Now Reading
«Усе шчыра верылі, што нас будуць ратаваць». Што праходзяць палітзняволеныя ў Беларусі

«Усе шчыра верылі, што нас будуць ратаваць». Што праходзяць палітзняволеныя ў Беларусі

палітвязні ў беларусі, жанчыны ў турме

У Дзень салідарнасці з палітычнымі вязнямі ініцыятыва «Палітвязынка» ў партнёрстве з «Беларускім домам» правяла прэс-канферэнцыю з удзелам былых палітычных зняволеных. На ёй жанчыны расказвалі пра ўмовы вязняў, настроі людзей, унутраны распарадак і іншыя пытанні побыту за кратамі.

Кожнай давялося ратаваць сябе самой

Мію Міткевіч за тры допісы «ВКонтакте» пра міліцыянераў асудзілі на тры гады зняволення, абвінаваціўшы ў распальванні варожасці. Міа выйшла на свабоду, цалкам адбыўшы тэрмін пакарання. Яна расказала, што спачатку шмат хто меў надзею на хуткае вызваленне, але ў выніку кожнай давялося ратаваць сябе самой:

«З улікам таго, што ў калонію я трапіла ў 2021-м годзе, мы яшчэ не разумелі, як гэта ўсё працуе. Звычайна збіраліся разам, размаўлялі пра тое, што нас будуць ратаваць. Усе шчыра верылі, што нас будуць ратаваць. Што трэба крыху пратрымацца — і нас абавязкова выратуюць. Больш за тое, мы перадавалі на волю запіскі з паланам дзеянняў па нашаму вызваленню.

Ужо ў той момант было разуменне, што апроч санкцыяў трэба прыдумаць нешта яшчэ, каб канкрэтна нас вызваліць, бо знаходзіцца там было немагчыма. Кожны дзень ты прачынаешся з думкай аб тым, што да вечара ты можаш не дажыць. Гэта я расказваю канкрэтна пра канец 2021 года. На той момант людзі яшчэ нейкім чынам трымаліся.

Але нашы надзеі не мелі поспеху, і ў выніку кожнай давялося ратаваць сябе самой. Усе верылі спачатку на хуткае вызваленне, але потым пачалі ратаваць сябе. Ужо на пачатку 2022-га года вельмі шмат людзей пачалі пісаць памілаванні. Некаторыя, хто прыязджаў у калонію ў 2021-м годзе ўжо са старту пачыналі пісаць памілаванні, бо дакладна ведалі, што іх чакае. Як ні круці, чуткі распаўсюджваюцца. Усе ведалі пра распрацоўкі, катаванні і ўсё астатняе, што прымяняе адміністрацыя калоніі, каб чалавек напісаў памілаванне. Нікому не хацелася трапляць у распрацоўку і нікому не хочацца паміраць незразумела за што, асабліва калі з таго боку няма ніякай рэакцыі (маецца на ўвазе з боку дэмакратычных сілаў, — заўвага аўтара) або рэакцыя вельмі кволая».

Там пачынаеш верыць у Вангу

Дар’я Афанасьева была асуджаная на 2,5 года за ўдзел у пратэстах. Адбывала пакаранне ў гомельскай жаночай калоніі. Дар’я расказала пра настроі зняволеных, якія за кратамі не маюць магчымасць змагацца і рабіць выбар, а хутчэй прыстасоўваюцца і спрабуюць захаваць сябе:

«Настроі там такія: ты трымаешся выключна надзеяй. Увесь час круціш у галаве: ну а раптам, ну а можа быць. Пастаянна чакаеш вось гэтага выратавання аднекуль. Мы практычна ўсе пісалі дакументы на памілаванне і трымалі іх пры сабе. А раптам спатрэбіцца, а раптам нас уначы вывязуць, каб падпісалі гэтыя дакументы і кудысьці з’ехалі.

Мне гэта снілася! Мне снілася, як заводзяць у штаб, як я падпісваю дакументы, як бакавым зрокам бачу, як Іра Шчасная ідзе і таксама нешта падпісвае. Я ёй расказваю: “Ты ўяўляеш, гэта ж з чацвярга на пятніцу, разумееш, гэта не супадзенне”. Там пачынаеш верыць у Вангу. Так, яна ж там сказала, што будуць такога-та чысла нейкія перамены. Таму што толькі за гэта і трымаешся.

І калі я ўжо тут пачула, якія мы змагары, што мы змагаемся, то была здзіўлена. Мы не змагаемся там, у калоніі ты выжываеш, ты спрабуеш выратаваць сябе, па магчымасці выратаваць тое, што ў цябе ў душы і галаве. Пра фізічнае здароўе я ўжо не гавару. Ты яго ўжо проста не можаш выратаваць, ужо плывеш па цячэнні. Ну, не выпіла сёння таблеткі, заўтра вып’ю, не заўтра — так на наступным тыдні.

