Вы чытаеце:
«Дыктатары». Эпізод №6 — Пол Пот

«Дыктатары». Эпізод №6 — Пол Пот

У сённяшнім эпізодзе мы даследуем адну з самых жорсткіх і загадкавых постацяў XX стагоддзя — Пол Пота. Пол Пот быў лідарам чырвоных кхмераў і арганізаваў адзін з самых жудасных генацыдаў у сучаснай гісторыі. Пад яго кіраваннем Камбоджа ператварылася ў кашмарны эксперымент аграрнага сацыялізму, які прывёў да гібелі каля двух мільёнаў чалавек. Праўленне Пол Пота — гэта яскравы напамін пра разбуральныя наступствы экстрэмальнай ідэалогіі і абсалютнай улады.

ЯШЧЭ БОЛЬШ «ДЫКТАТАРАЎ»:

«Дыктатары». Эпізод №1 — Муамар Кадафі

«Дыктатары». Эпізод №2 — Маа Цзэдун

«Дыктатары». Эпізод №3 — Нікалае Чаўшэску

«Дыктатары». Эпізод №4 — Адольф Гітлер

«Дыктатары». Эпізод №5 — Ідзі Амін

Спачатку быў Салот Сар

Сапраўдным імем Пол Пота было Салот Сар. Ён нарадзіўся ў 1925 годзе ў камбаджыйскай вёсцы. Ён паходзіў з даволі заможнай і вялікай сям’і: ён быў адным з дзевяці дзяцей у сваіх бацькоў. Дзяцінства Салот Сара прайшло ў вёсцы, але добрую адукацыю у Пнампені ён усё-такі змог атрымаць. У Пнампені ён вучыўся ў адной з лепшых школ сталіцы, там вывучаў французскую мову – і ў далейшым гэта адыграла важную ролю.

У 1949 годзе ён атрымаў стыпендыю на навучанне ў Францыі. У Парыжы ён вывучаў радыётэхніку, і ўвогуле французская сталіца стала важным этапам у жыцці маладога Салот Сара. Шмат часу ён праводзіў з маладымі камбаджыйцамі, якія таксама вучыліся ў Францыі, у палітычных кружках камуністычнага кірунку. Там ён упершыню пазнаёміўся і стаў вывучаць марксісцка-ленінскія ідэі, якія пасля аказаліся яму не такімі і блізкімі. У Парыжы ён пазнаёміўся і з французскімі камуністамі.

У 1953 годзе Салот Сар вяртаецца ў Камбоджу. Краіна была на той час французскай калоніяй. Францыя дамінавала ў рэгіёне з сярэдзіны XIX стагоддзя. Французы кантралявалі асноўныя аспекты палітычнага і эканамічнага жыцця Камбоджы. А пасля Другой сусветнай вайны ўнутры краіны ўзмацніліся нацыяналістычныя настроі. Многія камбаджыйцы пачалі актыўна змагацца за незалежнасць праз палітычныя і ваенныя рухі.

Пол Пот, чырвоныя кхмеры, рэжым пол пота
Пол Пот.

У год, калі Салот Сар вярнуўся на радзіму, Камбоджа атрымала незалежнасць ад Францыі. Прынц Сіанук стаў ключавой фігурай у гэтым працэсе. Пасля атрымання незалежнасці Сіанук абвясціў сябе каралём, а Камбоджу — каралеўствам. Аднак праз некалькі гадоў Сіанук адмовіўся ад свайго каралеўскага тытула на карысць свайго бацькі, зноў стаў прынцам і пачаў удзельнічаць у палітычным жыцці краіны. Так ён стварыў партыю «Сангкум», якая перамагла на выбарах, хаця тыя выбары праходзілі пад пільным наглядам каралеўскіх наглядчыкаў. Нягледзячы на тое, што каралём быў бацька Сіанука, прынц усё роўна заставаўся дэ факта кіраўніком дзяржавы.

Часы кіравання Сіанукам Камбоджы — гэта перыяд адноснай стабільнасці. Урад імкнуўся праводзіць рэформы, а сам прынц стараўся захаваць нейтралітэт і балансаваў паміж Усходам і Захадам. Разам з гэтым унутраная палітыка была няўстойлівай: карупцыя, палітычныя рэпрэсіі і эканамічныя праблемы прывялі да росту незадаволенасці. Падпольныя рухі актыўна ўключыліся ў барацьбу.

камбоджа і чырвоныя кхмеры, прынц сіанук
Прынц Сіанук.

Знешнепалітычная абстаноўка таксама не спрыяла захаванню стабільнасці. Камбоджа знаходзілася ля В’етнама, у якім ішла адкрытая грамадзянская вайна. Камбоджа была таксама ўцягнутая ў канфлікт: паўночна-в’етнамскія войскі выкарыстоўвалі тэрыторыю суседняй краіны для перамяшчэння і паставак. Напрыканцы 1960-х гадоў амерыканская армія пачала бамбардзіроўкі камбаджыйскай тэрыторыі — там, дзе знаходзіліся базы В’етконга. Бамбардзіроўкі яшчэ больш дэстабілізавалі сітуацыю ў краіне.

