«Сонцаграй» — фестываль беларускай традыцыі на Падляшшы. Сёлета арганізоўваецца фондам «Тутака» ў трэці раз і скіраваны на аднаўленне ўнікальнай аўтэнтычнай беларускай культуры ў рэгіёне.
Змест
- «Чарка на пасашок» — гэта не пра сапраўдную культуру
- Людзі цяпер не хочуць сабрацца і паспяваць
- Імкнемся, каб фестываль быў цікавым для людзей
- Каб моладзь і суседзі пабачылі традыцыйную беларускую культуру
- Падляшша — рэгіён з культурнымі асаблівасцямі
- Рэдкая традыцыя
- Памежжа заўсёды было месцам суіснавання культур
«Чарка на пасашок» — гэта не пра сапраўдную культуру
Беласточчына — адзін з рэгіёнаў Польшчы, дзе найбольш кампактна спрадвеку жывуць этнічныя беларусы. Нягледзячы на час і сусветную глабалізацыю яны здолелі захаваць гаворкі, блізкія да беларускай мовы, традыцыйную культуру, якая каранямі ўваходзіць у беларускую. Хаця, як заўважаюць арганізатары фестывалю, многае ўжо трапіла ў нябыт, і, каб захаваць гэтыя традыцыі, а ў многіх выпадках і адрадзіць, ладзіцца «Сонцаграй».
Кіраўнік фонду «Тутака» Павел Станкевіч падкрэслівае, што стваральнікі перш за ўсё ставілі на мэце паказаць беларускую аўтэнтэнтычную культуру. Ідэю правядзення фестывалю прапанаваў Зміцер Косцін, які працуе журналістам беларускіх перадач у Polskie Radio Białystok. Больш дзесяці гадоў таму ён пераехаў у Польшчу з Беларусі.
— На Падляшшы, як і ў Беларусі, шмат такога фальклору кшталту «чаркі на пасашок», — канстатуе суразмоўца. — Але гэта не з’яўляецца нашай сапраўднай культурай, а таму варта вяртацца да аўтэнтычных каранёў. З гэтага і ўзнікла ідэя фестывалю.
Тым больш, паводле Станкевіча, на Беласточчыне ёсць такія прыклады. Ён згадвае этнографа Дарафея Фіёніка, беларуса з Бельску Падляскага, які заснаваў прыватны Музей малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах і падляска-палескі фестываль.
— На жаль, на Падляшшы няшмат людзей займаюцца аўтэнтычным беларускім фальклорам, як спадар Фіёнік, — заўважае Павел. — А таму мы хочам падтрымаць гэтую ідэю, каб адрынуць гэтыя «дажынкі» і паказаць людзям, што сапраўдная аўтэнтыка вельмі цікавая.
Людзі цяпер не хочуць сабрацца і паспяваць
Паводле суразмоўцы, ва ўсёй Польшчы захапленне аўтэнтычнай культурай становіцца папулярным заняткам. А культура падляскіх беларусаў, як лічыць спадар Павел, з’яўляецца спадчынай як беларускай, так і польскай дзяржавы. А таму яе важна захаваць і развіваць.
— Фестываль «Сонцаграй» зарэкамендаваў сябе як імпрэза беларускай традыцыі, дзе можна пазнаёміцца з беларускай музыкай, танцамі, выяўленчым мастацтвам і нават кухняй. У гэтым сэнсе паўстае пытанне — наколькі сёння на Беласточчыне захаваліся гэтыя традыцыі?
Спадар Станкевіч кажа, што ў штодзённым жыцці такое сустракаецца рэдка. Прыводзіць прыклад традыцыйнай кухні, калі адны і тыя самыя стравы ў розных рэгіёнах Польшчы могуць па-рознаму называцца, але гатуюцца практычна аднолькава. Праўда, дадае, што ў вёсках на Беласточчыне яшчэ можна сустрэць гаспадынь, якія самі пякуць хлеб у печцы, але гэта хутчэй выключэнне.
