Now Reading
«Дыктатары». Эпізод №1 — Муамар Кадафі

«Дыктатары». Эпізод №1 — Муамар Кадафі

Муамар Кадафі

У першым эпізодзе аўдыёлекцыі «Дыктатары» мы паглыбімся ў жыццё чалавека, чыё імя стала сінонімам як рэвалюцыйнай перамогі, так і жорсткай тыраніі — Муамара Кадафі.

Кіраванне Кадафі доўжылася больш за чатыры дзесяцігоддзі: ён праводзіў адназначна смелую і часта супярэчлівую палітыку, меў унікальную палітычную ідэалогію і пакінуў складаную спадчыну, якая працягвае фармаваць рэгіён і сёння. Ад яго драматычнага прыходу да ўлады ў выніку бяскроўнага перавароту да эксцэнтрычнага стылю кіравання і канчатковага падзення падчас арабскай вясны… Гісторыя Кадафі — гэта амбіцыі, прага да ўлады і, у рэшце рэшт, трагедыя.

А МОЖНА ТЭКСТАМ?
Вы можаце не толькі паслухаць падкаст, але і прачытаць (можа быць, вам будзе так зручна).

Кантэкст: якой была Лівія да Кадафі

Для таго, каб зразумець, як Кадафі прыйшоў да ўлады і як яго праўленне паўплывала на жыцці мільёнаў чалавек, спачатку трэба расказаць пра Лівію. Сучасная гісторыя Лівія — гэта гісторыя каланізацыі, барацьбы і трансфармацыі. Усё гэта падрыхтавала глебу для з’яўлення Кадафі як рэвалюцыйнага лідара — прынамсі, так было на пачатку яго праўлення.

Лівія знаходзіцца ў Паўночнай Афрыцы. Да пачатку дваццатага стагоддзя гэта была тэрыторыя пад уладай Асманскай імперыі. У 1911 годзе ў Лівію ўварваліся італьянскія войскі, якія імкнуліся пашырыць і сваю каланіяльную імперыю. Уварванне італьянцаў стала пачаткам канфлікту, партызанскай вайны паміж лівійцамі і італьянскімі акупантамі. Нягледзячы на намаганні лівійцаў, у 1934 годзе Італія канчаткова анэксавала Лівію. Італьянскія каланіяльныя ўлады праводзілі жорсткую палітыку: прымусовая праца, канфіскацыя зямлі і стварэнне канцэнтрацыйных лагераў. Частка лівійцаў з’язджала, яшчэ большая частка — памірала.

У Другую сусветную Лівія стала полем бітвы. З лівійскай зямлі вайна пойдзе толькі ў 1943 годзе, і так краіна пераходзіць пад кіраванне Вялікабрытаніі і Францыі. Пасля вайны будучыня Лівіі стала прадметам міжнародных дэбатаў. У 1949 годзе Лівія стала незалежнай, а яшчэ праз два гады — у 1951-м — краіну ўзначаліў кароль Ідрыс і яна стала манархіяй. У руках Ідрыса апынулася краіна, спустошаная вайной і каланіялізмам. Першапачаткова Лівія была адной з самых бедных краін свету і моцна залежала ад замежнай дапамогі, пакуль напрыканцы 50-х там не знайшлі запасаў нафты.

кароль ідрыс, кароль лівіі
Кароль Ідрыс. Фота: Unknown author., Public domain, via Wikimedia Commons

Нафта рэзка змяніла эканамічны ландшафт Лівіі. Нафтавы бум прынёс хуткую мадэрнізацыю, прывёў да росту рознагалоссяў і незадаволенасці сярод насельніцтва. Аднак большасці лівійцаў нафта не прынесла багацця. Гарадская эліта і замежныя кампаніі квітнелі, у той час як у сельскай мясцовасці і грамадзяне з нізкімі даходамі практычна ніяк не палепшылі ўмовы жыцця.

Да 1960-х Лівія была краінай кантрастаў. Сталіца Трыпалі і іншыя буйныя гарады хутка развіваліся, а над гэтай прыхожай паверхняй кіпела незадаволенасць. Маладое пакаленне — асабліва, студэнты ўніверсітэтаў і вайскоўцы — усё больш расчароўваліся ў няздольнасці манархіі справіцца з сацыяльнай і эканамічнай няроўнасцю.

У тыя часы глыбока пашыраліся ідэі арабскага нацыяналізму. Сярод маладых лівійцаў паважанай асобай стаў егіпцянін Гамаль Абдэль Насэр. З часам пачуццё расчаравання і жаданне перамен стварылі спрыяльную глебу для рэвалюцыйных ідэй у Лівіі.

