«Дыктатары». Эпізод №4 — Адольф Гітлер

У сённяшнім выпуску мы раскажам пра адну з самых сумна вядомых асоб мінулага стагоддзя — Адольфа Гітлера. Яго імя з’яўляецца сінонімам зла, тыраніі і разбурэнняў Другой сусветнай вайны. Прыход да ўлады Гітлера і яго радыкальная ідэалогія прывялі да гібелі мільёнаў людзей і назаўжды змянілі ход гісторыі.

Мы ўсе ведаем, як Адольф Гітлер і яго ідэалогія — нацызм — скончылі ў Германіі: Гітлер застрэліўся ў красавіку 1945 года ў берлінскім бункеры. У сённяшнім эпізодзе мы будзем разбірацца, як і чаму Адольф Гітлер прыйшоў да ўлады, што спрыяла такому стылю ўлады і як немцы купіліся на нацызм.

ЯШЧЭ БОЛЬШ «ДЫКТАТАРАЎ»:

«Дыктатары». Эпізод №1 — Муамар Кадафі

«Дыктатары». Эпізод №2 — Маа Цзэдун

«Дыктатары». Эпізод №3 — Нікалае Чаўшэску

Адольф Гітлер прыйшоў да ўлады ў Германіі ў 1933 годзе. Гэта стала магчыма, дзякуючы комплексу палітычных, эканамічных і сацыяльных умоў. Ён скарыстаўся эканамічным крызісам, палітычнай нестабільнасцю, страхам камунізму і шырокай падтрымкай прамыслоўцаў. Праз майстэрскую прапаганду, рэваншысцкія ідэі і альянсы з кансерватарамі ён здолеў заваяваць давер шырокіх слаёў насельніцтва і атрымаць пасаду канцлера. Яго прыход да ўлады ўсталяваў таталітарны рэжым у Германіі і прывёў да Другой сусветнай вайны.

А цяпер разбяромся падрабязна, што паўплывала на атрыманне Гітлерам абсалютнай улады ў Германіі.

Эканамічны і палітычны крызіс пасля Першай сусветнай

У расказе, чаму Гітлер дамогся таталітарнай улады ў Германіі, мы заўсёды будзем вяртацца да паражэння Германскай імперыі ў Першай сусветнай вайне і падпісанні Версальскага мірнага дагавора. Ён не толькі паўплываў на эканамічнае становішча краіны і значна аслабіў Германію ў палітычным сэнсе.

Версальскі мірны дагавор накладаў на Германію вялікія рэпарацыі, і яшчэ краіна страціла свае тэрыторыі — гэта нанесла моцны ўдар па эканоміцы. Каб аплачваць рэпарацыі і іншыя фінансавыя абавязкі, урад Германіі пачаў друкаваць вялікія сумы грошай. Гэта, вядома, прывяло да гіперінфляцыі ў 1921-1923 гадах: кошты на тавары і паслугі выраслі ў мільёны разоў, людзі страчвалі свае грашовыя зберажэнні, а нямецкая эканоміка была практычна паралізаваная.

У 1929 годзе пачалася Вялікая дэпрэсія. Сусветны эканамічны крызіс пачаўся з краху фондавага рынку ЗША і хутка распаўсюдзіўся па ўсім свеце. Германія, якая на той момант ужо мела вялікія цяжкасці з эканамічным аднаўленнем пасля Першай сусветнай вайны, была моцна закранутая гэтым крызісам. Вялікая дэпрэсія прывяла да масавага беспрацоўя ў Германіі: да 1932 года больш за шэсць мільёнаў немцаў былі беспрацоўнымі. Вялікая колькасць людзей апынулася ў беднасці.

Многія прадпрыемствы не змаглі выжыць ва ўмовах эканамічнага спаду і былі вымушаныя зачыніцца. Гэта яшчэ больш пагоршыла сітуацыю з беспрацоўем і сацыяльнымі праблемамі. Урады, якія змянялі адзін аднаго, не здолелі эфектыўна адрэагаваць на крызіс.

