Now Reading
Паставы: маршрут на адзін дзень ад мясцовых

Паставы: маршрут на адзін дзень ад мясцовых

паставы летам, што рабіць у паставах

Сфатаграфавацца на фоне старога млына, убачыць косткі маманта, аб’есціся беларускімі стравамі ў рэстаране за невялікія грошы і зайсці ў палац, дзе раней меліся палотны самога Леанарда да Вінчы. Дзелімся маршрутам ад мясцовых  па гораду Паставы. 

ДАВЕДКА
Паставы – горад Віцебскай вобласці з насельніцтвам каля 20 тысяч чалавек, які размешчаны за 159 кіламетраў ад сталіцы Беларусі і адначасова за дзесяць кіламетраў ад мяжы з Літвой. З Мінску да Пастаў можна даехаць аўтобусам ці маршруткай за 20 рублёў, яшчэ варыянт — ехаць на машыне. У гэтым выпадку па дарозе да Пастаў можна слухаць музыку без навушнікаў і рабіць прыпынкі ў розных месцах.

Касцёл Святога Антонія Падуанскага

Мясцовыя раяць пачаць шпацыр з касцёла Святога Антонія Падуанскага, які стаіць на рацэ Мядзелка. Знайсці яго будзе нескладана — касцёл знаходзіцца ў гістарычным цэнтры і бачны практычна з любой часткі горада. 

Касцёл Святога Антонія Падуанскага прыцягвае ўвагу не толькі каталікоў. Фатографы і аматары архітэктуры таксама прыязджаюць паглядзець на неагатычны помнік архітэктуры, які збудавалі ў 1904 годзе. Касцёл Святога Антонія Падуанскага ёсць у Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Касцёл перажыў шмат гістарычных падзей. Будынак моцна пашкодзілі ў перыяд Першай сусветнай вайны — за чатыры кіламетры ад яго праходзіла лінія фронту. Пасля Другой сусветнай вайны касцёл выкарыстоўвалі пад склад нарыхтоўчай канторы збожжа, а пасля філіял завода радыёдэталяў. Ізноў сваю асноўную функцыю каталіцкая царква змагла выконваць з 1988 года.

пастаўскі касцёл
Фота: photoclub.by

Касцёл абгінае рака Мядзелка. Фатографы асабліва любяць кампазіцыю храма, якая адлюстроўваецца ў воднай гладзі. 

«Стары млын» на беразе ракі

Далей па маршруце — былы вадзяны млын на беразе ракі Мядзелка. Цяпер унутры размяшчаецца мясцовы Дом рамёстваў «Стары млын». Каля млына на рэчцы вы ўбачыце дэкаратыўны фантан, які працуе ў цёплую пару года. Будынак пабудавалі ў стылі позняга класіцызму ў другой палове ХІХ стагоддзя на месцы больш старога драўлянага млына. 

Раней на першым паверсе будынка размяшчаліся турбіна і шматузроўневая трансмісія, на другім — жорны, на трэцім — дапаможныя памяшканні. Будынак адрэстаўрыравалі ў 1994 годзе. Цяпер з’яўляецца помнікам прамысловай архітэктуры. 

Адпачынак у скверы і царква ў рускім стылі

Ад вадзянога млына ідзіце на цэнтральную плошчу горада Паставы плошчу Леніна. Гістарычная назва — рынкавая плошча. Месца, дзе круглы год збіраюцца мясцовыя, каб падзяліцца навінамі ды пагуляць, а летам праходзіць Міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік».  

Каб адчуць усё хараство гэтага месца і заадно ўбачыць усе славутасці плошчы, варта зайсці ў самую сярэдзіну — у сквер. Тут знаходзіцца фантан з дэкаратыўнай кампазіцыяй жанчыны з сонцам у далонях.

фантан у паставах, паставы
Фота: holiday.by

Трохі адпачыўшы на лавачцы, можна рухацца далей — да храма Святога Мікалая Цудатворца. Гэта помнік архітэктуры ў рускім стылі, пабудаваны ў 1894 годзе.

