Дзве падобныя, але такія розныя Церахоўкі. Расказваем пра пасёлкі на Магілёўшчыне і Гомельшчыне

Церахоўка

Шукаеце цікавыя месцы ў Беларусі для вандроўкі? Тады мы вам раскажам пра два незвычайных месцы, дзе абавязкова трэба пабываць.

PALATNO расказвае пра дзве Церахоўкі, куды можна адправіцца гэтым летам.

ДАВЕДКА
Церахоўка (лацінкай — Cierachoŭka) — гэта назва адразу некалькіх аднайменных паселішчаў ва Усходняй Беларусі: аднаго на Магілёўшчыне і двух (раней было тры) на Гомельшчыне. Тапонім «Церахоўка» ўтварыўся ад імя Церах. Паданне аб узнікненні мястэчка з гэтай назвай сведчыць, што там некалі жылі тры браты Церах, Мікалай і Васіль. Церахоўка ўзнікла на тым месцы, дзе жыў Церах. А па народным паданні, ужо вёска атрымала назву імя панскага арандатара. Па сутнасці, тлумачэнне паходжання назваў вельмі падобнае.

Церахоўка на Гомельшчыне: гісторыя, архітэктура, выбітныя асобы

Адна з Цераховак ёсць у Добрушскім раёне, Гомельская вобласць. Упершыню добрушская Церахоўка ўзгадваецца ў XVIII стагоддзі. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай Гомельшчына ўвайшла ў склад Расійскай імперыі, а Церахоўку падаравалі рускаму генерал-фельдмаршалу Пятру Румянцаву.

Наступнай важнай падзеі ў жыцці паселішча стала пракладка Лібава-Роменскай чыгункі. Чыгунка моцна змяніла лад жыцця тутэйшага насельніцтва. Частка мясцовых стала чыгуначнікамі, і там з’явілася чыгуначная станцыя. З часам колькасць жыхароў у Церахоўцы павялічылася. Напрыканцы XIX стагоддзя ў вёсцы была царква, пачатковая школа, шпіталь.

чыгуначная станцыя церахоўка
Чыгуначная станцыя Церахоўка, пабудаваная за часамі Расійскай імперыі. Фота: foto-planeta.com

Затым адбыўся Кастрычніцкі пераварот, прыйшла савецкая ўлада: Церахоўку ўключылі ў склад РСФСР. Толькі ў 1926 годзе вёска ўвайшла ў склад БССР. У гады савецкай улады Церахоўка часова стала раённым цэнтрам. Да пачатку Другой сусветнай вайны з вёскі яна пераўтварылася ў пасёлак гарадскога тыпа.

Забудова Церахоўкі — драўляная і цагляная. У пасёлку мала адметных архітэктурных помнікаў, але пры наведванні мястэчка важна пабачыць стары вакзал, які пабудавалі яшчэ ў XIX стагоддзі. Яшчэ адным цікавым аб’ектам ёсць вадацяжная вежа з чырвонай цэглы побач з чыгуначным вакзалам.

вежа ў церахоўцы, куды з'ездзіць летам у беларусі
Вадацяжная вежа 1946 года пабудовы ў раёне чыгуначнага вакзала. Фота: railwayz.info

Стары чыгуначны вакзал — гэта не адзінае збудаванне часоў Расійскай імперыі. У XIX стагоддзі ў Церахоўцы забудавалі гандлёвыя шэрагі: яны месціліся ў цэнтры вёскі і належалі пераважна яўрэям.

што паглядзець летам у Беларусі, вандроўкі па Беларусі
Збудаванне канца ХІХ стагоддзя, у якой месціліся шэраг мясцовых крамак. Фота: wikipedia.org

У час нямецкай акупацыі некалькі дзясяткаў церахоўскіх яўрэяў былі знішчаны нацыстамі. У верасні 1942 года ў Церахоўцы ў яме каля млына райпрамкамбіната былі забітыя і каля 60 рома. Цяпер месца растрэлаў яўрэяў у мястэчку пазначаецца праваслаўным крыжом.

што паглядзець летам у беларусі, мясціны беларусі
Месца растрэлаў мясцовых яўрэяў. Фота: shtetle.com

Сярод пабудоў за савецкім часам найбольш яскрава вылучаецца Церахоўскі Дом культуры, які пабудавалі ў стылі сталінскага ампіру ў 1950-я гады.

Церахоўка, Магілёўская вобласць
Дом культуры ў Церахоўцы. Фота: foto-planeta.com

Ля Церахоўкі вельмі прыгожыя краявіды на ўзбярэжжы рэчкі Вуць. Там жа знаходзяцца сажалкі, якія практычна ствараюць невялічкі водны комплекс.