У такой атмасферы малады вайсковы афіцэр Муамар Кадафі пачаў свой шлях да ўлады. Ён нарадзіўся ў 1942 годзе ў бедуінскім намёце каля Сірта. Раннія гады жыцця Кадафі былі поўныя беднасці. Ён глыбока натхняўся ідэямі Насэра і антыкаланіяльнай барацьбой. Студэнтам Кадафі прымаў удзел у антыманархічных дэманстрацыях і хутка падняўся па кар’ернай лесвіцы.

муамар кадафі ў маладосці, малады муамар кадафі
Муамар Кадафі ў маладосці. Фота: allthatsinteresting.com

Да канца 60-х урад караля Ідрыса ўсё больш лічыўся карумпаваным. На фоне моцных беспарадкаў і заклікаў да перамен рыхтаваўся значны, драматычны зрух у гісторыі Лівіі. Першага верасня 1969 года Кадафі і яго таварышы па войску здзейснілі бяскроўны пераварот: яны скінулі караля Ідрыса і абвясцілі стварэнне Лівійскай Арабскай Рэспублікі.

Ранняе жыццё Кадафі і яго прыход да ўлады

Сям’я Муамара належала да племя Кадафа — аднаго з маленькіх плямёнаў у Лівіі. Яго бацькі былі качавымі бедуінамі, і яго раннія гады былі тыповымі для качавога жыцця ў пустыні. Такое асяроддзе прывіла яму пачуццё глыбокай сувязі са сваімі бедуінскімі каранямі, якія ён пазней рамантызуе і будзе актыўна выкарыстоўваць.

З юнацтва Кадафі падтрымліваў антыкаланіяльныя погляды, якія панавалі ў Лівіі. Гісторыі супраціву супраць захопнікаў моцна ўплывалі на яго. Ён рос з надзеяй убачыць Лівію свабоднай ад замежнага ўплыву. Адукацыя Кадафі пачалася ў мясцовых ісламскіх школах, дзе ён вывучаў Каран. У сярэдняй школе ён навучаўся ў горадзе Себха — тут ён стаў больш палітычна актыўным, там у яго з’явілася вялікую цікавасць да шырокага арабскага нацыяналістычнага руху.

У 1961 годзе Кадафі паступіў у ваенную акадэмію ў Бенгазі. Гэта навучальная ўстанова адыграла вырашальную ролю ў фарміраванні будучага дыктатара. У ёй ён сустрэў аднадумцаў, якія падзялялі яго незадаволенасць і імкненне да рэвалюцыйных змен. Ваенная падрыхтоўка забяспечыла яму дысцыпліну, сфармавала стратэгічнае мысленне і дала сетку верных прыхільнікаў. У акадэміі Кадафі знаходзіўся пад моцным уплывам панарабскай ідэалогіі прэзідэнта Егіпта Насэра. Бачанне Насэрам арабскага адзінства, сацыялізму і антыімперыялізму рэзаніравала з Кадафі. Ён захапляўся здольнасцю Насэра актывізаваць арабскі свет і імкнуўся пераймаць яго стыль кіраўніцтва і палітычную стратэгію.

муамар кадафі ў маладосці, малады муамар кадафі, кадафі ў вайсковай форме
Муамар Кадафі вучыўся ў ваеннай акадэміі ў Бенгазі. Яго трэніравалі брытанскія вайскоўцы. Фота: Terence Spencer/Time & Life Pictures/Getty Images

Пасля ваеннай акадэміі Кадафі хутка падняўся па службовай лесвіцы лівійскага войска. Яго харызма, інтэлект і прыхільнасць сваім ідэалам моцна вылучалі яго сярод іншых. Да сярэдзіны 1960-х ён стварыў Рух вольных афіцэраў — арганізацыю, якая будзе верна служыць яму доўгія гады.

Тым часам, палітычны клімат у Лівіі ў канцы 1960-х саспеў да рэвалюцыі. Урад караля Ідрыса быў неэфектыўным і недатыкальным. Эканамічнае расслаенне было сур’ёзным, і, нягледзячы на рост нафтавага багацця краіны, многія лівійцы адчувалі сябе расчараванымі. У гэтай атмасферы росту хваляванняў і жадання перамен Кадафі і яго Рух афіцэраў убачылі магчымасць. 1 верасня 1969 года, калі кароль Ідрыс знаходзіўся за мяжой на лячэнні, Кадафі і яго група здзейснілі бяскроўны пераварот. Аперацыя была хуткай і эфектыўнай: дзяржаўныя ўстановы і ваенныя аб’екты ўзялі за лічаныя гадзіны.

