта таму было вырашана выкарыстоўваць выяву беларускага трактара на нашых грошах.

Той самы трактар

На Мінскім трактарным заводзе МТЗ-50 распрацавалі яшчэ ў канцы 1950-х, але выпускаць пачалі значна пазней — у 1962-м. Мадэль заставалася актуальнай ажно да 1985 года. Усяго з канвеера завода сышло больш за 1,2 мільёна МТЗ-50.

Дзве капейкі

Прайшло шмат гадоў, але в’етнамскія банкноты з выявай нашага трактара да гэтага часу знаходзяцца ў звароце, хоць, трэба прызнаць, сустракаюцца ўжо вельмі рэдка, ды і купіць за 200 донгаў у краіне ўжо нічога не атрымаецца — у В’етнаме шалёная інфляцыя. Дарэчы, па ўзроўні яна амаль ноздра ў ноздру ідзе з той, што назіралася ў Беларусі акурат напярэдадні дэнамінацыі, калі 1 долар каштаваў больш за 20 000 беларускіх рублёў.

Тая самая купюра

Сёння 200 донгаў — гэта прыкладна дзве беларускіх капейкі. Пры гэтым самай дробнай купюрай у В’етнаме зараз афіцыйна лічыцца 1000 донгаў. Банкноты з беларускім трактарам зараз проста дажываюць свой век і больш цэняцца сярод нумізматаў. Калі мясцовым жыхарам даводзіцца знайсці яе ў добрым стане, то нясуць яны яе не ў краму, а калекцыянерам, дзе могуць выручыць за яе некалькі долараў — у сотні разоў больш за яе намінал.

Не першы трактар?

Цалкам верагодна, што МТЗ-50 быў не першым беларускім трактарам, які намалявалі на в’етнамскіх грошах. Ёсць гісторыя, што першым з’яўленнем беларускай тэхнікі на купюрах гэтай краіны быў выпуск у далёкім 1976-м годзе банкноты наміналам у 10 донгаў, і на ёй таксама быў намаляваны беларускі трактар. Хутчэй за ўсё, гэта быў ТДТ-40, які выпускаўся ў Мінску з 1956 года. Трактар гэты ўжываўся для лесанарыхтоўчых прац.

Ізноў трактар на в’етнамскай банкноце

Гэта была самая дробная купюра В’етнама, якая хадзіла тады ў звароце, яна праслужыла ўсяго два гады. Далей здарылася грашовая рэформа, і купюры гэтай вартасці проста прыбралі з ужытку.

Калі верыць словам міністра сельскай гаспадаркі В’етнама, які казаў, што да канца 80-х у краіну пастаўляліся толькі нашы трактары, то ў такім выпадку беларускія трактары траплялі на в’етнамскія купюры ажно двойчы.

Вярнуцца ўгару