Now Reading
«Дыктатары». Эпізод №5 — Ідзі Амін

«Дыктатары». Эпізод №5 — Ідзі Амін

У гэтым эпізодзе мы раскажам пра асобу, чыё жорсткае праўленне пакінула трывалы шнар на яго нацыі — Ідзі Аміна. Яго называлі «Мясніком Уганды», яго імя выклікала страх і жах. Ён падняўся з шэрагу вайскоўцаў, захапіў уладу падчас дзяржаўнага перавароту. Кіраванне Аміна — гэта надзвычайная жорсткасць, парушэнне правоў чалавека і культ асобы. Яго васьмігадовае праўленне прывяло да гібелі сотняў тысяч і пагрузіла Уганду ў хаос.

ЯШЧЭ БОЛЬШ «ДЫКТАТАРАЎ»:

«Дыктатары». Эпізод №1 — Муамар Кадафі

«Дыктатары». Эпізод №2 — Маа Цзэдун

«Дыктатары». Эпізод №3 — Нікалае Чаўшэску

«Дыктатары». Эпізод №4 — Адольф Гітлер

Ранняе жыццё

Ідзі Амін Дада Аўмі нарадзіўся каля 1925 года ў Кабоку, ва Угандзе. Дакладная дата яго нараджэння застаецца невядомай. Яго бацька быў з этнічнай групы Каква, а маці належала да племені Лугбара. Сям’я жыла ў беднасці, Амін выхоўваўся ў традыцыйных умовах.

Свае раннія гады Ідзі Амін правёў у вёсцы, там ён не атрымаў ніякай адукацыі. Яго дзяцінства было цяжкім: гэта ўплывала на яго стаўленне да жыцця і працы ў далейшым. Ён навучыўся рыбалоўству і сельскагаспадарчай працы — гэта ўсё было асноўнымі заняткамі яго супольнасці Каква.

Ваенная кар’ера

У 1946 годзе Ідзі Амін уступіў у Брытанскія Усходне-Афрыканскія каралеўскія войскі. На той момант гэта фарміраванне было часткай каланіяльных сіл Вялікабрытаніі. Амін пачынаў службу як салдат, але дзякуючы сваёй фізічнай сіле і дысцыпліне хутка прасоўваўся па службовай лесвіцы.

Ідзі Амін удзельнічаў у розных ваенных аперацыях падчас службы ў Брытанскіх войсках. Напрыклад, ваяваў у Бірме ў Другой сусветнай вайне, а затым удзельнічаў у спецаперацыях супраць мяцежнікаў у Кеніі ў 1950-х гадах. За службу Амін атрымаў некалькі ўзнагарод, але самае каштоўнае — павагу сярод службоўцаў.

дыктатура ідзі аміна, дыктатар ідзі амін, дыктатура ва ўгандзе
Ідзі Амін.

Да моманту атрымання Угандай незалежнасці ў 1962 годзе Ідзі Амін ужо меў значны досвед і быў адным з нешматлікіх угандыйцаў, якія мелі высокія званні ў каланіяльных узброеных сілах. У тыя гады Ідзі Амін стаў блізкіх саюзнікам прэм’ер-міністра, а затым і прэзідэнта Мілтана Абатэ. Абатэ прызначыў Аміна на высокія ваенныя пасады — напрыклад, начальнікам штаба ўгандыйскай арміі.

З часам адносіны паміж Абатэ і Амінам сталі напружанымі праз падазрэнні ў карупцыі і злоўжыванні ўладай. Абатэ пачаў падазраваць Аміна ў падрыхтоўцы перавароту і ў спробах узурпіраваць уладу.

Палітычная кар’ера і захоп улады

Пагаршэнне адносін з Мілтанам Абатэ і магчымасць арышту, Амін сапраўды пачаў рыхтавацца да ваеннага перавароту. Ён змог знайсці падтрымку ў значнай часткі вайскоўцаў і стварыць сетку саюзнікаў у арміі.

Мілтан Абатэ, дыктатура ідзі аміна, дыктатар ідзі амін, дыктатура ва ўгандзе
Мілтан Абатэ.

Пераварот адбыўся 25 студзеня 1971 года, калі Абатэ знаходзіўся на міжнароднай канферэнцыі ў Сінгапуры. Амін і яго прыхільнікі захапілі стратэгічныя аб’екты ва ўгандыйскай сталіцы Кампале, абвясцілі аб стварэнні новага ўраду без Мілтана Абатэ. Пераварот адбыўся амаль без крыві, а Амін вельмі хутка захапіў кантроль над усёй краінай.

Праз некалькі дзён пасля перавароту Амін абвясціў сябе прэзідэнтам Уганды. Ён абяцаў правесці выбары і вярнуць краіну да дэмакратыі, але пасля адмовіўся ад гэтых абяцанняў. Спачатку Ідзі Амін вырашыў «пачысціць» армію і дзяржаўныя структуры — ён думаў, што там сядзяць патэнцыйныя праціўнікі і канкурэнты. Многія афіцэры, якія былі лаяльныя былому прэзідэнту Абатэ, была арыштаваныя ці забітыя.