Дзяржаўны пераварот вітала лівійская грамадскасць. Кадафі было ўсяго 27 гадоў, калі ён стаў лідарам толькі што створанай Лівійскай Арабскай Рэспублікі. Яго прыход да ўлады быў не проста асабістым трыумфам, але і радыкальным зрухам у палітычным жыцці краіны. Кадафі хутка пачаў рэалізоўваць сваё бачанне лівійскай будучыні. Гэта быў пачатак новай эры для Лівіі.

У першыя дні свайго кіравання Кадафі і яго афіцэры, вядомыя як Савет рэвалюцыйнага камандавання, засяродзіліся на дэмантажы рэшткаў манархіі і ўсталяванні новага палітычнага парадку: прыпынілі дзеянне канстытуцыі, ліквідавалі манархію і абвясцілі рэспубліку. Адным з першых крокаў Кадафі была нацыяналізацыя нафтавай прамысловасці. Нацыяналізацыя стала фінансавай асновай для амбіцыйных сацыяльных і эканамічных праграм Кадафі.

У хуткім часе Кадафі пачаў кампанію па знішчэнні палітычнай апазіцыі. Пачалася цэнзура ў сродках масавай інфармацыі, сачэнне за дысідэнтамі і стварэнне рэвалюцыйных судоў з пакараннем тых, каго палічылі ворагамі дзяржавы. Дарэчы, зрынутага караля не пакаралі — ён знайшоў прытулак у Егіпце і памёр сваёй смерцю.

У канцы 1970-х Кадафі разглядаў ісламісцкія групоўкі як прамую пагрозу сваёй уладзе. Сілы бяспекі Кадафі праводзілі масавыя рэйды, падчас якіх арыштоўвалі членаў такіх груп. Пасля праводзіліся публічныя працэсы, на якіх абвінавачваемых асуджалі і забівалі.

муамар кадафі і зялёная кніга, зялёная кніга кадафі
Муамар Кадафі трымае Зялёную кнігу.

Умацаванне ўлады Кадафі адбылося і праз публікацыю Зялёнай кнігі. Гэты маніфест з трох частак утрымліваў палітычную філасофію Кадафі, якую ён назваў «Трэцяй сусветнай тэорыяй». Зялёная кніга адхіляла капіталізм  і камунізм, выступаючы за ўнікальную форму прамой дэмакратыі. Яе Кадафі назваў «Джамахірыяй».

Зялёная кніга прапанавала сістэму, дзе традыцыйныя дзяржаўныя інстытуты замяняліся шэрагам народных кангрэсаў. Тэарэтычна, гэта сістэма выглядала так, што лівійскі народ мог браць непасрэдны ўдзел у кіраванні краінай. На практыцы, гэта наадварот цэнтралізавала ўладу ў руках Кадафі, паколькі ён канчаткова прымаў рашэнні і выкарыстаў народныя кангрэсы для захавання кантролю над дзяржавай.

У тыя часы пачало афармляцца яго пачуццё моды, звязанае з бедуінскім дзяцінствам. Кадафі рэдка бачылі ў адной  і той жа вопратцы двойчы. Ён спалучаў традыцыйнае лівійскае адзенне, яркія колеры, вайсковую форму, упрыгожванні — часцей за ўсё, медалі ці знакі адрознення. Стыль Кадафі быў не толькі наўмысна паказушным, але і часткай яго асобы — ён вылучаў яго сярод іншых, і павінен быў сфарміраваць яго імідж рэвалюцыянера і лідара народа. На гэтым усё не заканчвалася: адзін з самых абмяркоўваемых аспектаў эксцэнтрычнасці Кадафі — яго асабістая служба бяспекі, яго амазонская гвардыя. Гэта была элітная група жанчын-целаахоўнікаў. Ён выкарыстоўваў яе, каб паказаць, што выступае за правы жанчын. Хаця пазней высветлялася, што жанчыны не столькі абаранялі Кадафі, колькі займаліся, у тым ліку, і сексуальным задавальненнем лівійскага лідара.

Яшчэ адным сумна вядомым фактам у біяграфіі праўлення Кадафі было масавае забойства ў турме Абу Салім. У 1996 годзе ў цэнтры Трыпалі зняволеныя ў турме — тыя, хто выступаў супраць Муамара — пачалі пратэст. Яны патрабавалі сустрэчы са сваякамі і паляпшэння ўмоў. За лічаныя гадзіны сілы бяспекі забілі каля 1 200 чалавек. На працягу многіх гадоў масавае забойства было ахутанае таямніцай, а сем’ям загінулых ніколі не паведамлялася пра лёсы іх блізкіх.

