
У папулярных серыялах вікінгі выглядаюць як супербайцы з татуіроўкамі на целе. Але ці сапраўды яны рабілі тату? Гістарычныя крыніцы даюць надзею, археалогія ставіць гэта пад сумнеў, а кіно дорыць гатовы канон.
PALATNO разбіраецца, дзе праўда, а дзе кіношны вобраз.
«Сінія малюнкі» і археологія без доказаў
У X стагоддзі арабскі падарожнік Ахмед ібн Фадлан, які быў пасланцам багдадскага халіфа, пакінуў апісанне аднаго народа. Гэты народ ён назваў «русамі» яны былі гандлярамі і ваярамі, якія падарожнічалі па Волзе. Паводле слоў Ахмеда ібн Фадлана, целы русаў былі пакрыты малюнкамі ў выглядзе дрэваў і іншых выяваў ад пазногцяў да шыі. Малюнкі былі сіняга ці зялёнага колеру.
І вось тут узнікаюць сумневы. Ахмед ібн Фадлан не выкарыстоўвае слова «татуіроўка». Магчыма, русы выкарыстоўвалі хну, вохру ці іншы фарбавальнік. Да таго ж, незразумела, ці русы былі менавіта скандынавамі — многія даследчыкі лічаць, што ў іх было скандынаўскае паходжанне.
Дагэтуль навукоўцы не знайшлі ніводнага муміфікаванага цела вікінга з захаванай у яго татуіроўкай. Гэта звязана з тым, што скура рэдка захоўваецца пры звычайных пахаваннях. Часам у месцах з балоцістай глебай знаходзяць муміі з татуіроўкамі, хаця яны часцей належаць іншым культурам.
Разам з гэтым, археолагі знаходзілі прылады, падобныя да тату-набораў, шматлікія ўзоры на метале, дрэве і камянях. Навукоўцы мяркуюць, што ўзоры маглі пераносіць і на скуру.
У вікінгаў была высокаразвітая візуальная культура. Татуіроўкі маглі быць часткай іх самавыяўлення, хаця дакладных доказаў пакуль не знойдзена.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Славяне — рабы? Абмяркоўваем у новым эпізодзе відэападкаста «ГІСТФАК»
Адкуль на беларускіх землях з’явіліся вікінгі і куды зніклі?
Пяць фільмаў і пяць серыялаў, калі вы сумуеце па «Гульні тронаў»
Як фільмы стварылі канон
Сучасныя фільмы і гульні ўжо доўгі час фарміруюць наша ўяўленне пра тое, як выглядалі вікінгі. У серыяле «Вікінгі» ў шэрагу герояў ёсць розныя татуіроўкі з рунамі, звярамі, магічнымі сімваламі. Да прыкладу, у гульні «Assassin’s Creed: Valhalla» карыстальнік можна сам абраць дызайн татуіровак для галоўнага героя, каб той стаў больш персаналізаваным.
Цікава, што ў ранніх фільмах пра вікінгаў у іх татуіровак увогуле не было. У фільме «Вікінгі» (1958 год) вікінгі паказваліся як простыя ваяры з бруднымі тварамі. У 1999 годзе выйшаў фільм «Трынаццаты воін»: там вікінгі паказваюцца з рунічнымі малюнкамі на целе — магчыма, гэта першы выпадак у кіно, у якім у вікінгаў былі татуіроўкі.
Вобраз вікінгаў з татуіроўкамі працуе візуальна і культурна, але з гістарычнага пункту гледжання гэта, хутчэй за ўсё, недакладнае ўзнаўленне рэальнасці.