Пераварот Лон Нола і грамадзянская вайна на чале з Чырвонымі кхмерамі

На гэтым фоне камуністычны рух у Камбоджы пачынаюць падтрымліваць яшчэ больш. Камбаджыйская камуністычная партыя, вядомая нам як Чырвоныя кхмеры, увогуле пачала партызанскую барацьбу супраць урада Сіанука. У той час Салот Сар працаваў настаўнікам у школе і ўдзельнічаў у камуністычным падпольным руху. Ужо ў 1960-я ён стане адным з лідараў камбаджыйскіх камуністаў, і ў далейшым будзе ваяваць не толькі супраць Сіанука, а супраць іншага ворага…

У 1970 годзе генерал Лон Нол арганізаваў пераварот, скінуў Сіанука і абвясціў рэспубліку. Лон Нол атрымаў падтрымку ад амерыканскага ўраду, але ён сам сутыкнуўся з моцнай і значнай апазіцыяй з боку Чырвоных кхмер. Дарэчы, у барацьбе супраць Лон Нола камуністаў падтрымаў сам Сіанук, які пасля перавароту ўцёк у Кітай. Амаль ад пачатку перавароту генерала ў Камбоджы пачалася грамадзянская вайна, якая скончыцца толькі пасля таго, як Чырвоныя кхмеры захопяць Пнампень.

генерал лон нол, чырвоныя кхмеры ў камбоджы, пол пот
Генерал Лон Нол.

Грамадзянская вайна была даволі жорсткай, пацярпелі тысячы і тысячы чалавек. Аднак нават амерыканская падтрымка не дапамагла генералу Лон Нолу перамагчы Чырвоных кхмер і іх саюзнікаў з Паўночнага В’етнама. У 1975 годзе Лон Нол цалкам страціць кантроль над Камбоджай, ён сам уцёк з краіны — спачатку ў Тайланд, затым у ЗША.

17 красавіка 1975 года Чырвоныя кхмеры захапілі Пнампень. Іх перамога прывяла да ўсталявання аднаго з самых жорсткіх рэжымаў у гісторыі. Пад кіраўніцтвам Пол Пота Камбоджа перайшла ў эпоху рэпрэсій, масавых забойстваў і сацыяльных эксперыментаў, якія, у сваю чаргу, прывялі да гібелі мільёнаў людзей.

Новы рэжым Чырвоных кхмер, Брат №1 і краіна-катавальня

Салот Сар стаў Пол Потам — ён так ніколі і не патлумачыў, чаму ён узяў гэта імя. А для новай дзяржавы быў абвешчаны пачатак новай эры, якую назваў «Дзень нуль».

Рэжым Чырвоных кхмераў меў строгае падпарадкаванне і іерархічную структуру. Лідары выкарыстоўвалі кодавыя назвы для сваіх імёнаў, каб абараніць сваю асобу і пазбегнуць ідэнтыфікацыі. Напрыклад, Пол Пот быў «Брат №1». «Братам №2» быў Нуан Чэа — другі па значнасці лідар кхмераў, галоўны ідэолаг і дарадца Пол Пота. «Братам №3» быў Іенг Сары — ён выконваў функцыі міністра замежных спраў. «Братам №4» быў Та Мок, па мянушцы «Мяснік», які быў самым вядомым і самым жорсткім палявым камандзірам кхмераў.

Улада кхмераў складалася з цэнтральнага камітэта, які быў вышэйшым органам, у яго ўваходзілі ўсе самыя першыя браты і іншыя высокапастаўленыя кхмеры. Цэнтральны камітэт прымаў асноўныя палітычныя рашэнні. Цэнтральнаму камітэту падпарадкоўваліся рэгіянальныя камітэты: краіну падзялілі на рэгіёны, кожны з якіх меў свой камітэт. У камунах і вёсках таксама былі свае камітэты, яны адказвалі за выкананне працоўных норм, размеркаванне рэсурсаў і кантролем над насельніцтвам.

чырвоныя кхмеры, пол пот, брат №1, дыктатура ў камбоджы
Атрады Чырвоных кхмер.

У чым была сутнасць палітычнай сістэмы, якую ўсталяваў Пол Пот? Чырвоныя кхмеры кіраваліся радыкальнай камуністычнай ідэалогіяй. Яны імкнуліся стварыць аграрную ўтопію, дзе ўсе грамадзяне працуюць у сельскай гаспадарцы і жывуць у калектыўных камунах. Усе формы прыватнай уласнасці ліквідаваліся. Грошы, рынкі і гандаль адмяняліся. Усе рэсурсы і прадукты павінны былі быць падзеленыя паміж насельніцтвам.