гіперінфляцыя ў германіі, эканоміка веймарскай германіі, германія да гітлера
Гіперінфляцыя была катастрафічнай падзеяй для Веймарскай Германіі.

Эканамічны фактар быў важным, але не адзіным. Веймарская рэспубліка сутыкалася з вялікай палітычнай нестабільнасцю, частымі зменамі ўрадаў і слабасцю дэмакратычных інстытутаў. Ад самага пачатку, пасля паразы ў Першай сусветнай вайне, рэспубліка пагадзілася на выплату рэпарацый і на тэрытарыяльныя страты. Многія немцы лічылі такія ўмовы несправядлівымі і прыніжальнымі.

Веймарская рэспубліка, як палітычная фармацыя, была недасканалай і мела шэраг слабасцяў. Напрыклад, па канстытуцыі можна было скарыстацца артыкулам 48, які дазваляў прэзідэнту аб’яўляць надзвычайнае становішча і прымаць указы без згоды парламента. Кіруючыя ўрады часта абыходзілі парламент, а гэта, у сваю чаргу, падрывала дэмакратычныя прынцыпы.

Парламент Веймарскай рэспублікі складаўся з мноства партый — часам яны ўтваралі кааліцыі і вельмі няўстойлівыя ўрады. Разам з такім урадам у Германіі дзейнічалі розныя радыкальныя рухі: як левыя (камуністы), так правыя і ўльтраправыя. Гэтыя групы актыўна ўдзельнічалі ў палітычным жыцці, часта выкарыстоўвалі гвалт і тэрор. У 1920 годзе адбыўся Капаўскі путч, а ў 1923 годзе на чале з Адольфам Гітлерам — «Піўны путч». Радыкальныя рухі часамі заключалі саюзы і альянсы, каб узмацніць уплыў на ўнутрыпалітычнае жыццё.

Немцы сапраўды адчувалі сябе прыніжанымі і прагнулі рэваншу. Гітлер, вядома ж, абяцаў вярнуць нацыянальны гонар і адрадзіць магутную Германію. У той час існаваў такі «міф пра ўдар у спіну». Сэнс яго палягаў у тым, што немцы лічылі, што Германія прайграла вайну не на полі болю, а з-за здрады ўнутраных ворагаў — яўрэяў, сацыялістаў і камуністаў. Гэты міф актыўна выкарыстоўвалі нацысты.

Філіп Шэйдэман канцлер, Веймарская Германія
Філіп Шэйдэман абвяшчае аб стварэнні Веймарскай Германіі.

У міжваенны перыяд нацыяналістычныя ідэі ўзмацніліся, бо многія немцы былі перакананыя, што Германія павінна аднавіць сваю веліч і вярнуць стратэгічныя тэрыторыі. Такія настроі падтрымлівалі нацыяналістычныя і правыя групы. Нацыяналізм і рэваншызм адыгралі ключавую ролю ў прыходзе Адольфа Гітлера да ўлады ў. Гэтыя ідэі былі шырока распаўсюджаны ў нямецкім грамадстве пасля Першай сусветнай вайны і сталіся важнымі фактарамі ў стварэнні палітычнай падтрымкі для НСДАП.

Эканамічныя цяжкасці прывялі да радыкалізацыі значнай часткі нямецкага грамадства. Людзі шукалі простыя адказы на складаныя эканамічныя праблемы. Радыкальныя партыі разам з НСДАП прапаноўвалі такія адказы, абяцалі стабільнасць і адраджэнне эканомікі. Гітлер і яго паплечнікі выкарысталі кепскае эканамічнае становішча краіны, каб прыцягнуць падтрымку сярод незадаволеных.

На якіх страхах гулялі нацысты, каб атрымаць уладу

Гітлер і НСДАП выкарыстоўвалі магутную прапаганду для прасоўвання сваіх ідэй і заваёўвалі падтрымку насельніцтва. Іх антысеміцкая, антыкамуністычная і антыдэмакратычная рыторыка знаходзіла водгук у многіх немцаў, якія шукалі вінаватых у сваіх бедах.

