Now Reading
Як вырасціць гародніну на падаконніку і не з’ехаць з глузду

Як вырасціць гародніну на падаконніку і не з’ехаць з глузду

гародніна на падаконніку, вырасціць гародніну дома

Амаль усё можна паспрабаваць вырасціць у сябе ў кватэры. А што дакладна вырасце на падаконніку? Якія расліны будуць самымі непатрабавальнымі, самымі карыснымі і смачнымі?

PALATNO прапануе спіс з чатырох карысных раслін, якія вы можаце вырасціць у кватэры і не з’ехаць з глузду, пакуль іх даглядаеце.

Зялёная цыбуля

Вырасціць зялёную цыбулю — напэўна, самы лёгкі варыянт з усіх астатніх. Для гэтага патрэбна знайсці ёмістасць, у якую трэба будзе пакласці цыбуліну. Затым яе заліваюць вадой (толькі зусім крыху, каб карані ледзь датыкаліся вады) — і чакаюць. Ідэальна, каб цыбуля не знаходзілася пастаянна на сонцы. Напачатку лепш за ўсё, каб яна стаяла ў халаднаватым месцы першы тыдзень.

Фота: Christopher Previte / Unsplash

Карысць. Зялёная цыбуля можа закрыць сутачную патрэбу ў вітаміне С — для гэтага трэба з’есці 150 грамаў цыбулі. У зялёнай цыбулі прысутнічае шмат мікра- і макраэлементаў.

Што прыгатаваць. Зялёную цыбулю выкарыстоўваюць як дадатак у салаты. А яшчэ зялёная цыбуля можа стаць галоўнай у салаце: у парэзаную цыбулю дадаюць смятану, крыху солі і перцу — і летні салат ужо гатовы.

Мята

Мяту можна размнажаць і вырошчваць дома на падаконніку. Мяту для вырошчвання можна купіць у буйных прадуктовых крамах. Для таго, каб вырошчваць мяту дома, трэба купіць глыбокі гаршчок. Мята любіць нейтральную ці кіслую глебу (5-6 pH). Можна выкарыстоўваць гатовую сумесь глебы для дамашніх раслін. Трэба будзе абавязкова разабраць карэнішча на некалькі часцін. Першыя ўсходы павіны з’явіцца праз два тыдні. Мята не любіць яркае сонечнае святло, але калі святла будзе недастаткова, то яна вырасце менш духмянай. Мяту нельга пераліваць, але яна вельмі любіць вільгаць на сваіх лістах. У цёплы час зеляніну паліваюць два-тры разы ў тыдзень.

Фота: Eleanor Chen / Unsplash

Карысць. Мята дапамагае пры болю ў жываце, спазмах кішэчніка і ўвогуле нармалізуе працу страўніка.

Што прыгатаваць. Лісты мяты выкарыстоўваюць для заварвання духмянай гарбаты ці іншага напою. Аднак будзьце ўважлівымі: гарбата з мятай супрацьпаказаная для ўжывання людзям з паніжаным ціскам, цяжарным і дзецям да трох гадоў.

Шчаўе

Для вырошчвання шчаўя патрэбна насенне. Яго можна высаджваць у любую ёмістасць, бо шчаўе зусім непатрабавальная культура. Для вырошчвання трэба гаршчок, грунт і ўгнаенне (гэта можна замяніць сумессю), можна выкарыстаць дадатковую лямпу дзённага святла. На дно ёмістасці трэба абавязкова засыпаць дрэнаж, які будзе прадухіляць перасыханне глебы. Аптымальнае месца для вырошчвання — падаконнік акна, якое выходзіць на паўднёвы бок. Увільгатняць глебу трэба будзе раз у 3-4 дні.

Фота: pro-dachnikov.com

Карысць. У лістах шчаўя ўтрымліваецца шмат аскарбінавай, дубільнай і шчаўевай кіслаты. Шчаўе трэба есці і таму, што гэта добра ўплывае на стан валасоў, пазногцяў і імуннай сістэмы.

Што прыгатаваць. З выкарыстаннем шчаўя можна прыгатаваць пірагі, супы, салаты, амлет. Выбар толькі за вамі. 

Морква

Моркву на падаконніку можна высаджваць з іншымі раслінамі. Для падаконніка падыходзяць гатункі морквы, якая дае невялікія плады. Галоўным фактарам у вырошчванні морквы будзе глеба. Зямлю лепш за ўсё купіць у краме: яна павінна быць дрэнажыраванай, каб быў адток лішняй вільгаці. У донцы ёмістасці, куды плануецца саджаць моркву, павінны быць адтуліны. Глебу, калі высадзіце насенне, трэба часта паліваць (нават часцей, чым агародную моркву). Час ад часу трэба рыхліць зямлю — гэта дапаможа росту морквы.

Фота: Jacqueline Brandwayn / Unsplash

Карысць. У моркве ўтрымліваецца шмат кераціну, вітамінаў В і В12, кіслот і антыаксідантаў.

Што прыгатаваць. З морквы можна прыгатаваць маркоўныя катлеты, патушыць у смятане ці зрабіць пячэнне. Зноўку ж, выбар застаецца за вамі.

Вярнуцца ўгару