Так пачаўся рэжым Ідзі Аміна — рэжым, які стаў вядомы масавымі парушэннямі правоў чалавека. Падчас яго ўлады было забіта ці знікла без вестак да 500 тысяч чалавек.

Рэжым Ідзі Аміна

Рэжым Ідзі Аміна ва Угандзе быў адным з самых жорсткіх і рэпрэсіўных у гісторыі Афрыкі. Для ўмацавання сваёй улады Амін стварыў шэраг рэпрэсіўных органаў: Угандыйскую разведвальную службу і Вайсковае разведвальнае ўпраўленне. Гэтыя службы займаліся шпіянажам, катаваннямі і ліквідацыяй палітычных праціўнікаў Аміна.

Амін праводзіў палітыку этнічнага пераследу. Ён даваў пасады прадстаўнікам двух этнічных груп — Каква і Лугбара — з якіх сам паходзіў. Адначасова пад рэпрэсіі траплялі прадстаўнікі іншых групы: ачолі і ланга лічыліся пагрозай для яго ўлады.

Катаванні і забойства сталі звычайнай справай. Тайная паліцыя і спецслужбы рэгулярна катавалі і забівалі падазраваных у нелаяльнасці. Частку людзей арыштоўвалі без суда і следства, а многія знікалі без звестак. Жыхары Уганды знаходзіліся ў стане пастаяннага страху і падазронасці. Людзі баяліся выказваць незадаволенасць ці крытыкаваць урад, бо гэта магло прывесці да смерці. Сем’і і блізкія падазраваных таксама маглі стаць мішэнню рэпрэсій. Сімвалам жахаў рэжыму Ідзі Аміна стала лубірская катавальня — у цэнтры сталіцы ўтрымліваліся тысячы людзей, якія падазравалі ў нелаяльнасці рэжыму.

У 1972 рэжым Аміна арыштаваў былога прэм’ер-міністра Уганды Бенедыкта Ківанука. Лёс Ківануку пасля арышту — невядомы, ён проста знік. Лічыцца, што яго жорстка катавалі і забілі па загадзе Аміна. Яго цела так і не было знойдзенае.

У 1977 годзе быў арыштаваны арцыбіскуп англіканскай царквы ва Угандзе Джанані Лувум. Ён паслядоўна крытыкаваў рэжым Ідзі Аміна, а пасля арышту яго абвінавацілі ў змове супраць урада. Праз некалькі дзён пасля гэтага Лувума забілі, а ўгандыйскія ўлады заяўлялі, што той загінуў у аўтамабільнай аварыі. Аднак насамрэч ён быў расстраляны па загадзе Ідзі Аміна.

Экстравагантны і эксцэнтрычны лідар Уганды

Угандыйскі дыктатар быў вядомы сваёй экстравагантнасцю і эксцэнтрычнасцю як у асабістым жыцці, так і ў кіраванні дзяржавай.

Амін любіў прысвойваць сабе гучныя тытулы: абвясціў сябе «Яго Вялікасць, Пажыццёвы Прэзідэнт, Фельдмаршал, Альхаджы Доктар Ідзі Амін, Заваёўнік Брытанскай Імперыі, Гаспадар усіх звяроў на зямлі і рыб у моры, і Кароль Шатландыі». Званне фельдмаршала абгрунтоўвалася яго вайсковым мінулым і вялікай колькасцю медалёў і ордэнаў — большасць з якіх ён сабе сам і выдаў.

Ідзі Амін арганізоўваў шэраг розных мерапрыемстваў. Напрыклад, баксёрскія матчы, у якіх сам і ўдзельнічаў. Часамі ён звяртаўся да сусветных лідараў: аднойчы ён напісаў ліст Лізавеце II з прапановай рукі і сэрца. Дзень свайго нараджэння Ідзі Амін абвясціў дзяржаўным святам.

У Ідзі Аміна было шмат жонак і дзяцей. Па некаторых звестках, у яго было да 30 жонак і больш за 40 дзяцей. Нягледзячы на эканамічныя цяжкасці ў краіне падчас свайго кіравання Амін жыў у раскошы. Ён меў некалькі палацаў і асабісты парк з экзатычнымі жывёламі.

Чысткі супраць азіяцкага насельніцтва

У 1972 годзе Ідзі Амін загадаў з’ехаць з Уганды каля 60 тысячам азіятаў, пераважна індыйскага і пакістанскага паходжання. Гэтыя людзі складалі важную частку камерцыйнага і прадпрымальніцкага класа ў краіне. Іх выгнанне прывяло да эканамічнага крызісу, бо новыя ўгандыйскія прадпрымальнікі не змаглі эфектыўна кіраваць бізнесамі.

