Кардонныя гербы і вялікія чырвона-зялёныя сцягі на галоўных вуліцах беларускіх гарадоў — так рэгіёны адзначалі Дзень Незалежнасці. Кожны беларускі раён спрабаваў вылучыцца: на Віцебшчыне дадалі іскрынку (то бок супрацоўніка НКВД) у тэатралізаванае шоу, на Міншчыне пілі малочныя кактэйлі з тварамі чыноўнікаў, а на Гродзеншчыне «беларусы зліліся ў адну сям’ю».
PALATNO расказвае і паказвае, як у беларускіх рэгіёнах адзначылі дзяржаўнае свята.
Змест
Брэсцкая вобласць
Свіны шашлык, кірмашы і атракцыёны — так адзначаюць Дзень Незалежнасці жыхары Баранавічаў.
У Кобрыне таксама прайшло шэсце, на якім пранеслі вялікі чырвона-зялёны сцяг і кардонны герб.
Віцебская вобласць
У Верхнядзвінску Дзень Незалежнасці адзначылі тэатралізаваным шоу. Каля помніка вызваліцелям адбылася пастаноўка, але з яе апублікавалі толькі адзін здымак: дзяўчына стаіць на каленях, побач з ёй сядзяць акрываўленыя мужчыны ў савецкай вайсковай форме, на іх глядзіць мужчына ў форме НКВД.
У Глыбокім прайшло не толькі шэсце, але яшчэ і парад рознай тэхнікі: трактары, міліцэйскія аўтамабілі, квадрацыкл, машына хуткай дапамогі, малакавоз.
На святочным канцэрце ў Паставах паказалі шматлікія нумары. У адным з іх дзеці з рук выкладвалі слова «июль», а з ануч — лічбу «3». Яшчэ адным нумарам былі танцы на хадулях жанчын у традыцыйных рускіх касцюмах з какошнікамі.
У Полацку адбылося ўскладанне кветак. А падчас мітынгу сярод гледачоў прысутнічаў хлопец у чырвона-зялёнай кофце, якую, відаць, пашылі са сцягу.
У Талачынскім раёне жанчына прыйшла да помніка савецкім вайскоўцам з кветкамі і са сцягам БССР.
У Шаркаўшчыне Дзень Незалежнасці адсвяткавалі з размахам. Раніцай у горадзе правялі велапрабег, у якім удзельнічалі ў асноўным школьнікі. Маленькіх і вялікіх чырвона-зялёных сцягоў на ўсіх не хапіла, таму ўдзельнікам велапрабегу давалі чырвоныя і зялёныя палотнішчы. Затым адбылося шэсце, падчас якога пранеслі вялікі дзяржаўны сцяг з гербам. А адна з жанчын ішла ў мерчы Лукашэнкі з яго цытатай: «Раздевайся и работай».
У Шуміліне Дзень Незалежнасці святкавалі проста пасярод вуліцы: спявалі песні, прайшліся цяжарныя жанчыны і маладыя мамы з вазкамі, супрацоўнікі розных прадпрыемстваў раёна, а таксама дзеці са спартыўных секцый.
Гомельская вобласць
У Буда-Кашалёве святочнае шэсце ўзначальвала жанчына ў бела-блакітным убранні з белым голубам у руках — але не сапраўдным.
У Калінкавічах адбыўся нават вайсковы парад: удзельнічалі вайскоўцы, хлопцы, пераапранутыя ў вайсковую форму, міліцыянеры і пажарныя. Акрамя гэтага, на плошчы зладзілі вялікае тэатралізаванае шоу: жанчына ў вышыванцы абдымала савецкую форму і, магчыма, спявала.
У Акцябрскім падышлі да святочных мерапрыемстваў вельмі грунтоўна. Па вуліцах горада расставілі людзей, якія з чырвона-зялёнымі сцяжкамі ў руках сустракалі аўтапрабег. Ля помніка савецкім вайскоўцам стаялі дзяўчаты з рознакаляровымі шарыкамі.
Гродзенская вобласць
У Воранаве прайшло святочнае шэсце пад акампанемент музычнай кампазіцыі пра «любімую і непаўторную краіну». У галаве калоны ішлі пагранічнікі, якія разгарнулі чырвона-зялёны сцяг. За сцягам неслі вялізны герб, але не аб’ёмны (з кветкамі і стужкамі), а пластыкавы ці кардонны. Да чырвона-зялёнага шэсця з сямі вуліц мястэчка паступова далучаліся чыноўнікі, школьнікі, прадстаўнікі БРСМ і працоўныя калектывы, якія «ў рэшце рэшт зліліся і сталі адной беларускай сям’ёй».
У храмах Дзятлава і Зэльвы тым часам прайшла ўсебеларуская малітва «За Беларусь», падчас якой вернікі папрасілі ў Пана Бога «згоды, міру і дабрабыту для землякоў і суайчыннікаў».
На Іўеўшчыне Дзень Незалежнасці пачаўся з велапрабегу, у якім удзельнічалі чыноўнікі на чале са старшынёй райвыканкама Ігарам Генцам, члены працоўных калектываў і моладзь. Там можна было заўважыць чырвона-зялёныя сцягі, майкі з надпісамі: «Я люблю Беларусь» і «Black lives matter».
У Смаргоні з раніцы да абеду працаваў «музычны маршрут» — у гарадскіх аўтобусах самадзейныя артысты раённага цэнтра культуры ладзілі канцэрт «Па дарозе з песняй». Адзін з пасажыраў не вытрымаў і запрасіў адну са спявачак на танец.
У Слоніме свята адзначылі пеннай вечарынай. Як піша слонімская раёнка, пенная вечарына яшчэ больш падняла настрой.
Магілёўская вобласць
У Бабруйску вайскоўцы прынеслі на плошчу бела-чырвоную зорку, а на кургане побач разаслалі вялікі чырвона-зялёны сцяг.
У Мсціславе падчас мітынгу ля сцэны знаходзіўся мужчына, апрануты ў савецкую вайсковую форму. Яго поўнасцю загрыміравалі пад помнік.
Мінская вобласць
Фурорам на Міншчыне сталі малочныя кактэйлі з тварамі беларускіх чыноўнікаў.
У Валожыне напярэдадні Дня Незалежнасці правялі мітынгі з ускладаннем кветак да мемарыялаў і воінскіх пахаванняў.
У Барысаве прайшоў святочны канцэрт, падчас якога над плошчай, дзе праходзіла мерапрыемства, праляцеў верталёт с чырвона-зялёным сцягам. На сцэне выступалі таксама госці — «прадстаўнікі гарадоў-пабрацімаў Расійскай Федэрацыі».
У Чэрвеньскім раёне Дзень Незалежнасці адзначылі на Кургане Славы з варэннем, джэмам, памідорамі, морсам з чорных і белых парэчак і вадой з мятай, якія разышліся «на ўра». Усю гэтую чыстую прадукцыю вырасцілі на прышкольным участку Грэбенскай школы.