Вы чытаеце:
Адкуль узяўся сінонім нацызму — тэрмін «Трэці рэйх»?

Адкуль узяўся сінонім нацызму — тэрмін «Трэці рэйх»?

хто такі артур мёлер ван дэн брук, кніга пра трэці рэйх

Нацысцкая ідэалогія змяніла цэлы сусвет, забіла мільёны жыццяў, але адкуль узялася вера ў тысячагадовы Трэці рэйх? Адкуль увогуле гэта назва Трэці рэйх? Якія рэйхі былі перад гэтым?

PALATNO расказвае, як на ідэі нацыстаў паўплываў Артур Мёлер ван дэн Брук і яго кніга «Das Dritte Reich».

Гісторык, пісьменнік, інтэлігент

Гісторыя пра стварэнне Трэцяга рэйха пачалася з ідэй Артура Мёлера ван дэн Брука. Ён нарадзіўся ў 1876 годзе ў Германіі ў сям’і дзяржаўнага службоўца. Сям’я сярэдняга класа забяспечыла яму стабільнае, але ўсё-такі сціплае выхаванне. Мёлер ван дэн Брук быў не задаволены школьнай адукацыяй, таму рана кінуў гімназію і пачаў займацца самаадукацыяй.

Дзеля развіцця светапогляду і самаадукацыі ён стаў вандраваць па Еўропе. Шмат часу ён правёў у вандроўках па Італіі і Францыі. Да гэтага дадалася зацікаўленасць у рускай культуры: ён вывучаў рускую і перакладаў пісьменнікаў — да прыкладу, Дастаеўскага — на нямецкую. Мёлер ван дэн Брук любіў чытаць і самастойна выкладаў розныя прадметы — ад гісторыі да замежных моў.

Да таго ж Мёлер ван дэр Брук быў антылібералам і антысацыялістам. Ён выступаў супраць марксісцкага сацыялізму, бачыў у ім пагрозу нацыянальнаму адзінству.

Мёлер ван дэн Брук быў жанаты — на Гедзе Маасэ, але шлюб быў непрацяглым і скончыўся разводам. Ужо пазней пры нацысцкай уладзе Геду і яе другога мужа будуць пераследаваць нацысцкія ўлады, самой жанчыне забараняць публікавацца. Некалькіх сваякоў Геды адправяць да концлагераў, яна сама перажыве вайну і дажыве да 1960 года.

Мёлер ван дэн Брук у маладым узросце пачаў пісаць свае творы: спачатку гэта былі эсэ, а потым цэлыя кнігі. Яго раннія творы адлюстроўвалі жаданне вярнуцца да традыцыйных каштоўнасцей, шмат крытыкаваў індывідуалізм. Гэтая тэма стане адной з цэнтральных у яго творчасці.

На яго творчасць паўплывала Першая сусветная і паражэнне немцаў у ёй. У вайне ён таксама ўдзельнічаў, але не быў на полі бітвы — ён працаваў у Міністэрстве замежных спраў. Канец вайны і Версальская мірная дамова глыбока расчаравалі Мёлера ван дэн Брука. Ён крытычна ставіўся да Веймарскай рэспублікі і таго, па якім шляху рухаецца нямецкая дзяржава. Таму і выступаў за вяртанне мінулага Германіі і яе духоўных і культурных каштоўнасцей.

На кнігі Мёлера ван дэн Брука паўплывалі філасофскія ідэі Фрыдрыха Ніцшэ і Освальда Шпэнглера. З боку Нішцэ — гэта ідэя звышчалавека і крытыка сучаснасці, а з боку Шпэнглера — «Заняпад Захаду».

Усё сваё жыццё ён змагаўся з праблемамі са здароўем, асабліва — з псіхічнымі захворваннямі. Пісьменнік шмат часу праводзіў у ізаляцыі, жыў у адзіноце і глыбока пагружаным у сябе. У яго часта адбываліся нервовыя зрывы, і адзін з іх давёў яго да самагубства. Артур Мёлер ван дэн Брук застрэліўся 30 мая 1925 года.

Пра што «Das Dritte Reich»?

Да свайго самагубства Мёлер ван дэн Брук паспеў апублікаваць кнігу «Das Dritte Reich». Гэтая кніга стане адной з ключавых для фарміравання нацысцкай ідэалогіі. Гэта кніга і стала самай вядомай у яго бібліяграфіі. У ёй пісьменнік расказаў сваё бачанне новай нямецкай дзяржавы: заклікаў стварыць так званы Трэці рэйх, які будзе адрознівацца ад Свяшчэннай Рымскай імперыі («Першага рэйха») і Германскай імперыі («Другога рэйха»), але пераймаць найлепшае з іх. Гэта канцэпцыя была для Мёлер ван дэн Брука шляхам да культурнага і духоўнага адраджэння краіны. Вядома, пазней нацысты інтэрпрэтуюць яе інакш, і яна стане асацыіравацца з фашысцкай дзяржавай.

