Пра тое, што мужчыны могуць стаць донарамі спермы, ведаюць многія. Але можа спатрэбіцца дапамога з рэпрадуктыўным матэрыялам не толькі ад мужчын, але і ад жанчын.
Расказаць падрабязней пра гэту з’яву мы папрасілі акушэра-гінеколага Валянціна Парашчука. У адказах на сем пытанняў вы даведаецеся, што такое донарства яйцаклетак, як яно адбываецца і ці можна аддаць хоць сто яйцаклетак.
Змест
- 1. Ці часта патрэбныя донарскія яйцаклеткі?
- 2. Ці кожная жанчына можа стаць донарам яйцаклеткі?
- 3. Як правяраюць, ці можа жанчына стаць донарам?
- 4. Ці балючая працэдура і што адбываецца пасля яе?
- 5. Чаго звычайна баяцца тыя, хто думае ісці ў донарства?
- 6. Ці ёсць вядомыя дактарам негатыўныя наступствы?
- 7. Ці можа жанчына стаць донарам некалькі разоў?
1. Ці часта патрэбныя донарскія яйцаклеткі?
Калі параўноўваць донарскія яйцаклеткі з донарскай спермай, то, напэўна, яйцаклеткі запатрабаваныя часцей. Таму што ў мужчын сперматазоідаў даволі шмат. Вельмі рэдка бывае, каб сперматазоіды было цяжка здабыць, але і такое здараецца. У мяне прыкладна адна кліентка на месяц шукае жаночы донарскі матэрыял.
2. Ці кожная жанчына можа стаць донарам яйцаклеткі?
Найчасцей донарамі становяцца жанчыны каля 30 гадоў, якія нарадзілі і закончылі кармленне грудзямі. Звычайна ў такіх жанчын шмат фалікулаў у яечніках, што дае высокі шанец атрымаць шмат добрых яйцаклетак.
У некаторых краінах ёсць патрабаванне, каб донарамі станавіліся толькі тыя, хто ўжо мае дзіця. Ёсць два моманты, чаму гэтае патрабаванне мае сэнс. Калі ў донара ёсць здаровыя дзеці, гэта даказвае, што храмасомнай паталогіі ў яе няма. Хаця заўсёды абследуюць донараў, на ўсё праверыць немагчыма. А здаровыя дзеці — дакладнае пацвярджэнне, што са здароўем усё ў парадку.
3. Як правяраюць, ці можа жанчына стаць донарам?
Жанчыны, якія пагадзіліся стаць донарамі, праходзяць вялікі комплекс даследаванняў. Здаюць шэраг аналізаў — у тым ліку на ВІЧ, гепатыт, сіфіліс, хламідыі, мочапалавыя інфекцыі і іншыя. Усё гэта донар не аплачвае сама.
4. Ці балючая працэдура і што адбываецца пасля яе?
Працэдура мае два этапы. Першы — стымуляцыя, а другі — пункцыя. З першых дзён цыклу пачынаецца стымуляцыя: жанчына коле кожны дзень прапісаны прэпарат. Гэта падскурныя ін’екцыі, якія можна лёгка рабіць самому сабе. Прыкладна праз дзесяць дзён саспеюць фалікулы. А дактары разумеюць, калі прызначаць пункцыю.
Пункцыю робяць пад кароткачасовым наркозам. Маніпуляцыя доўжыцца 15-20 хвілін. Усё пераносіцца вельмі лёгка, нібы гэта глыбокі сон. Ніякіх пабочных эфектаў кшталту галюцынацый няма. Так дактары атрымліваюць матэрыял з фалікулаў.
Ніякага перыяду аднаўлення не патрабуецца. Некаторыя жанчыны, у якіх у яечніках кожны месяц саспявае шмат фалікулаў, падчас стымуляцыі могуць адчуваць дыскамфрт унізе жывата. Але гэта хутка праходзіць пасля пункцыі.
5. Чаго звычайна баяцца тыя, хто думае ісці ў донарства?
Баяцца змяншэння колькасці яйцаклетак у яечніках і анкалагічнай паталогіі. Але даследаванні сярод жанчын са схільнасцю да раку малочнай залозы паказваюць нават у групах рызыкі, што няма змяненняў пасля стымуляцыі.
Што тычыцца змяншэння колькасці яйцаклетак у яечніках, то варта паглыбіцца ў фізіялогію. Штомесяц жанчына губляе некаторую колькасць фалікулаў незалежна ад таго, была стымуляцыя ці не. Без донарства жанчына страціць столькі ж, колькі і з нашым умяшаннем. У гэтым сэнсе прырода абараняе сябе праз іншыя механізмы.
6. Ці ёсць вядомыя дактарам негатыўныя наступствы?
Ёсць ускладненні, якія могуць наступіць або не наступіць. Ускладненні могуць быць інфекцыйнымі. Але на іх жанчыну правяраюць, пры патрэбе донар праходзіць курс лячэння і ставіць свечкі. Таму гэта практычна выключана. Тэарэтычна могуць быць крывацёкі, але ёсць тэхнічныя спосабы, каб трапіць адразу ў яечнік і нічога не зачапіць. Пункцыя адбываецца праз похву, мы літаральна адразу трапляем у яечнік. Негатыўных адчуванняў пасля гэтага звычайна не бывае.
7. Ці можа жанчына стаць донарам некалькі разоў?
Колькасць стымуляцый не абмяжоўваецца, абмяжоўваецца колькасць дзяцей. Прычына ў тым, каб мінімізаваць магчымасць інцэсту, каб у дарослым жыцці гэтыя дзеці ад аднаго донара не сталі парай.