Міжнародная палітыка Кадафі: падтрымка тэрарыстаў, выбух над Локербі, збліжэнне з Захадам

Кадафі ўвесь час імкнуўся пашырыць свой уплыў за межы Лівіі, асабліва заўважна гэта было пасля ўмацавання ўлады ў сваёй краіне, у 1980-х. Знешнепалітычныя амбіцыі Кадафі істотна паўплывалі на міжнародную палітыку. Ён імкнуўся пазіцыянаваць сябе як вядучую фігуру ў арабскім свеце, Афрыцы і за яе межамі. Знешняя палітыка Кадафі была абумоўлена яго панарабскай і панафрыканскай ідэалогіямі. Кадафі марыў аб’яднаць арабскі свет пад адзіным палітычным і эканамічным утварэннем. Ён выступаў за арабскае адзінства і сацыялізм, бачыў сябе пераемнікам спадчыны егіпецкага прэзідэнта Насэра.

У першыя гады свайго кіравання Кадафі спрабаваў аб’яднаць Лівію з шэрагам іншых арабскіх краін — Егіптам, Сірыяй, Тунісам. Аднак гэтыя спробы аб’яднання былі нядоўгімі і беспаспяховымі. Потым Кадафі пераключыў сваю ўвагу на афрыканскі кантынент і пачаў прапагандаваць ідэю «Злучаных Штатаў Афрыкі».

У 2009 годзе Кадафі абралі старшынёй Афрыканскага саюза. На гэтай пасадзе ён дамагаўся больш палітычнай і эканамічнай інтэграцыі паміж афрыканскімі краінамі. Ён хацеў сфарміраваць адзіныя афрыканскія ваенныя сілы, агульную валюту і знешнюю палітыку. Яго бачанне цалкам інтэграванай Афрыкі так і не было рэалізавана.

Знешняя палітыка Калафі не абыходзілася без супярэчнасцей. Ён быў вядомы падтрымкай розных баевікоў і тэрарыстычных арганізацый па ўсім свеце. Падтрымка ўключала фінансаванне, навучанне і пастаўкі зброі. Рэжым Кадафі быў датычны да шматлікіх актаў міжнароднага тэрарызму: самы вядомы — выбух боінга над Локербі, Шатландыя, у 1988 годзе. У выніку загінулі 259 чалавек.

Выбух самалёта меў сур’ёзныя наступствы для Лівіі. Гэта прывяло да міжнародных санкцый ад ААН і ЗША. Санкцыі аказалі істотны ўплыў на эканоміку Лівіі і здольнасць Кадафі рэалізаваць свае знешнепалітычныя мэты. У канцы 1990-х — пачатку 2000-х Кадафі пачаў шукаць збліжэння з Захадам. Ён перадаў падазраваных у выбуху ў Локербі для суда і пагадзіўся не працягваць лівійскія праграмы па распрацоўцы зброі масавага знішчэння. З часам большасць міжнародных санкцый была знятая, ён нармалізоўваў адносіны з заходнім светам.

У той жа час стала вядома пра яшчэ адну з самых дзіўных звычак Кадафі. Ён жыў у бедуінскім намёце падчас міжнародных паездак. Такая практыка была знакам павагі да яго каранёў і сімвалічнай адмовай ад багаццяў Захаду.

Апаненты-тараканы, Арабская вясна, каналізацыя: як яго зрынулі

У пачатку 2000-х Кадафі спрабаваў рэабілітаваць свой імідж на сусветнай арэне. Ён адмовіўся ад праграм лівійскай зброі масавага знішчэння, узяў на сябе адказнасць за выбух у Локербі і выплаціў кампенсацыі сем’ям ахвяр. Аднак унутры краіны мала што змянілася ў плане палітычных свабод і правоў чалавека.

Эканамічныя рэформы, уведзеныя ў той перыяд, хоць і былі накіраваны на лібералізацыю эканомікі, часта прыводзілі да росту няроўнасці і карупцыі. Сям’я і блізкія паплечнікі Кадафі працягвалі назапашваць багацце, у той час як многія лівійцы заставаліся беднымі і пазбаўленыя правоў. Расчараванне і крыўда тлелі пад паверхняй, асабліва сярод маладога пакалення, якое сутыкнулася з высокім узроўнем беспрацоўя і абмежаванымі магчымасцямі.

Іскрай, якая распаліла беспарадкі ў Лівіі, стала хваля рэвалюцый па арабскім свеце ў 2011 годзе. Мы яе ведаем пад назвай Арабская вясна. Натхнёныя паўстаннямі ў Тунісе і Егіпце, лівійцы выйшлі на вуліцы ў лютым 2011 года, патрабуючы палітычных і эканамічных рэформаў, спынення аўтарытарнага кіравання Кадафі. Пратэсты хутка перараслі ў поўнамаштабнае паўстанне.

