Ларс фон Трыер — адзін з самых вядомых і правакацыйных рэжысёраў сучаснасці. Яго фільмы часта выклікаюць супярэчнасці, бо закранаюць глыбокія псіхалагічныя, сацыяльныя і экзістэнцыяльныя тэмы.
PALATNO расказвае пра шэсць выдатных кінапрац Трыера.
Змест
«Элемент злачынства» (The Element of Crime)
Год: 1984
Для Трыера гэта дэбютны фільм у жанры нуарнага трылеру. Гэты фільм — першая частка так званай «Еўрапейскай трылогіі» (другая частка — «Эпідэмія», трэцяя — «Еўропа») Ларса фон Трыера.
Нуарны трылер з элементамі сюррэалізму стварае атмасферу цёмнага, постапакаліптычнага свету. Галоўны герой, дэтэктыў Фішэр, выкарыстоўвае эксперыментальны метад для разумення логікі серыйнага забойцы, але яго ўласная псіхіка паступова руйнуецца. Фільм адрозніваецца незвычайнай візуальнай стылістыкай: амаль увесь ён зняты ў бурштынава-жоўтых танах.
«Рассякаючы хвалі» (Breaking the Waves)
Год: 1996
Гэта адзін з самых эмацыянальных фільмаў Ларса фон Трыера. Сюжэт фільму разгортваецца ў кансерватыўным шотландскім мястэчку, дзе вера і строгія грамадскія нормы сутыкаюцца з асабістымі эмоцыямі герояў. Галоўная гераіня Бэс выходзіць замуж за Яна, які трапляе ў няшчасны выпадак і застаецца паралізаваным. Ян просіць Бэс заводзіць інтымныя сувязі з іншымі мужчынамі і расказваць яму падрабязнасці.
Бэс (ролю выконвае Эмілі Уотсан) становіцца сімвалам кахання і самаахвярнасці. Камера, якая здымае «з рук», дае адчуванне інтымнасці і рэалізму. Ларс фон Трыер атрымаў за гэты фільм прызнанне і Гран-пры на Канскім кінафестывалі.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Што паглядзець з постапакаліпсаў?
ЛГБТК+ гісторыі на экране: шэсць серыялаў, якія ламаюць стэрыатыпы
Пяць фільмаў і пяць серыялаў, калі вы сумуеце па «Гульні тронаў»
«Танцоўшчыца ў цемры» (Dancer in the Dark)
Год: 2000
Гэта адзіны ў кар’еры Ларса фон Трыера фільм-мюзікл. У ім ён расказвае гісторыю эмігранткі з Чэхаславакіі па імені Сэльма. Яна працуе на фабрыцы і робіць усё магчымае, каб яе сын не страціў зрок. Праца на фабрыцы для яе цяжкая, таму яна ў сваіх марах і фантазіях спявае: гэта такі кантраст з цяжкай рэальнасцю яе жыцця. Фільм выйграў «Залатую пальмавую галіну» ў Канах, але, як і ўсе фільмы Трыера, стаў прадметам гарачых дыскусій.
Галоўную ролю ў фільме выканала спявачка Б’ёрк. Спявачку адзначалі за ролю за магутную і эмацыянальна насычаную гульню.
«Догвіль» (Dogville)
Год: 2003
Ларс фон Трыер паставіў эксцэнтрычную драму ў мінімалістычным і незвычайным стылі. Дэкарацыі замянілі абстрактнымі сценамі з разметкай, якая паказвае межы дамоў і вуліц. Так Трыер хацеў сканцэнтраваць увагу гледачоў на псіхалогіі герояў і іх учынках.
Галоўная гераіня Грэйс (яе грае Ніколь Кідман) хаваецца ад мафіі ў невялікім мястэчку, дзе сутыкаецца з эксплуатацыяй і гвалтам. У гэтым горадзе жывуць некалькі дзясяткаў жыхароў. Спачатку жыхары ставяцца да Грэйс з падазрэннем, потым з жалем, а затым пачынаюць яе выкарыстоўваць у розных сэнсах.
Фільм даследуе чалавечую прыроду: мараль, прычыны дабра і зла.
«Антыхрыст» (Antichrist)
Год: 2009
Сюжэт псіхалагічнага хорару расказвае гісторыю двух галоўных герояў (ролі выканалі Вілем Дэфо і Шарлота Генсбург), якія з’язджаюць у ізаляваны ад цывілізацыі катэдж пасля смерці іх сына.
Гэты фільм выклікаў шмат супярэчнасцяў з-за сваёй жорсткасці і смелых візуальных рашэнняў. Гісторыя мужа і жонкі, якія спрабуюць аднавіць сябе пасля траўмы, ператвараецца ў жудасны псіхалагічны трылер. Лес, дзе яны знаходзяцца, становіцца метафарай хаосу і прыроды, якая паглынае цывілізацыю. Фільм насычаны рэлігійнымі і міфалагічнымі сімваламі і спасылкамі.
«Меланхолія» (Melancholia)
Год: 2011
Гэты фільм — адначасова навукова-фантастычная аповесць і псіхалагічная драма. У цэнтры гісторыі — дзве сястры, якія па-рознаму рэагуюць на набліжэнне катастрофы: у Джасцін пачынаецца дэпрэсія, а Клэр спрабуе змагацца са страхам. Трыер паказвае, як людзі сутыкаюцца з непазбежным канцом, рэжысёр даследуе ў сваім фільме тэмы катастрофы і прыгажосці. Візуальная стылістыка фільма ўражвае: асабліва сцэны катастрофы, якія нагадваюць сапраўдную карціну.