У найноўшай гісторыі пасёлка таксама адбываліся цікавыя падзеі. У 1990-1995 гады тут пабудавалі цагляныя дамы на 190 сем’яў, у якія пераехалі перасяленцы з забруджаных радыяцыяй месцаў пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Да пачатку 2010-х насельніцтва Церахоўкі складала каля 1 800 чалавек, але гомельскі савет дэпутатаў вырашыў аб’яднаць пасёлак з суседняй вёскай. Дарэчы, вёска таксама называлася Церахоўка. У выніку такога зліцця насельніцтва пасёлка павялічылася ледзь не ў два разы, цяпер у Церахоўцы жыве каля трох тысяч чалавек.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

Паставы: маршрут на адзін дзень ад мясцовых

Чысць — пасёлак, дзе спалучаецца беларуcкі характар і нямецкія архітэктурныя ідэі


рэчка вуць
Выгляд узбярэжжа рэчкі Вуці. Фота: foto-planeta.com

У невялікім мястэчку нарадзіўся цэлы шэраг творчых асобаў. Родам з Церахоўкі Леанід Рахленка, які працаваў у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Рахленка стаў народным артыстам Беларусі, атрымаў дзяржпрэмію БССР. Узнагароды артыст атрымліваў нездарма, бо актыўна выступаў і граў ролі ў беларускамоўных пастаноўках: «Раскіданае гняздо» Янкі Купалы, «Салавей» Змітрака Бядулі, «Хто смяецца апошнім» Кандрата Крапівы. Акрамя таго здымаўся ў фільмах «Міколка-паравоз», «Палеская легенда», «Гадзіннік спыніўся апоўначы» і «Веснавыя навальніцы». Рахлена памёр у 1986 годзе, яго пахавалі на Усходніх могілках Мінска.

Церахоўка з’яўляецца радзімай і баса Вялікага тэатра ў Маскве — Аляксандра Кароткага. Больш за 20 гадоў Кароткі быў салістам опернай трупы Вялікага тэатра.

Бадай што самым вядомым творцам з Церахоўкі на цяперашні момант з’яўляецца культурны дзеяч і спявачка Руся (сапраўднае імя — Марына Шукюрава). Спачатку была вакалісткай гурта «Indiga», у складзе яго нават стала рок-князёўнай па выніках дзясятай «Рок-каранацыі». У 2011 годзе стварыла свой электронны фолк-гурт «Šuma», які мае папулярнасць у беларускай аўдыторыі. Руся з’яўляецца адным з распрацоўшчыкаў стартапа Vocal Image — прыкладання для трэніроўкі голаса, якое ў 2021 годзе ацэньвалі ў два мільёна еўра. Акрамя таго, Руся — афіцыйны голас чыгуначнага вакзала Мінска і Беларускай чыгункі.

руся спявачка, гурт шума
Руся — стваральніца і салістка гурта Šuma. Фота: zerkalo.io

«Церахоўка стаіць лоўка…». Цікавосткі магілёўскай Церахоўкі

Вёска Церахоўка, ці як па-мясцоваму «дзярэўня», не з’яўляецца старым паселішчам. Пачатак вёскі паклалі толькі ў XIX стагоддзі. Але пры гэтым кожная беларуская вёска цікавая сціплай гісторыяй, асабліва — яе жыхарамі.

Магілёўская Церахоўка — малая радзіма маці аўтара гэтага тэксту. Гэты цудоўны куточак падпаў пад забруджванне падчас выбуху на Чарнобыльскай АЭС, але як і раней захоўвай рысы той старой усходняй «дзярэўні».

вёска церахоўка ў магілёўскай вобласці
Тыповая карціна цэнтральнай вуліцы вёскі. Фота аўтара.

У Церахоўцы, як амаль і на ўсёй тэрыторыі Магілёўшчыны, ёсць слова «Прылёпаўка». Гэта геаграфічная назва проста тлумачыцца ад дзеяслова «прыляпіцца»: невялікая вуліца, якая стала атожылкам ад цэнтральнай часткі паселішча. Так тлумачыў Прылёпаўку мовазнаўца Іван Яшкін. Дарэчы, Яшкін быў родам з магілёўскай Церахоўкі. Цікава, што ў Церахоўцы ўсе хаты на адгалінаваннях ад асноўнай вуліцы і з’яўляюцца Прылёпаўкай.

На Прылёпаўцы знаходзілася былая сажалка пад мясцовай назвай Дуброўка. Вадаём ужо даўны высах, а тапонім застаўся.

вёска церахоўка магілёўшчына
Маленькая рэчка Пацэя, якая пачынаецца каля вёскі Церахоўка. Фота: fotobel.by

Яшчэ адной часткай вёскі ёсць Зарэчча. Назва паходзіць ад падзелу цэнтральнай вуліцы рэчкай Пацэя.

У канцы вёскі насупраць могілак былі ямкі, з якіх пастаянна бралі пясок, у тым ліку і для магілак. З цягам часу гэта мясціна парасла бярозамі, стала падобная на маленькі лясок і атрымала яшчэ адну назву Бярэзнік.