арабская вясна 2011, пратэсты ў лівіі
Пратэстоўцы падчас Арабскай вясны ў Лівіі, люты 2011 года.

Адказ Кадафі на паўстанне быў імклівым і жорсткім. Ён разгарнуў сілы бяспекі і лаяльных апалчэнцаў для падаўлення пратэстаў, што прывяло яшчэ больш да шырокага гвалту і кровапраліцця. Яго сумна вядомая прамова, у якой ён назваў пратэстоўцаў «тараканамі» і пакляўся паляваць на іх па дамах, яшчэ больш актывізавала апазіцыю і выклікала міжнароднае асуджэнне. Увогуле Кадафі быў вядомым сваімі доўгімі прамовамі, у якіх часта не было ніякай паслядоўнасці. Ён мог гаварыць гадзінамі, закранаў шырокі спектр тэм. Яго прамовы былі непрадказальнымі і дзіўнымі. Напрыклад, у прамове перад Генасамблеяй ААН у 2009 годзе Кадафі прамаўляў паўтары гадзіны і закрануў амаль усё: ад забойства Джона Кенэдзі да прапановы перанесці штаб-кватэру ААН у Лівію. Карацей кажучы, тая прамова пра тараканаў не была чымсьці новым, але на той момант ужо парадкам надакучыла многім лівійцам.

Лівія хутка пагрузілася ў грамадзянскую вайну. Міжнародная супольнасць, устрывожаная эскалацыяй і гуманітарным крызісам, пачала прымаць меры. У сакавіку 2011 года Рада Бяспекі ААН прыняла рэзалюцыю, якая санкцыянавала прымяненне сілы для абароны грамадзянскага насельніцтва і ўсталяванне беспалётнай зоны над Лівіяй. Пасля гэтага НАТА нанесла авіяўдары па сілах Кадафі, аказваючы падтрымку паўстанцам. Да жніўня 2011 года паўстанцы прасунуліся да сталіцы Трыпалі. Пасля напружаных баёў яны захапілі горад, фактычна спыніўшы кіраванне Кадафі над Лівіяй. Аднак сам Кадафі заставаўся на волі, ён хаваўся, як той таракан.

20 кастрычніка 2011 года Кадафі знайшлі схаваным у дрэнажнай трубе за межамі яго роднага горада Сірт. Яго ўзялі ў палон, і неўзабаве забілі пры вельмі спрэчных абставінах. Яго смерць стала канцом яго 42-гадовага кіравання.

смерць муамара кадафі
Муамар Кадафі перад смерцю.

Смерць Кадафі не скончыла грамадзянскую вайну ў Лівіі. Розныя палітычныя сілы змагаліся за ўладу. Інфраструктура краіны, і без таго аслабленая канфліктам, прыйшла ў яшчэ большы заняпад. Абяцанне дэмакратыі і стабільнасці так і заставалася простым абяцаннем. Кіраванне Муамара Кадафі ў Лівіі пакінула глыбокую, неадназначную спадчыну ўнутры краіны і на міжнародным узроўні.

Унутры краіны была нацыяналізаваная нафтавая прамысловасць, так там пачалі адбывацца значныя змяненні ў інфраструктуры, адукацыі і сістэме аховы здароўя. Кадафі выкарыстоўваў даходы ад нафты для фінансавання буйнамаштабных праектаў — напрыклад, праект Вялікай рукатворнай ракі, мэтай якога было забеспячэнне прэснай вадой пустыннай краіны. Эканамічныя поспехі былі змрочаны шырока распаўсюджанай карупцыяй і безгаспадарчасцю. У той час як сям’я і блізкае атачэнне Кадафі назапасілі велізарныя багацці, многія лівійцы працягвалі жыць у галечы. Багацце, атрыманае з нафтавых запасаў краіны, не прывяло да шырокага эканамічнага развіцця або павышэння ўзроўню жыцця большасці насельніцтва. Кадафі ўсталяваў жорсткі кантроль над краінай праз жорсткія рэпрэсіі і прапаганду. Палітычнае іншадумства не дапускалася, а дзеячаў апазіцыі часта саджалі ў турмы, катавалі і забівалі.

Праўленне Кадафі пакінула трывалы адбітак на Лівію і ўвесь свет. Яго амбіцыйнае бачанне краіны прынесла адначасова развіццё і разбурэнне, прагрэс і рэпрэсіі.

Вярнуцца ўгару