Дзікія жывёлы нярэдка гінуць на дарогах Беларусі, а ў аварыях з іх удзелам паміраюць людзі. Пытанне бяспекі на аўтастрадах застаецца нявырашаным. PALATNO паглядзела, якія меры ў гэтым кірунку прымаюць цяпер, як гэтую праблему вырашаюць у іншых краінах, а таксама пагаварылі пра жывёл і пытанні бяспекі з экалагіняй.
Змест
Самыя небяспечныя беларускія магістралі
Рэгулярна можна пабачыць навіны накшталт «Жывёліна ў цемры раптам выбегла на дарогу і трапіла пад машыну. У выніку загінулі/пацярпелі…» і гэтак далей. Па статыстыцы, найбольшую небяспеку для кіроўцаў уяўляюць буйныя жывёлы, такія як ласі, алені і казулі. Сутыкненні з імі звычайна заканчваюцца значнымі пашкоджаннямі аўтамабіляў і часта прыводзяць да сур’ёзных траўм і нават гібелі як людзей, так і саміх жывёл. Часцей за ўсё падобныя сутыкненні адбываюцца ў дні, калі аўтамабіляў больш: у пятніцу, суботу і нядзелю, і ў перыяды міграцыі ўвесну і ўвосень.
Найбольш небяспечнымі з пункту гледжання ДТЗ з удзелам дзікіх жывёл у Беларусі з’яўляюцца наступныя аўтастрады:
- М6 (Е30) Мінск — Гродна — мяжа Рэспублікі Польшча (Брузгі);
- М2 Мінск — Нацыянальны аэрапорт Мінск;
- М1 (Е30) Брэст (Казловічы) — Мінск — мяжа Расійскай Федэрацыі;
- М4 Мінск — Магілёў;
- М5 Мінск — Гомель;
- М8 (Е 95) мяжа Расійскай Федэрацыі (Езярышча) — Віцебск — Гомель — мяжа Украіны (Новая Гута).
Спецыялісты шукаюць шляхі мінімізацыі колькасці падобных аварый. Для гэтага ўздоўж дарог ставяць адмысловыя металічныя сеткі. Вышыня агароджаў разлічаная на тое, каб жывёлы не мелі магчымасці прапаўзці пад імі ці пераскочыць іх. Але такія канструкцыі даволі лёгка пашкоджваюцца, і ў выніку жывёлы выбягаюць на дарогу. Таму будуюць яшчэ і вельмі дарагія экадукі — надземныя зялёныя пераходы. Да іх звяроў накіроўваюць з дапамогай тых самых спецыяльных сетак. Экадукі могуць быць у выглядзе падземных тунэляў, эстакад, мастоў і зялёных дахаў. Усе гэтыя меры дазваляюць дзікім жывёлам свабодна пераходзіць дарогі ў месцах міграцыйных шляхоў, што мінімізуе рызыку ўзнікнення аварый як для жывёл, так і для чалавека. Але, на жаль, не ўсім жывёлам экадукі падабаюцца, некаторыя іх проста баяцца.
Што гавораць эколагі
PALATNO пагутарыла пра праблему з экалагіняй і менеджаркай праекта «Зялёны тэлефон» — інфалініі па вырашэнні экалагічных праблем.
— Што пра праблему дзікіх жывёл на беларускіх дарогах гаворыць статыстыка?
— За 2022 год зарэгістравана 3021 дарожна-транспартнае здарэнне з удзелам паляўнічых жывёл (на 43, або 1,4% больш, чым у 2021 годзе), у выніку якіх загінулі або атрымалі траўмы 3080 жывёл (на 27, або 0,9% больш, чым у 2021 годзе). Але ў той жа час у ДТЗ з жывёламі гінуць і траўміруюцца кіроўцы і пасажыры аўтамабіляў. Ад 4 да 12 чалавек за год гінуць і ад 45 да 60 атрымліваюць траўмы. Для кіроўцаў самую вялікую небяспеку ўяўляюць буйныя жывёлы — ласі і алені, бо з-за сваіх памераў жывёлы наносяць найбольш моцныя пашкоджанні.
