Now Reading
Што значыла для продкаў беларусаў Вадохрышча

Што значыла для продкаў беларусаў Вадохрышча

вадохрышча, акунуцца ў палонку

У хрысціянскай традыцыі — гэта свята неад’емна звязана з хрышчэннем Ісуса Хрыста і першым з’яўленнем Бога. У больш даўняй паганскай — гэта дзень звязаны з культам вады. Для беларусаў гэты дзень азначаў заканчэнне калядных свят, змаганне з малочнымі ведзьмамі і вадзянікамі.

PALATNO расказвае, якім святам для беларусаў было Вадохрышча.

Як святкавалі Вадохрышча

Вадохрышча — зімовае свята, якое азначае дзень завяршэння каляднага цыклу свят. Католікі святкавалі Вадохрышча 6 студзеня, а праваслаўныя  19 студзеня. Хрысціянская рэлігія звязвае Вадохрышча з хрышчэннем Ісуса Хрыста Іаанам Хрысціцелем на рацэ Ярдан і са з’яўленнем усіх асоб Святой Тройцы. Менавіта таму Вадохрышча яшчэ называюць Богаяўленнем. А вось у большай даўняй паганскай традыцыі гэта свята было звязанае з культам вады.

Свята ўключала два водаасвячэнні: першае ў храме напярэдадні свята — 18 студзеня (Вадзяная куцця), другое ў дзень свята — 19 студзеня — пад адкрытым небам на розных вадаёмах. На Вадохрышча ў храмах асвячалі ваду, якую бралі з бліжэйшай рэчкі. Дарэчы, у гэты дзень усе вадасвятныя месцы называлі «Ярданямі». Пры асвячэнні вады на Усходнім Палессі ставілі кругом маладыя ялінкі, каб закрыць святую ваду ад нечысці, а іх галінкі потым падкладвалі пад квактух, каб было болей куранят, ці ўторквалі ў страху, каб туды не ўдарыў Пярун.

Зранку мужчыны выразалі з лёду на вадаёме ля вёскі крыж даўжынёй да двух метраў. Крыж аблівалі бурачным расолам, каб ён стаў чырвоным колерам, і ставілі на краі палонкі.

У гэты дзень пяклі крыжыкі з цеста. Увечары бралі першы блін ці верхнюю частку куцці, абыходзілі свае пабудовы і малявалі на сценах, дзвярах і вокнах крыжы мелам як ахоўныя знакі ад пажараў, маланкі і зладзейства на ўвесь год. Напрыклад, на Лепельшчыне намаляваныя на Хрышчэнне на сценах крыжыкі выціралі назаўтра свежымі блінамі, а потым з’ядалі іх ці аддавалі жывёле.

Вадохрышча — час барацьбы з нячысцікамі

З дахрысціянскіх часоў нашы продкі верылі ў цудадзейную моц асвячонай вады. Яе захоўвалі ў доме, давалі выпіць хвораму, апырсквалі свойскую жывёлу пасля ацёлу і перад першым выпасам. Асвячонай вадой аблівалі новую хату перад засяленнем, а яшчэ — труну перад тым, як пакласці ў яе нябожчыка.

Найбольш эфектыўнай лічылася вада, якую ўзялі з трох (а лепей з сямі) «Ярданяў». Дзеля гэтага людзей пасылалі ў розныя месцы, а хто першым зачэрпне ваду і вернецца дадому, той першым збярэ з поля сваю збажыну.

На «Ярданях» ліхіх духаў адпужвалі стральбою з ружжаў. Пры адсутнасці рэк ці азёраў бралі ваду з калодзежаў. Апускалі туды крыжык, зроблены з лучыны, які потым вешалі на варотах ад малочных ведзьмаў. Малочныя ведзьмы — гэта міфічныя істоты, якія адбіраюць у кароў малако.

Напярэдадні Вадохрышча сяляне пераварочвалі вазкі і сані, бо ў гэты час нібыта павінны прыходзіць вадзянікі, каб за ўвесь наступны дзень, пакуль асвячоную ваду не знясе плынь, вывезці сваіх дзяцей, якія могуць загінуць ад апускання крыжа ў ваду. У Вадохрышча з’яўляўся і чорт, які ўцякаў з асвячонай вады і пераскокваў на вярбу да яе асвячэння на Вербніцу.

Магія і варажба: што рабілі на Вадохрышча нашы продкі

На Вадохрышча выконвалі розныя магічныя дзеянні і варажылі на гаспадарчыя справы. У гэты дзень часалі лён, каб такімі жа гладкімі былі цяляты. На Вадохрышча лавілі шапкамі падкінутую жменю гароху, а па злоўленых гарошынах разлічвалі на колькасць ягнятак, што народзяцца сёлета. Па дыме ад лучыны меркавалі, адкуль на вясну трэба чакаць прылёту пчаліных раёў і ў які бок разварочваць вуллі.

Перад Вадзяной куццёй, 18 студзеня, па чатырох кутах хаты раскідвалі жытнёвае зерне на багаты ўраджай.

На Вадохрышча не абыходзілася і без варажбы. Дзяўчаты падчас варажбы пералічвалі калы ў плоце, з куццёю ў роце выбегалі на вуліцу і пыталіся імя ў першага чалавека, якога сустракалі.

Па надвор’ю на Вадохрышча прадказвалі надвор’е на год. Напрыклад, калі было сцюдзёна, то летам будзе вельмі горача. Снег у гэты дзень азначаў урадлівы год, грыбное лета, але чарвівую капусту (то будзе напагатове). Калі на Вадохрышча было цёпла, то будзе добры ўраджай. Снег, які выпаў на Вадохрышча, лічыўся добрым сродкам для адбельвання палатна.

Вадохрышча звычайна супадала з самымі халоднымі днямі зімы, і нашы продкі казалі так: «Трэшчы — не трэшчы, прайшлі Вадохрышчы. Не к Раству, а к Пятру».

Калі нехта хрысціўся ў гэты дзень, яму прадказвалі шчаслівы лёс, калі сватаўся, то ўдалы шлюб і здаровых дзяцей.

Вярнуцца ўгару