У восьмым эпізодзе падкаста «Гарады» на PALATNO Ігар Палынскі гутарыць з Аляксандрам Барталевічам з Узды — колішнім раённым чыноўнікам, які ў 2021 годзе быў вымушаны з’ехаць з Беларусі.
Аляксандр Барталевіч мае дзве вышэйшыя адукацыі, але працуе ў Беластоку зборшчыкам мэблі і, падаецца, задаволены жыццём. Пагутарылі пра тое, як ва Уздзе стары касцёл не захацелі перадаваць вернікам, а калі той пачаў развальвацца — прадалі прыватніку, як ва Уздзе паўстала першая фабрыка Mark Formelle і чаму гэты бізнес узляцеў, пра футбол на раённым узроўні.
Таксама абмеркавалі карупцыйныя схемы, якія існавалі нават, падавалася б, там, дзе няма чаго красці, сыход перспектыўнага чыноўніка ў бізнес, спробы быць назіральнікам на выбарах і ўцёкі з Беларусі праз удзел у платформе «Сход».
Аляксандр расказаў пра тое, як беларуская мова прыйшла, сышла, а пасля вярнулася ў жыццё, як на Беласточчыне шукае беларускае нават падчас працы, калі мантуе мэблю, а яшчэ згадалі пра рэзанансны зварот у райвыканкам, ці можна выходзіць на вуліцу ў бела-чырвоных шкарпэтках (пра яго яшчэ пісаў TUT.by).