Now Reading
«Все будут сидеть в тюрьме!». Ці ёсць месца сцёбу ў беларускай прэсе

«Все будут сидеть в тюрьме!». Ці ёсць месца сцёбу ў беларускай прэсе

газеты ў беларусі, смі ў беларусі, прэса ў беларусі

Ці магчымая ў Беларусі журналістыка на грані фола? Чаму беларусы саромеюцца ці баяцца смяяцца з сябе ды іншых у прэсе? А як з гэтым было раней — у 1990-я і нулявыя? Урэшце, ці патрэбны еўрапейскай краіне сатырычны часопіс накшталт Charlie Hebdo?

Напрыканцы 2022 года на 89-м годзе жыцця памёр Ежы Урбан. Прозвішча для беларускага вуха незнаёмае, затое добра вядомае ў Польшчы. Скандальна вядомае! У часы «Салідарнасці» і вайсковага становішча ў 80-х Урбан быў дзяржаўным прэс-сакратаром: пляжыў змагароў, займаўся цэнзурай. Пасля 1989-га — стаў у апазіцыю да Валенсы і яго каманды.

У 1990-м Ежы Урбан стварыў скандальны часопіс NIE, які пляжыў… усіх. Не толькі Касцёл, правых палітыкаў ды Валенсу, але і камуністаў, Ісуса Хрыста ці яўрэяў (хоць сам Урбан — яўрэй). Фішкай часопісу сталі жорсткія карыкатуры і калажы, а таксама аўтарскія фельетоны Урбана. «Z czarnej dupy się wyrwało» — назва адной з рубрык газеты, каб зразумець агульную стылістыку.

Фота: Nie

У 90-я NIE быў суперпапулярным выданнем. Наклады сягалі 700 тысяч асобнікаў (зараз — 26 тысяч). Правакацыйны стыль газеты выклікаў крытыку, нянавісць, шал, судовыя позвы. Але спецыфіка дэмакратыі ў тым, што кожны мае права на сваю думку і яе агучванне, чым Урбан удала карыстаўся. Дарэчы, кошт асобніка і сёння — 6.66 зл. Яшчэ адно прывітанне Касцёлу ад атэіста, посткамуніста і гумарыста Урбана, ужо пакойнага.

Ежы Урбан. Фота: Marcin Kalinski / Newspix.pl

«…Это провокация против государства!»

А што ў Беларусі? Нават у адносна свабодныя 1990-я з гумарам у прэсе было цяжка: што ў дзяржаўнай, што ў незалежнай. Можна ўзгадаць літаральна некалькі праектаў, якія запомніліся скандаламі ды запалі ў душу чытачам настолькі, што нумары перадавалі з рук у рукі ды захоўвалі пасля прачытання.

— …Вот он в этом боевом своём листке и напечатал карикатуры. Газета будет закрыта, уголовное дело возбуждено. И если будут для этого основания, все будут сидеть в тюрьме. Потому что это провокация против государства!

На гэтых словах Лукашэнкі на УНС у 2006 годзе скончылася гісторыя легендарнай газеты «Имя». А нагодай стала тое, што ў ёй перадрукавалі карыкатуры на прарока Мухамеда з Charlie Hebdo. Справу павярнулі так, нібыта карыкатуры — гэта распальванне міжрэлігійнай варожасці ды спроба «пасварыць» Беларусь з мусульманскім светам…

Фота: газета «Имя»
Фота: газета «Имя»

Але гэта — менавіта «нагода». Раней газета традыцыйна друкавала калажы на самога Лукашэнку і яго каманду. Скажам, мемам таго часу стаў калаж з Аляксандрам Зімоўскім (калі хто не памятае — гэта прапагандыст 90-х і нулявых), які вылазіць з расшпіленай шырынкі, а зверху красуе паясная спражка з лагатыпам БТ.

Тыя калажы рабіў Мікалай Халезін, стваральнік «Свабоднага тэатра». Паводле яго ўспамінаў, калі ў 1996-м у Мінск прыехалі расійскія «тузы» Чарнамырдзін, Селязнёў і Строеў, каб ратаваць Лукашэнку падчас канстытуцыйнага крызісу, то папрасілі здабыць сабе газету «Имя», дзе былі выяўленыя ў вобразе трох багатыроў. Расіяне смяяліся з сябе, а Лукашэнка — не.

Фота: газета «Имя»
Фота: газета «Имя»

У 2017-м у інтэрв’ю Reform.by Халезін цёпла ўзгадваў тую газету і сваю аўтарскую рубрыку, а таксама дадаў:

— Гумар у краіне ёсць, сатыры няма зусім. Мы з калегамі вырашылі праэксперыментаваць пару год таму і правялі конкурс постэраў пра ўладу. Са 100 заявак смешных постэраў знайшлося, можа, тры. Пры гэтым нагодаў жартаваць поўна. (…) Ёсць над чым жартаваць, ёсць над чым смяяцца, а жартаваць няма каму.

