Now Reading
Францішка Уршуля Радзівіл — першая жанчына-драматург Беларусі і заснавальніца прафесійнага беларускага тэатра

Францішка Уршуля Радзівіл — першая жанчына-драматург Беларусі і заснавальніца прафесійнага беларускага тэатра

францішка уршуля радзівіл

Францішка Уршуля Радзівіл — «нясвіжская Сапфо» і першая жанчына-драматург Беларусі. Яна адкрыла зусім новы ўзровень тэатра для ўсёй Усходняй Еўропы і пакінула пасля сябе некалькі дзясяткаў вершаў і п’ес, якія ставяць да гэтага часу.

PALATNO расказвае пра стваральніцу прафесійнага беларускага тэатра і жанчыну, якая зрабіла з Нясвіжа культурную сталіцу ВКЛ.

«Я руку пацалаваў і ад таго моманту кахаць страшна пачаў»

Францішка Уршуля з роду Вішнявецкіх нарадзілася на Валыні 13 лютага 1705 года. Яе бацькі, князь і кракаўскі кашталян Януш Антон Вішнявецкі і Тэафіля Ляшчынская, забяспечылі сваёй адзінай дачцэ выдатную дамашнюю адукацыю. У доме Вішнявецкіх заўсёды панавала атмасфера творчасці і свабоды самавыяўлення. У тыя часы сярод арыстакратаў было прэстыжна цікавіцца мастацтвам, гэта было неабходнай умовай прыналежнасці да вышэйшага свету. Бацька Уршулі складаў духоўныя трактаты і рэлігійныя песні, а ў дзядзькі быў свой тэатр, для якога ён пісаў п’есы. Дзяўчына ведала некалькі еўрапейскіх моў, цудоўна разбіралася ў літаратуры і пісала вершы.

Уршуля была адной з найбагацейшых спадчынніц таго часу. Чарга з патэнцыйных жаніхоў была вялізнай, але князёўна валодала незалежным характарам і адхіляла прапанаваных бацькам кандыдатаў. Даходзіла да таго, што дзяўчына плакала і прыкідвалася непрытомнай, каб ад яе адчапіліся. Нарэшце, у 1725 годзе яна выйшла замуж за будучага гетмана вялікага літоўскага Міхала Казіміра Радзівіла «Рыбаньку». А маці Міхала на той момант ужо падабрала сыну іншую нявесту, нашмат старэйшую за яго, і была катэгарычна супраць шлюбу з Уршуляй. Аднак князь праявіў упартасць і адправіўся да сватацца да Вішнявецкіх. Міхал не адступіўся, нават калі маці прыгразіла не прыехаць на вяселле.

Кахання з першага погляду, на жаль, не здарылася. Іх першая сустрэча адбылася ўвечары, князь пры свечках спачатку прыняў за Уршулю яе сяброўку: «страшненькую і да таго ж цяжарную». Міхал кідаў погляды на меркаваную нявесту і думаў, як бы пад шумок уцячы. Муж дзяўчыны заўважыў замяшанне Радзівіла і прапанаваў госцю прадставіць яго князёўне. Той з палёгкай выдыхнуў і з радасцю пераканаўся, што яго будучая жонка — зусім іншая паненка.

Усё ж асвятленне ў залі было такім цёмным, што як след разгледзець нявесту ўсё роўна не атрымалася. Падчас вячэры, калі іх пасадзілі ў розных канцах стала, дзяўчына і зусім здалася яму касавокай. Пазней ён будзе ўспамінаць, як спрабаваў разгледзець Уршулю: «Праз свечкі што мог бачыць, дык мне твар пекным здаваўся, але вочы крывыя».

Пазней Міхалу ўдалося пагаварыць з дзяўчынай у яе пакоях, але там было зусім цёмна і іх падзяляў вялізны ложак. Нявеста саромелася, гаварыла мала і ціха. Радзівіл з жахам падумаў, што яна яшчэ і не надта разумная. Небарака потым усю ноч не спаў і не мог дачакацца раніцы, каб з’ехаць. Толькі на наступны дзень пры дзённым святле ён разгледзеў прыгажуню Уршулю і тут жа закахаўся ў яе без памяці. «Уходзім, князёўна ў нагах ложку свайго кленчыць і моліцца. Усхамянулася, слiчная як Дыяна… Я руку пацалаваў i ад таго моманту любiць страшна пачаў, i розныя дыскурсы мелi мы памiж сабою», — напiша ён у сваiм дзённіку.

