«Дыктатары». Эпізод №3 — Нікалае Чаўшэску

У гэтым эпізодзе мы звернем вашу ўвагу на постаць з Еўропы — Нікалае Чаўшэску. Нікалае Чаўшэску — апошні камуністычны лідар Румыніі. Яго кіраванне было грандыёзным і жорсткім, а яго падзенне і смерць літаральна шакіравала свет. Мы пагаворым пра тое, як Чаўшэску праводзіў сваю знешнюю і ўнутраную палітыку, а таксама пра яго апошнія дні: уцёкі з Бухарэсту, кароткі суд і расстрэл у двары вайсковай казармы.

 

ЯШЧЭ БОЛЬШ «ДЫКТАТАРАЎ»:

«Дыктатары». Эпізод №1 — Муамар Кадафі

«Дыктатары». Эпізод №2 — Маа Цзэдун

Ранняе жыццё і прыход да камунізму Нікалае Чаўшэску

У пачатку XX стагоддзя Румынія была канстытуцыйнай манархіяй. Пасля Першай сусветнай вайны да краіны дадаліся Трансільванія, Букавіна і Бесарабія. Нікалае Чаўшэску нараджаецца, калі вайна імперый хутка рухаецца да завяршэння: у 1918 годзе. У яго была бедная сялянская сям’я, з якой ён сыдзе ў 11 гадоў. У гэтым узросце Нікалае пераехаў у Бухарэст, дзе стане вучнем шаўца.

Ужо ў 15 гадоў ён стане членам Камуністычнай партыі Румыніі і вельмі хутка ўключыцца ў яе дзейнасць: у асноўным ён разносіў улёткі і ўдзельнічаў у дэманстрацыях. У міжваенны час камуністы ў Румыніі знаходзіліся па-за законам, партыя дзейнічала нелегальна і ў падполлі. Яго прыхільнасць да партыі і гатоўнасць цярпець зняволенні за свае перакананні — яго будуць неаднаразова арыштоўваць — прынясе прызнанне.

нікалае чаўшэску, малады нікалае чаўшэску, румынія ў гады чаўшэску
Малады Нікалае Чаўшэску. Гэта фотаздымак пасля аднаго з затрыманняў.

За год да пачатку Другой сусветнай вайны ён становіцца лідарам камуністычнай моладзі Румыніі. У 1940 годзе яго арыштавалі ў чарговы раз і асудзілі на тры гады. Пасля адбыцця тэрміну яго не адпусцілі, а перавялі ў лагер. Менавіта ў гэтым лагеры ён засябруе з Георгіу-Дэжам, які стане значнай фігурай у кампартыі.

Чаўшэску — адзін з баронаў Георгіу-Дэжа

Пасля прыходу камуністаў да ўлады пра Чаўшэску не забыліся. У 1949 годзе яго прызначылі намеснікам сельскай гаспадаркі, але гэтая сфера была далёкая ад маладога камуніста. У хуткім часе яго пераводзяць на больш уплывовую пасаду — ён стаў намеснікам міністра ўзброеных сіл.

Да пачатку 1960-х Чаўшэску стаў вядомай фігурай у румынскай кампартыі, адным з «баронаў» Дэжа — чалавекам бліжэйшага кола камуністычнага лідара Румыніі. У 1965 годзе лідар камуністычнай партыі Румыніі Георгіу-Дэж памірае. Адным з прэтэндэнтаў на ролю пераемніка Дэжа быў Георге Апостал. Аднак той быў упэўнены ў сваёй перамозе і хуткім прызначэнні на пасаду генеральнага сакратара, што нічога не зрабіў дзеля ўнутрыпартыйнай барацьбы.

Георгіу-Дэж, гісторыя румынія, камуністы ў румыніі
Георгіу-Дэж.

А вось Нікалае Чаўшэску за тры дні змог заручыцца падтрымкай членаў партыі — і яго абралі новым лідарам камуністаў. Так, у 1965 годзе ў Румыніі надыходзіць доўгая эпоха праўлення Чаўшэску.

Пачатак румынскай дыктатуры паклала Пражская вясна?