Прапаганда і ідэалогія былі ключавымі элементамі ў стратэгіі Адольфа Гітлера і Нацыянал-сацыялістычнай нямецкай рабочай партыі (НСДАП) для атрымання і ўтрымання ўлады ў Германіі. Гэтыя элементы дазволілі нацыстам эфектыўна маніпуляваць грамадскай думкай і забяспечыць падтрымку сваіх палітычных мэтаў.

  • Антысемітызм. Антысемітызм быў цэнтральным элементам ідэалогіі. Нацысты лічылі яўрэяў галоўнымі ворагамі нямецкага народа, абвінавачвалі іх у паразе Германіі ў Першай сусветнай, эканамічных праблемах і ўсіх іншых бедах. Гэтыя погляды выкарыстоўваліся для апраўдання пераследу і генацыду яўрэяў.
  • Нацыяналізм. Нацысты прасоўвалі ідэі экстрэмальнага нацыяналізму. Яны сцвярджалі, што немцы з’яўляюцца «арыйскай расай», то бок, вышэйшай за ўсе іншыя народы. Іх мэта была адрадзіць нацыянальную веліч Германіі і стварыць «тысячагадовы рэйх», які будзе дамінаваць у Еўропе і свеце.
Ёзэф Гебельс, Адольф Гітлер, Рудольф Гес, нацысцкая германія
Ёзэф Гебельс, Адольф Гітлер і Рудольф Гес.

Ёзэф Гебельс, міністр прапаганды, быў адным з галоўных архітэктараў нацысцкай прапаганды. Ён стварыў магутную прапагандысцкую машыну, якая ўключала кантроль над усімі сродкамі масавай інфармацыі: прэсай, радыё, кіно і мастацтвам. Гебельс па-майстэрску выкарыстоўваў гэтыя сродкі для прасоўвання нацысцкай ідэалогіі і ўзмацнення культу асобы Гітлера. Нацысты часта праводзілі велізарныя мітынгі і парады, якія падкрэслівалі моц і еднасць партыі і нацыі. У кіно і радыё прасоўвалі нацысцкія нарматывы, а фільмы, па тыпу «Трыумф волі» ад Лені Рыфеншталь, дэманстравалі магутнасць нацысцкай дзяржавы.

Нацысцкая прапаганда стварала культ асобы Гітлера, ён быў «фюрэрам» — выратавальнікам Германіі, які адраджаў нацыю і вёў яе да велічы. Гітлер быў паказаны як неаспрэчны лідар, чыя мудрасць і сіла дазволяць Германіі пераадолець усе цяжкасці.

  • Рэваншызм. Ідэалогія нацыстаў уключала жаданне рэваншу за паразу ў Першай сусветнай вайне і несправядлівыя ўмовы Версальскага мірнага дагавора. Нацысты абяцалі вярнуць страчаныя тэрыторыі і аднавіць нямецкую гонар і моц.
  • Сацыяльны дарвінізм і расавая тэорыя. Нацысты падтрымлівалі ідэі сацыяльнага дарвінізму. Лічылі, што толькі самыя моцныя і чысцейшыя расы маюць права на існаванне і дамінаванне. Гітлер і яго паплечнікі лічылі, што немцы павінны ачысціць сваю расу ад «непажаданых элементаў»: яўрэяў, цыган, славян і г.д., і ўсталяваць панаванне арыйскай расы.
  • Антыкамунізм. Нацысты актыўна выступалі супраць камунізму, разглядалі яго як пагрозу для Германіі і яе народа. Антыкамунізм быў важным элементам прапаганды, які дапамагаў ім прыцягнуць падтрымку кансерватыўных і заможных колаў.

Падчас эканамічнага крызісу і палітычнай нестабільнасці многія немцы баяліся ўздыму камунізму. Гітлер і НСДАП прадстаўлялі сябе як сіла, здольная супрацьстаяць камуністычнай пагрозе. Пасля Рэвалюцыі 1917 года ў Расіі і стварэння Савецкага Саюза камуністычныя рухі пачалі распаўсюджвацца па ўсёй Еўропе. У Германіі таксама існавала моцная камуністычная партыя — Камуністычная партыя Германіі (КПГ), якая актыўна дзейнічала і набірала падтрымку сярод рабочага класа.

