Аляксей Навальны нечакана загінуў у расійскай турме, да гэтага ў беларускіх калоніях загінулі Вітольд Ашурак, Алесь Пушкін, Мікалай Клімовіч і Вадзім Храсько. Смерці палітычных апанентаў для дыктатур — звычайная справа. Дыктатары прыбіраюць сваіх праціўнікаў спакон вякоў, але часам можа падавацца, што ў XXI стагоддзі такіх практык ды і дыктатарскіх рэжымаў не можа існаваць. Аднак яны існуюць і добра пачуваюцца ў многіх кутках нашай планеты.
PALATNO расказвае, як дыктатары ў розных частках свету змагаюцца са сваімі палітычнымі апанентамі.
Арышты — гэта адна з самых распаўсюджаных формаў барацьбы
Сваіх апанентаў садзілі ў турмы шматлікія дыктатары: Гітлер, Франка, Сталін, Мусаліні… У XXI стагоддзі практыка не змянілася. Аляксандр Лукашэнка выкарыстоўвае сілавы апарат для барацьбы з канкурэнтамі напрацягу сваёй 30-гадовай кар’еры. Пасля сфальсіфікаваных выбараў у 2020 годзе ў беларускіх турмах па палітычных артыкулах загінулі Вадзім Храсько, Мікалай Клімовіч, Вітольд Ашурак, Алесь Пушкін.
Тое самае адбываецца і ў Расіі: спачатку Аляксея Навальнага спрабавалі атруціць «Навічком», а пасля яго вяртання з-за мяжы, дзе ён праходзіў лячэнне, пасадзілі нібыта з-за парушэнне выпрабавальнага тэрміну з адной з крымінальных спраў. 16 лютага 2024 года Аляксей Навальны быў забіты ў калоніі.
Арышты палітычных апанентаў — гэта толькі адзін з варыянтаў, як аўтакраты змагаюцца са сваімі канкурэнтамі. Але і ён з’яўляецца адным з самых эфектыўных сродкаў пакінуць уладу ў руках дыктатара.
Арышт за гвалт. Лопэс супраць Мадуры
У 2014 годзе венесуэльскага лідара апазіцыі Леапольда Лопэса пасадзілі ў турму: яму далі 13 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў падбухторванні да гвалту на мітынгу апазіцыі. Так Лопэс спрабаваў з дапамагай мірных дэманстрацый змагацца з рэжымам Нікаласа Мадура.
Многія назіральнікі і адвакат Лопэса заяўлялі, што справа была сфабрыкаваная. Праз некалькі гадоў Лопэсу змянілі меру ўтрымання на дамашні арышт па стане здароўя. У 2020 годзе Лопэс змог уцячы з Венесуэлы.
Ваенная хунта супраць Нобелеўскага лаўрэата
Больш трагічна склаўся лёс Аун Сан Су Чжы — яе партыя яшчэ ў 1990 годзе заваявала парламенцкую большасць, але спатрэбіліся дзесяцігоддзі, перш чым яна змагла ўзначаліць урад. Аун Сан Су Чжы стала лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру, але гэта не перашкодзіла ваеннай хунце М’янмы пасадзіць жанчыну пад дамашні арышт на многія гады.
У 2015 годзе на першых выбарах пасля 1990 года партыя Аун Сан Су Чжы зноў атрымала перамогу. У 2021 годзе яе затрымалі падчас ваеннага перавароту і асудзілі на 27 гадоў зняволення. Спачатку яе абвінавачвалі ў незаконным увозе рацый, а пасля ва ўзбуджэнні ў грамадстве пачуццяў «страху і трывогі», парушэнні эпідэміялагічных пратаколаў падчас выбарчай кампаніі. Па стане на 2024 год, Аун Сан Су Чжы знаходзіцца ў зняволенні.
Стварэнне ворагаў, бо без ворагаў не існуе дыктатуры
У Кім Чэн Ына няма палітычных апанентаў у традыцыйным разуменні: супраць яго ніхто не ідзе на выбары, ніхто не арганізоўвае акцыі пратэсту і не стварае апазіцыйныя партыі. Але нават і такія дыктатары, як Кім Чэн Ын, усё роўна знаходзяць сабе ворагаў.
