Вы чытаеце:
Што такое Радаўніца і чаму беларусы яе адзначаюць?

Што такое Радаўніца і чаму беларусы яе адзначаюць?

радаўніца, радуніца

Кожны беларус ведае пра Радаўніцу: часта яе адзначаюць, каб успомніць нашых памерлых сваяком, для некаторых — гэта звычайны выхадны дзень падчас майскіх выхадных. Аднак Радаўніца — гэта частка традыцыі, якая захавалася ў найбольш архаічнай форме толькі ў беларусаў.

PALATNO расказвае пра тое, чым Радаўніца была для нашых продкаў і чаму беларусы працягваюць адзначаць яе дагэтуль.

Радаўніца — гэта Дзяды, старажытны памінальны абрад беларусаў

Напэўна, кожны беларус ведае пра Радаўніцу. У Беларусі ў гэты дзень заўсёды выхадны дзень, каб сваякам можна было наведаць памерлых родзічаў. Традыцыя ўспамінаць памерлых для беларусаў доўгая — і называецца Дзядамі. Тая ж Радаўніца — гэта таксама Дзяды.

Дзяды спраўляліся некалькі разоў на год у залежнасці ад мясцовасці і вясной, і ўвосень. Галоўнымі былі змітраўскія Дзяды (яны звычайна адзначаліся ў лістападзе), Дзяды перад масленіцай і Сёмухай, а яшчэ і Радаўніца. Продкаў абавязкова частавалі, а потым весялілі, бо ў адваротным выпадку яны нібыта насылалі няшчасці.

У гэтыя дні абавязкова гатавалі святочныя стравы: куццю, бліны, клёцкі, яечню, мяса. Паводле звычаю, ад кожнай стравы сімвалічна адкладвалі ў асобны посуд частку нябожчыкам. Перад тым як сесці вячэраць, гаспадар тры разы абыходзіў стол, трымаючы свечку ў руках: у гэты час у доме адчынялі вокны і дзверы, каб клікаць продкаў па імёнах.

Радаўніцу называлі радужніцай, радуніцкімі дзядамі. Адметна, што памінальны абрад адбываўся непасрэдна на могілках. Радаўніца заўсёды адбываецца ў паслявялікодны тыдзень у аўторак. Радаўніца паходзіць ад розных слоў: ад ведыйскага radanh (ахвярадаўства), літоўскага rauda (галашэнне), ад агульнаславянскіх слоў «род», «радзіцца», «радавацца», ад імя міфічнага бога Рады.

«Грэць бацькоў», «снеданне па радзіцелях». Што рабілі на Радаўніцу?

На Радаўніцу кожная сям’я ішла памінаць памерлых родзічаў. Спачатку — у царкву, а потым на могілкі: там прыводзілі ў парадак магілы сваіх блізкіх. На насыпе рассцілалі абрус, там жа пачыналі памінальную трапезу. Частку ежы — яйкі, куццю і іншыя стравы — пакідалі «для мёртвых». Яйка на магілу клалі як магічны сродак: лічылася, што так можна часова ажывіць мёртвага.

ЦІКАВОСТКА
У беларусаў існавала яшчэ адна даўняя традыцыя на Радаўніцу — у памяць кожнага памерлага разводзілі вогнішчы. Яшчэ ў пачатку XX стагоддзя на Чэрвеньшчыне і Дзісеншчыне захоўваўся звычай: спярша ішлі на курганныя могільнікі, курганы падсыпалі, а на іх вяршыні закопвалі пятку афарбаванага яйка і пакідалі крыху ежы, і ўжо потым ішлі на магілы сваіх блізкіх. Вядома, што на Лепельшчыне яшчэ ў канцы XIX і пачатку XX стагоддзя на Радаўніцу моладзь прыбірала курганы зелянінай і вадзіла карагоды. Цікава, што на тэрыторыі дрыгавічаў захаваўся звычай навальваць на свежую магілу дубовую калоду: пазней, толькі на Радаўніцу побач ставілі высокі драўляны крыж.

Сваякі размаўлялі пра нябожчыкаў, традыцыйнымі былі і галашэнні.

На Палессі, але не ўсім, Радаўніцу падмянялі так званым «наўскім Вялікаднем». Ва Усходняй Беларусі функцыю Радаўніцы выконвалі летнія ці траецкія дзяды. У некаторых мясцінах Радаўніца дзялілася на «жывую» (у панядзелак малілася за жывых) і «мёртвую» (у аўторак паміналі памерлых). У некаторых рэгіёнах Радаўніцу спраўлялі толькі жанчыны.

Радаўніца заканчвалася застоллем дома ці ў карчме, калі мы кажам пра зусім старыя часы.

«На Радаўніцу да абеду пашуць, па абедзе плачуць, а ўвечары скачуць», — так казалі беларусы пра радуніцкія дзяды.

На Радаўніцу ў многіх мясцінах адбываліся кірмашы. Гандлявалі ў асноўным пернікамі, абаранкамі, гарэлкай, півам. У гэты дзень забаўляліся біццём яек.

Вядома, з Радаўніцай звязвалі разнастайныя назіранні і павер’і. Напрыклад, добры ўраджай будзе, калі на Радаўніцу быў маладзік. А яшчэ ў гэтыя дні нельга было садзіць і сеяць. Абрадавыя рытуалы на Радаўніцу праводзілі толькі для таго, каб задобрыць душы продкаў і заслужыць іх садзейнічанне ў жыцці і гаспадарцы. У Свіслацкім раёне кідалі тры разы яйка цераз гумно так, каб яно не разбілася, тады збожжа будзе добра захоўвацца. У народзе верылі, што гаспадыня, якая першая згатуе вячэру, то і першая скончыць жніво; той, хто першы з’явіцца на Радаўніцу на могілкі, пачуе ад крэўных нябожчыкаў таемную параду, як здабыць схаваны скарб.

Часта беларусы называлі Радаўніцу «снеданнем па радзіцелях», часам яна мела назву «грэць бацькоў».

Навукоўцы тлумачаць трывалае існаванне Радаўніцы і ў нашы часы душэўнай патрэбай жывых ушаноўваць памяць памерлых. Дарэчы, у найбольш архаічнай форме абрад захаваўся толькі ў беларусаў.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Беларускія чыноўнікі насамрэч — не губернатары і мэры. Вось чаму

 

Як абраць ідэальны ровар

 

Як вырасціць гародніну на падаконніку і не з’ехаць з глузду


Вярнуцца ўгару