Чырвоныя кхмеры выступалі за тое, каб людзі жылі ў сельскай мясцовасці, таму гарады эвакуявалі: са сталіцы Пнампень за некалькі дзён выгналі ў вёскі некалькі мільёнаў чалавек. Інтэлектуалы, спецыялісты і гарадскія жыхары знаходзіліся пад пільным кантролем, іх першымі пусцілі пад каток рэпрэсій і падштурхнулі да прымусовай працы. Мільёны людзей былі вымушаныя пакінуць свае дамы і перайсці ў працоўныя камуны. Там часта не хапала неабходных запасаў ежы і вады. Эвакуацыя пераходзіла ў жорсткіх умовах, многія людзі паміралі па дарозе ад голаду і хвароб.

У сельскай мясцовасці камбаджыйцы працавалі на палях, выконвалі цяжкую фізічную працу. Для Чырвоных кхмер прыярытэтам стала вытворчасць прадуктаў харчавання і сельскагаспадарчая дзейнасць, але яны не разумелі і не ўмелі рабіць гэтыя прадукты харчавання. Працоўныя нормы для людзей у камунах былі вельмі жорсткімі: многія людзі працавалі да 16 гадзін у дзень без адпачынку. Людзей падзялялі на некалькі катэгорый — і ад ступені лаяльнасці, мінулага чалавека – залежала, колькі ежы ён атрымае ў дзень.

Па ўсёй Камбоджы забівалі і катавалі людзей, якіх падазравалі ў нелаяльнасці або сувязях з ворагамі рэвалюцыі. Самым вядомым сімвалам рэпрэсій стала турма S-21 у Пнампені. Яна была не адзінай у Камбоджы, але менавіта ў ёй утрымлівалі тысячы людзей, у тым ліку і замежнікаў.

У S-21 выжывалі няшмат чалавек. Адным з іх быў аўтамеханік Цюм Мэй. Кхмеры арыштавалі яго па падазрэнні ў шпіянажы. У турме жорстка катавалі, каб прымусіць яго прызнацца: электрашокам, збіццём і іншымі метадамі. Ён выжыў толькі таму, што кхмерам патрэбны быў механік. У той турме аказаўся і вядомы камбаджыйскі мастак Ваан Нат, пазней — ужо пасля падзення рэжыму — ён стаў адным з галоўных сведак жорсткасцяў рэжыму.

За час кіравання Чырвоных кхмераў загінулі да двух мільёнаў чалавека — каля чвэрці насельніцтва краіны. Большасць гінула ад голаду і хвароб.

Рэжым прывёў да амаль поўнага разбурэння эканомікі і сацыяльнай структуры краіны. Універсітэты, школы, храмы і культурныя аб’екты знішчаліся ці закрываліся.

У 1979 годзе В’етнам уварваўся на тэрыторыю Камбоджы. Пасля серыі пагранічных канфліктаў в’етнамскія войскі хутка захапілі сталіцу і зрынулі рэжым Чырвоных кхмераў. Пол Пот і яго прыхільнікі змаглі ўцячы ў джунглі, дзе працягвалі партызанскую вайну. У Камбоджы быў створаны прасавецкі ўраз, але краіна далей працягвала пакутаваць ад разбурэнняў і эканамічных цяжкасцей. Кхмеры вялі барацьбу супраць новага ўраду на працягу 1980-х гадоў, іх падтрымлівалі і замежныя краіны: Кітай і нават ЗША.

У 1991 годзе ў Парыжы падпісалі мірныя пагадненні, якія прадугледжвалі заканчэнне грамадзянскай вайны і ўсталяванне міру ў Камбоджы пры дапамозе ААН. У сярэдзіне 1990-х Чырвоныя кхмеры пачалі распадацца з-за ўнутраных канфліктаў і ваеннага ціску з боку ўрада Камбоджы, многіх членаў руху захапілі ці яны здаліся самі.

смерць пол пота, камбожда і пол пот
Чырвоныя кхмеры нясуць труну з Пол Потам.

Самага Пол Пота арыштавалі яго таварышы — яго абвінавацілі ў здрадзе і пасадзілі пад дамашні арышт. У 1998 годзе ён памёр ад сардэчнага прыступу. Але на ім гісторыя з пакараннем рэжыму не скончылася.

У 2003 годзе ААН і камбаджыйскі ўрад стварылі спецыяльны трыбунал для расследавання і пакарання злачынстваў Чырвоных кхмераў. У 2010 годзе кіраўніка турмы S-21 Каінга Гуека Еава прызналі вінаватым у злачынствах супраць чалавечнасці і асудзілі на 35 гадоў турмы. У 2014 годзе на пажыццёвае зняволенне асудзілі Нуан Чэа, вядомага як «Брат №2», і Іенг Сары, вядомага як «Брат №3».

Што пачытаць?

Вярнуцца ўгару