Now Reading
«Беларускі — у сітуацыі татальнага абясцэньвання». Расказваем пра «Палітвязынку» — кранальны праект пра беларускіх жанчын-палітзняволеных

«Беларускі — у сітуацыі татальнага абясцэньвання». Расказваем пра «Палітвязынку» — кранальны праект пра беларускіх жанчын-палітзняволеных

праект палітвязынка, жанчыны палітзняволеныя ў беларусі

У Беларусі цяпер больш за 210 палітзняволеных жанчын — «палітвязынак», як назвала іх журналістка Яўгенія Доўгая. Разам з мастачкай Ганнай Татур яна стварыла Instagram-праект пад такой назвай. Дзяўчыны расказваюць, праз што праходзяць беларускі, якія апынуліся за кратамі з-за сваёй грамадзянскай пазіцыі.

На Instagram-старонцы, распачатай у ліпені 2022 года, сабраныя больш за 160 партрэтаў жанчын, што сядзяць у турмах і калоніях Беларусі за свае погляды. Пад кожным партрэтам – гісторыя катаванняў і здзекаў, якія вымушаныя цярпець зняволеныя. Але нават ў такіх нечалавечых умовах, у холадзе, без нармальнага харчавання, лекаў і сродкаў гігіены жанчыны застаюцца жанчынамі: умываюцца хлебам, каб захаваць у добрым стане скуру, малююць чырвонай памадай вусны, спяваюць, чытаюць і, наколькі гэта магчыма, займаюцца спортам. А таксама стараюцца падтрымліваць адна адну і не падаць духам.

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

 

Публикация от Палітвязынкі (@politvyazynka)

Яўгенія Доўгая распавядае, што да стварэння праекта яе падштурхнула кніжка дачкі «Казкі на ноч для юных бунтарак», дзе расказваюцца гісторыі пра жанчын з усяго свету.

— Я была ўражаная гэтай кнігай. Я б хацела, каб і пра нашых жанчын было штосьці такое, — кажа аўтарка і дадае, што ідэя праекта ўзнікла летам 2021 года. Тады яна ў сувязі з рэпрэсіямі жыла ў Кіеве.

— Я размаўляла са сваёй украінскай каляжанкай Лесяй аб тым, што ў нас ідзе татальнае абясцэньванне жаночага ўнёску ў грамадскую супольнасць. Мы гэта абмяркоўвалі і казалі, як важна зрабіць нешта падобнае і распаўсюджваць сярод украінскай грамадскасці. Ва Украіне вельмі развітае фемкам’юніці. Мы сярод украінскіх палітыкаў-жанчын хацелі знаходзіць таксама сімвалічных хросных. Я рабіла гісторыі, знаходзіла гераінь, збірала інфармацыю, — расказвае журналістка.

Мастачка Ганна Татур, якая тады вучылася ў Францыі, прапанавала сваю дапамогу з партрэтамі. Але, на жаль, усё пайшло не так як планавалася. Пачалася вайна, і Леся пайшла на фронт. Яўгенія з Ганнай засталіся ўдваіх. Ім дапамагала яшчэ беларуская дызайнерка Маша Ігуана, яна распрацоўвала дызайн сайта і сторыз.

— Наш пасыл быў у тым, што беларускі знаходзяцца зараз у сітуацыі татальнага абясцэньвання. З аднаго боку, Лукашэнка кажа, што з жанчынамі не ваюе. А з іншага —шмат хто з дэмакратычнага грамадства кажа, што, маўляў, няма чаго было з кветачкамі хадзіць. А жанчыны сядзяць, пакутуюць, развальваюцца іх сем’і, іх здароўе і жыццё. І сядзяць яны па вельмі розных артыкулах. Вось, напрыклад, Галіне Дзербыш 61 год і ёй далі 20 гадоў калоніі. Мне было важна ўсё гэта фіксаваць, расказваць і хаця б сярод сваіх неяк міф пра кветачкі разбаўляць. Мне важна было паказаць каштоўнасць гэтага ўнёску, — гаворыць аўтарка.

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

 

Публикация от Палітвязынкі (@politvyazynka)

Назву «палітвязынкі» журналістка прыдумала разам з кіеўскай калегай Лесяй. Ва ўкраінскай і беларускай мовах ёсць слова «палітвязні», але няма фемінітыву, і дзяўчыны вырашылі, што трэба яго прыдумаць, каб ідэнтыфікаваць асобна жанчын.

— Я шчыра лічу, што жанчынам цяжэй сядзець у турме, бо, паводле статыстыкі, жанчыну мала хто падтрымлівае. Гэта да мужчынскай калоніі жонкі з бауламі ездзяць. У Гомельскай жаночай калоніі такія выпадкі рэдкія. Плюс ціснуць на дзяцей, і гэта ўжо траўміраваная сям’я, — дзеліцца Яўгенія. Яна дадае, што для таго, каб пра нашых жанчын, якія без віны сядзяць у турмах, не забыліся, у тым ліку з-за вайны, важна і патрэбна пісаць зняволеным за краты. Гэта адна з галоўных мэт праекта.

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

 

Публикация от Палітвязынкі (@politvyazynka)

На жаль, рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца. Таксама ёсць беларусы, якія лічаць, што нашы праблемы ўжо не такія важныя ў параўнанні з вайной. Менавіта праз гэта трэба і далей падтрымліваць палітзняволеных усімі даступнымі бяспечнымі спосабамі. Можна пісаць лісты, адпраўляць пасылкі, ладзіць акцыі падтрымкі, адпраўляць грашовыя пераводы сем’ям. І варта не маўчаць і гаварыць пра тое, што адбываецца. А калі хочаце грашова падтрымаць ініцыятыву «Палітвязынкі», зрабіць гэта можна тут.

Вярнуцца ўгару