Мёлер ван дэн Брук разбіў нямецкую гісторыю на тры рэйхі (імперыі). Першы рэйх, Свяшчэнную Рымскую імперыю, аўтар разглядаў як час духоўнага і культурнага адзінства. Другі рэйх, Германскую імперыю Ота фон Бісмарка, ён адзначаў за палітычную і ваенную магутнасць. На думку Мёлера ван дэн Брука, Трэці рэйх павінен быў стаць спалучэннем лепшых якасцей двух папярэдніх імперый, што прывяло бы Германію да адраджэння.

Як мы падкрэслівалі раней, пісьменнік крытычна ставіўся да Веймарскай рэспублікі. Ён лічыў яе слабай і дэкадэнцкай, празмерна падуладнай замежным ідэалам. Мёлер ван дэн Брук сцвярджаў, што рэспубліка не змагла аднавіць нацыянальны гонар немцаў і культурную ідэнтычнасць пасля Першай сусветнай вайны.

кніга пра трэці рэйх
Вокладка кнігі. Фота: Verlag Der Ring, Public domain, via Wikimedia Commons

Ідэі Мёлера ван дэн Брука з яго кнігі «Трэці рэйх» унеслі свой уклад у развіццё нацыяналістычнай думкі, хоць сам пісьменнік ніколі не быў членам НСДАП. Бачанне будучыні немцаў з яго боку было кансерватыўным і яўна манархічным, але яно не заходзіла на тэрыторыю радыкальнай расавай ідэалогіі, якую і будуць пазней прасоўваць нацысты.

Як нацысты сказілі ідэі Мёлера ван дэн Брука

Тэрмін «Трэці рэйх» стаў сінонімам нацысцкай дыктатуры, вельмі далёкай ад першапачатковага бачання Мёлера ван дэн Брука. Пісьменнік пры жыцці не меў непасрэднага кантакту з нацыстамі і памёр яшчэ да таго, як нацысцкая партыя дасягнула значнай улады ў Германіі.

Нацысты выбарачна выкарыстоўвалі ідэі Мёлера ван дэн Брука: падсвечвалі толькі патрэбныя ім аспекты і адаптавалі іх у адпаведнасці са сваімі радыкальнымі ідэямі. Хоць Мёлер і быў схільны да падтрымкі кансерватыўных, нават аўтарытарных ідэй, ён ніколі не засяроджваўся на расавай ідэалогіі і таталітарным кантролі. А вось нацысты — наадварот.

Частку ідэй нацысты прысвоілі і адаптавалі, а яго ідэю пра «Трэці рэйх» прынялі як палітычны лозунг для апісання свайго рэжыму. Сябе нацысты прадстаўлялі выратавальнікамі Германіі, якія абавязкова адновяць нацыянальны гонар і адзінства. Як і Мёлер ван дэн Брук, нацысты крытычна ставіліся да Веймарскай рэспублікі. Яны выкарыстоўвалі яго крытыку для ўмацавання ўласнай прапаганды, паказваючы нямецкі ўрад слабым і адказным за эканамічныя і сацыяльныя беды.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Росквіт і падзенне Трэцяга Рэйха на дзесяці фотаздымках

 

Доўгая дарога да пакаяння. Як Германія пераадольвала нацысцкую спадчыну

 

Гістфак #9. Стэрэатыпы пра нямецкую акупацыю Беларусі падчас Другой сусветнай вайны


Мёлер ван дэн Брук лічыў, што моцная дзяржава магчыма толькі на чале з аўтарытарным кіраўніцтвам. Нацысты адаптавалі і гэту ідэю: прынцып правадыра (Führerprinzip), які даваў абсалютную ўладу Адольфа Гітлера. У той час як бачанне Мёлера ван дэн Брука культурнага адраджэння засяродзілася на духоўных каштоўнасцях, нацысты сказілі гэта кардынальна — і гэта стала дактрынай расавай чысціні.

На жаль, Артур Мёлер ван дэн Брук застаецца супярэчлівай фігурай у гісторыі з-за таго, што нацысты злоўжывалі яго ідэямі.

Вярнуцца ўгару