У 2013 годзе стала вядома, што пасля ваеннага суда быў пакараны смерцю родны дзядзька лідара Паўночнай Карэі, Чан Сон Тхэк. Яго папярэдне арыштавалі і ўтрымлівалі ў турме. Чан Сон Тхэка абвінавачвалі ў спробе дзяржаўнага перавароту. А ў 2016 годзе арыштавалі міністра па справах адукацыі і яшчэ двух высокапастаўленых чыноўнікаў: іх адправілі ў лагеры для перавыхавання.
Арышты з-за непрызнанне прэзідэнта
У 2011 годзе вярхоўны лідар Ірана Аятала Хаменеі нібыта кіраваў затрыманнем лідараў апазіцыі. Гэта адбылося праз два гады пасля таго, як яны выступілі супраць Махмуда Ахмадзінежада на выбарах 2009-га, на якіх ён, адпаведна, і перамог у суправаджэнні масавых арыштаў і палітычных чыстак. Арыштаваныя лідары апазіцыі — Мехдзі Карубі, Захра Рахнавад, Мір-Хусэйн Мусаві — дагэтуль знаходзяцца пад дамашнім арыштам. Яны не прызналі вынікі прэзідэнцкіх выбараў і казалі пра масавыя фальсіфікацыі.
Для палітычных апанентаў у Іране дамашні арышт — гэта мяккі «аргумент», бо ў краіне дзейнічае смяротнае пакаранне. Па дадзеных Human Rights Watch, за 2023 год у Іране правялі 309 смяротных пакаранняў.
Былы доктар дыктатара стаў яго праціўнікам
Дыктатар Уганды Ёверы Мусевені знаходзіцца ва ўладзе ад 1986 года — ён называе сябе прэзідэнтам і дагэтуль ім застаецца. Адным з асноўных палітычных апанентаў Мусевені стаў яго былы доктар Кіза Бесіг’е.
Бесіг’е арыштоўвалі дзясяткі разоў напрацягу дваццаці гадоў. Апошні раз яго арыштавалі ў 2022 годзе, калі ён праводзіў акцыю пратэсту: яго вызвалілі праз некалькі дзён, а ён ізноў пачаў пратэсную дэманстрацыю. Адпаведна, угандыйскія ўлады арыштавалі Бесіг’е.
Сімвал вызваленчай барацьбы, які стаў дыктатарам
Адзіны ў нашым спісе дыктатар, які ўжо памёр, прэзідэнт Зімбабвэ Роберт Мугабэ. Мугабэ доўгі час лічыўся сімвалам вызваленчай барацьбы, але стаў тыранам. Адным з самых яркіх апазіцыянераў рэжыму Мугабэ стаў Морган Цвангіраі. У 2007 годзе ён быў арыштаваны і моцна збіты — у бальніцы ў яго дыягнаставалі цяжкія траўмы галавы. Усё адбывалася перад чарговымі выбарамі, на якіх, вядома, перамог Мугабэ. Пасля першага тура выбараў яго зноўку арыштавалі, і ён адмовіўся ўдзельнічаць у іх.
У 2017 годзе падчас ваеннага перавароту Мугабэ адхілілі ад улады, праз два гады ён памёр у бальніцы Сінгапура. Морган Цвангіраі так і не стаў прэзідэнтам Зімбабвэ, у 2018 годзе ён памёр ад раку.
27 гадоў за супраціў
Для любых аўтарытарных рэжымаў выбары — гэта час турбулентнасці, таму менавіта ў гэты час адбываецца масавы пераслед нязгодных. У 2017 годзе па загадзе прэм’ер-міністра краіны, які ў свой час быў камандзірам «Чырвоных Кхмераў», Хун Сэна быў арыштаваны асноўны канкурэнт для кіруючай партыі Кем Соха.
Кем Соху абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе, доўга судзілі і трымалі пад арыштам. У 2023 годзе яму прысудзілі 27 гадоў пазбаўлення волі.