Now Reading
«Не падымай з зямлі!». Як беларусы бачылі дарогу і чаму баяліся ростаняў?

«Не падымай з зямлі!». Як беларусы бачылі дарогу і чаму баяліся ростаняў?

дарога, што значыць дарога для беларусаў, пасядзець на дарожку

Дарога ў традыцыйнай культуры была сімвалічнай і важнай як у сваім прамым, так і ў пераносным сэнсе. З аднаго боку — гэта неад’емны элемент прасторы, з іншага — метафарычны шлях любога жыцця ці яго канкрэтнага перыяду. «Пасядзі на дарожку!», «Не падымай з зямлі!», — адныя з самых «жывучых» забабонаў сёння. «У апошні пуць», «У дальнюю дарогу», «Хай будзе лёгкі шлях» — гэтаксама можна пачуць ва ўстойлівых выразах.

PALATNO расказвае пра самыя распаўсюджаныя ўяўленні і павер’і пра беларускую дарогу.

Чаму такое стаўленне да дарогі?

Дарогу часта параўноўваюць з жыццёвым шляхам чалавека, бо яна таксама мае пачатак і канец, ідзе проста ці мае шмат паваротаў, роўная ці ўся ў каляінах. Верылі, што дарогу стварыў сам Бог пры стварэнні свету, бо яна заўсёды была і ёсць. Не дзіўна, што самай «станоўчай» і «бяспечнай» лічылася дарога, якая вяла да святыні.

Увесь свет для чалавека традыцыйнай культуры быў падзелены на свае і чужыя зоны, таму дарога выступала медыятарам і злучальным фактарам між імі. Адсюль і сувязь з іншасветам. Бо куды вядзе дарога? Тэхнічна — у суседнюю вёску, але міфапаэтычна — у іншасвет. А значыць, што яна злучае свет жывых і памерлых, а таму хто ж ведае, хто па ёй ходзіць? Беларусы верылі, што якраз на дарозе можна сустрэць якіх заўгодна чужынцаў — ад цыган да духаў продкаў, нячысцікаў і самога Бога. А значыць трэба быць ветлівымі і пільнымі.

Ёсць легенды пра тое, што якраз з-за няветлівасці праз дарогу жанчынам пастаянна няма часу:

«Вот ідзець Бог па зямлі, а дзеўка адна жнець. Бог пытаецца, дзе дарога. А яна нагой паказала вон туды. І ўсё. Бог і зробіў ёй, што век ёй часу няма. А далей падходзіць к хлопцам. Тыя касілі, і ляжаць, пакурваюць. Пытаецца, а дзе дарога на Бягомль. Дык яны ўсталі, расказалі старому, куды ісьці. Так вот пастаянна хлопцам часу многа, а жэншчынам няма».

Дарога магла прадказаць будучыню, таму асабліва звярталі ўвагу на ўсе знакі і сустрэчы. Надвор’е, здарэнні ці знаходкі па дарозе на радзіны, вяселле ці пахаванне маглі прадказаць лёс сям’і ці папярэдзіць пра штосьці ў будучыні. Нядобрым знакам было сустрэць папа, зайца, яўрэя ці жанчыну з пустымі вёдрамі, добрым — ваўка ці старца. Калі ж селянін, які ехаў сеяць, сустракаў жанчыну — сяўбу ўвогуле маглі перанесці.

Містыкі таксама хапала:

«У адной жанчыны муж працаваў на будоўлі дарог. Гэта яшчэ да вайны было. І жонка хадзіла наведваць яго. І ёй прыходзілася хадзіць праз заклятае месца — тыя ростанькі. Яна заўсёды раней праходзіла ростані або да захаду сонца, або пасля яго. Але аднойчы, як яна не спяшалася, але трапіла якраз у тое месца падчас захаду сонца. Тут зашумелі кусты, а з лесу выйшаў красівы жарабец. Жанчына ж ведала, што такога каня-прыгажуна ні ў каго ў бліжэйшых вёсках няма. Конь гэты некаторы час ішоў з ёй побач. Потым праз дарогу пракацілася галава барана з рагамі. Жанчына спужалася, перахрысцілася і з усяе сілы пабегла дадому».