Цікава, што першапачаткова прыход да ўлады Нікалае моцна не змяніў румынскую палітыку. Безумоўна, яго галоўнай мэтай стала знішчэнне ў розных сэнсах сваіх апанентаў — і гэта праходзіла паспяхова. Чаўшэску нават паўтарыў тое, што зрабіў Хрушчоў з культам асобы Сталіна: аднак свайго папярэдніка Георгіу-Дэжа ён крытыкаваў акуратна, не высоўваў прамых абвінавачванняў.

Паступова Чаўшэску пачаў дыстанцыянавацца ад Савецкага Саюза: ад дробных адміністратыўных пераўтварэнняў — як вяртанне былых назваў адміністратыўна-тэрытарыяльным структурам да перайменавання ўласна краіны. У тым жа 1965 годзе яе сталі называць Сацыялістычнай Рэспублікай Румынія.

Румынскія гісторыкі лічаць, што рэжым Чаўшэску ўсталяваўся пасля пераломнага і трагічнага моманту ў гісторыі Еўропы — Пражскай вясны. Чаўшэску асудзіў уварванне савецкіх войскаў у Чэхаславакію. Напэўна, менавіта тады ён зразумеў, што не зможа праводзіць унутраную лібералізацыю, каб застацца пры ўладзе. Дарэчы, за некалькі дзён да савецкага ўварвання Чаўшэску наведаў Прагу і падпісаў з Аляксандрам Дубчакам Дамову аб сяброўстве і супрацоўніцтве. У Румыніі будучы дыктатар стварыў нават народнае апалчэнне. Ён выступіў адкрыта супраць уварвання, і ўнутры краіны атрымаў за гэта падтрымку народа.

Ва ўнутранай палітыцы супрацоўніцтва з тым, хто дапамог яму прыйсці да ўлады, было непрацяглым. Кіраўнік Дзяржаўнай рады Ківу Стойка быў адхілены ад сваёй пасады праз некалькі гадоў пасля таго, як Чаўшэску захапіў уладу, а яшчэ праз дзесяць гадоў застрэліўся. Гэта не адзіны выпадак, калі членаў «старой гвардыі» паніжалі ў пасадах, а часам даводзілі да самагубства. Чаўшэску выкарыстоўваў тактыку «ратацыі кадраў», характэрную для Сталіна, каб новыя людзі не змаглі замацавацца ва ўладных структурах.

Як будавалася дыктатура Чаўшэску

Аднак першапачаткова з ідэалагічным кампанентам у Чаўшэску не ішло. Пасля наведвання Кітая, Паўночнай Карэі і В’етнама румынскі дыктатар натхніўся культам асобы, азіяцкім сацыялізмам і сацыяльнымі эксперыментамі. На думку Чаўшэску, менавіта азіяцкія рэжымы з абсалютнай уладай, жорсткай дысцыплінай давалі адказы на ўсе пытанні па будаванні сацыялізму.

У 1971 годзе Чаўшэску прапанаваў «мінікультурную рэвалюцыю», з яе праграмай ён выступіў на пасяджэнні і прадставіў 17 пунктаў па стварэнні адзінай культурнай прасторы, у якой партыі надавалася галоўнае значэнне. Кампанія пачалася з нападзення на пісьменнікаў: спачатку гэта былі бязбольныя акцыі, але потым іх наступствы аказаліся відавочнымі — на доўгія гады пасрэднасць у навуцы і культуры стала нормай.

«Ратацыя кадраў» узмацнялася, толькі набліжаныя да сям’і Чаўшэску змаглі займаць сваю пасаду некалькі гадоў. У гэтыя гады ўсё прыкметней станавілася роля яго жонкі Алены Чаўшэску: яна стала другім тварам у партыі і ў дзяржаўным жыцці.

алена чаўшэску, дыктатар румыніі чаўшэску
Алена і Нікалае Чаўшэску.

У 1974 годзе Нікалае Чаўшэску стаў прэзідэнтам Румыніі. Пасада камуністычнага прэзідэнта была задуманая як спроба падмяніць ролю караля, пры якім румыны жылі доўгі час, і стварыць сімвал нацыянальнага лідара. У вачах сучаснікаў Чаўшэску павінен быў паўстаць як кіраўнік з «прэзідэнцкім» скіпетрам як напамін аб каралеўскай сімволіцы.