Азіяты, асабліва індусы і пакістанцы, якія эмігравалі ва Уганду падчас брытанскага каланіяльнага кіравання, складалі значную частку прадпрымальніцкага класа. Яны кантралявалі шматлікія гандлёвыя прадпрыемствы, крамы і маленькія фабрыкі. Эканамічныя праблемы і сацыяльная напружанасць у пачатку 1970-х гадоў прывялі да росту нацыяналістычных і ксенафобных настрояў. Ідзі Амін выкарыстаў гэтыя настроі.

дыктатура ідзі аміна, дыктатар ідзі амін, дыктатура ва ўгандзе
Ідзі Амін.

Жнівень 1972 года стаў паваротным этапам. Амін абвясціў, што ўсе азіяты, якія не маюць угандыйскага грамадзянства, павінны пакінуць краіну на працягу 90 дзён. Угандыйскі дыктатар абгрунтаваў такія заявы неабходнасцю перадаць усю эканамічную ўладу свайму народу. Азіяцкае насельніцтва павінна было пакінуць свае маёмасць, бізнес. Усё гэта пераходзіла пад кантроль дзяржавы і перадавалася ўгандыйцам, якія не мелі досведу і навыкаў для кіравання прадпрыемствамі.

Так пачаўся эканамічны хаос і паўсюдная карупцыя. Нацыяналізацыя і пераразмеркаванне маёмасці прывялі да зніжэння вытворчасці і гандлю, а таксама да павелічэння беспрацоўя і галечы. Многія прадпрыемствы закрываліся, а вытворчасць скарачалася: эканоміка краіны пачала хутка дэградаваць. Дзеянні Ідзі Аміна выклікалі шырокае міжнароднае асуджэнне. Вялікабрытанія і іншыя заходнія краіны асудзілі дзеянні ўраду Уганды. Індыя і Пакістан таксама выказалі незадаволенасць і прапанавалі дапамогу бежанцам.

Вайна з Танзаніяй і падзенне рэжыму Ідзі Аміна

У 1978 годзе Ідзі Амін пачаў вайну з суседняй Танзаніяй. Так ён спадзяваўся ўзмацніць сваю ўладу і адцягнуць увагу ад унутраных праблем. Тая авантура прывяла да поўнага паражэння ўгандыйскай арміі. Танзанійскія войскі ўвайшлі ў сталіцу Кампалу ў 1979 годзе і скінулі рэжым Ідзі Аміна.

З чаго пачалася вайна? Адносіны паміж Угандай і Танзаніяй былі напружанымі з самага пачатку праўлення Ідзі Аміна. Адной з галоўных прычын канфлікту сталі тэрытарыяльныя спрэчкі, асабліва вакол раёна Кагера — ён размяшчаўся на мяжы дзвюх краін. А прэзідэнт Танзаніі Джуліюс Ньерэрэ быў вядомым крытыкам рэжыму Аміна. Ньерэрэ падтрымліваў угандыйскіх дысідэнтаў і апазіцыянераў, якія шукалі прытулак у Танзаніі.

прэзідэнт танзаніі Джуліус Ньерэрэ, вайна уганды і танзаніі
Джуліюс Ньерэрэ

У кастрычніку 1978 года ўгандыйскія войскі перайшлі мяжу з Танзаніяй і ўварваліся ў раён Кагера. Амін абвінаваціў Танзанію ў падтрымцы ўгандыйскіх апазіцыянераў і менавіта таму вырашаў правесці хуткую спецаперацыю. На пачатку вайны ўгандыйцы дамагліся пэўных поспехаў і захапілі частку тэрыторыі Танзаніі, аднак поспехі былі кароткачасовымі. Танзанія адрэагавала на агрэсію і распачала контрнаступленне. Адна з ключавых бітваў адбылася ў красавіку 1979 года: танзанійскія вайскоўцы і ўгандыйскія паўстанцы захапілі сталіцу Уганды, Кампалу.

Вайна з Танзаніяй прывяла да значных гуманітарных праблем, эканоміка была ў руінах, як і грамадства Уганды. Новы ўрад сутыкнуўся з цяжкасцямі ў аднаўленні краіны.

А ў гэты час пасля падзення свайго рэжыму Ідзі Амін уцёк у Лівію — там ён знайшоў прытулак у яшчэ аднаго дыктатара Муамара Кадафі. Пазней Амін перабраўся ў Саудаўскую Аравію. Саудаўскі ўрад дазволіў яму жыць у краіне пры ўмове, што ён не будзе ўмешвацца ў палітыку гэтай дзяржавы. Там ён пражыў да сваёй смерці ў 2003 годзе.

У Саудаўскай Аравіі Ідзі Амін жыў у адноснай раскошы. Ён атрымліваў дапамогу ад саудаўскага ўрада і меў дом у Джыдзе, дзе жыў са сваімі жонкамі і дзецьмі. Амін памёр ад ныркавай недастатковасці, павязанай з іншымі праблемамі са здароўем, у 2003 годзе.

Вярнуцца ўгару