нсдап, нацысцкая партыя, партыя гітлера

У Германіі былі шматлікія спробы камуністычных паўстанняў і захопу улады. Гэтыя падзеі толькі ўзмацнілі страх перад магчымасцю камуністычнай рэвалюцыі ў краіне. Эканамічны крызіс 1920-х гадоў, асабліва пасля Вялікай дэпрэсіі 1929 года, прывёў да масавага беспрацоўя і сацыяльнай нестабільнасці. У такіх умовах камуністычныя ідэі знаходзілі падтрымку сярод бедных і рабочых, якія шукалі альтэрнатыву.

Як эліта падтрымала нацыстаў

Заможныя колы і кансерватыўныя палітыкі, якія баяліся страты ўлады і маёмасці ў выпадку камуністычнай рэвалюцыі, бачылі ў НСДАП надзейнага партнёра. Гітлер атрымаў значную фінансавую падтрымку ад буйных прамыслоўцаў, якія спадзяваліся, што ён будзе абараняць іх інтарэсы і спрыяць эканамічнай стабільнасці.

Як і многія іншыя, прамыслоўцы баяліся ўздыму камунізму і рэвалюцыі, якая магла пагражаць іх уласнасці і бізнесу. Нацысцкая партыя, што змагалася з камуністамі, выглядала прывабным партнёрам у барацьбе за захаванне дзейнай эканамічнай сістэмы.

Фрыц Тысэн — адзін з самых магутных прамыслоўцаў у Германіі, быў уладальнікаў металургічнай кампаніі. Ён аказаў значную фінансавую падтрымку НСДАП напачатку 1930-х гадоў. Эміль Кірдорф з вугальнай прамысловасці быў адным з самых ранніх прыхільнікаў Гітлера і фінансаваў партыю яшчэ ў 1920-я гады. Густаў Круп быў кіраўніком адной з найбуйнейшых прамысловых кампаній у Германіі, ён і яго кампанія падтрымлівалі нацыстаў фінансава і тэхналагічна. Шэраг нямецкіх банкіраў і фінансавых устаноў таксама аказвалі фінансавую падтрымку НСДАП.

Буйныя прамыслоўцы і банкіры аказвалі значную фінансавую падтрымку нацысцкай партыі. Яны лічылі, што нацысты змогуць абараніць іх інтарэсы. Прамыслоўцы выкарыстоўвалі ўплыў на палітычную эліту, каб падтрымаць і прызначэнне Гітлера канцлерам. У сваю чаргу, Гітлер абяцаў заможным колам аднавіць нямецкую эканоміку, стварыць новыя працоўныя месцы і падтрымаць прамысловасць. Яго абяцанні ўключалі планы па будаўніцтву аўтабанаў, узбраенню і індустрыялізацыі. Нацысты падтрымлівалі прыватную ўласнасць і рынкавую эканоміку, а гэта кантраставала з камуністычнымі ідэямі нацыяналізацыі.

Фінансавая падтрымка прамыслоўцаў дазволіла нацысцкай партыі весці шырокую прапагандысцкую кампанію і атрымаць падтрымку з боку насельніцтва.

Прыход і атрыманне абсалютнай улады ў Германіі

У 1930-х гадах НСДАП значна павялічыла сваю падтрымку сярод выбаршчыкаў. На выбарах у рэйхстаг у 1930 годзе партыя атрымала 18,3% галасоў, а ў ліпені 1932 года — 37,3%. Так яна стала найбуйнейшай партыяй у парламенце.