За гады станаўлення Чаўшэску як дыктатара ён змог задушыць апазіцыю ў краіне, забяспечыў сваё палажэнне і стаў недатыкальным вярхоўным уладаром. Чаўшэску быў прыхільнікам Іосіфа Сталіна і ў эканоміцы. Ён праводзіў палітыку інтэнсіўнай індустрыялізацыі, імкнуўся ператварыць краіну ў самадастатковую эканамічную дзяржаву. Асаблівыя намаганні накіроўваліся на нафтавую прамысловасць.

Супрацоўніцтва з ЗША, Францыяй, Ізраілем

Аднак як у палітыцы, так і ў эканоміцы, Чаўшэску быў непаслядоўным. Павелічэнне магутнасцей нафтаперапрацоўчай прамысловасці прывяло да росту залежнасці Румыніі ад замежных партнёраў. Сярод іх быў Іран, з кіраўніком якога — шахам Рэзай Пехлеві — Чаўшэску падтрымліваў вельмі цесныя адносіны. Крызіс 1978 года і ісламская рэвалюцыя ў Іране паставілі пад удар планы Чаўшэску, і тады ён змушана звярнуўся да Савецкага саюза.

У 1980-я канадскія фірмы будавалі ў Румыніі атамную электрастанцыю, але тады прагрымеў буйны шпіёнскі скандал: органы бяспекі спрабавалі дастаць патэнты на рэактары, таму супрацоўніцтва спынілі. Увогуле, Чаўшэску заўсёды супрацоўнічаў з заходнімі краінамі. У 1967 годзе Румынія ўстанавіла дыпламатычныя адносіны з ФРГ. Чаўшэску імкнуўся дамагчыся з дэмакратычнай і капіталістычнай часткі Германіі экспарту высокіх тэхналогій. Такой жа логікай ён кіраваўся і ў адносінах з Ізраілем. Незвычайная палітыка Чаўшэску ў адносінах да краін, дзе, падавалася, былі адны ворагі камунізму, развівалася і з ЗША. У 1967 годзе Рычард Ніксан наведаў Бухарэст, у наступным годзе ў румынскую сталіцы прыехаў Шарль дэ Голь.

Аднак напачатку, у сярэдзіне 1960-х, сваю першую замежную паездку Чаўшэску здзейсніў у Маскву. Там ён патрабаваў вяртання румынскага золата, на які быў накладзены секвестр — то бок, забарона карыстання, яшчэ ў 1918 годзе. Вядома, у гэтым яму адмовілі. Чаўшэску пройдзе праз розныя этапы ўзаемаадносін з СССР, але сярод іншых камуністычных лідараў ён застанецца галоўным крытыкам Масквы — калі гэта было зручна менавіта яму.

Эканоміка пры Чаўшэску — гэта правал

Чаўшэску заўжды рухалі жаданні зрабіць Румынію магутнай дзяржавай і атрымаць вялікія даходы. Так румынскі дыктатар узяў курс на развіццё вытворчасці для экспарту, цалкам ігнаруючы патрабаванні ўнутранага рынку. Гэта імгненна прывяло да дэфіцыту ў краіне прамысловых вырабаў і тавараў першай неабходнасці. Экстэнсіўнае развіццё румынскай прамысловасці праходзіла на фоне якасных змен у сусветнай эканоміцы. Румынскія тавары, у большасці, не адпавядалі сусветным стандартам, карысталіся ўсё меншым попытам на заходніх рынках. Гэта прывяла да таго, што румынскія кампаніі прадавалі свае тавары па цэнах, якія былі ніжэйшыя за рыначныя. А гэта штурхнула Румынію да краін Усходняй Еўропы і вельмі невыгодных крэдытаў.

Румынія ў хуткім часе апынулася ў поўнай залежнасці ад Савецкага Саюза, якую пастаўляў большую частку дэфіцытнай сыравіны. Знешні доўг рос: у 1977 годзе ён склаў 3,6 мільярды долараў, а ў 1981-м — ужо 9,5 мільярдаў долараў. Эканамічнае становішча краіны пагоршылі разбуральны землятрус і катастрафічныя паводкі.