Ты проста спрабуеш заставацца тым чалавекам, якім была на волі. Я разумею, што вельмі складана ўявіць, [як гэта] калі трапляеш у закрытае памяшканне, дзе сама сабе не належыш. Вы сёння маглі пяць хвіліначак паляжаць, недзе там паўтыкаць у тэлефон, вы адчынілі шафу і выбралі, што вам надзець. У нас быў выбар толькі адзін: “На территории жилой зоны объявляется подъём, всем приступить к выполнению распорядка дня! Форма одежды номер два”. Або “Форма одежды номер один”. Вось гэта твой адзіны выбар. І бялізна ў кветачкі ці чорная. І тое не заўсёды, таму што нават бялізна залежыць ад дня мыцця. Ты павінна ўпісацца, каб хутчэй памыць свае рэчы. І ў такіх умовах, ведаеце, складана змагацца для чаго-небудзь, асабліва калі ты не зусім разумееш, для чаго. Таму інфармацыі аб тым, што тут адбываецца, у нас няма, мы ў стане “на нас усё забыліся, нас ніхто не чакае”. Лісты прыходзяць толькі ад родных, і тое не факт».

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Што жанчыны адзяваюць у турме?

 

Як падтрымаць палітвязняў і бяспечна даслаць лісты ў месцы пазбаўлення волі

 

«Беларускі — у сітуацыі татальнага абясцэньвання». Расказваем пра «Палітвязынку» — кранальны праект пра беларускіх жанчын-палітзняволеных


жанчыны ў беларускай турме
Палітычныя зняволеныя расказваюць пра свой досвед зняволення. Фота: PALATNO

У суседнім пакоі яе крыкі чулі муж і сын

Былая супрацоўніца аднаго з беларускіх банкаў Вольга Скаршчук расказала, што сілавікі надзвычай жорстка ставіліся да жанчын, якія былі затрыманыя за каментары па «справе Зэльцара»:

«Я хачу расказаць пра 14 жанчын, бо пра іх мала хто ведае. Інфармацыю пра нас хавалі, а крымінальныя справы засакрэціла КДБ. З гэтымі жанчынамі я пазнаёмілася пры такіх абставінах, якія назаўжды змянілі нашы лёсы, з якімі маем зносіны да гэтага часу. Нас затрымалі ў межах так званай “справы Зэльцэра”.

Да Кірэйчык Марыны ўварваліся ў кватэру, выламалі дзверы, нацягнулі ёй на галаву майку, пачалі збіваць. На Акрэсціна яна прыехала ўся сіняя. Мы яшчэ яе называлі “ізалента”. У суседнім пакоі яе крыкі чулі муж і сын, якія не маглі яе абараніць. Ёй пагражалі згвалтаваннем, везлі ў мікрааўтобусе і казалі, што яна едзе капаць сабе магілу. Муж і сын з’ехалі ва Украіну на наступны дзень, кінуўшы кватэру, бізнэс, вучобу. Ірына атрымала 1 год і 8 месяцаў турмы, зараз яна невыязная. У яе дзейнічае забарона на выезд, і яна знаходзіцца пад міліцэйскім наглядам.

Кукішаву Наталлю затрымалі ў Оршы, везлі ў мікрааўтобусе з завязанымі ззаду рукамі. Побач ляжаў збіты мужчына, у якога з носа моцна цякла кроў. Уся падлога была залітая крывёй, Наташа ляжала ў гэтай крыві. Яна паважаны ў горадзе стаматолаг. На сёння яна з’ехала з Беларусі, прадала кватэру і дом. Разам з ёй з’ехалі муж, сын, нявестка і нават сабака.

З Мёраў везлі жанчыну-пенсіянерку Эму Антонаўну, якой на момант затрымання было 68 гадоў. Калі мы былі ў СІЗА на асаблівых умовах утрымання, яна моцна захварэла. Тады быў кавід, і жанчына ад слабасці ў СІЗА не магла ўстаць, ахоўнікі падчас праверак пыталіся: “Яна яшчэ не здохла?”. Цяпер жанчына ў Беларусі, знаходзіцца пад міліцэйскім наглядам. Эмма Антонаўна з’яўляецца заслужаным настаўнікам года, выкладала беларускую мову і літаратуру.

Былі затрыманы таксама Юлія Чулай — бібліятэкарка з Крупак, якая выхоўвае сына, Іна Мошчанка — журналістка з БелТА, Беражная Ларыса — выкладчыца англійскай мовы лінгвістычнага ўніверсітэта, Паліна Арэхава — супрацоўніца EPAM, Аліна Несцяровіч — рыэлтар буйнога агенцтва нерухомасці. Яна з турмы трапіла ў псіхіятрычную лякарню і падчас зняволення аблысела. Таксама была затрымана Нікіціна Наталля — псіхіятр, якая працавала ў дзіцячым псіханеўралагічным дыспансеры, але пасля вызвалення пайшла служыць ва ўзброеныя сілы Украіны. З намі была таксама студэнтка акадэміі МУС Вераніка. На момант затрымання ёй было 26 год. Яе адразу адлічылі з універсітэта, цяпер яна таксама невыязная і пад наглядам у Беларусі.