царква ў паставах, пастаўская царква
Фота: vedaj.by

Будынкі ХVIII стагоддзя

У скверы азірніцеся вакол — і вы ўбачыце тое, чым асабліва ганарацца мясцовыя. Гэта часткова захаваны да нашых часоў комплекс будынкаў ХVIII стагоддзя, якія ўзвялі пры ўдзеле італьянскага архітэктара Джузэпэ дэ Сака. 

Цяпер ансамбль будынкаў уваходзіць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Да нашых дзён захавалася восем будынкаў: з іх пяць дамоў рамеснікаў, гасцініца, дом доктара і школа. Дом доктара ператварыўся ў аптэку. А ў будынку былой гасцініцы цяпер працуе краязнаўчы музей. Дарослы білет каштуе паўтара рублі, дзіцячы  — рубель.

Палац Тызенгаўза

Апошні пункт маршруту палац Тызенгаўза. Будынак другой паловы XVIII першай паловы XIX стагоддзя, які пабудаваў у стылі класіцызму архітэктар Джузэпэ дэ Сака. Ініцыяваў будаўніцтва Антоні Тызенгаўз, які валодаў тады горадам. Скончыў будаўніцтва і жыў там яго сваяк Канстанцін, які захапляўся жывапісам. У тыя гады ў палацы размяшчалася галерэя. Там былі сканцэнтраваны палотны многіх вядомых мастакоў, у тым ліку Леанарда да Вінчы. Цяпер у гэтым палацы размяшчаецца бальніца. 

У сутарэннях палаца размяшчаецца музей. Там знаходзяцца аддзелы, якія расказваюць пра прыродную, гістарычную і культурную своеасаблівасць Пастаўшчыны. Дарослы білет каштуе паўтара рублі, а дзіцячы — рубель. Мясцовыя раяць звярнуць увагу на працоўны кабінет Канстанціна Тызенгаўза і арніталагічную майстэрню. Таксама ў музеі можна ўбачыць косткі маманта. 

палац тызенгаўзаў, паставы, што ўбачыць у паставах
Фота: wikipedia.org

На тэрыторыі палаца раскінуўся парк са скульптурамі італьянскіх майстроў, якія захаваліся да гэтага часу. Парк багаты алеямі, раслінамі і вадаёмамі. Перад палацам стаіць помнік Канстанціну з птушкамі на руцэ і Антонію Тызенгаўзам. 

Пасля Другой сусветнай вайны палац заняла бальніца, аднак у бліжэйшыя гады, пасля пабудовы новага медыцынскага корпуса ў горадзе, помнік архітэктуры будзе поўнасцю аддадзены пад музей.

Дзе паесці ў Паставах

Як месца са сняданкамі або кавай з дэсертам падыдзе «Кавярня» каля старога млына. Сняданкі тут ад 3,9 да 15,5 рублёў. Напоі каштуюць ад 4 да 6,5 рублёў. Напоі з летняга меню — ад 6 да 8 рублёў. Дэсерты пякуць самі і каштуюць яны ад 2,5 да 7,2 рублёў. Барыста раіць дэсерты «Мурашнік» і «Карамельны чызкейк». 

Па піцу ідзіце ў кафэ Coffee Room. У меню шмат піц — ад «Маргарыты» за 8,5 рублёў да «Фірмовай» за 29,5 рублёў. Можна замовіць на вынас. 

Па беларускія стравы ідзіце ў рэстаран «Світанак». Мясцовыя рэкамендуюць халодны боршч, салату «Святочную» з ялавічынай, мачанку з дранікамі і кампот з яблык. Такі абед выйдзе не больш за 20 рублёў. 

Сувеніры

Не забудзьцеся набыць сувеніры ў падарунак ці сабе на памяць. Іх можна набыць у краме «Прыгажуня». Там знаходзяцца розныя сувеніры з адсылкай да Пастаў: талеркі, кубкі, магніты і іншыя рэчы. 

Крама «Прыгажуня» месціцца на плошчы Леніна ў адным з былых дамоў рамеснікаў. Гэта добрая магчымасць яшчэ раз паглядзець на ансамбль будынкаў ХVIII стагоддзя і развітацца з горадам. 

Вярнуцца ўгару