Чаўшэску любіў вялікія праекты: маштабныя працы па ўладкаванні рэчышча ракі Дымбовіца ў Бухарэсце, будаўніцтва канала Дунай — Чорнае мора і Дварца Рэспублікі, з-за якога знішчалі гістарычны цэнтр румынскай сталіцы. А за год да таго, як Чаўшэску забілі, ён захацеў знішчыць 13 тысяч румынскіх сёл, каб на іх месцы пабудаваць аграрна-прамысловыя гарады — у Беларусі сказалі б прасцей: аграгарадкі.

Эканамічная палітыка румынскага рэжыму прывяла грамадства да гуманітарнай катастрофы. Праблемы ўзроўню жыцця насельніцтва былі на апошнім плане. У 1982 годзе Чаўшэску заявіў, што Румынія гатовыя датэрмінова пагасіць міжнародныя пазыкі. Чаўшэску спрабаваў падняць узровень жыцця ў сталіцы за кошт абмежавання спажывання харчовых тавараў у правінцыйных гарадах. Былі ўведзеныя карткі на хлеб, муку, цукар, алей, малочныя прадукты і яйкі. У 1983 годзе картачную сістэму ўвялі па ўсёй краіны, а ў 1985 годзе — у Бухарэсце. Прылаўкі крам былі пустыя, а калі штосьці паступала ў продаж (як правіла, тавары непрыдатныя для экспарту), то гэта ўдавалася набыць толькі пасля пакутлівых чаканняў у чэргах.

«Чарга» паступова станавілася атрыбутам паўсядзённага жыцця румынскага грамадства. Трагікамічныя сцэны штодня можна было назіраць на вуліцах румынскіх гарадоў, вельмі часта здаралася так, пыталіся: «Што чакаеце?». Адказ быў, як правіла, такі: «Не ведаем, што дадуць». Купля хлеба прыраўноўвалася да сапраўднага подзвігу.

Румыны пакутавалі не толькі ад недахопу прадуктаў, але з часам пачала рэзка скарачацца падача электраэнергіі, цяпла, газу для насельніцтва. Інтарэсы дзяржавы былі вышэйшыя за патрэбы грамадзян краіны. Для ўладальнікаў аўтамабіляў былі ўведзеныя абмежаванні на карыстанне асабістым транспартам у выхадныя дні, а кожны з іх мог набыць усяго 30 літраў бензіну на працягу месяца. У зімовы час рух на асобных участках часта часова прыпыняўся.

Аборты пад забаронай, падаткі для сямейных пар

Чаўшэску ўсё часцей выказваў незадаволенасць з нагоды нараджальнасці ў Румыніі. І тады партыя стала праводзіць палітыку па павышэнні нараджальнасці ў прымусовым парадку. У 1966 годзе былі забароненыя аборты. У 1981 годзе на прадпрыемствах і ва ўстановах увялі абавязковы агляд жанчын для выяўлення і рэгістрацыі цяжарнасцей, каб не дапускаць аборты. Бальніцы і радзільні знаходзіліся пад строгім кантролем супрацоўнікаў сакрэтных службаў. Прыпыніць цяжарнасць па медыцынскіх паказаннях дазвалялася толькі для жанчын 40 гадоў, у 1986 годзе гэты тэрмін павялічылі да 45 гадоў.

Для тых, хто не знаходзіцца ў шлюбе, увялі падатак. Для сямейных пар, якія доўга былі ў шлюбе і не мелі дзяцей, таксама ўвялі спецыяльны падатак. Спецыфічнай стала адукацыя, якая падпарадкоўвалася патрэбам вытворчасці. У школах скарачалі колькасць настаўнікаў, таму было нормай мець у класе 40-45 вучняў.

Першыя выступы супраць рэжыму

Паглыбленне сацыяльна-эканамічнага крызісу вельмі хутка прывяло да пратэсных выступаў. Першымі адрэагавалі шахцёры — спецыфічныя ўмовы працы аб’ядноўвалі іх і рабілі сілай. Падставай для пратэстаў стаў новы пенсіённы закон: ён павялічваў узрост выхаду на пенсію шахцёраў з 50 да 55 гадоў, а яшчэ ліквідаваў дапамогу па інваліднасці. У 1977 годзе шахцёры з Лупеня дамагліся прыезду самога Чаўшэску, але гэта ўсё было засмольваннем вачэй: праз дзень шахцёраў атачылі вайскоўцы і сілы бяспекі.

