Вы чытаеце:
А вы ведалі, што адным з кіраўніком Беларусі быў Гей?

А вы ведалі, што адным з кіраўніком Беларусі быў Гей?

канстанцін гей, кіраўнік беларусі гей

У часы савецкай улады ў Беларусі змянілася шмат кіраўнікоў. Іх імёны вывучаюць школьнікі на ўроках гісторыі, а імёны некаторых застаюцца напаўзабытымі. Адным з іх з’яўляецца ідэйны камуністы Канстанцін Гей, які кіраваў Беларуссю толькі некалькі гадоў, але пры ім адбылося і раскулачванне і найбуйнейшы сфальсіфікаваны палітычны працэс супраць беларускіх дзеячаў.

PALATNO расказвае пра Канстанціна Гея.

Сын немца і рускай, сябар Сталіна

Канстанцін Гей нарадзіўся ў сям’і нямецкага эмігранта і рускай настаўніцы ў 1896 годзе. Вядома, што ў Канстанціна быў брат Георгій, які стаў медыкам, а ў першыя месяцы нападу нацысцкай Германіі на СССР знік без звестак.

Канстанцін рос у Пскоўскай губерні, з юнацтва захапіўся рэвалюцыйнымі ідэямі. Канстанцін вучыўся на медыцынскім факультэце ў Харкаўскім універсітэце. Падчас вучобы далучыўся да партыі бальшавікоў. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі вярнуўся дадому, у Пскоў. Там ён, па паведамленнях сучаснікаў, «‎цалкам аддаўся рэвалюцыйнай працы». Яго лічаць адным са стваральнікаў пскоўскай бальшавісцкай арганізацыі.

У час Кастрычніцкага перавароту стаў ‎сакратаром Пскоўскага ваенна-рэвалюцыйнага камітэту. У той жа час быў адным з удзельнікаў затрымання войскаў Керанскага-Краснага на пскоўскім вакзале.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: «Уся ўлада Саветам!» Што адбывалася ў Беларусі ў першыя месяцы пасля Кастрычніцкага перавароту

У снежні 1917 года Канстанціна Гея прызначылі старшынёй Пскоўскага губвыканкама, адначасова ён быў рэдактарам газеты «Пскоўскі Набат». У той час яшчэ працягвалася Першая сусветная вайна, таму ён як член штаба абароны Пскова фарміраваў вайсковыя атрады для абароны Пецярбурга ад нямецкіх войск.

Канстанцін Гей
Канстанцін Гей.

У 1922 годзе ён пайшоў на павышэнне ў Паўночна-Заходняе бюро ЦК РКП(б). У наступным годзе яго прызначылі сакратаром Свярдлоўскага губвыканкама. У 1925 годзе Гей стаў загадчыкам арганізацыйнага аддзела ЦК ВКП(б).

Дзейнасць Канстанціна Гея на пасадах і яго зацятасць і адданасць справе адзначалася высока. Ён уваходзіў у блізкае атачэнне Іосіфа Сталіна, аднак надоўга застацца яго сябрам і таварышам не атрымалася.

Праца ў Беларусі: калектывізацыя і палітычныя чысткі

У студзені 1930 года Канстанцін Гей стаў першым сакратаром камуністычнай партыі Беларусі. Падчас яго кіравання адбывалася масавая калектывізацыя і пры ім прайшоў буйны сфальсфікаваны працэс па справе «Саюза вызвалення Беларусі‎».

СПРАВА «САЮЗА ВЫЗВАЛЕННЯ БЕЛАРУСІ»
Сфальсіфікаваная крымінальная справа пад кіраўніцтвам Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення ў адносінах да беларускіх дзеячаў культуры. Больш за сотню беларускіх дзеячаў арыштавалі і абвінавачвалі ў спробе дзяржаўнага перавароту. Справу перагледжвалі некалькі разоў у 1930-1950-я гады: яшчэ жывых нібыта ўдзельнікаў «‎Саюза» змянялі тэрміны зняволення на расстрэл, а непасрэдных удзельнікаў рэпрэсій арыштоўвалі і таксама забівалі.

Працэс калектывізацыі прынёс цяжкія наступствы для беларускай вёскі. Большасць сялян страціла права на ўласнасць на зямлю, іх гаспадаркі аб’ядналі ў калгасы, што суправаджалася прымусам і рэпрэсіямі. Асабліва пацярпелі заможныя сяляне — так званыя «‎кулакі». Падчас калектывізацыі назіраўся недахоп харчавання і пагаршэнне ўмоў жыцця, што прывяло да галодных гадоў, асабліва ў 1932–1933 гадах. Многія сем’і пацярпелі ад голаду, а некаторыя сяляне пакідалі вёскі ў пошуках лепшых умоў жыцця ў гарадах або за межамі БССР. І гэта толькі частка ад таго, што калектывізацыя «падаравала» беларускаму сялянству.

прапаганда ў ссср, калектывізацыя ў ссср, канстанцін гей
Савецкі прапагандысцкі плакат.

На пасадзе сакратара беларускай кампартыі Гей пратрымаўся да студзеня 1932 года. Яго змяніў украінец Мікалай Гікала, які працягнуў палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі, а ў 1938 годзе яго самога расстралялі за ўдзел у контррэвалюцыйнай арганізацыі.

Арышт і расстрэл

Пасля працы ў Беларусі перабраўся ў Маскву. У 1934 годзе кар’ера Гея спынілася: яго панізілі на пасадзе ў ЦК. Некаторы час працаваў ва Узбекістане, а потым у Горкаўскай вобласці.

У 1938 годзе Канстанціна Гея адхілілі ад працы і ў хуткасці арыштавалі. Яго абвінавачвалі ва ўдзеле ў контррэвалюцыйнай арганізацыі і шпіянажы. У наступным годзе, усяго праз некалькі месяцаў пасля арышту, Вярхоўны суд СССР прыгаварыў яго да расстрэлу. Канстанціна Гея расстралялі ў той жа дзень, як і вынеслі яму прысуд.

Вядома, што падчас пераследу арыштавалі і жонку Гея. Яе разам з двума сынамі адправілі ў ссылку.

Гей быў рэабілітаваны толькі пасля смерці Сталіна, у 1956 годзе.

Вярнуцца ўгару