Гарадзельская ўнія: як яна змяніла ВКЛ?

гарадзельская ўнія, што такое гарадзельская ўнія, гарадзельская ўнія для беларусі, вітаўт і ягайла

Гарадзельская ўнія стала важным крокам у фарміраванні будучага польска-літоўскага саюзу, што стане магчымым пасля падпісання Люблінскай уніі. Што значыла Гарадзельская ўнія для ВКЛ і Вітаўта? А што для Польшчы і Ягайлы? З аднаго боку, яна ўмацавала адносіны паміж дзяржавамі, а з іншага — ударыла па праваслаўным у ВКЛ.

PALATNO расказвае падрабязней пра тое, што значыла Гарадзельская ўнія для ВКЛ шэсць стагоддзяў таму.

Навошта Вітаўту і Ягайлу спатрэбілася новая ўнія?

Трыма гадамі раней да заключэння Гарадзельскай уніі Вітаўт і Ягайла сумесна нанеслі паразу Тэўтонскаму ордэну пад Грунвальдам. Тэўтонскі ордэн ужо быў не такім моцным, але ўяўляў пагрозу. Вядома, тэўтонцы не маглі быць тымі ж сапернікамі, што былі пад кіраўніцтвам Ульрыха фон Юнгінгена, але ўсё роўна працягвалі змагацца з Польскім каралеўствам і ВКЛ.

Для Вітаўта і Ягайла крыжацкая пагроза заставалася адным з фактарам далейшага аб’яднання. Браты імкнуліся абараніць межы сваіх дзяржаў, а самым простым адказам было ўсё тое ж аб’яднанне.

Да таго ж паміж Вітаўтам і Ягайлам былі няпростыя адносіны. Раней, і яшчэ задоўга да Грунвальдскай бітвы, яны заключылі паміж сабой Віленска-Радомскую ўнію, якая фактычна прызнала ВКЛ незалежнай дзяржавай, а дэ-юрэ — сюзерэнітэт Польшчы.

Гэтыя два моманты — крыжацкая пагроза і адносіны братоў — падштурхнулі да падпісання новай уніі. 2 кастрычніка 1413 года ў Гародлі (Люблінскае ваяводства) была падпісаная Гарадзельская ўнія.

Што змяніла ўнія?

  • Палітычнае збліжэнне з Польшчай. Унія ўмацавала саюз паміж ВКЛ і Польскім каралеўствам, бо яна пацвердзіла залежнасць ВКЛ ад Польскай кароны.
  • Прывілеі шляхце. Унія дала значныя прывілеі каталіцкай шляхце ВКЛ, якую раўнялі ў правах з польскай шляхтай. 47 каталіцкіх родаў ВКЛ атрымалі права карыстацца гербамі польскіх шляхецкіх родаў, што спрыяла росту ўплыву каталіцтва і польскай культуры ў ВКЛ.
  • Абмежаванні для праваслаўнай шляхты. Адначасова ўнія абмяжоўвала правы праваслаўнай шляхты ВКЛ, што ўзмацніла сацыяльныя і рэлігійныя супярэчнасці ў княстве. Гэтая дыскрымінацыя з боку каталіцкай шляхты ўплывала на палітычную сітуацыю ў ВКЛ і ўзмацняла супрацьстаянне паміж праваслаўнымі і каталікамі.
  • Захаванне аўтаноміі ВКЛ. Унія, нягледзячы на збліжэнне з Польшчай, пацвярджала статус ВКЛ як асобнай дзяржавы з уласным кіраўніком (вялікім князем) і сістэмай кіравання. Ягайла і Вітаўт, якія былі галоўнымі ініцыятарамі ўніі, падкрэслівалі, што ВКЛ захоўвае свае тэрытарыяльныя межы і палітычную незалежнасць.

Пасля смерці Вітаўта новага вялікага князя літоўскага абіраў польскі кароль на радзе з польскай і літоўскай шляхтай. Такім чынам, пасада вялікага князя не была спадчынай.

Гарадзельская ўнія пацвердзіла статус Вітаўта як вялікага князя літоўскага і ўмацавала яго права на кіраванне ВКЛ, хоць і ў рамках саюзу з Польшчай. Цяпер Вітаўт мог абапірацца на каталіцкую шляхту ў барацьбе з праваслаўнай. Для Ягайлы ўнія была важная, бо ўзмацніла польска-літоўскі саюз і яго як польскага караля. Дзякуючы ўніі, Ягайла забяспечваў абарону мяжы ад крыжакоў з дапамогай магутнага партнёра ў выглядзе ВКЛ.

Вярнуцца ўгару