Самым «крытычным» месцам лічыліся перакрыжаванні дарог. Агульнараспаўсюджанай для ўсёй тэрыторыі Беларусі была традыцыя ставіць на ростанях (асабліва на межах вёсак) крыжы, як спосаб нейтралізаваць патэнцыйную небяспеку, бо «па дарозе ходзяць чэрці».

Лепшае месца для варажбы

Памежны статус дарогі і патэнцыйная сувязь з іншасветам рабілі іх (і асабліва ростані, як месца «нулявой», «пачатковай» кропкі прасторы) вельмі спрыяльным месцам для варажбы і рытуалаў.

Самы спрыяльны час для гэтага — дні сонцастаяння (Купалле і Каляды), найлепшы час — апоўначы.

«На стары Новы год на ростынькі пойдзем у 12 часоў і крычым: “Доля, доля, адгукніся!” Каму адгукнецца, што пяюць, то гэта добра — вясёлае жыцьцё будзе; каму — што нешта паехала, то зьедзеш замуж; каму — што недзе заплача, то ліхая жытка будзе».

Вельмі часта дарога фігуруе ў снах:

«Во перад Калядамі варожаць дзеўкі. Гавораць, к зеркалу паставіш… І я пабегла к цётцы за зеркалам, а мне дзеўкі паставілі пад койку вады і дзве накрыж шчэпачкі палажылі. І я віжу ва сне: гэты, што быў мой хазяін, ідзе во гэтай во дарогай, у валенках, у падзёўках, як раньшэ называлася, цяпер не ведаю як. Ідзець, а пшаніца кругом, а сонца свеціць пшаніцу, і віжу во сон. Устаю, яны гавораць: “Танька, што ты відзела ва сне?” Ай, ну і выйшла за яго замуж».

«Прысьніўся мне Бог. Старычок такі сівенькі. А я бачу яго і проста знаю, ну вось проста знаю, што гэта Бог. Ішла я і сустрэла яго на ростаньках. Адна дарога, ну вось, як на Галяшы, ну і другая там. Ён мне і кажа: “Ты, мілая, — вот так і сказаў “мілая”, – ты, мілая, не бойся. Гэта вайна хутка скончыцца, мала асталося. І будзе другая, з амерыканцамі. А ты, – кажа, – ты, што б не было, не хадзі па гэтых дарогах. Ні па гэтай, ні па гэтай. Ідзі паміж імі».

Гэтаксама дарогі і перакрыжаванні лічыліся найлепшым месцам для многіх медыцынскіх рытуалаў, звязаных з адпраўленнем хваробы, яе перадачай, выліваннем ці закопваннем. Калі ў ходзе рытуалу выкарыстоўваліся ежа ці нейкія дробныя прадметы (ніткі, галінкі), то закапаць ці пакінуць на ростанях лічылася найлепшым спосабам. Альбо выкарыстаць знойдзены там прадмет:

«А як балелі ў мяне зубы, дык што мне толькі не гаварылі, то і дзелала. Вот бывала, ідзеш па дарозе, ездзілі і на калёсах, дарогі такія, ляжыць камень у каляіне. І вот камень вынімаеш і тады па зубам, гладзіш так па зубам і кажаш: “Камень, вывяла я цябе з няволі, каб не балелі мае зубы ніколі”. Але ўсё роўна балелі».

Калі ў сям’і паміралі дзеці, бацька ішоў на ростані, каб запрасіць «збожных», «падарожных» кумоў — маўляў, менавіта першыя выпадковыя людзі будуць нібыта пасланых самім Богам і паспрыяюць шчасліваму лёсу немаўляці.

Што рабіць, каб не патрапіць у бяду?

Дарога вымагала да сябе належнага стаўлення і выканання прынятых грамадствам нормаў паводзін. Верылі, што па дарозе ў выглядзе старца можа сустрэцца сам Бог, таму строга забаранялася мачыцца на дарогу.