— Якія меры бяспекі ў нашай краіне ўжо прынятыя? Што правільна, эфектыўна, а што, на вашу думку, — не?
— Класічнае рашэнне ў Беларусі цяпер — будаўніцтва агароджванняў, якія не дапускаюць выхад жывёл на дарогу. Гэта значыць, што галоўнымі ў гэтай сітуацыі застаюцца кіроўцы. Не бярэцца пад увагу тое, што жывёлам трэба перайсці ў іншае месца, напрыклад, у пошуках лепшых харчовых або водных рэсурсаў, неабходных для жыцця. Таксама ў асабліва небяспечных месцах устанаўліваюць спецыяльныя ўказальнікі, якія нагадваюць кіроўцам аб магчымым з’яўленні дзікіх жывёл на дарогах.
Па-свойму эфектыўна можа быць усё, асабліва калі меры прымаюцца своечасова. Але варта ўлічваць уплыў на прыроднае асяроддзе: тыя ж агароджванні на дарогах, якія могуць парушыць схемы перамяшчэння дзікіх жывёл.
Акрамя знешніх фактараў, кіроўцам таксама трэба паклапаціцца аб уласнай бяспецы. Напрыклад, строга прытрымлівацца хуткасных рэжымаў, звяртаць асаблівую ўвагу на дарожныя знакі, быць гатовымі да сустрэчы з жывёламі — не толькі на дарозе сярод лесу ці поля, але нават каля населеных пунктаў. Не варта сігналіць ці міргаць фарамі падчас руху. Калі жывёла дэзарыентаваная, яна можа папросту спыніцца пасярэдзіне дарогі, а потым ірвануць у любы бок.
— Чаму, нягледзячы на прынятыя меры, колькасць аварый з удзелам дзікіх жывёл на дарогах расце?
— Адказаць на гэтае пытанне адназначна немагчыма: дзяржаўная статыстыка на дадзены момант ніяк не звязвае колькасць аварый і тое, што паспрыяла іх здарэнню. Увогуле, дзікія жывёлы выходзяць на дарогі па розных прычынах. Часцей за ўсё — пры сезонных зменах месца рассялення, а таксама пры перасоўваннях да месцаў кармлення. Некаторых дзікіх жывёл (як правіла, капытных) прыцягваюць раскіданыя дарожнымі арганізацыямі пясчана-солевыя сумесі, многія дзікія птушкі знаходзяць на ўзбочынах дарог дробныя каменьчыкі, неабходныя ім для стрававання.
Часам дзікія жывёлы — напрыклад, трусы, лісіцы, — выходзяць на асфальт проста пагрэцца і абсохнуць ад расы, бо тэмпература асфальту звычайна вышэйшая за тэмпературу паветра. Нярэдка дзікія жывёлы выбягаюць на дарогі, калі іх пераследуюць драпежнікі ці паляўнічыя сабакі.
У адным з латышскіх медыя апублікавалі інфармацыю, што павелічэнне колькасці дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам дзікіх жывёл можа быць звязана з высяканнем лесу. Жывёлам проста даводзіцца шукаць новае месца для жыцця, таму на сваім шляху яны выбягаюць на дарогі. Гэтая версія можа быць актуальнай і для Беларусі.
— Якія жывёлы гінуць часцей за ўсё?
— Як і ў 2021 годзе, у большасці выпадкаў у 2022-м фіксавалі факты гібелі ў выніку ДТЗ казуль — 1992 асобіны (на 85, або 4,5% больш, чым у 2021) і лася — 850 асобін (на 28, або 3,2% менш, чым у 2021 годзе).
Акрамя таго, у выніку ДТЗ у 2022 годзе загінулі або атрымалі траўмы 142 кабана, 86 аленяў высакародных, 5 ланяў і 5 баброў.