— Да прыкладу, нідзе ўжо ў вёсках не сустрэнеш такога, каб людзі збіраліся на вячоркі, — заўважае суразмоўца. — Бо і няма каму там збірацца, ды і працэс паланізацыі за гады спрацаваў, а яшчэ такі эстрадны падыход да беларускай культуры. Людзі цяпер не хочуць проста сабрацца і самі паспяваць, а лічаць, што перад імі павінен нехта выступаць, нейкі прафесійны ансамбль.
Таму, на яго думку, варта падтрымліваць такіх людзей, як спадар Фіёнік, які адраджае традыцыйныя беларускія спевы.
Імкнемся, каб фестываль быў цікавым для людзей
Рыхтуючыся да сёлетняга «Сонцаграю», запрасілі калектыў традыцыйных спеваў і танцаў «Жэмэрва», які існуе ўжо больш за 20 гадоў, народную капэлу з Гданьска.
— Апроч гэтага мы стварылі мужчынскі і жаночы хоры з мясцовых людзей. Яны таксама будуць браць удзел, — дадае Павел. — У хорах спяваюць і мясцовыя беларусы, і палякі, і прадстаўнікі беларускай дыяспары.
Суразмоўца расказвае, што фестываль адбываецца ў розных мястэчках Беласточчыны з тым, каб паказаць як мага большай колькасці гледачоў традыцыі беларускай культуры. У гэтых мястэчках цяпер жыве пераважна змешанае насельніцтва: беларусы, палякі, украінцы.
— Але ў вёсках і мястэчках на Падляшшы цяпер многія людзі з іншых рэгіёнаў пакуплялі сабе дамы пад лецішча, і яны з цікаўнасцю глядзяць і ўдзельнічаюць у фестывалі, — гаворыць Станкевіч. — Турысты таксама цікавяцца нашым фестывалем, бо гэта нешта іншае, не тое, з чым яны штодня сутыкаюцца. Танцуюць і спяваюць разам з артыстамі.
Каб моладзь і суседзі пабачылі традыцыйную беларускую культуру
Сёлета плануюць, што адзін дзень фестывалю будзе адбывацца ў Беластоку. Спадар Павел кажа, што цікава паглядзець на рэакцыю гараджан.
— Што датычыцца моладзі, то яна не асабліва рвецца да традыцыйнае культуры, — зазначае Косцін. — І магчыма таму, што на Падляшшы беларусы на пакаленне пазней адыходзілі ад традыцыйнай культуры. І напэўна яшчэ існуе жаданне адрэзацца ад вясковай культуры.
У той самы час спадар Зміцер заўважае, што сярод палякаў назіраецца зацікаўленасць традыцыйнымі танцамі, спевамі.
— І калі казаць пра фестываль «Сонцаграй», то мы найперш хацелі паказаць моладзі гэтую традыцыйную культуру, якую яны ўжо магчыма і не бачаць, — акцэнтуе суразмоўца. — А з іншага боку мы хацелі паказаць суседзям, якія жывуць побач з намі, што беларуская культура — гэта не яе эстрадны варыянт з «чаркай на пасашок», а гэта аўтэнтычная глыбокая закаранёная ў стагоддзі тутэйшая культура.
Падляшша — рэгіён з культурнымі асаблівасцямі
Суразмоўца ўпэўнены, што адкрыццё багацця гэтай культуры яшчэ наперадзе, асабліва калі будуць апрацаваныя і прааналізаваныя архівы беларускіх этнографаў. Ён звяртае ўвагу на тое, што Падляшша — гэта рэгіён, дзе шмат абрадавага фальклору. Прычым і каляднага, велікоднага з канапелькамі, і юр’еўскіх песень.
— Асаблівасцю Падляшша, напэўна, з’яўляецца тое, што не ўдалося зафіксаваць купальскіх песень, — зазначае спадар Косцін. — Гэты абрад тут вельмі рана адышоў.
Яшчэ адна акалічнасць у адрозненні песняў з адным сюжэтам, якія выконваюцца ў розных мясцовасцях рэгіёну.
— Падляшша мае, мне нават цяжка ўявіць колькі, варыянтаў песні на мелодыю «Касіў Ясь Канюшыну», — расказвае суразмоўца. — І вельмі-вельмі шмат такіх агульнабеларускіх песень, якія можна пачуць на Падляшшы і знайсці такі самы сюжэт, праўда, на іншую мелодыю недзе ў Дубровінскім раёне каля Оршы, або недзе на ўсходнім Палессі.