Вядома вялікая колькасць замоў, якія павінны былі дапамагчы ў дарозе. Напрыклад: «”У дарожку сабіраюся, месяцам падпіраюся, звёздамі усыпаюся, з врагом не сустракаюся. Мяне маменька радзіла, сонейкам абгарадзіла, месяцам падпаясала, у дарожку адпраўляла. Ранні бег не дабег, позны бег не дабег. А мне ад Госпада Бога шчаслівая дарога”. Гэта дзве ёсць. І другая, у дарожку як ідзеш: “Крэст мой дзяржавы сахраніцель, крэст мой ангел пакравіцель, крэст мой ада разрушыцель, крэст мой врагу разрушыцель, крэст мой серцу весяліцель”».

Павер’е, што перад падарожжам трэба «прысесці на дарожу» трывала захоўваецца і цяпер.

«Як у далёкую дарогу адпраўлялі, абчына ж садзяцца. Раньшы як садзіліся, дык падсцілалі даматканая палаценца, на палаценца садзіліся, каб дальняя дарога была добрай… Можа, як ідзець учыцца… Як ідзець учыцца, тады слалі палаценца, каб далёка пашоў у навуку».

У дальнюю дарогу, таксама акрамя замоў, бралі з сабой разнастайныя абярэгі (жменю зямлі, абразок ды інш.).

Строга забаранялася штосьці падымаць з дарогі. Нават калі яно не належыць іншасвету, дык цалкам сабе магло быць падкінута з нядобрымі мэтамі — чараўнікамі, напрыклад. Часцей за ўсё, лічылі, у якасці такіх прадметаў злыя людзі грошы і гузікі — бліскучае, вартае, прывабнае.

«Я ніколі нічога не падымаю з дарогі. Золата можа схапіла б, а так ніколі нічога. Асабліва казалі, што нельга браць на крыжовай дарозе, таму што на крыжаванкі выносілі ўсе чары. Адна ў нас вынесла ўначы ў 12 часоў на крыжаванку нешта і запаліла. Але яно не згарэла, а яна сказала, што ёй зрабілі чары ў хаце, і яна павынасіла. Тады даяркі ехалі на ферму і відзелі гэткае».

А калі знайшоў штосьці — лепш аднесці назад. На ўсялякі выпадак. А калі падняў і забраць дужа хочацца — пакладзі ўзамен хоць цукерку.

«Калі дома хто-небудзь знаходзіў што-небудзь не сваё, і штоб аберагчыся нядобрых людзей гэтых, калдуноў, таму што хто там ведаў, дзе ён узяў, то гэта бралі і неслі на крыжаванку. Рукамі не бралі, абавязкова трэба было ілі трапачкай, ілі рукавіцай, але пажадана было нечым чорным браць і вынасіць выкідваць».

Падняты прадмет мог стаць не толькі прычынай непрыемнасцяў, але і выклікаць хваробу. Вось так апісваюць з’яўленне хваробы каўтун:

«Ён бярэцца, што, можа, што на дарозе ўзяў, што красівае, нехта кінуў. З дарогі нельга нічога падбіраць. Нагаварываюць хваробу ўсякую і тады кінуць. Хто возьме, той і сабе возьме, значыць. Абычна вешчы такія красівыя. Грошы тожа нельзя браць, еслі знаходзішь. Так жа не кідаюць, усё з хітрасцямі».

Як і звычайна ў беларускай традыцыі, архаічнае пераплялося з хрысціянскім і сучаснасцю:

«Як можа дзяцей ў дарогу ці сам у дарогу вялікую сабіраешся, гэта я магу сказаць: “Ванька едзіць у дарожку і бярэць з сабой трох ангелаў: адзін ангел — напярод, другі ангел — на задок, а ён — пасярод, а трэці савершаець дзела, сахрані Божа меня”. Гэта ўжо, як у машыну сядзеш, скажаш. І тожа яшчэ ад міліцыі кажуць: “Кладу хрэст на ўсе дарогі, на рукі і на ногі; добра перайдзі, а дрэнна не дайдзі”».

Вярнуцца ўгару