Самая густазаселеная частка вёскі называецца проста «дзярэўня», што хутчэй за ўсё была ядром першапачатковага ўзнікнення вёскі.

вёска церашка
Вясковая дарога, якая вядзе да Бярэзніка. Фота аўтара

Недалёка ад Церахоўкі знаходзіцца Гарэлае балота. Такіх народных гідронімаў па Беларусі шмат, але ён вельмі ёмісты, што дае не толькі добрую арыентацыю, але і ў адным словазлучэнні адлюстроўвае асаблівасці месца.

Чуў і розныя расказы пра церахоўцаў ад маці, што часта паўтарала вельмі цікавы выраз, які прыгожа гучыць і прыдуманы мабыць дасціпнымі вяскоўцамі, што любілі сваю вёску: «Церахоўка стаіць лоўка, можна горадам назваць…».

«Клодаўе». Вельмі часта на Радаўніцу наведваліся на Прапойшчыну, дзе нарадзілася маці. Напачатку 2000-х на вясковых могілках было шмат людзей: дзясяткі машын з беларускімі (зрэдку рускімі) нумарамі. У гэты дзень вёска ажывала, шмат людзей прыязджалі на малую радзіму, каб сустрэцца з блізкімі і ўшанаваць памяць памерлых дзядоў. Часта было такое, калі сваякі ў рознай ступені расцілалі посцілкі каля могілак і стваралі доўгі імправізаваны стол. Мая прабабка Пелагея 1917 года нараджэння, ураджэнка Церахоўкі, ніколі не казала слова «могілкі» або «кладбішча», ці яшчэ нешта падобнае. Паход на магілы да сваякоў яна называла «пайсці на клодаўе». Некаторыя нават зразумець не маглі адкуль такое слова «клодаўе» і чаму нельга яго замяніць іншым словам. Але прабабка, якую мы ўсе называлі баба Полька (насамрэч звалі Пелагея Герасімаўна), гнула сваю лінію і называла так, як ведала і ўмела. Толькі ўжо стаўшы дарослым чалавекам зразумеў незвычайнасць гэтага слова.

вёска церахоўка
Прабабка Пелагея Герасімаўна, 1960-я гг. З сямейнага архіва.

А што такое «клодаўе»? Пра гэта піша ў сваім артыкуле пра міфалагічны кантэкст уяўлення беларусаў пра скарбы этнограф Уладзімір Лобач. «Клодаўе» ці «кладаўё» — гэта тое самае, што і скарб. «Клодаўе» наўпрост звязанае з архаічным уяўленнем, што скарбамі валодаюць памерлыя продкі, адсюль і этымалагічная звязанасць пахаванняў са скарбам.

Хранцыя і Ганцыбурск. Прабабка была цікавым чалавекам з архаічным успрыманнем свету. Яна ўжывала словы «галяк», «варвылле», тое ж «клодаўе». Гэтыя словы не ўжываюцца ў сучаснай беларускай мовы, знікаюць з мясцовай гаворкі. «Галяк» азначае пустое месца без расліннасці, пустэчу, а вось пад «варвыллем» разумеюць няроўную мясцовасць.

Прабабка называла маю маці «любачка» — прыгожае і пяшчотнае слова, якое адпавядае прыметніку рускай мовы «миленькая». Адпаведным ласкавым зваротам да мужчын ёсць слова «любчык».

Розныя камічныя моманты таксама звязаны з прабуляй. Аднойчы два стрыечныя браты ўзімку на галоўным месцы хаты (печы) гулялі ў назвы краінаў. Пелагея Герасімаўна загадала ўнукам назву краіны на літарару «х». Яны доўга думалі і не маглі адказаць, а яна засмяялася і сказала: «Хранцыя». Але тут і высвятляюцца цікавыя моўныя акалічнасц. Значная частка лінгвістаў і мовазнаўцаў яшчэ ў 1920-х гады казалі, што для беларускай мовы не характэрны гук «ф», таму ён часта змяняўся на больш звыклы гук «х» або спалучэнне «хв».

Ці вось яшчэ гісторыя пра Ганцыбурск. Магчыма і ёсць такое паселішча дзе-небудзь у Германіі, але ў арыгінале гэта назва краіны і гучыць яна як Люксембург. Але чалавек, які ніколі не чуў такой назвы і краіны, вельмі хутка прыдумаў сваю, больш яму зразумелую. І гэта не дзіва, бо такіх з’яў хапала ў розныя часы і ў розных краінах, і дакладна не сведчыць пра забітасць ці неразумнасць людзей. Гэта можна параўнаць з перакладам складанага слова на больш зразумелае слова ці іх спалучэнне. Тым больш, прабабка была вельмі кемлівая і ведала жыццё «як сваіх пяць пальцаў». Знала што сказаць чалавеку і як знайсці да кожнага падыход, была даволі камунікабельнай і па-народнаму мудрая.

Аўтар Хведар Прылёпаўскі

Вярнуцца ўгару