Некаторыя філолагі-даследчыкі спрабуюць адносіць гаворкі на поўдні Падляшша да ўкраінскай мовы, але што датычыцца песеннага фальклору ў тым рэгіёне, то, паводле Косціна, нярэдка тыя самыя песні з падляскім палескім дыялектам маюць тыя самыя сюжэты, тыя самыя словы ў варыянце, бліжэйшым да песень на беларускай мове.
Пра што тэксты падляскіх песень?
— Усё пра каханне, — усміхаючыся, заўважае суразмоўца, — Вельмі шмат лірычных песень пра нешчаслівае каханне, пра казакоў, якія з’яўляюцца, закруцяць галаву дзяўчыне, а потым знікаюць. Пра адносіны паміж свякрухай і нявесткай, пра цяжкае жыццё недзе на чужыне, ёсць сюжэты пра цяжкае жыццё прымакоў. Але, вядома, поўна і жартаўлівых песень.
Рэдкая традыцыя
Адна з традыцый, якую імкнуцца адрадзіць арганізатары фестывалю — валоканне. Гэта велікодны абыход двароў у першы дзень Вялікадня з віншаваннямі. Летась Косцін з сябрамі выязджалі ў вёскі на Сакольшчыну, знайшлі песні з тых ваколіц і спрабавалі адрадзіць традыцыю.
— Калі мы чулі ад людзей, што апошні раз да іх валокальнікі прыходзілі ў 70-я гады, то гэта давала нам разуменне, што тут ёсць сэнс аднаўляць гэтую традыцыю, — згадвае суразмоўца. — Менавіта валачобныя песні — гэта з’ява, якая і ў Беларусі не паўсюль захавалася і перадаецца.
Што датычыць таго, хто збіраў і запісваў фальклор на Падляшшы, паводле Косціна, адным з першых песні з Беласточчыны апублікаваў яшчэ ў ХІХ стагоддзі Міхал Федароўскі.
— У міжваенны перыяд папулярызацыяй песень займаліся студэнты, якія з гэтых мясцін паходзілі — Уладзіслаў Казлоўскі, Рыжкевіч, — называе прозвішчы суразмоўца. — Пасля вайны вялікі збор беларускага фальклору зрабіў Мікола Гайдук. У 60-я гады песні, якія ён збіраў, публікаваліся ў штотыднёвіку беларусаў Беласточчыны «Ніва». Вялікі ўнёсак зрабіў Сцяпан Копа, які рабіў запісы песень у розных мясцовасцях Беласточчыны.
Памежжа заўсёды было месцам суіснавання культур
— Нам вельмі залежыць на тым, каб фестываль не быў нейкім беларускім культурным гета, маўляў, мы для сябе ўсё, — падкрэслівае Зміцер Косцін. — Нам вельмі залежыць на тым, каб паказваць, што наша культура цікавая, старажытная, што гэтае памежжа было заўсёды суіснаваннем культураў і толькі ў гэтай супрацы мы можам збудаваць адкрытае талерантнае грамадства і суіснаваць без канфліктаў у гэтым рэгіёне.
Ён адзначае, што да арганізацыі фестывалю і ўдзелу ў ім далучаюцца беларусы, якія пасля 2020-га году аказаліся ў эміграцыі. Сярод беларускай дыяспары ёсць тыя, хто займаўся культурніцкай дзейнасцю.
— Перад усім хацеў назваць Кацю Ваданосаву, якая праводзіла майстар-класы па традыцыйным строі. Яна была і вядучай фестывалю, — згадвае суразмоўца. — А Марыся Грыц рабіла Купальскі крупнік. Танцавальная група далучылася. І што вельмі прыемна было — прыязджалі людзі проста прыватна і разам спявалі, танцавалі.
Паводле арганізатараў фестывалю, беларуская дыяспара дадала іх імпрэзе імпэту і якасці, і ў той самы час людзі далучыліся да падляскага духу.