Усе выступы да страйку рабочых у 1987 годзе ў Брашове, адным з галоўных прамысловых цэнтраў Румыніі, былі не такімі сур’ёзнымі. Рабочыя не толькі патрабавалі паляпшэння ўмоў жыцця, але і перайшлі да непасрэдных актаў супраціву: занялі будынак партыйнага камітэту. Вядома, іх пакаралі.

румынія ў гады дыктатуры чаўшэску
Бухарэст у 1970-я гады.

Захад ведаў, што адбывалася ў Румыніі з правамі чалавека, але стаўленне да рэжыму Чаўшэску змянілася даволі позна. Напрыканцы 1970-х амерыканцы працягвалі будаваць адносіны з румынскім дыктатарам, аднак уцёкі румынскага генерала знешняй разведкі Пачэпы рэзка адмоўна адбіліся на іміджы Чаўшэску сярод амерыканскіх палітыкаў.

Прыход да ўлады Міхаіла Гарбачова і пачатак рэформаў у СССР выклікалі новае абвастрэнне адносін паміж дзвюма краінамі. Падчас візіту ў Бухарэст у 1987 годзе Гарбачоў у апошні раз спрабаваў пераканаць Чаўшэску ў неабходнасці рэформаў, але гэта скончылася беспаспяхова.

Партыйныя лідары працягвалі падтрымліваць эканамічныя і палітычныя авантуры Чаўшэску. Уплыў жонкі Алены і іншых членаў сям’і Чаўшэску намякалі на тое, што ў румынскага камуністычнага рэжыму можа быць дынастычны характар. Ніку Чаўшэску ўсё больш штурхалі ў бок палітычны, ён усё больш станавіўся значнай фігурай у палітычным жыцці. Жонка Алена ўсё больш стала ўмешвацца ў справы навукі, не маючы пры гэтым ніякай вышэйшай адукацыі. У выніку Алена Чаўшэску стала першым намеснікам прэм’ер-міністра краіны, а па сутнасці — другім чалавекам у краіне пасля свайго мужа.

З усіх структур, на якія абапіраўся рэжым Чаўшэску, у найлепшым становішчы аказаліся органы бяспекі, сумна вядома Секурытатэ. Служба бяспекі разам з партыяй кантралявала ўсе бакі жыцця румынскага грамадства: яны запалохвалі і забівалі прыхільнікаў перамен.

Як Нікалае Чаўшэску зрынулі

Народ Румыніі назіраў за пераменамі, што адбываліся ў СССР і іншых краінах сацыялістычнага блоку. Румыны стаміліся ад беднасці, а цярпенне дасягнула мяжы. Полымя рэвалюцыі разгарэлася на захадзе краіны ў горадзе Тымішаара. Венгерскі святар-рэфарматар Ласла Тэкеш быў вядомы сваёй крытычнай пазіцыяй у адносінах да рэжыму, ён усё больш станавіўся небяспечным для рэжыму Чаўшэску.

У снежні 1989 года Тэкеша вырашылі перавесці ў іншую парафію, а супрацоўнікі міліцыі сілай спрабавалі выправадзіць святара з яго дома. Каля яго дома пачалі збірацца вернікі, якія імкнуліся перашкодзіць сілавікам. Спачатку гэта падавалася адзінкавым выпадкам непакорлівасці, але ўжо ў наступныя дні перарасло ў масавы антыкамуністычны выступ. З Бухарэсту загадалі разагнаць дэманстрацыю сілай: па дэманстрантах адкрылі агонь — пацярпела больш за сотню чалавек. Паступова да вернікаў далучыліся рабочыя, і ў выніку яны разам змаглі ўзяць будынак мясцовага камітэту партыі, камуністы страцілі кантроль над горадам.