францішка уршуля радзівіл

Францішка Уршуля стала княгіняй Радзівіл і гаспадыняй шматлікіх маёнткаў і незлічоных багаццяў. Муж, ведаючы захапленне жонкі літаратурай, аддаў ёй у распараджэнне вялізную, раскошную, але запушчаную бібліятэку, у якой налічвалася больш за дзве тысячы кніг. Пазней даследчыкі запэўніваюць, што Уршуля прачытала іх усе. З часам княгіня прывядзе збор кніг у парадак і дапоўніць яго навінкамі з Еўропы, а таксама адновіць друкарню.

Палац Радзівілаў грымеў ад бясконцых свецкіх раўтаў, банкетаў і карнавалаў. Францішка Уршуля ладзіла іх, каб не сумаваць па мужу, які часта быў у раз’ездах з-за сеймаў і трыбуналаў. Маладая княгіня рэгулярна пісала яму лісты, напоўненыя пяшчотай і адкрыццямі эратычнага зместу. Цяпер лісты з’яўляюцца прыкладам унікальнай інтымнай перапіскі таго часу. На шчасце, іх захавалася нямала — больш за 1 300 экзэмпляраў.

За ўсё сваё жыццё Уршуля была цяжарная 34 разы. Міхаіл Казімір «Рыбанька» вёў падрабязныя запісы ў сваіх дзённіках пра кожную цяжарнасць жонкі. У пары нарадзілася толькі сем дзяцей, з якіх да сталага ўзросту дажылі ўсяго трое. Сярод іх — Караль Станіслаў Радзівіл, знакаміты Пане Каханку.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Гуляка ці патрыёт? Кім быў легендарны Пане Каханку

Першы ў краіне пераклад Мальера і стварэнне аднаго з найлепшых тэатраў Усходняй Еўропы

З-за частых выкідышаў і слабага здароўя Уршуля Радзівіл вельмі рэдка пакідала Нясвіж. Княгіня зразумела, што не хоча быць звычайнай «жонкай мужа», і вырашыла зрабіць горад цэнтрам культурнага жыцця ў краіне. Спачатку яна кіравала рэстаўрацыяй Нясвіжскага замка пасля войнаў са Швецыяй і абараняла Нясвіж ад расійскіх войскаў у 1730-х гадах.

Захапленне пары Радзівіл тэатрам пачалося ў 1740 годзе, калі замежная трупа прадставіла ў замку спектакль па п’есе «Прыклад справядлівасці». Уршулі не спадабалася пастаноўка, таму княгіня вырашыла стварыць уласны тэатр. У той час гэта лічылася забавай выключна каралеўскага ўзроўню.

Спачатку ставілі камедыі Мальера — княгіня Радзівіл першая ў Рэчы Паспалітай бліскуча перавяла аўтара з французскага. Таксама паказвалі «Заіру» Вальтэра і п’есы іншых еўрапейскіх драматургаў. Поўным жыццём радзівілаўскі тэатр пачаў жыць пасля 1746 года, калі Францішка Уршуля пачала пісаць п’есы сама.

Першая камедыя княгіні пад назвай «Дасціпнае каханне» ўбачыла свет 13 чэрвеня 1746 года, у 44-ы дзень нараджэння Міхала Казіміра «Рыбанькі». З-за адсутнасці памяшкання, прыдатнага для пастановак, спектакль вырашылі паказаць у Альбе — загараднай рэзідэнцыі Радзівілаў побач з Нясвіжам. Пад адкрытым небам пабудавалі дэкарацыі, для шляхетных гледачоў і духавенства паставілі зручныя канапы, а дробная шляхта і афіцэры Нясвіжскага гарнізона вымушаны былі глядзець паказ стоячы.

Часцей за ўсё п’есы княгіні былі вельмі доўгімі — некаторыя даходзілі да адзінаццаці актаў, што было не характэрна для тых гадоў. Пастаноўкі прадугледжвалі вялікую колькасць герояў, на сцэне магла выступаць сотня акцёраў адначасова. У спектаклях удзельнічалі жыхары горада разам з дзецьмі Радзівілаў. Пастаноўкі былі насычаныя танцавальнымі сцэнамі, а сцэнаграфію стваралі на ўзор італьянскага жывапісу ў стылі барока. Музычнае афармленне забяспечваў спецыяльна падрыхтаваны ансамбль і хор. Пасля спектакляў ішлі шыкоўныя прыёмы. Гасцей частавалі далікатэсамі з Еўропы і з Усходу. Для сервіроўкі стала выкарыстоўвалі посуд з фабрыкі Радзівілаў, якая лічылася другой па памеры ў Рэчы Паспалітай.