Даставалася ўсім: Лукашэнку, Пазняку, апазіцыі

Куды больш бяскрыўднай у параўнанні з «Имя» выглядала гродзенская газета «Пагоня». Там час-почас друкавалі карыкатуры на Лукашэнку (то ў вобразе неандэртальца з дубінай, то Аляксандра Неўскага…) ды чыноўнікаў. Газета была лакальным выданнем, але карыкатур хапіла для арышту іх аўтара ды наступнага закрыцця выдання ў 2001-м.

Фота: газета «Пагоня»

Смелым праектам свайго часу стала газета «Навінкі», якой з 1998 па 2003 займалася суполка анархістаў «Чырвоны Жонд». Тут даставалася ўсім: Лукашэнку, Пазняку, апазіцыйнай тусоўцы… Фішкай, зноў жа, былі калажы: Лукашэнка ў вобразе Чэ Гевары ці ў шапцы патрыярха РПЦ. Гэта быў гумар дзеля гумару, бо напісаць умоўны грант пад выданне, якое крытыкуе ўсіх запар, немагчыма.

Фота: газета «Навінкі»
Фота: газета «Навінкі»

У 2003-м ўлады забаранілі газету пасля папярэджанняў міністэрства інфармацыі за «абразу прэзідэнта» ды «парушэнне маральных нормаў грамадства». Пазней пад брэндам газеты («Навінкі Home Video») выходзілі сатырычныя відэа «Случай з пацаном» ды «Александрыя Шклоўская», дзе высмейваліся і ўлада, і апазіцыя.

Фота: газета «Навінкі»
Фота: газета «Навінкі»
Фота: газета «Навінкі»

Акурат «Навінкі» былі найбольш блізкімі да польскага NIE, але выданне, на жаль, так і не стала фаварытам шырокай публікі, застаўшыся ў гісторыі праектам «для сваіх».

«…Гиперболизируя критические посылы»

Апошні бастыён сцёба ў беларускай друкаванай прэсе — «Белгазета». Гэта і калонкі, і фельетоны, і — канешне ж — фірмовыя карыкатуры. А яшчэ — першая паласа, якая не адзін раз псавала настрой чыноўнікам. У 2019-м выйшаў нумар з першай паласой пра «абасраных кароў», які ўлады вынялі з продажу.

Фота: «Белгазета»
Фота: «Белгазета»

Вось як пракаментаваў той выпадак міністр інфармацыі Карлюкевіч:

— Является недопустимым, когда отдельные СМИ или интернет-ресурсы, намеренно гиперболизируя критические посылы, скатываются в откровенную пошлость и хамство. Подобное явление, к сожалению, становится системным для «БелГазеты».

А раней быў нумар з чэлесам быка на першай паласе, шматлікія карыкатуры на вусатага аграрыя, але таксама і на апазіцыйных палітыкаў: напрыклад, на Бабарыку на старце прэзідэнцкай кампаніі 2020-га. «Белгазету» традыцыйна любілі ў СІЗА і калоніях: нават прачытаны асобнік да апошняга не выкарыстоўвалі для гаспадарчых патрэбаў. Ну, бо смешна ж!

«Белгазета» дажыла да жніўня 2020-га. Што сталася далей? Дадумайце самі.

Чаму так?

Праблема сцёбу і саціры ў беларускай друкаванай прэсе — шматслойная. Гэта і пра кансерватызм грамадства, і пра адсутнасць на працягу дзесяцігоддзяў рэальнага палітычнага супрацьстаяння, і пра несвабоду ў Беларусі ў прынцыпе.

Посткамуніст Урбан быў паспяховым мільянерам і мог сабе дазволіць газету, якая крытыкавала ўсіх запар. Беларуская апазіцыйная прэса найчасцей працавала, аглядаючыся ці тое на рэпрэсіўную ўладу, ці тое на апазіцыйных палітыкаў. Таму гумарыстычныя выданні так і не сталі масавымі.

Беларусы ўмеюць смяяцца і жартаваць. Доказ таму — безліч сённяшніх паблікаў і каналаў у ютубе. Але хочацца верыць, што ва ўмоўнай «новай Беларусі» раніцай можна будзе набыць у шапіку ля прыпынка таксама і друкаваную газету: з карыкатурамі на дзеючага прэзідэнта, міністра, Ісуса Хрыста ці — самога сябе.

Вярнуцца ўгару