Гітлер і яго паплечнікі заключалі альянсы з кансерватыўнымі палітыкамі. Шлях да пасады канцлера ў Гітлера адбыўся з-за Франца фон Папэна, які быў канцлерам у 1932 годзе. Фон Папэн актыўна падтрымліваў ідэю прызначэння Гітлера канцлерам: ён спадзяваўся кантраляваць яго і выкарыстаць для сваіх мэтаў. Фон Папэн і яго саюзнікі лічылі, што Гітлер зможа аб’яднаць правыя сілы і забяспечыць стабільнасць у краіне.

Канчатковае прызначэнне Гітлера канцлерам стала магчымым дзякуючы ціску з боку кансерватыўных палітыкаў на прэзідэнта Паўля фон Гіндэнбурга.

У выніку гэтых маніпуляцый і саюзаў Гітлер быў прызначаны канцлерам Германіі 30 студзеня 1933 года.  Пасля прызначэння Гітлер хутка кансалідаваў сваю ўладу. Але каб атрымаць абсалютную, таталітарную ўладу Адольфу Гітлеру спатрэбілася крыху больш часу… І вось, дзякуючы якім механізмам, гэта адбылося.

27 лютага 1933 года, пасля месяца на пасту канцлера Германіі, у рэйхстагу адбыўся вялікі пажар. Адольф Гітлер выкарыстаў гэты інцыдэнт як падставу для абвяшчэння надзвычайнага становішча. Праз некалькі дзён быў прыняты «Дэкрэт пра абарону народа і дзяржавы», які фактычна ліквідаваў грамадзянскія свабоды ў краіне і дазволіў арыштоўваць палітычных праціўнікаў нацыстаў без суда.

Яшчэ праз месяц, 23 сакавіка 1933 года, рэйхстаг прыняў Акт аб надзвычайных паўнамоцтвах, які даў Гітлеру і яго ўраду права прымаць законы без згоды парламента. Гэта дазволіла Гітлеру абыходзіць дэмакратычныя працэдуры і кансалідаваць сваю ўладу.

У гэты ж час нацысты пачынаюць шырокую кампанію рэпрэсій супраць палітычных апанентаў: камуністаў, сацыялістаў, лібералаў і іншых апазіцыянераў. Многія з іх былі арыштаваныя і адпраўленыя ў лагеры, ці ўвогуле забітыя. У чэрвені 1933 года ўсе палітычныя партыі, акрамя НСДАП, былі забароненыя: палітычная канкурэнцыя была ліквідаваная, а ў Адольфа Гітлера была манаполія на ўладу.

як гітлер прыйшоў да ўлады, нацысцкая германія

Так усяго за некалькі месяцаў Германія прайшла шлях ад дэмакратычнай краіны да таталітарнай дыктатуры. У Германіі ў сярэдзіне 1930-х ва ўсю развярнулася прапагандысцкая машына пад кіраўніцтвам Ёзэфа Гебельса, усталяваўся культ асобы Адольфа Гітлера. Нацысты ўстанавілі кантроль на сістэмай адукацыі і культуры: навучальныя праграмы перапісваліся, знішчаліся кнігі і мастацкія творы. Свядомасць цэлых пакаленняў фарміравалася ў адпаведнасці з нацысцкай ідэалогіяй.

Гітлер выкарыстаў шырокі спектр інструментаў для захопу абсалютнай улады ў Германіі: надзвычайныя паўнамоцтвы, рэпрэсіі, прапаганда, кантроль над сілавымі структурамі, ліквідацыя палітычных апанентаў і дэмакратычных інстытутаў… Гэты працэс меў катастрафічныя наступствы для Германіі і ўсяго свету.

Праз пяць гадоў пасля прыходу да ўлады Адольфа Гітлера адбудзецца аншлюс Аўстрыі, акупацыя Судзетаў… і зусім хутка немцы пачнуць Другую сусветную вайну. Яна забярэ жыцці дзясяткаў мільёнаў чалавек, будуць разбураныя сотні гарадоў, дзясяткі тысяч вёсак. У красавіку 1945 года Адольф Гітлер застрэліцца ў бункеры ў Берліне — на той час, «тысячагадоваму рэйху» заставалася жыць усяго некалькі тыдняў.

Вярнуцца ўгару