Што такое душа? Пакапаліся ў беларускай міфалогіі

душа беларуская міфалогія, беларуская міфалогія, продкі беларусаў

Дзе жыве беларуская душа? Што з ёй адбываецца пасля смерці? А ці ўсе душы могуць знайсці спакой? Пакапаліся ў таямніцы беларускай міфалогіі, каб знайсці адказы на гэтыя пытанні.

PALATNO расказвае пра душу.

Душа і дыханне

Мы ўсе ведаем, што калі чалавек жывы, той ён дыхае. А вось калі дыханне спыняецца, то сыходзіць нешта нячутнае, нябачнае, але важнае. Нашы продкі, як і многія іншыя народы, атаясамлівалі душу з дыханнем.

Паводле старажытных уяўленняў, душа пакідае цела, калі чалавек спіць, губляе прытомнасць або памірае: «Як чалавек засне, то з яго душа вылезе, ходзіць усюды і ўсё робіць». Таму падчас пахавання нават будзілі заснулага, каб душа памерлага выпадкова не забрала з сабой яго душу.

Месца душы ў целе бачылі па-рознаму. Яна магла быць у сэрцы, галаве, жываце. Аднак усе пагаджаліся ў адным: душа жыве ў чалавеку, пакуль ён дыхае, а пасля смерці ператвараецца ў нейкую жывёлу. Звычайна гэтай жывёлай было нешта лёгкае, паветранае, што можа ўзляцець угару — напрыклад, у птушку.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Рай і пекла. Якімі яны былі ва ўяўленні продкаў беларусаў?

Душа чалавека можа ператварыцца ў птушку

Беларусы верылі, што калі чалавек памірае, то яго душа вылятае як птушка. Потым гэта душа можа вяртацца дадому, да тых, каго любіла пры жыцці.

Беларускія этнографы запісалі гісторыю, якую расказвала жанчына з Даўгінава на Вілейшчыне. Яе дачка памерла хутка пасля нараджэння ўнучкі, а ўвечар пасля пахавання ў акно хаты пачала біцца невядомая птушка. Калі акно адчынілі, яна заляцела і села на калыску сіроткі, так ахоўвала дзіця ўсю ноч, а раніцай адляцела. Людзі інтэрпрэтавалі, што тая птушка была душой памерлай маці, якая не магла развітацца з дзіцем.

Згодна з беларускай міфалогіяй, душа кожнага нябожчыка трапляла ў вырай — свет вечнай вясны. У часы хрысціянства з’явіўся падзел: душы праведных ішлі ў рай, а грэшных — у пекла. Верылі, што чараўнікі і ведзьмы мелі нават дзе душы: чалавечую і нячыстую.

Беларусы верылі, што душа нябожчыка яшчэ сорак дзён ходзіць па зямлі. Для яе пакідалі ручнік і ваду, каб яна магла памыцца перад апошнім шляхам. Аднак не ўсе маглі спакойна сысці ў вырай. Так душы самагубцаў, чараўнікоў, няхрышчаных дзяцей заставаліся на зямлі, маглі ператварацца ў русалак, вупыроў і іншую нячыстую сілу. Тыя, хто калісьці звязаўся з нячыстай сілай, пасля смерці мусіў служыць ёй.

Асабліва ў беларускай традыцыі паважалі душы салдатаў. Казалі, што сам Бог спускае ім драбіны на неба.

Раз на год, у памінальныя Дзяды, душы продкаў вярталіся ў родныя дамы. Іх сустракалі хлебам, соллю, запальвалі свечкі, грэлі лазню.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Што такое Радаўніца і чаму беларусы яе адзначаюць?

Вярнуцца ўгару