Штогод з-пад пяра княгіні з’яўлялася некалькі новых твораў. Ва ўсіх іх быў павучальны змест: у адных Францішка Уршуля гаварыла аб неабходнасці адукацыі, у іншых — асуджала няверных мужоў, захаплялася жаночай дабрадзейнасцю і давала практычныя парады аб тым, як захаваць шчасце ў шлюбе. Але галоўнай тэмай яе п’ес было каханне, пра што кажуць назвы тварэнняў: «Каханне — прадузяты суддзя», «Каханне — умелы майстар», «У вачах нараджаецца каханне».

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Тадэвуш Касцюшка, Іван Луцкевіч, Міхал Радзівіл. Тры (нешчаслівыя?) гісторыі кахання

францішка уршуля радзівіл

З часам нясвіжскі тэатр стаў лічыцца адным з найлепшых ва Усходняй Еўропе. Гісторык Юльян Барташэвіч пісаў: «Тэатр у Нясвіжы быў натхнёны дасціпнасцю княгіні, і гледачы апладзіравалі, убачыўшы хараство выставы і яркасць фарбаў на сцэне. Уся Рэч Паспалітая са здзіўленнем гаварыла пра тэатр у Нясвіжы».

Апошняя пастаноўка ў нясвіжскім тэатры прайшла 27 снежня 1752 года. Гэта была аперэта «Шчаслівае няшчасце».

Зараз у экспазіцыі замка можна ўбачыць малюнкі дэкарацый, распрацаваных асабіста княгіняй Радзівіл, а таксама ўнікальныя тэатральныя прыстасаванні для сцэны тых часоў: машыны, якія імітуюць шум дажджу, навальніцы і марскіх хваль.

«Зрабіла ўплыў на свайго мужа ў яго намаганнях адрадзіць Нясвіж»

У маі 1753 года Уршуля Радзівіл ехала ў Гродна, каб праводзіць мужа ў Дрэздэн. За паўгода да гэтага княгіня цяжка захварэла і нават напісала князю развітальны ліст. Хвароба, якая, здавалася, адступіла ў першыя месяцы, нечакана абвастрылася.

18 мая княгіня вымушана была спыніцца ў вёсцы пад Наваградкам. 23 мая 1753 года Францішка Уршуля памерла ў доме гарадскога старасты. Княгіню пахавалі ў фамільным склепе нясвіжскага касцёла. Міхал Казімір «Рыбанька» запрасіў на пахаванне шмат духавенства, біскупаў, сенатараў і шляхты. Замкавыя, кляштарныя і гарадскія муры ледзь змаглі іх змясціць. Сам князь вельмі цяжка перажываў смерць каханай жонкі. Ён пакінуў запіс у дзённіку: «На другiм тыднi гэта пiшучы, яшчэ ледзьве жыву я».

Пасля смерці Францішкі Уршулі адзін з нясвіжскіх акцёраў сабраў усе яе сачыненні і выдаў з гравіраванымі ілюстрацыямі Міхала Жукоўскага па ўласных малюнках княгіні.

францішка уршуля радзівіл

Творчая дзейнасць княгіні Радзівіл аказала вялікі ўплыў на станаўленне прыдворных тэатраў XVIII стагоддзя. Дзякуючы ёй першыя спектаклі ў Беларусі паставілі раней, чым у Расіі і Польшчы. Таксама, па словах вядомага паэта Уладзіслава Сыракомлі, гэтая «набожная і адукаваная пані зрабіла дзейсны ўплыў на свайго мужа ў яго намаганнях адрадзіць Нясвіж».

Памяць аб Уршулі Радзівіл жывая да гэтага часу. У 2003 годзе выйшаў зборнік яе твораў на беларускай мове. У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы доўгі час дзейнічала кавярня «Аустэрыя Уршуля». Таксама некалькі гадоў з вялікім поспехам ішоў спектакль Мікалая Пінігіна «Выкраданне Еўропы, альбо Тэатр Уршулі Радзівіл» на аснове трох п’ес княгіні.

Вярнуцца ўгару