Нас змясцілі, усіх 14 жанчын, на так званы выхаваўчы каранцін. Умовы выхаваўчага карантыну наступныя: туды не дапускаюць адвакатаў, следчых, не даюць лістоў, не прымаюць перадачы. Такое мерапрыемства можа доўжыцца ад месяца і даўжэй у залежнасці ад таго, як хутка чалавек зламаецца. Нам не давалі сродкаў гігіены, туалетнай паперы, зубной пасты і шчоткі таксама не было. Адключалі ваду, нават у туалеце, і не давалі піць. Адсутнасць ручак і паперы робіць немагчымым пісаць скаргі. Медыцынскай дапамогі зусім не было. На патрабаванне меддапамогі пагражалі карцарамі.

Самым складаным было тое, што не давалі спаць 50 дзён. Тры разы за ноч нас падымалі, не выключалі святло, днём увесь час круцяць пасланне Лукашэнкі. Днём выводзяць на расцяжкі, прысяданні розныя, усякія зневажальныя позы трэба прымаць, калі ты не зусім нізка нагінаешся, б’юць дубінкамі пад каленкі, не водзяць у душ мыцца, няма прагулак на свежым паветры. Першыя адвакаты да нас трапілі толькі праз 40 дзён.

Праз нейкі час знаходжання ў такіх цяжкіх умовах у некаторых жанчын пачыналіся слыхавыя і візуальныя галюцынацыі, хтосьці не мог назваць сваё імя і прозвішча, пачалі выпадаць валасы, падаў зрок, і наогул губляліся ў прасторы і часе».

Кожныя паўгадзіны ішла быццам бы ў туалет, каб сагрэцца

Міа Міцкевіч расказала пра тое, як утрымліваюць зняволеных у ШЫЗА і як выглядае гэта месца:

«У ШЫЗА я была два разы, гэта маленькае падвальнае памяшканне, прыблізна метр на метр. Там стаяць два драўляныя слупкі, на якія адкідваецца ўначы ложак — драўляная аснова з металічнымі перакладзінамі. Акно маленькае ў самым версе, і зацвілыя краты на ім. Гэта стары, напалову адбіты ўмывальнік стары, з якога звісае грыбок, туалет — дзірка ў падлозе. Там заўсёды холадна, хаця ў памяшканні ўключаюць ацяпленне.

Спіш там проста на металічных перакладзінах без пакрывала, коўдры і падушкі. Калі ўначы моцна халодна, пачынаеш неяк саграваць цела, за гэта могуць выпісаць рапарт, і затрымаешся там на даўжэйшы тэрмін. Я прыкладна кожныя 30 хвілін уставала і ішла быццам бы ў туалет, там была батарэя, каля якой можна было крыху сагрэцца. Канешне, ад такіх умоў пачаліся запаленчыя працэсы, але ніхто мне не выпісаў ніякіх лекаў, і ніякім лячэннем я не была забяспечаная».

Хто верне чалавеку сябе

Удзельніцы сустрэчы казалі пра тое, што палітзняволеных трэба вызваляць любымі магчымымі і немагчымымі метадамі. Найперш таму, што людзі ў зняволенні не могуць змагацца, губляюць здароўе, адміністрацыі турмаў наўмысна ствараюць цяжкія ўмовы ўтрымання. Дакладна гэтую праблему акрэсліла Дар’я Афанасьева:

«Ты там проста на паўзе. Вось я села ў снежні 2021-га года, а выйшла толькі нядаўна. І мне цяпер ужо не 26, а 29 гадоў. У мяне ў галаве не ўкладваецца, што тры гады жыцця былі аддадзены. І за што? За тое, каб я ўцякла з роднай краіны? Дзе мая кар’ера, дзе маё здароўе, дзе мая сям’я, дзе мае сяброўкі? Нічога гэтага няма. І я ўпэўненая, калі ў многіх спытацца, ці гатовыя яны адсядзець, але выйсці ў свабоднай Беларусі, калі я магу спакойна прайсціся па Нямізе, схадзіць у любімы парк Чалюскінцаў, то, я думаю, многія б пагадзіліся. Трэба разумець, што шмат хто не згодны, але сядзіць: пяць, шэсць, сем, восем, чатырнаццаць, дваццаць гадоў. Мы ўсё жадаем адтуль выйсці.

У любой краіне people the first, гэта значыць, што людзі павінны быць на першым месцы. А хто верне чалавеку сябе, яго час, а гэта ж самае важнае. Мы цяпер усё разыдземся, я сабе куплю каву раф. А вось у калоніі фабрыка пойдзе праз 40 хвілін на абед і будзе стаяць пад сонцам 20-25 хвілін, і ў іх усіх будзе каланісцкі загар. На абедзе яны з’ядуць які-небудзь гарпёр змешаныя гарохавая і пярловая кашы, і потым вернуцца на фабрыку працаваць.

А я дап’ю свой раф і пайду паляжу на канапе, а пакуль буду ляжаць на канапе, нехта будзе шыць форму сілавікам. І кожны раз, калі мы будзем пра гэта думаць, магчыма, зразумеем, што там ніхто не змагаецца, а выжывае. І гэтым людзям трэба дапамагчы, гэтых людзей трэба выцягнуць адтуль».

Вярнуцца ўгару