Чаўшэску ў гэты час знаходзіўся з афіцыйным візітам у Іране, ён тэрмінова вярнуўся ў Румынію. Ён спадзяваўся, што гэта нейкая змова «імперыялістычных сіл». Увечары 20 снежня 1989 года ён выступіў на тэлебачанні, назваў падзеі ў Тымішаары як выхадку асобных хуліганаў, а за іх спінай стаяць венгры.

На наступны дзень Чаўшэску даў загад сабраць у Бухарэсце мітынг. Ён збіраўся расказаць больш пра тое, што з яго погляду адбывалася ў Тымішаары, але свой выступ ён так і не скончыў. Замест падтрымкі на плошчы пачаліся беспарадкі. Увечары цэнтр гораду запоўнілі дэманстранты з антыкамуністычнымі лозунгамі, сцягамі Румыніі з выразаным камуністычным гербам. Супраць народнага пратэсты выступілі вайскоўцы і сілы бяспекі, якія ўжылі зброю — і гэта прывяло да шматлікіх ахвяр.

як зрынулі нікалае чаўшэску, нікалае чаўшэску
Нікалае Чаўшэску выступае на апошнім мітынгу.

Міністр абароны Міль адмовіўся выкарыстоўваць армію супраць народу, і затым скончыў жыццё самагубства — пры нявысветленых абставінах. Чаўшэску аказаўся ў асадзе ў будынку кампартыі, а людзі пачалі яго штурмаваць. Тады з будынку ЦК падняўся верталёт: так заканчваўся рэжым Нікалае Чаўшэску.

Верталёт быў вымушаны прызямліцца ў 150 кіламетрах ад Бухарэста. Пілота папярэдзілі, што яго саб’юць, калі ён не сядзе. Сямейная пара дыктатараў спыніла каля дарогі аўтамабіль, а кіроўца праз час паведаміў у мясцовыя органы пра Чаўшэску з жонкай. Падчас той паездкі ў машыне Нікалае пачуў навіну пра рэвалюцыю — на той час дэманстранты ўзялі пад кантроль дзяржаўныя медыя. Чаўшэску разам з жонкай затрымалі ў горадзе Тыргавіштэ, іх прывезлі на тэрыторыю адной з вайсковых частак.

суд на нікалае чаўшэску, чаму расстралялі нікалае чаўшэску
Алена і Нікалае Чаўшэску падчас суда. Падчас судовага працэса вялася дакументальная здымка.

Нікалае і Алену Чаўшэску судзіў трыбунал з дзесяці чалавек. Пару абвінавацілі ў генацыдзе, падрыве нацыянальнай гаспадаркі і дзяржаўнай улады, злачынствах супраць грамадскай маёмасці і спробе ўцячы за мяжу Румыніі. Чаўшэску спрабаваў абараніць сябе, абвінавачваў СССР у перавароце, і заяўляў, што яго не могуць судзіць на трыбунале.

Нягледзячы на пярэчанні абвінавачваемых, прысуд ужо быў даўно вядомы суду. Нікалае і Алену прызналі вінаватымі па ўсіх пунктах і прысудзілі ім смяротнае пакаранне. Пасля вынясення прысуду вайскоўцы звязалі ім рукі, выштурхнулі на вуліцу да сцяны — і адкрылі па ім агонь.

Праўленне Нікалае Чаўшэску было адным з самых рэпрэсіўных у гісторыі сучаснай Еўропы. Чаўшэску працягваў і ўзмацняў палітыку цэнтральнага планавання: гэта прывяло да пачатковага эканамічнага росту, у доўгатэрміновай перспектыве эканоміка пацярпела ад недахопу эфектыўнасці і інвестыцый.

У апошнія гады свайго праўлення Чаўшэску спрабаваў выплаціць знешні доўг Румыніі, што прывяло да масавага дэфіцыту прадуктаў харчавання, электраэнергіі і тавараў першай неабходнасці. Людзі жылі ў вельмі цяжкіх умовах. Чаўшэску стварыў культ асобы, прыроўніваў сябе да вялікага лідара і абсалютнага кіраўніка. Секурытатэ падаўляла любую апазіцыю: тысячы чалавек затрымлівалі, катавалі і забівалі за крытыку рэжыму.

Вярнуцца ўгару