— Досвед якіх краін мае сэнс пераняць Беларусі ў гэтым пытанні?
— У некаторых краінах, асабліва Заходняй Еўропы, уздоўж дарог устаноўлены агароджванні, электронныя адпужвальнікі, эстакады і іншыя элементы інфраструктуры. Лепш за ўсё іх выкарыстоўваць сумесна. Аднак і яны не гарантуюць, што жывёла ніколі не з’явіцца на дарозе.
«Зялёны тэлефон» — гэта бясплатная кансультацыя па вырашэнні тваёй экалагічнай праблемы ад дасведчаных аператараў і аператарак. Яны падкажуць, як скласці афіцыйны зварот, як арганізаваць грамадскія слуханні, дадуць параду. Як звярнуцца на інфалінію? Абяры адзін са спосабаў: патэлефануй на нумар +375 29 1702670, патэлефануй ці напішы ў месенджарах Viber ці Telegram +375 29 1702670, напішы на e-mail: greenphonehelp@gmail.com, напішы ў тэлеграме @green_phone_help
Цяпер у «Зялёнага тэлефона» таксама ёсць свой сайт: https://greenphone.help.
А як у іншых краінах
Паглядзелі, як праблему дзікіх жывёл на дарогах вырашаюць у розных часткай нашай планеты.
Еўропа
Нідэрланды з’яўляюцца лідарам па колькасці экадукаў у Еўрасаюзе. Там іх налічваецца больш за 600 па ўсёй краіне. Самы доўгі экадук мае даўжыню ажно 800 метраў.
У Швецыі ў аўташколах здаюць спецыяльны экзамен — «Аб’езд лася». Гэта манеўр, які імітуе аб’езд раптоўнай перашкоды на дарозе.
У Фінляндыі ў 2014 годзе ласям пакрылі рагі святлоадбівальнай фарбай. Гэта значна знізіла колькасць аварый з іх удзелам.
У Нарвегіі, каб выратаваць папуляцыю пчол, якая пад пагрозай знікнення, жыхары саджаюць кветкі на дахах дамоў і ў парках. Так пчолы могуць бяспечна перамяшчацца па горадзе і яшчэ заставацца пры гэтым сытымі.
Эстонія замест экадукаў увяла на аўтастрадах спецыяльныя месцы пераходаў для дзікіх жывёл – выдзеленыя прамежкі на дарозе паміж ужо знаёмымі нам металічнымі агароджамі з табло і датчыкамі руху. Калі жывёла пачынае пераходзіць дарогу, на табло з’яўляецца знак абмежавання максімальна дазволенай хуткасці і паведамляецца, што жывёла ўжо знаходзіцца на дарозе.
Аўстралія
Паводле статыстыкі, кенгуру ўдзельнічаюць у васьмі з дзесяці аўтамабільных аварый з удзелам жывёл у Аўстраліі. Бываюць настолькі вялікія асобіны (вагой каля 70 кілаграм), што пры сутыкненні з імі машыны могуць ужо ўвогуле быць не прыдатнымі да рамонту. Менавіта ў Аўстраліі прыдумалі так званыя «кенгуратнікі» — металічныя рашоткі і рамы, якія абараняюць бампер і капот аўтамабіля. Усюды, дзе можна сустрэць жывёл, вісяць папераджальныя знакі і стаяць агароджы з калючага дроту. Таксама мясцовыя жыхары ўжо ведаюць дарогі, на якіх трэба быць вельмі ўважлівымі, і не разганяюцца там больш за 70 кіламетраў на гадзіну.
ЗША
У Злучаных Штатах Амерыкі будуюць шмат экадукаў, а ўздоўж дарог ставяць агароджы з калючага дроту. А, напрыклад, для палятух усталёўваюць слупы з платформамі наверсе, каб дапамагчы вавёркам бяспечна перасякаць небяспечныя ўчасткі магістраляў. Таксама ў Амерыцы выкарыстоўваюць «эстонскую» практыку пераходаў з табло і датчыкамі руху.